"Гэты певень вартуе наш родны край..."

Алена ЛЯЎКОВIЧ, "Звязда", №241, 16.12.1999

Я ўжо бачыла гэта аднойчы. Здзiчэлыя яблынi, на якiх раскашуе амяла, пустыя чорныя вачнiцы паўразбураных хатаў, зарослыя дзёрнам падмуркi, кусты бэзу, якiя акаляюць неiснуючую ўжо вулiцу... Я чула празрыста-звонкую цiшыню, такую рэдкую ў наш шалёны час... Я ўжо была аднойчы ў вёсцы, якая памiрала, цiха, не скардзячыся, канала сярод лесу пад Баранавiчамi.

Гэта было жудасна. Я тады напiсала матэрыял i дала сабе слова, што больш нiколi-нiколi не захачу ўбачыць i не буду глядзець, як памiрае вёска. З тыдзень пасля камандзiроўкi ў мяне паўтараўся адзiн i той жа начны кашмар, ад якога можна было звар'яцець. Я стаяла ў сне каля хаты без даху i вокнаў, а здзiчэлыя яблынi i чарэшнi сашчапiлi свае галiны ў краты i не давалi выйсцi на прастор, да дарогi, да жыцця... А потым я паставiла свечку за супакой душы вёскi Груды, i той жудасны сон адступiў. I тады я паабяцала сабе, што нiколi-нiколi больш...

...Але што зробiш, калi такiя вёскi паўсюль на нашай зямлi?..

***

Заязджаем за маляўнiчы знак "Белавежская пушча" i тут жа зварочваем з асфальту налева, у сасновы бор. Па вузкай лясной дарозе мы кiруем да вёскi Абрамава, у якой, па звестках райвыканкама, засталiся чатыры падворкi ды сем жыхароў, састарэлых пенсiянераў.

Вёска Абрамава памiрае. А я еду паглядзець на яе перад смерцю...

На ўскрайку лесу два пакалечаныя маланкамi дубы. За iмi -- з паўтара дзесятка хат. Гэта -- Макавiшча, больш "перспектыўная" вёска, яна працягне крыху даўжэй, чым Абрамава... Потым зноў лясная дарога -- i, нарэшце, перад вачыма тое, чаго так не хацела бачыць, -- зарослы падмурак, а побач хата з забiтымi крыж-накрыж вокнамi...

Гаспадыня самай крайняй абжытай хаты, Вольга Антонаўна Сяргеева, якраз рыхтавалася да прыезду ўнучкi на выхадныя з Брэста -- скубла засечанага iндыка. Зусiм не здзiвiўшыся нечаканым гасцям, бабуля хуценька выцерла рукi аб фартух i запрасiла ў хату.

"Як жа вы тут жывяце?" -- паспрабавала пачаць гутарку. "А добра жывём, -- адазвалася гаспадыня. -- Вось толькi хлеба магазiннага, бывае, няма, дык свайго напячом i ядзiм. Свой -- ён лепшы. Магазiнны што -- два днi паляжыць i чэрствы. А гэты, гляньце, тры днi назад пякла, а якi мякенькi..." Бабуля дастае з-за стала квадратны бохан пшанiчнага хлеба, на выгляд i сапраўды вельмi свежага...

Выходзiць з залы Уладзiмiр Сямёнавiч, гаспадар, i разам з жонкай яны пачынаюць расказваць не вельмi доўгую, але зусiм невясёлую гiсторыю сваёй радзiмы -- вёскi Абрамава, якой амаль няма.

Абрамава з заснавання свайго было яўрэйскiм паселiшчам, аб чым красамоўна сведчыць нават назва. Яўрэяў за царскiм часам i ў самiм Камянцы, i ў наваколлi было вельмi шмат. Але ў 1919-м, калi гэтыя мясцiны перайшлi пад уладу Польшчы, у Абрамава сталi прыязджаць i ўкраiнцы, i беларусы. Яўрэi ж прадавалi зямлю i сядзiбы, з'язджалi ў вялiкiя мястэчкi i гарады, дзе новая ўлада адкрывала добрыя перспектывы для ўлюбёнага занятку -- гандлю.

З'язджалiся людзi ў Абрамава i з наваколля, i здалёку. Бацька Уладзiмiра Сямёнавiча, напрыклад, быў родам з цяперашняй Сумской вобласцi. Ён паехаў пад Варшаву на заробкi, але калi мяжа пасунулася на ўсход, пачуў ад палякаў: "Едзь, кацап, адкуль прыехаў..." Дадому ён вяртацца не стаў, а купiў зямлю ў Абрамаве. Сам Уладзiмiр Сямёнавiч нарадзiўся ўжо тут. А жонка яго, Вольга Антонаўна, таксама абрамаўская, але бацькi яе прыехалi сюды з недалёкай вёскi...

Перад вайной было ў Абрамаве дваццаць чатыры двары -- дванаццаць iудзейскiх i дванаццаць хрысцiянскiх. Жылi дружна, з узаемапавагай, нiколi не сварылiся з-за прыналежнасцi да той цi iншай нацыянальнасцi або веры. Хрысцiяне асаблiва любiлi хадзiць глядзець, як у невялiкiм малiтоўным доме спраўляюць яўрэi сваё вяселле...

Фашысты перавезлi той малiтоўны дом у вялiкую вёску Дзмiтравiчы, стварыўшы ў iм невялiкае гета для навакольных яўрэяў. Iх кожны дзень ганялi на працу, як, дарэчы, i астатнiх вяскоўцаў...

А потым у пушчы з'явiлiся партызаны, i жыхарам Абрамава, што засталiся ў вёсцы, немцы паставiлi ўмову: або перавозiце хаты ў Макавiшча, або яны будуць спалены. Давялося разбiраць i перавозiць. Неперавезеныя - яўрэйскiя -- дамы згарэлi дазвання...

Пасля вайны абрамаўцы зноў разабралi свае хаты, каб перавезцi iх з Макавiшча на старое месца. Адбудавалася адзiнаццаць двароў. Усiх яўрэяў немцы пагналi ў Беласток, i ў вёску вярнуўся толькi адзiн, якому ўдалося ўцячы. Але ён нядоўга самотна блукаў па лесе i па пажарышчах. Раптам некуды знiк, а ўвесну мужчыны знайшлi яго павешаным на асiне недалёка ад вёскi.

Абрамаву было наканавана пакрысе памiраць. Да блiжэйшых вёсак, у якiх школа, магазiн, аўтобус на Брэст цi хаця б на райцэнтр, бальнiца, -- па пяць кiламетраў у розныя бакi... I, натуральна, дзецi, якiя павырасталi пасля вайны ў тых адзiнаццацi хатах, шукалi лепшага, больш зручнага i камфортнага жыцця ў тых жа Камянюках цi Дзмiтравiчах або ў зусiм недалёкiх Камянцы цi Брэсце. У хатах заставалiся iх бацькi, якiя старэлi i памiралi. Самi хаты або прадавалiся на знос, або пакiдалiся на волю лёсу разам з непрыгодным для маладых нажыткам -- старым драўляным ложкам, шырокай самаробнай лавай, вышчарбленым глiняным збанком, праз якi ўжо прарасла цiмафееўка, парыжэлая гэтай парой ад пераменных маразоў i слаты...

Вось i ў Сяргеевых абодва сыны з'ехалi ў Брэст. Прыязджаюць на выхадныя, праведаць. I не толькi. Трымаюць бацькi яшчэ ладную гаспадарку, маюць i каня, i карову, кожнаму сыну гадуюць на год па парсюку. Гэта пакуль сiлы i здароўе ёсць. У тым, што нiхто з дзяцей цi ўнукаў не вернецца жыць у бацькоўскую хату, Уладзiмiр Сямёнавiч i Вольга Антонаўна ўпэўненыя, гэтак жа, як i iх нешматлiкiя састарэлыя суседзi. "Хiба што дача калi будзе..."

Улетку ў Абрамаве весела. Прыязджаюць унукi, падчас грыбнога i ягаднага сезона, цягнуцца праз вёску ў пушчу аматары "цiхага палявання". Тут вельмi прыгожа i спакойна. I вяскоўцы ўжо прывыклi да казуляў i аленяў, што выходзяць з лесу на ўчасткi паласавацца маладым жытам, i да дзiкоў, якiя робяць набегi на бульбяное поле. Iх проста ганяюць дубцом, як свойскую скацiну, што ўбiлася ў шкоду.

Цяпер, калi няма нi дачнага, нi грыбнога сезона, у вёсцы стаiць тая самая звонкая гнятлiвая цiшыня. Але вяскоўцы не надта сумуюць: сувязь са знешнiм светам у выглядзе тэлевiзара i тэлефона ёсць, раз у тыдзень сюды заходзiць нават паштальён. А навакольныя навiны можна даведацца, схадзiўшы ў Макавiшча, куды прыязджае аўталаўка. (Раней недалёка ў лесе стаяла воiнская часць, i людзi "атаварвалiся" прадуктамi ў ваеннай краме. Цяпер часцi няма, але тыя зручныя часы ў Абрамаве ўспамiнаюць i сёння.)Жыццё ў Абрамаве яшчэ цеплiцца. Але засталiся цёплымi толькi чатыры хаты са сваiмi немаладымi гаспадарамi. Дай iм Бог i здароўя, i доўгага веку, але якiм бы доўгiм гэты век нi быў, аднойчы надыдзе момант, калi нi над адным комiнам не ўзаўецца зiмовым звонкiм ранкам дым...

Калi выйшлi на двор, Вольга Антонаўна паказала на буслянку прама на вiльчыку хлява: "Ужо гады са тры прылятаць перасталi. Мусiць, зразумелi, што дзяцей тут прыносiць няма каму".

А блiжэй да лесу -- яшчэ адна буслянка. На электрычным слупе. Сёлета птушкi прыляталi. Вывелi буслянят i паляцелi. Цяпер старыя чакаюць, што леташнiя буслы цi iх дзецi вернуцца вясной на сваё гняздо. Чакаюць i сумняваюцца: а можа, i не вернуцца, можа, паляцяць у вялiкiя вёскi, дзе многа людзей, дзе ёсць каму прыносiць дзяцей...

***

"Чаму суджана памерцi -- памрэ. Нават Карфагена не стала", -- сказаў мой спадарожнiк, калi я села ў машыну i выдыхнула: "Божа мой, як страшна..."

***

А потым я ўзяла ў райвыканкаме спiс населеных пунктаў i выпiсала сабе ў нататнiк назвы вёсак, у якiх засталося менш за дзесяць жыхароў, якiя, як i Абрамава, хутка могуць знiкнуць i з зямлi, i з карты.

Але вы паглядзiце, якiя назвы. Родныя, нашы, утульныя i светлыя. Я проста перапiшу iх, а вас прашу спынiцца на кожнай i ўявiць, што за кожнай стаiць некалькi хат сярод лесу i некалькi старых людзей, якiя ў гэтых хатах чакаюць прыезду дзяцей, а можа, ужо не чакаюць нiкога. А яшчэ адчуйце, якiя назвы. I як шмат страцiць наша мова, страцiўшы iх...

Асiнкi, Ганцы, Ляскi, Грудовiкi, Жданкi, Вiлы, Пастухова Балота, Мшанкi, Глыбокi Вугал, Яловы Груд, Старышава, Выгнанка, Калонiя-Кругель, Чэрнева, Завадкавiчы, Крынкi, Малая Апака, Каляды, Лашэвiчы, Сушкi...

Вось напiсала, i стала крыху лягчэй на душы. Бо той жа Карфаген мы, далёкiя нашчадкi, ведаем толькi таму, што хтосьцi яшчэ пры яго жыццi накрэслiў яго назву на паперы...

***

Прыехаўшы дамоў, яшчэ раз перачытала верш Караткевiча "Стары певень". Ён пра пеўня, якi жыве ў вымерлай вёсцы, са сваёй гаспадыняй, адзiнокай бабкай, якая засталася ў вёсцы адна. Штоноч певень спявае i дарэмна чакае адказу ад суседзяў-таварышаў, якiх у яго няма. Штоноч бабуля ўспамiнае аб дзецях i суседзях, якiя з'ехалi кудысьцi ў свет i якiя нiколi не вернуцца да родных мясцiн...

I прыкра, i адчайна, i сорамна. I за тых, хто з'ехаў з Абрамава, i за сябе, што аднойчы ступiла за родны парог, усведамляючы, што наўрад цi вярнуся калi-небудзь назаўсёды... I вось ужо колькi пiшу, тахкае ў скронi дакорам апошнi слупок таго верша:.

Калi хвошча залева на ўвесь небакрай,
Калi спiць пад снягамi трава,
Гэты певень вартуе наш родны край.
А вы? Цi не ганьба вам?..

I няма чаго адказаць. I няма чым апраўдацца.