
Вясна. "Жыў! Жыў!" -- радуецца верабейка, распусцiўшы пер'ечка пад ласкавым веснавым сонейкам. Радуецца ўсё жывое -- перажылi зiму! Радуемся i мы. I стараемся выкарыстаць першую ж магчымасць пакiнуць абрыдлыя за зiму сцены сваiх кватэр, каб нарэшце надыхацца свежым паветрам. Бо, як нам i рэкамендавалi, мы бераглi кожную сотую долю градуса цяпла, што так скупа выдзяляла нам жыллёва-камунальная служба, i зашпаклёўвалi, заклейвалi кожную шчылiну. Як мы выжылi ў такой затхлай, мякка кажучы, атмасферы, можа калi-небудзь напiшуць навуковыя манаграфii, а нам хочацца падтрымаць верабейку-аптымiста: "Жыў! Жыў!" -- i на волю, у лес, на дачу, за горад! I ўжо сярод абуджанай прыроды, упэўненыя, што дажылi, дачакалiся, прыгадаем, што пачынаецца не толькi дачны сезон, але яшчэ i сезон нарыхтоўкi лекавай сыравiны. Лякарствы ў аптэках так i не сталi i, напэўна, не стануць, нi больш таннымi, нi больш даступнымi, а жыць-выжываць трэба. А аптэка прыроды гасцiнна запрашае да сябе. Што ж мы тут маем?
Найперш -- бярозавы сок, бярозавiк. Салодкiя бярозавыя слёзы -- гаючы бальзам для хворых, ды i здаровых нырак. Гэта -- першыя вiтамiны, ачышчэнне ўсяго арганiзма ад накопленых за зiму шлакаў. Не забудзем толькi, што мы пазбаўляемся ад сваiх пакут цаной пакут жывога дрэва, якое ўсю доўгую сцюдзёную зiму таксама чакала прыходу гэтай вясны i спадзявалася на яе цеплыню i дабрыню. Таму лепш пашукаць месцы, дзе бярозы пазначаны для высечкi. Тут жа можна нарыхтаваць i бярозавыя пупышкi, якiя пакуль яшчэ не распусцiлiся да канца. Пры нагодзе яны спатрэбяцца для лячэння хворых нырак, печанi i як адхарквальны i патагонны сродак. Настойка з iх дапаможа пры мiязiтах, артрытах, ранах i язвах, што дрэнна зажываюць. I калi ўжо гаварыць аб пупышках, то вельмi добра зрабiць настойку, а таксама гаючыя мазi з пупышак таполi. Вядома, збiраючы iх не пры дарогах i не паблiзу прамысловых прадпрыемстваў. Духмяная таполевая мазь сваiм пахам нагадвае ўсiм вядомы пропалiс i таксама валодае процiзапаленчымi, раназажыўляльнымi i абязбольваючымi ўласцiвасцямi. Пры рэўматызме i артрыце ў выглядзе мазяў i настоек прымяняюць таксама пупышкi асiны, бэзу, ясеня.
Вясна -- перыяд нарыхтоўкi маладой кары. Робяць гэта ў час, калi толькi пачынае рухацца сок i распускаюцца пупышкi. Кара дуба прыдатная як вяжучы, дэзiнфекцыйны, калiны -- як кроваспыняльны, асiны -- як патагонны, процiзапаленчы i мачагонны, крушыны -- як паслабляльны сродак. Неабходна памятаць, што крушыну трэба вытрымаць да карыстання год, iнакш можна нарабiць сабе шкоды! I яшчэ важная акалiчнасць: без вельмi вялiкай патрэбы не нарыхтоўвайце кару. Бо галiнкi, з якiх яна знята, гiнуць назаўсёды, а дрэва застаецца знявечаным на ўсё жыццё. Лепш скарыстацца выпадкам, калi ў лесе цi парку спiлоўваюць дрэвы. У прыроднай аптэцы шмат заменнiкаў, i можна адшукаць раслiны з такiмi ж якасцямi, але якiм нарыхтоўка не прынясе такой шкоды.
Пакуль яшчэ толькi-толькi пачынаюць адрастаць травы, можна выкапаць i некаторыя патрэбныя вам каранi i карэнiшчы. Напрыклад: калган, ракавыя шыйкi i аер -- для лячэння стрававальнай сiстэмы i поласцi рота, лопух, што спрыяе добраму росту валасоў i паляпшае абмен рэчываў, дзьмухавец -- добрае жаўцягоннае, дзягiль -- адхарквальны сродак i iнш. Не забудзьцеся i пра хрэн з вашага агарода, якi не толькi прыправа, але i лекi. Але спяшайцеся, бо гэта лепш рабiць у месяцы, назва якога па-руску мае ў сабе лiтару "р". Такiм чынам, у маi ўжо будзе позна.
А як пачнецца цвiценне бруснiц i мядзведжага вушка (талакнянкi), -- самы час iсцi збiраць iх лiсце для лячэння мочавыдзяляльнай сiстэмы. У пару цвiцення добра сабраць лiсце першацветаў-ключыкаў -- як вiтамiннае i танiзуючае, а iх кветкi -- як адхарквальнае. З гэтай жа мэтай збiраюць i кветкi падбелу (мать-и-мачехи). Вясной i летам аптэка прыроды настолькi багатая, што проста немагчыма нават пералiчыць усю разнастайнасць лекаў, што тут маюцца. Але аб некаторых, якiя не пашкодзяць нi здаровым, нi хворым, хочацца абавязкова напомнiць. Па-першае, гэта -- крапiва, наша звычайная i паўсюдная. Як часта яна настойлiва, а то пякуча напамiнае аб сваiм iснаваннi, сустракаючыся i ў лесе, i ў садзе, i абапал дарогi, i на сметнiку. Багатая на мiнеральныя солi, бiялагiчна актыўныя злучэннi, у тым лiку i вiтамiны, крапiва двухдомная з'яўляецца, пэўна, адным з самых раннiх вiтамiнных сродкаў. Пры гэтым засваяльнасць усiх кампанентаў раслiны -- найвышэйшая. Крапiва, як кажуць у прыродзе, "ачышчае кроў", рэгулюючы яе састаў i павышаючы гемаглабiн. Раслiна мае таксама мачагонныя, процiлiхаманкавыя, процiзапаленчыя, кроваспыняльныя i танiзуючыя якасцi. Яна добра ўздзейнiчае на рэўматыкаў, дыябетыкаў i сардэчнiкаў, карысная для маленькiх дзяцей i кормячых мацi. Можна нарыхтаваць крапiвы ў запас, але з гэтым яшчэ можна паспець i пазней. А вось з маладой, свежай зелянiнай лепш не спазняцца. Крапiва будзе ў самы раз у салатах, супах, баршчах. Добра, калi ў гэтых стравах будзе яшчэ адна трава -- снiтка, або сныць. I яе не прыйдзецца доўга шукаць -- яна расце на ўрадлiвай глебе i ў лесе, i ў садзе, i на агародзе. Ды калi з'явiцца, то пазбавiцца ад яе вельмi цяжка. Снiтка карысная усiм, а асаблiва хворым на рэўматызм, падагру i артрыты, з зашлакаванай мочавыдзяляльнай i крывяноснай сiстэмамi. Не забудзем i пра дзьмухавец-адуванчык -- неўзабаве тысячы яго яркiх сонейкаў успыхнуць сярод маладой зелянiны. Лiсце -- на салаты, а кветкi -- на лекавы мёд. Хутка расцвiтуць i блюшчык, i сунiца, i глог.
Не, на гэты раз хопiць. За iмi мы прыйдзем трохi пазней. Аптэка прыроды не мае выхадных.