
Для многiх гэтыя два словы сёння азначаюць толькi адно: месца, дзе ў снежнi 1991 года адышоў у мiнулае "Союз нерушимых республик свободных". Што ж, падзея сапраўды эпахальная i, мяркуючы па ўсiм, яна назаўсёды ўвойдзе ў гiсторыю гэтага куточка беларускай зямлi. Але ж не толькi гэтым цiкавая Белавежская пушча. Ёсць у ёй i нямала iншых дзiўных славутых мясцiн. I можа, некаторыя з iх якраз i вызначылi тады выбар месца сустрэчы лiдэраў трох рэспублiк.
На самай справе, калi разабрацца, цi мала рэспектабельных урадавых рэзiдэнцый, прычым у жывапiсных месцах, у Расii i ва Украiне? I не невядома дзе, а прама пад бокам, ля сталiц. Ды i ў Беларусi такiя таксама ёсць. Дык можа ўся справа ў бяспецы? Месца ж сапраўды глухое, удалечынi ад людскiх вачэй, ды яшчэ i прыгранiчная зона з асаблiвым рэжымам. Ды не, наўрад -- была ж свая спецахова. Вядома, лепш бы спытаць аб гэтым у самiх галоўных фiгурантаў таго дзеяння -- усе яны жывыя i здаровыя. Але па зразумелых прычынах простаму грэшнаму грамадзянiну ўсiх трох цяпер суверэнных дзяржаў зрабiць гэта практычна немагчыма. Адны проста недаступныя, а iншыя, напэўна, не захочуць адкрывацца першаму сустрэчнаму. Час яшчэ не настаў. Што ж, паспрабуем зрабiць гэта замест iх у меру сваiх магчымасцяў. Дакладнага i адназначнага адказу, вядома, не атрымаецца, але паразважаць мы можам?
Пачнём з таго, што Белавежская пушча яшчэ ў пятнаццатым стагоддзi з'яўлялася любiмым месцам палявання польскiх каралёў. А ў васемнаццатым эстафету ў iх прынялi рускiя цары. I наведвалiся яны сюды час ад часу аж да канчатковага звяржэння манархii ў Расii.
Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi аб гэтым цудоўным закуточку на нейкi час забылiся. Тут i войны, i разбурэннi адыгралi, напэўна, сваю ролю. А можа, адсутнасць паляўнiчых прыхiльнасцяў у новых правадыроў. I толькi пасля другой у гэтым стагоддзi вайны iх пераемнiкi ўспомнiлi пра Белавежскую пушчу. А паколькi яны, хоць i называлiся ўжо iнакш, але па сутнасцi заставалiся тымi ж самадзержцамi, ды i да таго ж былi заўзятымi аматарамi пагуляць з паляўнiчым ружжом, то i вырашылi, што шматвекавыя традыцыi каранаваных асоб забываць не варта.
Першым пасля доўгага перапынку ўспомнiў аб благаславенных краях Мiкiта Сяргеевiч Хрушчоў. Менавiта па яго жаданню ў 1957 годзе тут, у раёне хутара Вiскулi, зноў было адроджана i ўладкавана месца для высокiх паляўнiчых забаваў. У нечувана кароткiя тэрмiны яго электрыфiкавалi, тэлефанiзавалi, узвялi гасцявы павiльён, невялiкую гасцiнiцу, некалькi катэджаў, лазню-сауну, маразiльнiк для адстралянай дзiчыны, выкапалi штучныя вадаёмы, устанавiлi паляўнiчыя вышкi. I з таго часу аж да 1991 года гэта месца называлася дзяржаўнай запаведна-паляўнiчай гаспадаркай. Натуральна, наглуха закрытай для простых смяротных.
У тыя гады часта бывала тут ледзь цi не ўся элiта не толькi вялiкага i магутнага СССР, але i ўсiх саюзных рэспублiк. Не кажучы ўжо пра беларускiх кiраўнiкоў. I мiжволi ўзнiкае пытанне: чаму цягнула сюды, як магнiтам, моцных свету гэтага на працягу столькiх стагоддзяў?
Белавежская пушча з'яўляецца адным са старэйшых запаведнiкаў свету. Наогул, першыя звесткi пра яе гiсторыю знайшлi яшчэ ў Iпацьеўскiм летапiсе ў 983 годзе. А першыя абмежаваннi на паляванне ўведзены тут у трынаццатым стагоддзi. З 1541 года быў узяты пад ахову цар тутэйшых звяроў зубр. А з 1640 года забаронена свабодная высечка лесу. Мiж iншым, плошча гэтага унiкальнага ляснога масiву перавышае 150 тысяч гектараў. На тэрыторыi сучаснай Беларусi, галоўным чынам у Брэсцкай i Гродзенскай абласцях, у водараздзеле рэк Заходнi Буг, Нёман i Прыпяць, -- 87,5 тысячы, астатнiя ў Польшчы. Так што царска-каралеўскiя паляўнiчыя ўгоддзi -- гэта толькi мiзэрная частка вялiкай тэрыторыi, на 88 працэнтаў пакрытай лясамi. I якiмi! Спецыялiсты лiчаць iх самымi старымi ў Еўропе i ставяць у адзiн рад са стагоддзямi некранутай сельвай у басейне ракi Амазонкi. Тут i сёння ёсць хвойныя дрэвы ва ўзросце да 350 гадоў i вышынёй у 35 метраў. А ўзрост аднаго, да гэтага часу жывога, дуба ўжо перавалiў, па падлiках бiёлагаў, за 500 гадоў. Дыяметр яго -- 190 сантыметраў, а ўвогуле спiс рэдкiх раслiн i жывёл, занесеных у Чырвоную кнiгу Беларусi, налiчвае адпаведна 110 i 73 вiды. У гэтай сувязi выглядае зусiм лагiчным рашэнне ЮНЕСКО аб уключэннi Белавежскай пушчы ў спiс аб'ектаў сусветнай спадчыны чалавецтва i аб прысуджэннi ёй яшчэ i статусу бiясфернага запаведнiка, а Савет Еўропы ўзнагародзiў спецыяльным дыпломам -- як адну з эталонных прыродаахоўных устаноў кантынента.
Але ўсё гэта адбылося ўжо пасля 1991 года. Дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што яшчэ ў тыя часы, калi Белавежская пушча была аб'яўлена "саноўным запаведнiкам", на яе тэрыторыi ўсё ж вялася навукова-даследчая работа, функцыянаваў музей прыроды. Але ўсё ж карэнныя змены адбылiся тут ужо пасля гiстарычнай сходкi лiдэраў трох славянскiх рэспублiк. Беларусь стала паўнапраўным i адзiным уласнiкам гэтага краю i аб'явiла яго дзяржаўным нацыянальным паркам. Дарэчы, i ў Польшчы пушча называецца гэтаксама. I гэта не проста змена шыльды. Нягледзячы на тое, што гаспадаром стала Упраўленне справамi Прэзiдэнта рэспублiкi, набегi высокапастаўленых паляўнiчых сюды практычна спынiлiся. Сам кiраўнiк дзяржавы А. Лукашэнка бывае ў гэтых краях даволi рэдка i, як правiла, толькi разам з прыбываючымi ў краiну афiцыйнымi дэлегацыямi. Напэўна, таму, што, па-першае, не падвергнуты саноўнаму захапленню, а па-другое, усiм вядомы яго адносiны да таго, што тут адбылося ў снежнi 1991 года. Ён гэтага не толькi не хавае, але i пастаянна публiчна падкрэслiвае.
Тым не менш, паляўнiчай Мекай пушча ўсё ж засталася. Толькi цяпер ужо на зусiм iншай аснове. У сувязi з тым, што тут з'явiлiся новыя прыродаахоўныя i навуковыя ўстановы, хiмiчная лабараторыя для правядзення аналiзаў лясных дароў i наогул прадуктаў харчавання i вады, узнiклi складанасцi з iх фiнансаваннем. Часткова гэта робiцца за кошт дзяржбюджэту. Але сродкаў яўна недастаткова. I таму было прынята рашэнне, што пушча павiнна сама зарабляць недастаючую долю i наогул на сваё ўтрыманне. З гэтай мэтай i былi створаны тут лесаперапрацоўчы комплекс, цяслярны цэх, таксадэрмiчная майстэрня, дзе вырабляюцца чучалы жывёлы i птушкi, фабрыка сувенiраў, мастацкая майстэрня, сваё сельскагаспадарчае прадпрыемства.
Аднак самым iстотным артыкулам даходаў аказаўся ўсё ж турызм, асаблiва мiжнародны, у тым лiку i паляўнiчы. А гэта азначае, што запаведнiк стаў адкрытым для ўсiх, хто толькi пажадае яго наведаць. Зразумела, за грошы i з дазволу пагранiчнiкаў i прыродаахоўных структур. Летась, напрыклад, тут пабывала больш як 50 тысяч чалавек. З iх каля пяцi тысяч iншаземцаў. А для сустрэчы Новага года ў чатырох тутэйшых гасцiнiцах i прыкладна ў дзесятку паляўнiчых домiкаў, з рэстаранам i кафэ, спартыўнымi пляцоўкамi, месцы бранiравалiся яшчэ з восенi. Кажуць, "новыя рускiя" i багатыя жыхары Беларусi i iншых краiн СНД, пакiдаючы пушчу пасля святаў, вельмi шкадавалi, што так дарэмна трацiлi грошы да гэтага часу на нейкiх "сумных Канарах".
I то сказаць, дзе яны яшчэ могуць знайсцi такую экзотыку? Напрыклад, асабiста павiтацца з зубрам, якога не ўбачыш больш нiдзе ў свеце. Дарэчы, iх цяпер у пушчы ад 230 да 300 асобiн. Пару экземпляраў трымаюць у загонах спецыяльна для турыстаў. Паляванне, а дакладней адстрэл, дазваляецца толькi, калi лясны гiгант захварэў. I то атрымаць дазвол вельмi няпроста. Трэба абысцi некалькi iнстанцый -- Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў, Акадэмiю навук, Саўмiн i нават Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта. А каштуе лiцэнзiя да трох тысяч долараў. Тым не менш, летась былi забiты тры зубры.
Што датычыць палявання на iншых звяроў, то тут усё намнога прасцей. Хоць бы таму, што запаведнiк ужо перанаселены iмi амаль у два разы. I каштуе гэта, натуральна, значна танней. Напрыклад, лiцэнзiя на адстрэл аленя дзесьцi каля 100 долараў. Дарэчы сказаць, заезджыя паляўнiчыя, як правiла, мяса забiтых жывёлiн з сабой не бяруць. А вось ад скуры або галавы не адмаўляюцца -- вельмi ўжо вялiкая спакуса пахвалiцца дома перад сябрамi i знаёмымi. Але папярэдне часцей за ўсё вязуць здабытыя трафеi ў тую ж таксадэрмiчную майстэрню, дзе ўмелыя майстры ператвараюць iх у каштоўныя сувенiры. Дарэчы, дыван са скуры кабана з галавой каштуе прыкладна 10 долараў, а з ваўка амаль у два разы даражэй.
Вось адсюль i даходы ў нацыянальнага парка "Белавежская пушча". Дарэчы ёсць тут нямала цiкавага i для iншых сапраўдных аматараў прыроды. Ну, у прыватнасцi, пешыя i конныя маршруты па самых запаведных яе кутках, дзе iх таксама чакае нямала дзiўнага i незвычайнага, чаго яны не ўбачаць больш нiдзе.
I нарэшце, той самы асабняк у Вiскулях, якi называюць цяпер магiлай (або маўзалеем) СССР, дзе былi падпiсаны гiстарычныя дакументы, згодна з якiмi Савецкi Саюз спынiў сваё iснаванне "як суб'ект мiжнароднага права i геапалiтычная рэальнасць", хоць i па-ранейшаму застаўся ўрадавай рэзiдэнцыяй, таксама стаў адкрытым для наведвання турыстаў. Тут, вядома, чысцiня, бляск, дываны, супер-мэбля. Праўда, на другi паверх нiкога не пускаюць -- там чатыры "люксы" з дзвюма спальнямi ў кожным. I трэба сказаць, што недахопу ў жадаючых пабываць на гэтым турыстычным аб'екце не адчуваецца. Адмiнiстрацыя запаведнiка ўжо нават думае, цi не арганiзаваць сюды спецыяльны маршрут. Добра, што побач ёсць некалькi катэджаў. Але пакуль гэта пытанне застаецца адкрытым.