
У кожнай хваробы, у кожнай бяды свой лёс. Свая краіна. І свая нацыянальнасць. Наша бяда, гора лыкавае, нядоýга блукала і сноýдала па свеце. На першым жа скрыжаванні дарог сустрэла беларуса, асядлала, атабарылася ý ім. Гэта добраахвотна-прымусовая інтэграцыя пазбавіла лёсу і долі апошняга. Зло, набыýшы твар, костку і мяса, бессаромна і аднаасобна зацвердзіла сваю зверхнасць над ім, дыктат сваёй волі і ýлады, не абмежаванай ні розумам, ні часам.
Па сведчанні навукі, вучоных, Чарнобыль, радыяцыя паýзуць па Беларусі разам з гноем, прадукцыяй сельскагаспадарчай дзейнасці і вытворчасці чалавека. Працэс гэты паступовы і няспынны, не ведаючы межаý у часе. Параýнальна гэта ці не, але паміж злой нядоляй беларуса і чарнобыльскай пошасцю моцная і трывалая сувязь, повязь цяпер ужо на стагоддзі і са стагоддзяý. І мінулыя стагоддзі, як і бягучыя, сочаць і сочаць горкія слёзы на запаветны, мілы сэрцу кут гаёý і дуброý, балотаý і рэк, безабаронных і знямелых пад ступой каменных камандораý, дабрадзеяý-карміцеляý, вызваліцеляý, цывілізатараý, меліяратараý, стабілізатараý.
Усе павучаюць і павучаюць маýклівага беларуса, як яму жыць з жонкай і дзецьмі ва ýласнай хаце, кашляць, смяяцца, гаспадарыць. А самі пад шумок…
І ёсць у гэтым глабалісцкім выбары гістарычнай і геаграфічнай ахвяры абдзіралаýкі, крадзяжу і гвалтаýніцтва штосьці прадказанае, прадвызначанае. Так ужо склалася ý гэтым лепшым з сусветаý, прадпісана гаспадару, каб над ім верхаводзіý, камандзірыý гультай і абібок; разумнаму і разважліваму — мець над сабой дзейснага і гаваркога дурня. Заведзена, прадпісана вечная Галгофа не толькі чалавеку, але і таму краю, так званым асяродку яго існавання: што ýжо бабе, тое ж і яе ýнуку.
Дрэва на Беларусі — посах яе зямны, рука і нага, рака і вада — вочы яе ясныя, балота з вольхамі і нават дрыгвой — душа і сэрца. Усе яны падпарадкуюцца аднаму лёсу. А лёс той сумны. Таму што гэта не лёс неадухоýленага дрэва, вады і багны — наш з вамі лёс. Пра што мы за беспрасветнасцю нашага гібення апошнім часам пачалі забываць. А спапяляльная і паганячая душу дабрадзейная айчынная злыбяда на злом галавы апраметна кінулася выкараняць вартыя жалю рэшткі таго, што не дазваляла нам зусім ужо ýпадаць у адчай і безнадзейнасць, знітоýвала хоць і гнілаватымі ніткамі з небам, зямлёй і космасам.
Падобна, больш за ýсё менавіта гэтай повязі ý першую чаргу нас і прагнуць пазбавіць. Выкарчаваць чалавека беларускай нацыянальнасці: вельмі ж настырна і неýтаймавана асэнсавана творыцца здзек і надсмяянне над святынямі і сімваламі Беларусі. Кожны раз уражвае беспамылковая прыцэльнасць стрэлу, удару, пляýка. Прама ý душу. У душу Палесся, Белавежскай пушчы, Нарачы — у запаветныя нашы воды, дубровы і гаі.
Але на ýсё гэта апошнім часам ніхто ýжо і ýвагі не звяртае. Усё нам Божая раса: моýчкі выціраемся і, ціха пасопваючы ý дзве норкі, уцягваемся ý свае бярлогі. Я таксама быý згодны ýжо на нешта падобнае і не думаý, што прыйдзецца каму-небудзь пярэчыць. Ужо даýно адзмагаýся за прыроду і экалогію. Так што ý мяне, як у той барацьбе за мір, каменя нават у нырках не засталося. Але ж праýду кажуць: жыццё на дзіва падлячая рэч.
Наýрад дзе яшчэ-небудзь можна знайсці столькі абаронцаý і прыродаахоýнікаý, як у нас. Шматлікія грамадскія і дзяржаýныя камітэты, упраýленні, глаýкі, аддзелы і пададдзелы аж да грынпісаýскіх. Толькі вось што цікава: ці не з дагістарычных часоý ратаванне прыроды — больш удзел прыдуркаý-літаратараý, літаратуры і журналістыкі. Так было з меліярацыяй, паваротам сібірскіх рэк, ратаваннем Байкала, дамбіраваннем рэчышча Прыпяці, Беразіны і Сожа, з выразкай, знішчэннем векавых дуброý Белавежскай пушчы.
Так, менавіта Белавежскай пушчы. Сённяшнія ýладары і дабрадзеі яе тут далёка не першапраходцы. Яшчэ міністр, здаецца, лясной гаспадаркі СССР таварыш Волкаý на старонках "Литературной газеты" задоýга да закупкі спадаром Ціцянковым імпартнай лесапілкі для Белавежжа біý сябе ý грудзі і кляýся, і сцвярджаý: елкі і сосны пушчы край як тэрмінова трэба рэзаць. А не то яны ж самі пачнуць гінуць і падаць: натуральная убыль, старэнькія ж — да пяцісот гадоý — такой яшчэ шкоды наробяць, так гнісці будуць. Спадару Волкаву далі ý прэсе і па руках, і па мазгах. А ён, па-усяму, падрыхтаваýся і пачаý чакаць, калі ж здзейсніцца яго прадказанне: лес Белавежжа пачне зводзіцца сам — падаць. Але не дачакаýся. Таму што менавіта з той пары пачалася высечка запаведнага лесу. А калі гэта набыло прамысловы маштаб, як гэта ý нас заýсёды робіцца, знайшлі крайняга — стрэлачніка. Шкодніка — міраеда-караеда, ад якога магчыма пазбавіцца ці не атамам толькі — звёýшы дашчэнту ýсе дрэвы. Залежную і незалежную прэсу гэта ýразіла і прыгаломшыла. А мо і не — час памяняýся, і каго сёння клапоціць жыццё звера, рака, хвоі, дуба. Буйна хворыя на прыроднае экалагічнае сумленне ýжо даýно аглухлі, аслеплі і пагадзіліся ýжо на сваю натуральную ýбыль, калі свінню смаляць, ёй не да парасят.
Вось і я краем толькі апечанай і абуранай свядомасці сачыý за друкаванай чыноýнай логікай Белавежскай бяды. Мо б так і застаýся ýбаку. Але тут набегла і чарадой, гайнёй пакаціла нейкая ні больш ні менш як чартаýшчына. Усё пачалося з ананімных міжгародніх тэлефонных званкоý, незразумелых і дзіýных. Тэлефон то монстрава захлынаýся ад буркотаý, то сарамліва і ціхенька паляпваý, але не адгукваýся ні голасам, ні на голас. Я здагадаýся, хто і адкуль мяне патрабуе. Так рабіý адзіны толькі тэлефон у свеце. На Палессі, у вёсцы Вільча Гомельскай вобласці Жыткавіцкага раёна: па цотным можна гаварыць, але нічога не чутно ý адказ, па няцотным, наадварот, у непагадзь жа сувязь толькі па сістэме азбукі Морзе. І толькі пры спрыяльным збегу мноства абставін — двухбаковая сацыялістычная сувязь. А ýвогуле ад сталіцы да Палесся лягчэй дакрычацца, чым дазваніцца.
Але, не зважаючы на гэта, за два дні і дзве ночы скокаý каля тэлефона я ýцяміý: хутка ці нават вельмі хутка я павінен атрымаць нейкае прыемнае ці непрыемнае паведамленне ад майго даýняга сябра. Хадзяіна ракі Случ, як мы яго звалі, Сашы Танчынскага. Пісьмо прыйшло без затрымкі. Толькі я ý ім не знайшоý ніякіх важных паведамленняý. То хутчэй быý плач, накшталт плача Яраслаýны. Плач Хадзяіна ракі:
"Успаміны пра дзень мінулы вяртаюць мяне ý тую далёкую пару, калі ý гаях і дубровах, што адвечна раскашавалі пры вусці ракі Случ, можна было страціць галаву ад любові і захаплення ýсім існым. Пачынаючы з весняй паводкі нас з кожнага дрэва чаравала шматгалоссе птушак, што патаемна жылі ýзімку да абуджэння зямлі. А як вусцішна і пяшчотна рабілася на душы, калі ты, плывучы ý разліý па лесе на лодцы няýзнак чапляý вокам патаемнае слізгаценне між рудых купін і абамшэлых вольхаý пярэстых качураý і качак. Супакойвалі і сцешвалі душу, далучалі яе да вечнасці спевы дразда на грудочку.
Пра ýсё гэта мне некалі даводзілася пісаць для навукова-даследчага інстытута ý якасці яго паляýнічага карэспандэнта па нізоýі ракі Случ. Інстытут рабіý запыты па ýсіх птушках і дзікіх капытных жывёлах, аб усіх звярах, якіх у тыя часы даволі лёгка можна было ýбачыць амаль у кожным куточку лесу, на сенажацях, балоні, на возеры і вадзе. Але з цягам часу ýсё гэта хараство некуды прападала, знікала нібы ý прорву.
Інстытут таксама цікавіýся і вадзяным зверам, колькасць якога даводзілася падлічваць па ýсёй пойме ракі. Хочаце спытацца, ці магчыма такое? Так, на вадзе ýсё жывое вельмі абачлівае і асцярожнае. Але ýцікаваць можна, калі вы сапраýды жадаеце гэтага, калі вы любіце чужое жыццё. Трэба глядзець на таго ж бабра, норку, выдру ці янота не праз прыцэл ружжа, а праз густы туман рачнога ці азёрнага покрыва, у цішы якога той жа бабёр шаткуе голле зваленага ім дрэва. А выдра на пясчаным павароце ракі раскусвае, трушчыць ракушкі, што вышныпарыла пад берагам насупраць. І няхай кожнае ваша наведванне ракі ці лесу, гасцяванне на балі братоý нашых меншых будзе прыемным і добразычлівым і назаýсёды адкладзецца, захаваецца ý вашым сэрцы. І як жа вы забагацееце. У свой час вам будзе пра што паведаць вашым дзецям, будзе чым усцешыць вашых унукаý. А яны на свае вочы і вушы на ýсё жыццё дасведчацца, што свет без цуду не бывае.
Але, на вялікі жаль, гэта дзіва, цуд і хараство ýсё больш і больш абмінаюць нас, адыходзяць ад нашага жыцця. І калі нешта недзе яшчэ захоýваецца, ратуецца, то лапікам і зроблена больш штучна, у абвешчаным хоць і позна чалавекам, які схамянуýся, — заказніку ці запаведніку, ці нават звярынцы. А па ýсёй астатняй тэрыторыі гуляе зло і бязмежжа хіжай бязлітаснасці чалавека-знішчальніка.
У час наскоку на прыроду чалавека, які дзярэ на сябе сарочку: люблю прыроду, — пачынаецца знішчэнне птушак агнём і пажарам, рыбы — электравудамі і нават бомбамі. Добра, што не атамнымі — не дапетрылі, пэýна, яшчэ. Але і так відавочна падабенства з Чэчнёй. Так чалавек адпачывае на матухне-прыродзе. І мімаволі хочацца спытаць яго: ці ж для гэтага быý створаны Богам свет? Няýжо толькі дзеля таго, каб чалавеку пераýтварыцца ý нелюдзя, ушчэнт вынішчыць усё тое, чым жывіцца душа нашая, ад чаго яна не-не дый спявае, чаму радуецца сэрца.
А як балюча робіцца тады, калі мы бачым сярод спляжанай дубровы пашкамутанае, разбуранае і раскіданае кубло чорнага бусла. Так, таго самага, які чалавекам і з-за чалавека занесены ý Чырвоную кнігу. І які па волі таго ж чалавека застаýся без хаты, пайшоý у прочкі, у бежанцы, як некалі сам чалавек падчас вайны. А ýсе ж, не кажучы ýжо пра лесарубаý, добра ведаюць пра забарону выразаць лясы, нават проста займацца гаспадарскай дзейнасцю там, дзе гняздуе гэтае непаýторнае божае стварэнне. Леснікі павінны ці не з кіем стаяць каля іх селішч, пільнаваць і заварочваць кожнага, хто толькі да іх набліжаецца. А як на самай справе? Ужо на нашай памяці ý святых запаветных кутках, паселішчах чорнага бусла не ацалела амаль ніводнага жывога дуба, які гаварыý бы з небам. І, як вынік, там аніводнай гэтай, пэýна, здаýна яшчэ пакрыýджанай чалавекам, а таму вельмі скрытнай птушкі. Следам за ёй адыходзяць немаведама куды і іншыя насельнікі, а больш — сапраýдныя гаспадары лесу, звяры, птушкі, здаючы сваю гаспадарку шкоднікам-караедам. Ужо немагчыма там знайсці, падняць белага грыба, салодкай сонечнай ягады-суніцы з малінай, што спрадвечна раскашавалі на лясных палянах, якімі ласаваýся цалкам зведзены сёння наш мядзведзь.
Балюча быць сучасным сведкам таго, як цураецца бацькаýшчыны пасля выразак лесу ýздоýж балот журавель. Балюча і крыýдна, журботна на душы, якая прадчувае, што нікога і нічога з тых, з кім яна ýжо параднілася, бачыць ёй больш не давядзецца. І сэрца мімаволі горнецца да таго, што пакуль яшчэ хоць крышачку ды ýсцешвае яго. Гэта тыя ж дубы сёння ýжо на ýскраінах былога лесу каля рэчкі. Маладыя сосны з бярозамі, што пасаджаны ýжо мною і маімі сябрамі — жыхарамі вёскі Вільча на ýзгорку па-над ракой, дзе так вольна і радасна пачуваюць сябе птушкі і нават гады. Нібыта чалавек у новай хаце. А на сонечным прыпёку — бабрыная хата. І я магу пагаварыць з бабрамі: тупнуць па-над іх нарой, і яны адклікнуцца.
Але, але… Сумна, што ý самой вёсцы новых хат сёння няма. Больш таго, на вуліцы толькі зрэдзь часу, сярод лета і ý канікулы, можна пачуць дзіцячы голас. І ýсё большае і большае хатаý пустых. І спее, спее недзе ý сярэдзіне мяне ці з таго ж, спляжанага ýжо цяперака былога дуба, а зараз проста пня, крык: няýжо мы будзем жыць лепей, калі пакінем пасля сябе ý такім рэзруху і запусценні нашу бацькаýшчыну. Без намёку нават на яе спрадвечную красу і прыгажосць. І нашы дзеці і ýнукі адно толькі на малюнках ды ý кіно змогуць пабачыць, як іх продкі дубровамі ды гаямі, птушыным кублом, возерам, ручаём ды рэчкай ушаноýвалі сябе ý вечнасці, абагаýлялі жыццё.
Што ж гэта, людцы, з намі адбылося? Калі і як адышоý ад чалавека звер? Ці вернецца ён да заканчэння свету зноý да яго? Ці магчымы такі зварот, калі яго выпаралі не толькі з нор і бярлог, але і з нашай душы? Калі ж гэта і як суціхлі чалавеку галасы птушак? Няýжо журботнае вока гэтых птушак больш не ýзрушвае нічыю жывую душу? Рэчка перастала быць рэчкай, вада вадой, жураýліны кліч, бусліны клёкат — святым нам голасам-запаветам, моваю нашай маці, мовай, спадзяюся, не зусім яшчэ забытых продкаý.
Хто гэта ýкраý у нас, ці мы некаму прадалі гэта? Чаго ж тады не бачу я вакол сябе, у нашым сяле ніводнага багацея? Хто здолее вярнуць нам так бязглузда і добраахвотна страчаны скарб дзяцей і продкаý нашых? Хто ýратуе мяне ад майго ж ляманту і крыку, бо я ýжо сам сябе не чую? І не бачу.
Хадзяін ракі
ТАНЧЫНСКІ Аляксандр Якаýлевіч".
Я нічога не разумеý, хутчэй за ýсё таму, што чужых слёз апошнім часам мы прывучылі сябе не бачыць. Было ýражанне, што чалавек імкнуýся нешта выкрычаць, паспавядацца ý горы, але хтосьці як бы стаяý у яго над душой і заціскаý глотку. Таму ён і цягнуý сваю песню на адзінай жалобнай ноце. Тое ж самае мог бы праспяваць і я. І ý горадзе, і ý вёсцы ýсе мы даýно прывыклі нема плакаць і стагнаць. І ýсё ж я падрыхтаваý ліст Хадзяіна ýжо амаль высахлай ракі, былога спецкарэспандэнта НДІ па нізоýі Случы для нейкага, яшчэ не вызначанага мной выдання. Але тут падзеі, звязаныя з гэтым лістом і тэлефонным глумствам атрымалі зусім нечаканы разварот. Пакуль я маракаваý над усім гэтым, міжгародняя тэлефонная сувязь зноý пачала гуляцца са мной у савецкія сексуальныя гульні. Але цяпер больш адрасныя, таму што сыходзілі з сельсавета. Але хаця гэта захапіла мяне знянацку, тэма гаворкі заставалася такой жа сумбурнай і няпэýнай. На другім канцы дроту таксама, па-ýсім, не разумелі, чаго ад мяне дабіваюцца. Пракаветная наша шчырая бяседа — глухога з нямым, дзе ýсё так заскарузла нацыянальна: суразмоýнікі толькі прыкідваюцца глухімі і нямымі.
Жаночы голас паведамляý мне, што ý нізоýях Случа, у заказніках-урочышчах каля вёсак Загацце, Града, Вільча, Княжбор высякаюцца, нішчацца векавыя дубровы, патрэбна тэрміновае ýмяшальніцтва:
— Што параіце? Што нам рабіць?
— Хто вядзе вырубку?
— Здаецца, нібы Адміністрацыя прэзідэнта.
— Сама? — усклікнуý я, бо падумаý, што рана ёй яшчэ на лесапавал, гэта месца сёння для больш інтэлігентных людзей.
— Ды не, канечне, леспрамгас ці то лясгас… Мо нам звярнуцца ý Канстытуцыйны суд?
— Так. Звяртайцеся ý Канстытуцыйны суд.
Калі ён існуе і клапоціцца абаронай беларускага дуба, звера, птушкі, ракі.
— Але гэта трэба рабіць неадкладна… А калі мы збяром подпісы сялян — і ліст у газету…
— Так, канечне, подпісы і ліст… Перадам. Але хутка.
— Ага, мы машынай, мы хуценька. Хаця… Людзі баяцца. За сябе, за дзяцей, за работу. Была ж сесія райсавета. Усе аднагалосна: не супраць рубкі. Адзіны толькі ýстрымаýся, рэдактар газеты… Але мы ýсё роýна — подпісы. Раскатурхаем народ…
— Добра, чакаю. Добра…
Але мне было зусім нядобра. Блага было. Маё мінулае вярталася да мяне. Былое зноý чаплялася за мяне. Трушчыла і крышыла маё ýвогуле ýжо пражытае жыццё. І я, не разумеючы таго сам, адбіваýся, уцякаý ад пройдзенага ýжо…
Сёння я і не помню, колькі разоý мне даводзілася ратаваць свой родны дуб на беразе Случы. Першым жа летам пасля вяртання з Кузбаса, Сібіры ý Беларусь я пабег у адпачынак да сваёй дзетдомаýскай ракі дзяцінства. Паставіý палатку пад векавым дубам. На наступны год на тым дубе пасяліліся буслы. А ад аднавяскоýцаý я пачуý, што ён нарачоны маім імем. Праз некалькі гадоý па душу таго дуба, дубровы прыкапацеý леспрамгасаýскі дэсант.
Дуброву каля рэк Прыпяць—Случ удалося адбіць з дапамогай газеты "Труд" і яе ýласнага карэспандэнта Сяргея Ваганава. Пасля асабістага ýмяшальніцтва намесніка міністра лясной гаспадаркі Раманоýскага. Помню яго апечаныя, абгарэлыя рукі. Той год выдаýся на Беларусі надта ýжо сухім, засушлівым, з бясконцымі ляснымі пажарамі на меліяраваных землях, не затухаючым агнём асушаных тарфянікаý Палесся. Вось і намеснік міністра пацярпеý. Але гэта была толькі прадмова, папярэджанне будучай бяды, утворанай чалавекам, пэýна, на ýсю далейшую гісторыю Беларусі, стыхійнага бедства. Прадмова Чарнобыля, гвалту над прыродай, чалавекам, навукай. Гвалту з гуманных намераý, тых самых, якімі ý дваццатым стагоддзі метадам ударных камсамольскіх і камуністычных будоýляý пракладзена адна і тая ж дарога — адначасова ý пекла і ý светлую будучыню чалавецтва — камуністычны рай. І што адметна, і ý нейкай ступені нават заканамерна, павадырамі на гэтым шляху кожны раз выступаюць толькі свае, свае да магільнага жвіру людзі, усенародныя абранцы. Мімаволі ýзгадваюцца сумнавядомыя жывёлы-правакатары мясабойняý, якія выкарыстоýваюцца дзеля таго, каб весці пад нож статак, — быкі і бараны. Ахвярны, прыгавораны да смерці статак бачыць у іх сваё ратаванне, верыць ім. Наваяýленыя месіі і рады рупіцца, кіруючыся крыху паднаýлёнай, згодна з часам, уласнай бязглуздасцю і біблейскай прытчай пра шэсць хлябоý, тлумяць галовы даверлівым прастакам, якія і не падазраюць пра тое, як іх будзе заýтра ванітаваць ад гэтага светлапрыснага харчавання. І не толькі іх, іх дзеці будуць сыходзіць на кроý, ды так, што на ýнукаý у іх ужо і сілы не хопіць, таму што выпеставаныя сярод іх і імі ж дабрадзеі-ратавальнікі, сляпыя на міласэрнасць, але відушчыя на знаходжанне і стварэнне злыбяды і неýпрыкмет, на словах выкараняючы яе, зводзяць і чалавека.
Меліяраванае, асушанае Палессе — сведка і суддзя на міру і на вачах усіх створанага забойства, зладзейства. Палескае балота галосіць сёння з таго свету, звяртаючыся ýжо да сыноý і ýнукаý тых, хто знішчыý і пахаваý яго. Помсціць майскімі маразамі, чэрвеньскімі сухавеямі, зімовай слотай. І так будзе, пэýна, да дзевятага калена ý свой час не акарочаных карнікаý прыроды, зямлі. Цесная ім магіла, няýтульна ім у мулкіх дамавінах, варочаюцца яны з боку набок на тым свеце. Абуджаная і створаная імі злыбяда непрадбачана калі, дзе і як аказвае сябе на свеце гэтым. І адукаваны ýжо сёння былы поýны дурань хмурыць лоб у глыбокім одуме: як перайначыць, стварыць новае штучнае балота, засяліць яго новымі чарцямі ды ажывіць тое, што даýно ýжо пайшло ý тартарары: загубленыя ручаі і рэкі, паставіць на спарахнелыя пянькі зведзеныя дубровы ці помнік сабе яснавяльможнаму.
А мае сябры разам з маім дубам у тыя лёсавызначальныя і п"яныя, хаця яшчэ і не пахмельныя меліяратыýна даверлівыя сямідзесятыя святкавалі перамогу. Леспрамгасаýская тэхніка працягвала яшчэ насоýвацца на лясныя ýрочышчы каля вёсак Вільча, Загацце і Княжбор, гаі і дубровы ý рэчышчах рэк Прыпяць і Случ. Але на дарогах ужо былі расстаýлены пасты. Леснікі чырвонымі сцяжкамі загадвалі ад варот паварот тралёвачным трактарам і лесавозам, машынам з жывой лесарубаýскай сілай. Тыя паслухмяна разварочваліся і паýзлі з вясковых прасёлкаý на асфальт вялікіх дарог у свае норы. Мы думалі, што яны ýжо ніколі не вернуцца сюды. Радаваліся. Праýда, адзін з лесарубаý асадзіý нас:
— Чаму радуецеся? Не тут дуб спляжым, то ý іншым месцы. Толькі той і бяды, валяеце Ваньку сваімі гульнямі.
Мы недзе ýсё ж і самі прадчувалі, што валяем Ваньку. У гэтым я пераканаýся восенню таго ж ці наступнага года. І як жа паходзіла другая дзея эпапеі, якая распачалася, хаця я тады яшчэ і не ведаý, што гэта эпапея — на першую. Мяне ýразіла адпрацаванасць сістэмы, цяпер я магу сказаць, савецкай, планава-карнай сістэмы знішчэння, нахрапістая, пахмурна-дэбільная тупасць таго, што адбывалася. Усё было да зубнога болю таксама, як у першы раз.
Бездакорна паслухмяная і тлуста каровістая леспрамгасаýская тэхніка — монстравая — адстаялася і ýмацавалася ý сваіх схронах, хутчэй — выгулялася на здзеку бароý, дуброý і гаёý, дзе ёй ніхто не замінаý і не пярэчыý. І яна адно толькі грызла і грызла дрэва за дрэвам. Абавязана была грызці, а інакш у яе, як у баброý, у бяздзейнасці раслі зубы, што былі здольны яе ж і задушыць. І вось гэтая сытая да ільснянасці адкормленая свежай змазкай і знішчэннем тэхніка, пастрэльваючы выдыхам адпрацаваных газаý, зноý рушыла на прыпяцкія і случанскія дубнякі. У ахоýныя, занесеныя ý Чырвоную кнігу мясціны, дзе наогул забаронена якая б то ні было гаспадарчая дзейнасць (сёння ýжо выезд на лодцы на раку падчас нерасту рыбы вясковаму чалавеку каштуе шэсцьсот тысяч рублёý). Як жа цяжка нават у запаведніку ці заказніку ацалець, захавацца і выжыць у нас чалавеку і дрэву.
І лесарубы, а больш іх начальства былі тыя ж самыя. Дзейсныя, талковыя, упэýненыя і ніколькі не мітуслівыя. Нібыта не парушалі законы, а строга выконвалі іх. І на словы лішне не траціліся: коратка, разумна і прафесійна:
— Вы толькі паглядзіце на гэтыя дубы, што вы абараняеце? Ды ý іх жа, бачыце, жук, жучок. Пільшчык-караед. Яны прыгавораны.А тут яшчэ і Кіеýскае вадасховішча: то сушыць, то затапляе. Гідрабіялагічны баланс парушаны. Не сёння-заýтра гэтыя дубы ляснуць — упадуць самі…
Якое перагукванне з тым, што адбываецца зараз у Белавежскай пушчы! Супадзенне абсалютнае. І тады, і цяпер, і там, і тут, як у сук лепяць. І пра караеда — ворага народа — і пра меліярацыю, што парушыла ý пушчы водны баланс. Да чаго ж аднастайны свет. Як убога спрабуюць прэтэндаваць на мыслярства ýсе месіі. Пустадомкі і недаробкі. Усе спрэс амаль па М.Ляскову: забагацець бы адразу. Зрэзаць дуб, прадаць, а грошы — прысвоіць і прапіць. Ці як у народзе кажуць, аддаць жонку дзядзі, а самому ісці да… І як жа паслухмяна выбраліся яны з дуброý і на гэты раз. Пакорліва, але зусім не сарамліва і прыгаворана. Сёння я, здаецца, пачынаю разумець, чаму яны так лёгка прыходзілі і адыходзілі.
Ведалі, былі ýпэýнены: рана ці позна яны ýсё роýна дамогуцца свайго, а без гэтага і жывы не будуць. Таму што яны людзі раз і назаýсёды на адно заведзеныя, на адно скіраваныя, савецкія людзі, ідэалагічна вытрыманыя і законапаслухмяныя, яны не ведаюць сумнення, калі хістаюцца і прагінаюцца, то толькі разам з лініяй партыі, улады і непасрэднага начальніка.
Абурэнне і думка народа, рашэнне агульнага сходу калгаса жыхароý трох вёсак было ім да лямпачкі. Супраць? Няхай будуць супраць, толькі каб не забываліся, што на гарачых ды ýпартых і ýпёртых у нас не толькі ваду возяць. І іх могуць павезці. Вазілі. Усім гэтым мітынгоýшчыкам, што з чырвонымі сцяжкамі бегаюць, адмашку "стоп" даюць. Хай пабегаюць, пазабаýляюцца. Заýтра ж іх паставяць на месца. У гэтых, са сцяжкамі, ёсць толькі сёння. А за імі вечнасць. Вечнасць пры іх і ý іх.
І яны мелі рацыю так думаць. Хаця ýжо была пастаýлена пад сумненне роля руководящей і направляющей сілы. Ужо студэнты нават з экранаý тэлевізараý гумарылі: партыя, дай паруліць. Вялікая імперыя стаяла на мяжы развалу. Савецкая ýлада друкавала талоны на муку, цукар і масла. На мехдвары калгаса ХХ партз'езда сядзеý апошні парторг гаспадаркі і дзяліý сярод механізатараý маршанскую махорку. А з апошняй савецкай вясны па свежаýзаранай зямлі і руні азімых членістанога прарастала магутная гусенічная леспрамгасаýская арда. І з налёту, з віскам, рыкам і выццём знішчала дуб за дубам, нібыта давала адчуць дрэвам і людзям тое, што процістаяць ёй немагчыма.
І гэта, здавалася, немагчымасць якога б то ні было супраціýлення, падобна, сыграла адваротную ролю. Перамог адчай даведзенага да краю чалавека. Чалавек скруціý з толькі што з ласкі парторга атрыманай маршанскай махоркі цыгарэту. Прыпаліý, сеý пад вячысты дуб, каля якога завіхаýся вальшчык з бензапілой "Дружба". Мовіý:
— А, адзін хрэн, жыцця няма. Давай разам з гэтым дубам і мяне. Душы, брат, душы…
Старшыня калгаса Міхаіл Цімафеевіч Субат прывёз з Грады, Княжбара, Вільчы некалькі машын калечных і нямоглых старых, жанчын, дзяцей. Яны селі пад дубамі, пад бензапіламі, што раýлі на ýсё запаветнае наваколле. Але як гэта ні дзіýна, дуброву выратавалі не людзі, згодныя за яе памерці. Птушкі. Птушкі, якія штодзень вітаюцца з космасам, на вяршынях старажытных дрэý звілі сабе гнёзды. Дзеля працягу свайго роду яны адклалі ýжо яйкі. Птушкі, у адрозненне ад чалавека, занесеныя ý Чырвоную кнігу. Чорныя буслы.
Але іх святой ахоýнай сілы хапіла толькі да першых маразоý. Не, той вясной яны прагналі лесарубаý. Леснікі разам з Сашам Танчынскім падлічылі іх і паказалі іх гнёзды. І леспрамгасаýцы, мацерна лаючыся, з"ехалі. Але з надыходам халадоý, калі чорныя буслы пайшлі ý вырай, па першым снезе вясенняй дзеі быý дадзены зваротны ход, таму што лес і людзі асірацелі і часова страцілі сваіх абярэгаý. Прамая сувязь з космасам была перарвана, і чорныя буслы з чуж-чужаніны нічым няздольны былі дапамагчы сваёй бацькаýшчыне і людзям.
І на дзіва, амаль што разам з гэтай безвыходнасцю, бездапаможнасцю людзей ляснулася і сама вялікая краіна. Рухнула, распалася. І што знамянальна, крушэнне было пакладзена ý той самай Белавежскай пушчы, у якой сёння аднаасобна пануе і ýладарыць лепшы "сябра" друідаý, а таксама і чалавека, народа — караед-міраед. І калі раней, хаця і з вялікім напружаннем, можна было хоць да некага дастукацца, дамагчыся закона і прызнання свайго чалавечага статуса і права, то цяпер усё гэта сканала, пайшло прахам.
І як бы часткова аднавіýшыся з таго праху, палешукі, амаль усе спрэс нежыць ужо, былыя грамадзяне Савецкага Саюза, пенсіянеры, жыхары Вільчы, Загацця і Княжбара, нібыта здані і прывіды — статысты нейкага дзіýнага містычнага спектакля, маýкліва наглядалі за тым, як "Дружбы", "Уралы" і "Шведкі" хіжа ýгрызаюцца ý безабаронныя дрэвы. Як гэтыя дрэвы доýга і п'яна скачуць, курчацца перад насцеж уздоýж і папярок расчыненымі для іх узнясення на нябёсы. З грукатам і ýздыхам кладуцца долу, п'яна хістаючы макаýкамі, пэýна, адмаýляючы даць веры, што гэта ýжо ýсё, спрабуюць устаць, абапіраючыся на белазламаныя косткі галля. І толькі ненажэрны рык бензапілы.
У позірках вяскоýцаý-пенсіянераý ні дакору, ні злосці, хутчэй — слынная наша памяркоýнасць і застылы, не выплаканы слязьмі сум. Некаторыя з іх пры сякерах — гэта таксама наша вяскова-беларускае: чаго ý лес без сякеры хадзіць. Тыя ж, што былі без сякер, прыйшлі са стрэльбамі. Але ýсе яны — змулены бытам да пацярухі сялянскі люд, зусім не пратэстны, сузіраючы адтуль ужо, з неба, з космасу, запасячы на будучае — для таго ж космаса — зямныя, смяротныя малюнкі. Таму і гаворкі ніякай. Немы мужыкі, немы лесарубы. І мы таксама немы. Толькі адзін з двух тут прысутных братоý Саенка, са стрэльбай, Міхась, люта гучна выдыхнуý, нібы лаючыся:
— Што тут казаты. Няма, няма господара. — Саенкі былі з украінцаý.
І ýсё ж цуд адбыýся і на гэты раз. Пры поýным параліку і нямогласці новай улады. Дапамагла ýлада Савецкая. З труны ýжо. Ды яшчэ як дапамагла, як грымнула косткамі. Не паспелі мы, намеснік рэдактара газеты "Звязда" Міхась Міхаевіч, рэжысёр, цяпер ужо нябожчык, Віктар Тураý, аператар і рэжысёр, крыху пазней старшыня Саюза кінематаграфістаý, таксама ýжо нябожчык Юрый Марухін і я перагаварыць з былым другім сакратаром ЦК кампартыі Беларусі, які знаходзіýся ýжо ý Маскве, М.С. Ігруновым, былым старшынёй Вярхоýнага Савета БССР Г.С.Таразевічам, выступіць на рэспубліканскім тэлебачанні, як мне тэлефанаваý старшыня камітэта па экалогіі Вярхоýнага Савета ýжо незалежнай Рэспублікі Беларусь М.П.Савіцкі:
— Едзем у Жыткавічы здымаць разапселага дырэктара лясгаса. З трэскам, каб дзясятаму заказаý…
Следам за гэтым званком быý міжгародні. Званіý старшыня калгаса імя ХХ партз'езда М.Ц.Субат:
— Апанасавіч, знайшлі стрэлачніка. Дасталі дырэктара лясгаса. А ý яго трое дзяцей…
— Я, зразумела, нікуды не паехаý. І сёння думаю: а мо дарэмна?
Эх, злыбяда ты наша беларуская, памяркоýная наша Злыбяда. Вучыць яна нас, вучыць, ды ніяк не навучыць. Цягавітыя мы вельмі, якую хочаш злыбяду вынесем на сваіх плячах. Падсякаюць нас на кожным кроку, ды ніяк не навучаць. Лагодныя мы вельмі, мякенькія. Таму і пратэст наш імгненны і больш рэфлекторны, пакуль не сутыкнуцца дзве плыні думкі — галавы і сэрца. І тады мы пачынаем баяцца ýжо за нейкую трэцюю кропку свайго арганізма, пасля чаго ýсё ýжо непапраýна і нам застаецца толькі галашэнне.
P.S. Пісьма з сельсавета з подпісамі землякоý, што пратэставалі супраць вырубкі дубровы, я так і не дачакаýся: баяцца людзі, вельмі баяцца, за дзяцей, за работу. Баяцца і галосяць:
"Што ж гэта, людцы, з намі адбылося? Калі і як адышоý ад чалавека звер? Ці вернецца ён да заканчэння свету зноý да яго? Ці магчымы такі зварот, калі яго выпаралі не толькі з нор і бярлог, але і з нашай душы. Калі ж гэта і як сціхлі чалавеку галасы птушак? Няýжо журботнае вока гэтых птушак больш не ýзрушыць нічыю жывую душу? Рэчка перастала быць рэчкай, вада вадой, жураýліны кліч, бусліны клёкат — святым нам голасам-запаветам, моваю нашай маці, мовай, спадзяюся, не зусім яшчэ забытых продкаý.
Хто гэта ýкраý у нас, ці мы некаму прадалі гэта? Чаго ж тады не бачу я вакол сябе, у нашым сяле ніводнага багацея? Хто здолее вярнуць нам так бязглузда і добраахвотна страчаны скарб дзяцей і продкаý нашых? Хто ýратуе мяне ад майго ж ляманту і крыку, бо я ýжо сам сябе не чую і не бачу".
Калі і далей так пойдзе, мы, нашчадкі былых партызан, але ýжо без лесу, балота, вады нікому, нават кату не прызнаемся, што мы беларусы. Былі некалі беларусамі. Вось гэта і ёсць наша злыбяда.
P.S. P.S. Я спадзяваýся, што на гэтым, на амаль саракагадовай эпапеі ратавання дубровы, ужо назаýсёды ý маім жыцці пастаýлена кропка. Падрыхтаваý гэты артыкул да кнігі публіцыстыкі "Дзікае паляванне ліхалецця". Але не дарэмна ý свой час М.Гарэцкі пісаý: надзея — маці дурня. Да мяне зноý пачаліся званкі з вёскі Вільча. Званіý Саша Танчынскі: рэжуць, рэжуць нашу дуброву, лічы, што нас. Я параіý яму звярнуцца за дапамогай у раённую газету "Новае Палессе", бо сам быý бездапаможны. Вось яго ліст у газету:
"ЗНІШЧАЦЬ МАЛАДНЯК У ЗАКАЗНІКУ — ЗЛАЧЫНСТВА"
Некалькі гадоý таму журналісты "Советской Белоруссии" і "Новага Палесся" назвалі мяне гаспадаром ракі. Але вельмі шкада, што гэты гаспадар пачувае сябе надзвычай кепска…
Справа ý тым, што былы заказнік "Нізоýе Случы" далучаны да заказніка "Сярэдняя Прыпяць" і абнесены шыльдамі як з боку Лунінецкага раёна, так і Жіткавіцкага. На гэтых шыльдах адзначаны пункты па забароне ýсялякіх мерапрыемстваý. Там таксама ёсць пункт па забароне і суцэльных высечак. Але ж Жыткавіцкі лясгас разам з Людзяневіцкім лясніцтвам лічаць інакш. Пачынаючы з 2006 года выразалі больш за сем дзялянак. Тым пазбавілі магчымасці гняздзіцца чорнаму буслу. Перад пачаткам рубак зніклі гнёзды. І таксама зніклі ýсе віды птушак, якія жылі тут, як у раі. А цяпер гэты рай знік зусім, бо знік лес. Непрадуманасць чалавечых дзеянняý паслужыла высыханню лясных лугоý і далін. Дзе гняздзілася рачная краква і сядзела ý дуплах аголіца. Людзі знішчылі рэшткі лесу, які захоýвае вільгаць, што так патрэбна як птушкам, так і звярам.
Парушэннем з'яýляецца вырубка каля ракі на 100—150 метраý ад берага. А цяпер паýстае пытанне аб суцэльнай рубцы маладняку, дзе растуць наступныя пароды: ясень і клён толькі 15—20 гадоý, дуб і асіна 30—35 гадоý. Таксама ж каля ракі?!
Неабходна неадкладна спыніць незаконныя вырубкі клёну, ясеня і дуба, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. А.ТАНЧЫНСКІ, жыхар в. Вільча".
На гэты допіс атрыманы два адказы:
"ГЛХУ "Житковичский лесхоз" рассмотрел обращение гражданина Танчинского А.Я., проживающего в д.Вильча, ул.Коммунистическая, д.1 "Вблизи русла реки Случь ведется вырубка молодняка леса в возрасте осина и дуб 30—35 лет, ясень и клен 15—20 лет".
В соответствии с Положением о заказнике "Средняя Припять" и Плана по проведению санитарно-оздоровительных мероприятий в твердолиственных насаждениях и в связи с частичным усыханием дубовых и ясеневых насаждений на территории заказника проводятся рубки промежуточного пользования и прочие рубки, которые на данной территории не ограничиваются и не запрещены.
За последние три года (2006—2008) проведено более 20 проверок за соблюдением режима заказника "Средняя Припять" различными государственными службами: территориальными органами Министерства природных ресурсов и охраны окружающей среды, Министерства лесного хозяйства, землеустроительной службы, Туровской и Микашевичской инспекциями охраны животного и растительного мира при Президенте Республики Беларусь.
В ходе проводимых рейдов-проверок случаев нарушений природоохранного законодательства не выявлено".
И.о.директора И.Н.Торчик
"Житковичская районная инспекция природных ресурсов и охраны окружающей среды рассмотрела направленное для реагирования и принятия мер обращение гр. Танчинского А.Я.
В соответствии с Положением о заказнике "Средняя Припять" и Планом по проведению санитарно-оздоровительных мероприятий в твердолиственных насаждениях и в связи с частичным усыханием дубовых и ясеневых насаждений на территории заказника проводятся рубки промежуточного пользования и прочие рубки, которые на данной территории не ограничиваются и не запрещены.
Соблюдение режима заказника "Средняя Припять" находится в постоянном поле зрения природоохранных, лесохозяйственных, землеустроительных, охраны животного и растительного мира служб.
В ходе проводимых проверок, рейдов случаев нарушения природоохранного законодательства не выявлено".
Начальник инспекции Н.П.Кошман
Што на гэта казаць мне, калі дзяржаýныя асобы катэгарычна сцвярджаюць: парушэнняý няма. У год, абвешчаны на Беларусі Годам роднай зямлі, усё да рыхцікаý, што пад капірку, як і тады, амаль сорак гадоý таму. Дабрадзеі-лесарубы ý кожнага дрэва, дуба, ясеня, спраýляюць пашпарт: споýнілася ці не ім ужо 30 ці 35 гадоý, мо нават бяруць і адбіткі пальцаý. Амаль за паýстагоддзя яны так і не здолелі паразумецца ні з Палессем, ні з палешукамі. Мімаволі прыгадваецца анекдот яшчэ савецкага часу. У чукчы спыталіся, які народ самы тупы.
— Рускі геолаг,— адказаý чукча.
— Чаму?
— Дзесяты год ужо яму даводжу, што гэта мая жонка. Не разумее.
Бедны чукча не ведаý нашага айчыннага лесаруба.
_______
Кніга выходзіць у "Бібліятэцы пісьменніка", створанай пры часопісе "Дзеяслоý".
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта