
Не сакрэт, што любая краiна свету iмкнецца мець у сваiм арсенале (вядома, найперш з прагматычных меркаванняў, але што тут дрэннага) нейкi своеасаблiвы сiмвал -- знак, якi акрамя ўласнага значэння нясе ў сабе як бы абагульненую iнфармацыю, дае пэўнае ўяўленне аб усёй краiне ў цэлым.
Гаворым Бiг-Бен -- i ў памяцi адразу Лондан, уся Англiя; пачулi пра Эйфелеву вежу, вядома, гаворка пра Францыю i г.д. Нашай краiне таксама пашчасцiла мець такi, я сказаў бы, знакавы сiмвал -- Белавежскую пушчу. I не толькi таму, што там было падпiсана вядомае пагадненне. Белавежская пушча з'яўляецца для краiны своеасаблiвым сiмвалам у куды большым сэнсе, яна, нiбы тая кропля вады, якая ў сабе адлюстроўвае ўвесь свет, усёй гiсторыяй савйго iснавання фактычна паўтарае (цi наадварот?) гiсторыю самой Беларусi з яе трагiчнымi i радаснымi старонкамi. Пра пушчу можна слухаць i расказваць бясконца, што мы i спадзяёмся з цягам часу рабiць. Пакуль жа прапануем iнтэрв'ю з генеральным дырэктарам Дзяржаўнага нацыянальнага парку "Белавежская пушча" Васiлём Жукавым аб агульнымi становiшчы гэтых унiкальных запаведных мясцiн сёння i перспектывах iх найперш як турыстычнай Меккi. Паверце, для гэтага ёсць усе падставы, аб чым i змаглi нядаўна даведацца прадстаўнiкi рэспублiканскiх сродкаў масавай iнфармацыi, калi пры дапамозе Кiраўнiцтва справамi прэзiдэнта наведалi пушчу. -- Васiль Патапавiч, калi ласка, раскажыце больш падрабязна пра структуру нацыянальнага парка "Белавежская пушча".
-- На яго тэрыторыi можна выдзелiць некалькi зон. Найперш гэта запаветная зона -- зона некранутай прыроды. Тут забаронены ўсе вiды гаспадарчай дзейнасцi за выключэннем навуковых даследаванняў i аховы. Гэта зона складае 15 тысяч гектараў.
Далей iдзе зона рэгулюемага карыстання, яе плошча -- 57 тысяч гектараў. Усе мерапрыемствы тут павiнны забяспечыць аптымальныя ўмовы для развiцця прыродных экасiстэм з мэтай захавання i эвалюцыйнага развiцця генафонду раслiннага i жывёльнага свету.
Рэкрэацыйная зона складае 10 тысяч 712 гектараў. Яна прызначана для азнаямлення з паркам, арганiзаванага пазнавальнага турызму. Апошняя зона -- гаспадарчага карыстання, яе плошча каля 4 тысяч гектараў.
Яшчэ ёсць буферная зона, якая не ўваходзiць у састаў нацыянальнага парку: землi калгасаў, саўгасаў, якiя размешчаны па перыметру парка.
-- Хацелася б пачуць больш падрабязную iнфармацыю пра першую зону -- запаведную. Напэўна, такiх тэрыторый у свеце няшмат, таму яе трэба выкарыстоўваць з максiмальнай выгадай, зразумела, найперш навукова-практычнай. Улiчваючы агульнае становiшча з фiнансаваннем навукi, наколькi гэта зараз магчыма?
-- Пры ўсёй складанасцi экамiчнага становiшча ў Беларусi, трэба аддаць належнае нашым органам кiравання, у прыватнасцi Кiраўнiцтву справамi прэзiдэнта, -- пад навуку выдзяляецца амаль усё, што патрэбна. Канешне, грошы мы не раскiдваем, але разумнае фiнансаванне, найперш па гэтай абсалютна запаведнай зоне, цалкам iдзе з крынiц бюджэтнага фiнансавання. Сёння гэтых сродкаў дастаткова, каб захоўваць зону, ахоўваць яе такiм чынам, як гэта i належыць. Гэта ж датычыць i ахоўнай дзейнасцi, яна таксама фiнансуецца з бюджэту, i тут таксама практычна не ўзнiкае праблем. Усе гаспадарчыя аб'екты, якiя я называў, як правiла, забяспечваюць сябе за кошт атрыманага прыбытку.
-- У Белавежскай пушчы iснуюць пэўныя праблемы, скажам так, з перанаселенасцю яе жывёламi...
-- Нацыянальнаму парку "Белавежская пушча", а ў яго асобе i ўсiм нацыянальным паркам i запаведнiкам Беларусi, якiм Сусветным банкам рэканструкцыi i развiцця быў выдзелены грант у памеры 1 млрд. долараў для навукова-даследчай работы, сродкi былi выдзелены, у прыватнасцi пад захаванне i бiяразвiццё лясоў пушчы. Гэтая работа выконвалася некалькi гадоў рознымi вучонымi, быў праведзены i перапiс жывёл. Напрыклад, аленяў у нас сёння каля 2 тысяч галоў, хаця рэкамендуецца мець практычна ў 2,5 раза менш прыкладна тое ж i з зубрамi. Якiя шляхi мы сёння знаходзiм? Давайце так: дзе сёння ёсць зубр у Беларусi? У Прыпяцкiм нацыянальным парку -- з Белавежскай пушчы; у Бярэзiнскiм запаведнiку; ён ёсць у лясгасах -- Валожынскiм, Барысаўскiм, а таксама ў Гродзенскай вобласцi; дваццаць чатыры зубры нават завезены ў радыелагiчны запаведнiк у Хойнiках -- з мэтай вывучэння ўздзеяння ўсiх гэтых фактараў на жывёл туды перыядычна выязджаюць нашы вучоныя. Па просьбе расiйскага боку, у прыватнасцi Ягора Строева, якi за апошнi час двойчы наведваў пушчу, мы туды прадаём зубраў, аленяў, птушак (лебедзя). Там яны арганiзавалi новы нацыянальны парк -- Арлоўскае Палессе. Прадаём у Прыбалтыку, ва Украiну.
-- Прабачце, i па якiх цэнах?
-- Распрацаваны прэйскурант цэн; яны такiя, каб не пакрыўдзiць Беларусь. Тым больш, яны праходзяць вялiкi шлях зацвярджэння, разгляду i г.д. Скажам, каб зубра прадаць за межы Беларусi, улiчваючы, што ён уваходзiць у Чырвоную кнiгу, патрэбна рашэнне Савета Мiнiстраў. Мы стварылi лесапаляўнiчую гаспадарку, вальеру, якая займае 3,5 тысячы гектараў побач з пушчай. I зараз на гэтай плошчы вядзём актыўнае перасяленне жывёлы -- у нас больш за 200 пастак, мы вядзём селекцыйную работу. Таму мы сёння знiжаем гэты цiск на пушчу, у прыватнасцi, перасяляючы жывёл у iншыя рэгiёны. Так, летась вельмi шмат завезлi аленяў у Магiлёўскую i Мiнскую вобласцi. На гэты год праграма па зiме ў нас -- Целяханы, Прыпяць -- будзем завозiць аленяў, зуброў.
-- Але колькасць, напрыклад, аленяў перавышае рэкамендаваную вучонымi норму ў 2,5 раза. Гэта не можа не аказваць пэўнага негатыўнага ўплыву на экасiстэму.
-- Мы знiжаем колькасць жывёл шляхам перасялення i продажу. Але, сапраўды, ёсць тут як пазiтыўны, так i негатыўны бакi. Тыя, хто прыязджае сюды -- турысты, хацелi б бачыць, як жывёлы перабягаюць дарогу перад машынай, каб iх можна было назiраць побач. Калi хто не ўбачыць жывёл, могуць сказаць, што тут нiчога няма. Вядома, навуцы гэта непатрэбна, тым больш, што пры такiх умовах наносiцца ўрон жывой прыродзе.
-- Адносна перспектыў развiцця турызму ў пушчы, на ваш погляд, якой яго форме трэба аддаць перавагу найперш?
-- На мой погляд, асноўны вiд турызму ў нацыянальных парках, i, у прыватнасцi, у Белавежскай пушчы, -- гэта экалагiчны. Па вынiках леташняга года, перыяду гэтага мы бачым, што рэнтабельнасць менавiта гэтага турызму складае каля 30 працэнтаў. Але, можна сказаць, мы яшчэ знаходзiмся ў пачатковай стадыi станаўлення ўязнога турызму. Напрыклад, зараз мы працуем з польскiм бокам над пытаннем адкрыцця ў раёне другой заставы спрошчанага пераходу для турыстаў, каб яны маглi свабодна на працягу дня трапiць з нашага боку на польскi i наадварот, прычым без анiякiх вiзаў, толькi прад'явiўшы пашпарт.
Напрыклад, у польскай частцы пушчы быў царскi палац. Ад яго засталiся канюшнi, дзе цяпер арганiзавана гасцiнiца, побач прыбудавана новая. Дык што цiкава, попыт на гасцiнiцу ў канюшнi большы. Можна паглядзець там англiйскi парк, вадаёмы, шмат чаго iншага -- гэта ж гiсторыя.
Вяртаючыся да сервiсу: у Польшчы, напрыклад, гэта гасцiнiца, рэстаран, музей, праводзяцца пешыя i конныя прагулкi па парку. У нас тыя ж гасцiнiцы, якiя, як правiла, належаць нацыянальнаму парку, побач размешчаны цудоўныя тэнiсныя корты, сауны, практычна побач з кожным домiкам ёсць лазня; спартыўныя пляцоўкi для мiнi-футбола, баскетбола, ёсць веласiпедныя прагулкi, лыжныя, конныя, пешыя маршруты. Для школьнiкаў, напрыклад, ёсць недарагiя маршруты ў ляснiцтвах. Скажам, у адным ляснiцтве спынiлiся, праходзяць за дзень 20 кiламетраў -- у наступнае ляснiцтва, потым назад. Рыбалка ў нас арганiзавана, прагулкi на лодках, нават на базе вайсковай часцi абсталявалi цiр для стральбы па мiшэнях, лятаючых талерках, па рухомых мiшэнях з паляўнiчай зброi. Цiр фактычна знаходзiцца пад зямлёй, у ракетных шахтах, таму нiякага шуму, нязручнасцяў гэта нiкому не прыносiць.
-- Кажуць, некалi Белавежская пушча прымала штогод да 150 тысяч турыстаў. У 1994 годзе тут пабывала ўсяго 14 тысяч чалавек, у 1998-м -- ужо 37 тысяч, за 9 месяцаў сёлетняга -- 41 тысяча. Цi магчыма вярнуцца да колiшняй колькасцi турыстаў?
-- Канешне, думаю, можна будзе нават перавысiць той паказчык, але з павышэннем жыццёвага ўзроўню насельнiцтва. Пры разумным падыходзе, так, каб не нанесцi шкоды пушчы, гэта цалкам верагодна. Напрыклад, я быў у Паўднёвай Афрыцы, там вялiкi паток турыстаў у нацыянальным парку. Хацелася б зрабiць нешта падобнае -- дарогу з поўначы на поўдзень. Зараз мы вядзём такiя работы, будуем дарогу з цвёрдым пакрыццём. Рухацца па ёй можна будзе на машыне, напрыклад, сям'ёй. Але будзе забаронена выходзiць з машыны, кармiць жывёл. Спынiцца -- калi ласка, можна будзе фатаграфаваць. Вось з дапамогай гэтых i iншых мерапрыемстваў мы i плануем прыцягваць надалей турыстаў. Iх колькасць памалу, недзе на 10 тысяч чалавек у год, павялiчваецца.
-- Дзякуй за размову.