Контрапункты Валерыя Дранчука

Валерий Дранчук, Интернет-сайт «Хартия’97», 01.07.2005

Стр. 1

Новый проект Интернет-сайта «Хартия’97»– «Контрапункты» – попытка мотивированного осмысления белорусской практики национальной охраны природного своеобразия и жизни среды в сопоставлении ее с практикой Соединенных Штатов Америки, где автор побывал недавно как участник проекта «Сохранение национальных парков и живой природы».

Бронзавая ваўчыца, здаецца, прынюхваецца: ці ёсьць небясьпека для яе гадаванцаў? Яны ўжо, гарэзы, рухавыя, але дужа нявопытныя. Трэба пільнаваць і вучыць самастойнасьці, спрыту на выжываньне…

Менавіта ваўчыная сям`я сустракае наведнікаў аднаго з рэзерватаў штата Ваёмінг перад будынкам, які ў ЗША мае досыць тыповую назву – Цэнтр наведнікаў ды інтэрпрэтацыі прыроды.

Пераступілі парог памяшканьня і сталі сьведкамі захапляльнай гульні-практыкаваньня. Яго праводзіла маладая супрацоўніца з групай юных наведнікаў. Адным з персанажаў была ваўчыца і трое яе гадаванцаў.

Тут, у Цэнтры, я пазнаёміўся з выданьнямі, якія цалкам адпавядаюць панятку «інтэпрэтацыя» -- інфармацыйнае забесьпячэньне, раскрыцьцё накірункаў і відаў дзейнасьці, знаёмства з палітыкай прыродаахоўнай установы. Налічыў каля дваццаці прыгожа аздобленых каляровых буклетаў, прасьпектаў, улётак, брашур. Я выбраў мініятурную мапу-складанку і некалькі буклетаў. Разьлічвацца не давялося: гэтая інфармацыя прызначана для распаўсюджаньня. А яшчэ паглядзеў выдатную выставу дзіцячых малюнкаў, прысьвечаную вяртаньню птушак з выраю.

Праз паўгадзіны мы селі ў чырвона-жоўты трамвайчык і ціхім, амаль нячутным ходам пакацілі ў лясную глуш. Па дарозе ўбачылі чарапахаў і рэдкіх птушак, гадзюку на суку дрэва і гняздо белага арла за маляўнічай балацінкай. Апроч нас, у трамвайчыку былі дзеці. Расповяд усё той жа маладой супрацоўніцы час ад часу перабіваўся яе аднолькава добразычлівай просьбай-напамінкам: выходзіць з трамвайчыка нікому не дазваляецца. Гэта было насамрэч дарэчы тады, калі наш трамвай-ціхаход рабіў кароткачасовыя прыпынкі і мне, прызнаюся, карцела рушыць насустрач чарапахам.

Зручнасьць гэткага транспарту ў гэтакім месцы перахваліць немагчыма. Сядзець, глядзець і слухаць было мала, я засяроджваўся на тым, што гэтае тэхнічнае вынаходніцтва надзвычай гарманічна дапаўняе змест, у які я пагружаўся з асалодаю і захапленьнем.

Аднак міжволі прыгадаў і выпадак, як у прамінулы зазімак наведаўся ў Белавескую пушчу, каб патрапіць у «навагоднюю казку», сеў у вялізны турыстычны аўтобус, які чамусьці ў гэтай мясьціне нагадваў мне знакаміты ледакол «Ленін», і як імчаўся ён праз усю Пушчу, прыцярушаную першай парошай ды лёгенька сьцятую кволым лядком, і як мне хацелася пачуць цішыню таго лесу, а затым выйсьці, каб папрасіць прабачэньня ў ціхамірных зуброў, на якіх пад усьмешкі і рогат салона так бяздумна і бяздушна сігналіў кіроўца, а тыя з гвалту і перапуду станавіліся аж на дыбкі ды ўрассыпную хаваліся ў рэдкім ельніку.

Публікацыя-рэтра

З гутаркі вядучага рубрыкі Вольная студыя” радыё “Свабода” Міхася Скоблы і В.Дранчука. 7 лютага 2005

(Дранчук) “...Сёньня ўлада гаворыць адно, робіць другое, а мае на мэце трэцяе. Мы назіраем фэномэн вельмі небясьпечнай улады і небясьпечнага кіраўніцтва на запаведнай тэрыторыі. Пра гэта я і напісаў у сваёй кнізе...”

(Скобла:) “Калі я прачытаў вашу хроніку змаганьня, то зразумеў, чаму многія вашыя паплечнікі, як, прыкладам, акадэмік Парфёнаў, зьняверыліся ў сваіх сілах у справе абароны пушчы. Там жа сытуацыя проста катастрафічная. Можа, пакуль ваша Назіральная рада будзе створаная, зьвярнуць увагу на іншы спосаб? На ўезьдзе ў пушчу стаіць на пастамэньце кулямёт. Нешта накшталт помніка. Я прыглядаўся: не муляж, сапраўдны. Дык можа...”

(Дранчук:) “Я ўдзячны вам за гэты жарт. (Сьмяецца). Часам, мо, і хацелася павярнуць гэты кулямёт у бок адміністрацыі пушчы, але я, як журналіст, усё ж хацеў бы даваць другія залпы... Спраўнікі “по бревну” больш баяцца залпаў галоснасьці. А наконт кулямёта... Не зусім ён там на сваім месцы, але я б яго пакуль не чапаў. Найбольш эфэктыўная, найбольш дарэчная зброя – слова праўды”.

Скульптурная кампазіцыя перад уваходам у Цэнтр наведнікаў (штат Ваёмінг)

Трамвай –ціхаход рухаецца прыкладна з хуткасьцю чарапахі

Пешаходная экалагічная сьцяжына дорыць асалоду і замілаваньне

У гэткім стане зараз знаходзіцца Нацыянальны парк “Белавеская пушча”

Кантрапункт* – гэта адначаснае спалучэнне двух або некалькіх матываў, галасоў.

(Здымкі аўтара і ByMedia.net).

(Первоисточник информации «http://www.charter97.org/rus/news/2005/07/01/dranchuk»)


Валерий Дранчук, Интернет-сайт «Хартия’97», 05.07.2005

Стр. 2

У нацыянальным навукова-адукацыйным рэзэрваце (штат Фларыда), куды мы прыехалі ўбачыць маляўнічае балота, мяне, апроч іншага, зацікавіў лёгкі грузавічок, які цудоўна ўпісваўся і ў зялёны пейзаж, і ў вузкія павароткі пешаходнай сьцяжыны, і ў цішыню навакольнага зьмешанага лесу. У рэзэрваце, як мне патлумачылі, ёсьць тры такія самаходы, безь якіх цяпер цяжка ўявіць, напрыклад, працу вучонага. Апроч гэтага, тут надзвычай істотны момант сумяшчальнасьці: тэхніка іншых стандартаў непажаданая. Дый праз кожны кіламетр мы бачылі слупок зь лічбай “15” – абмежаваньне хуткасьці сьведчыла пра тыя ж стандарты.

Я пацікавіўся паходжаньнем самахода і ягоным коштам. Вырабляе гэты ўзор экалягічна сумяшчальнай тэхнікі японская фірма, а каштуе самаход на амерыканскім рынку сем тысяч даляраў.

Якая тэхніка баразнуе нашы айчынныя нерушы, я ўжо часткова кранаўся тэмы ў папярэдняй публікацыі “Кантрапунктаў”. Дадам: каб паставіць дыягназ на стан Белавескай пушчы як прыродаахоўнай установы, варта паглядзець на яе колава-гусенічную гаспадарку. І калі патрапіце ў нацыянальны парк (можа, лепш сказаць, нацыянальны леспрамгас?), будзьце ўважлівыя на дарогах, сьцеражыцеся... лесавоза.

Публікацыя-рэтра

З маналога пушчанскага краязнаўца і вучонага Уладзімера Дацкевіча, газета “Белавежская пушча”, 2000, №4(25)

“Што сёньня прыродаахоўнае ў Белавежскай пушчы? Стаяць шлагбаумы, якія абмяжоўваюць доступ... каго? Непатрэбных адміністрацыі асобаў. Астатнія – колькі заўгодна і дзе заўгодна. Доступ абсалютны. Разьязджаюць, як па ўласнай фазэндзе. Адно што – з дазволу адміністрацыі. Хіба гэта не ўплывае на стан Пушчы? І загазаванасьць, і неспакой, і паруха лясной цішыні, і рознае іншае”.

Мініятурны самаход мы пакінулі ў цяні не самага вялікага дрэва і далей рушылі пешшу.

Кантрапункт* – гэта адначаснае спалучэнне двух або некалькіх матываў, галасоў.

(Здымак аўтара).

(Первоисточник информации «http://www.charter97.org/rus/news/2005/07/05/dranchuk»)


Валерий Дранчук, Интернет-сайт «Хартия’97», 08.07.2005

Стр. 3

Пры кожнай магчымасьці я забягаў крыху ў лес, спрабаваў заглыбіцца, каб зблізку і ўвачавідкі ўбачыць, як «выглядае» ахоўны статус тэрыторыі, на якую мы прыехалі. Такога нагледзеўся дома, у Белавескай пушчы, што карцела як мага параўнаць, адчуць розьніцу на карысьць жывой прыроды. Ці няма пнёў, каляін, якая расьліннасьць і г.д. Слядоў эксплюатацыі я не заўважыў, наадварот, там і сям ляжалі выбеленыя з часу яліны, карчы старадрэвін. Растапыраныя карані сведчылі адкрытую яскравую натуру, але выглядалі досыць сцэнаграфічна, быццам былі па-мастацку пакладзеныя для вока турыста. Чарговы раз я паспрабаваў адысціся ад дарогі на мэтраў сто пяцьдзесят, аднак бачыў тое ж самае: на невялікіх траўна-пясчаных палянах валяліся гадамі не прыбіраныя старадрэвіны, пераважна вываратні, сукі або галіны. Прыкметаў гаспадарчага гвалту тут не было. Наагул панаваў культ паваленага дрэва.

Публікацыя-рэтра

З інтэрв’ю вядучага спецыяліста Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Здзіслава Мураўёва рэдактару газеты “Белавежская пушча” В.Дранчуку, 1998

(ЗДЗІСЛАЎ МУРАЎЁЎ). Каштоўных эталонных тэрыторый у нас ані не багата – усяго 6,9 працэнта. Прычым, пераважную долю складаюць заказнікі – 5,4 працэнта, дзе рэжым аховы вельмі адносны. Што ж застаецца на нацыянальныя паркі і адзіны запаведнік? Кволая доля: адпаведна 1,1 ды 0,4 працэнта. Таму ацэньваць прыродаахоўную значнасць гэтых тэрыторый, іхні, так бы мовіць, уклад у захаванне біялагічнай разнастайнасці трэба вельмі асцярожна і стрымана. Не кідацца ў ілюзіі і не махляваць. Бо адказнасць надзвычай вялікая. Мы не такія багатыя, каб ураз, без аглядкі разменьваць нашы каштоўнасці, выціраць аб іх ногі. А рухлівыя дбаўцы на ніве «акумулявання валюты» якраз на каштоўнасці стаўку і робяць.

(В.Д). Шукаюць найкарацейшыя ды найлягчэйшыя шляхі?

(З.М). Ідуць на ўсё гатовае. Дзе ў нас ёсць больш-менш напрацаваны сэрвіс, традыцыі, кадры? Вядома ж, гэта нацыянальныя паркі. Такі курс, па-першае, вельмі шкодны для найбольш каштоўных прыродных тэрыторый. Па-другое, ён ніяк не апраўданы з гледзішча перспектывы: замаруджваецца рацыянальнае выкарыстанне звычайных прыродных тэрыторый, якія маюць вялікі рэкрэацыйны патэнцыял. У выніку не развіваюцца цэлыя рэгіёны, скажу нават больш, яны занепадаюць. Стрымліваецца развіццё самой рэкрэацыі і турызму.

(...) Вы заўважалі такую рэч? Лічбы, якія характарызуюць прыбытковасць рэкрэацыйнага выкарыстання, сустракаеш надзіва часта. Напрыклад, я не раз чуў і чытаў, што ў ЗША прыбытак на 1 долар, пакладзены на ўтрыманне нацыянальных паркаў, складае 10-15, а часам сягае 40 і больш «зялёных». А вось разлікі, якія паказваюць іншы бок, – на колькі пры гэтым збяднелі ці ўвогуле заняпалі прыродныя экасістэмы, чаму прырода страціла сваю прывабнасць, – свядома прыхоўваюцца. Зрэдку што-небудзь праскочыць. Хоць спецыялісты-эколагі апошні час не застаюцца ўбаку, выказваюць занепакоенасць і трывогу. І ўжо ёсць зрухі. Шматлікія краіны (у тым ліку і Злучаныя Штаты Амерыкі – увага рубрыкі) робяць захады, каб паменшыць колькасць наведнікаў у нацыянальныя паркі: у Англіі – праз стварэнне мясцовых паркаў, у Польшчы – шляхам развіцця пазнавальнага і краязнаўчага турызму. Або, як у іншых краінах, праз высокую плату за наведванне ціхіх куткоў.”

З артыкула Іны Зенінай “Была б воля і годнасць дзяржавы”, газета “Белавежская пушча”, 1999

“Кожнае дрэва – гэта цэлы свет. Ягоныя межы не заканчваюцца тым, што мы бачым: камель, крона, лісце... У лесе нават вывернутае з коранем дрэва яшчэ доўга жыве, бо жыве гэты свет – у ім і вакол яго... Усё менш дубоў застаецца ў сваім лесе назаўсёды: нават не спілаваныя дрэвы, а тыя, што ўпалі, распілоўваюць і вывозяць з лесу”. (Увага рубрыкі: гаворка ў артыкуле ідзе пра так званы нацыянальны парк “Прыпяцкі”).

Такі выгляд лясной ускраіны я засьпеў у Нацыянальным парку «Гранд Тэтон».

Карчэўе ў Йелаўстонскім нацыянальным парку сьведчыла яскравую натуру, хоць, на нашу нязвыкласьць, здавалася досыць сцэнаграфічнай.

Паваленыя і падпілаваныя дрэвы ляжаць на тэрыторыі парковачнага комплексу багата гадоў.

Кантрапункт* – гэта адначаснае спалучэнне двух або некалькіх матываў, галасоў.

(Здымкi аўтара).

(Первоисточник информации «http://www.charter97.org/rus/news/2005/07/08/dranchuk»)

Следующий раздел