У чым каштоўнасць трансгранічнага супрацоўніцтва?

Надзея АНІСОВІЧ, газета "Звязда", 23.11.2016

Наладзіць міжнароднае партнёрства паміж прыгранічнымі раёнамі — асноўная задача пяці еўрарэгіёнаў, якія размешчаны ўздоўж мяжы Беларусі. Трансгранічнае супрацоўніцтва, якое ўключае пашырэнне як сацыяльных, так і эканамічных сувязяў, становіцца адным з ключавых фактараў развіцця. Беларусь пачала ўдзельнічаць у стварэнні еўрарэгіёнаў з канца XX стагоддзя. Сёння гэтыя тэрыторыі — прыклад узаемадзеяння дзяржаў — удзельніц ЕС, ЕАЭС і Украіны на рэгіянальным узроўні. У чым каштоўнасць такога супрацоўніцтва, расказала менеджар праектаў Інфармацыйна-асветніцкай установы «Новая Еўразія» Людміла БАТУРА.


— Якія віды трансгранічнага партнёрства сёння найбольш запатрабаваныя?

— У прыгранічных тэрыторыях дастаткова добра наладжаны культурныя сувязі, тым больш што там пражываюць блізкія па духу народы, нават дыялекты вельмі падобныя. Пакуль мала выкарыстоўваецца патэнцыял сацыяльнага ўзаемадзеяння, напрыклад, можна развіваць сумеснае прадастаўленне паслуг насельніцтву. Ёсць таксама аснова для таго, каб гаварыць пра спрошчаны візавы рэжым у рамках еўрарэгіёнаў. Пры такіх умовах можна праводзіць сумесныя фестывалі і іншыя мерапрыемствы. На невялікіх тэрыторыях можна стварыць сумесны турыстычны маршрут, каб людзі маглі на некаторы час без візы наведаць пэўную славутасць. Часткова гэта ўжо рэалізавана ў еўрарэгіёне «Белавежская пушча». Гэта вельмі цікавы вопыт. Чаму не выкарыстоўваць яго ў іншых прыгранічных раёнах?

— Мясцовая ўлада бачыць перспектыву развіцця такога супрацоўніцтва?

— Я думаю, рэгіянальная ўлада больш, чым улады іншых узроўняў, зацікаўлена ва ўмацаванні партнёрства ў рамках еўрарэгіёнаў. Аднак мы сутыкаліся з тым, што не ўсе разумеюць шляхі рэалізацыі гэтага патэнцыялу. Інтэнсіфікацыя супрацоўніцтва ў любой сферы спрыяе эканамічнаму развіццю тэрыторыі, прыцягненню інвестыцый, адкрыццю новых бізнесаў. А калі гэта прыносіць дадатковы даход для мясцовага насельніцтва, то цягне і павелічэнне мясцовага бюджэту за кошт падаходнага падатку.

Аднак не ўсе да канца разумеюць, як можна наладзіць працэс актыўнага трансгранічнага супрацоўніцтва. Да таго ж актуальная праблема адсутнасці адзінага разумення шляхоў развіцця еўрарэгіёнаў. Можа быць, часцей за ўсё робіцца акцэнт на культурны абмен і сумесныя адукацыйныя праекты таму, што гэта проста і зразумела ўсім бакам.

Напрыклад, у рамках еўрарэгіёнаў арганізуюць сумесныя харавыя спевы, выставачна-кірмашовыя мерапрыемствы, рэалізуюць адукацыйныя праекты. Адна з задач — паказаць мясцовай уладзе выгады ад супрацоўніцтва ў іншых сферах і далейшыя перспектывы.

— Што перашкаджае такому развіццю?

— Для пачатку неабходна ўдасканаліць заканадаўства ў галіне трансгранічнага супрацоўніцтва, што створыць больш спрыяльныя ўмовы. Пакуль не існуе спецыяльнага нацыянальнага заканадаўчага акта, які рэгулюе адносіны ў гэтай галіне.

Аднак такія дакументы ўжо, напрыклад, прынятыя ў іншых краінах СНД (Расіі, Украіне), тэрыторыі якіх разам з Гомельскай вобласцю ўваходзяць у еўрарэгіён «Днепр». Акрамя гэтага, неабходна інтэнсіфікаваць эканамічныя сувязі паміж тэрыторыямі, далучаць больш мясцовых суб'ектаў: як бізнес, так і некамерцыйныя арганізацыі. Усе зацікаўленыя бакі на месцах павінны прыцягвацца для вызначэння прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва і для рэалізацыі праектаў. Часта трансгранічнае супрацоўніцтва застаецца на ўзроўні адных і тых жа арганізацый. Варта прадаставіць рэгіянальным органам улады больш паўнамоцтваў па ажыццяўленні міжнароднай дзейнасці, даць магчымасць прыцягнення фінансавых рэсурсаў для здзяйснення трансгранічных праектаў.

— Які з пяці еўрарэгіёнаў сёння з'яўляецца найбольш паспяховым?

— Адным з лідараў застаецца «Белавежская пушча». Еўрарэгіён досыць маленькі, але дамогся прэферэнцый для развіцця турызму. На яго тэрыторыі рэалізуюцца сумесныя праекты па захаванні біяразнастайнасці.Таксама быў распрацаваны цэлы шэраг інфармацыйных матэрыялаў па прасоўванні Белавежскай пушчы як турыстычнага маршруту. Я думаю, гэта звязана з асаблівым статусам запаведніка, бо ў гэтым выпадку было лягчэй звярнуць на сябе ўвагу і рэалізаваць магчымасці еўрарэгіёна на практыцы.

— Заходнія партнёры праяўляюць сябе ў трансгранічным супрацоўніцтве?

— Нашы бліжэйшыя суседзі гатовы і зацікаўлены ў наладжванні сувязяў. Неабходна адзначыць, што яны значна больш актыўныя ў плане рэалізацыі трансгранічных праектаў у параўнанні з беларусамі.

Так адбываецца таму, што ў іх ужо назапашаны вопыт напісання заявак і рэалізацыі еўрарэгіянальных праектаў і праграм, працэдура іх узгаднення з органамі ўлады значна прасцейшая.

— У чым перавага такога партнёрства?

— У рамках трансгранічнага супрацоўніцтва можна эфектыўна вырашаць праблемы, якія закранаюць інтарэсы мяжуючых дзяржаў, наладжваць і ўмацоўваць добрасуседскія адносіны, абменьвацца вопытам і лепшымі практыкамі ў шэрагу сфер для раўнамернага развіцця суб'ектаў еўрарэгіянальных адносін.


— Якія магчымасці для прыватнага бізнесу адкрывае рэгістрацыя ў еўрарэгіёне?

— Ёсць велізарны патэнцыял для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва ў рамках еўрарэгіёнаў, стымулявання больш актыўных інвестыцыйных працэсаў і пранікнення новых тэхналогій. Напрыклад, для прыцягнення інвестыцый, паляпшэння бізнес-клімату і стварэння ўмоў для развіцця прадпрымальніцтва суседнія дзяржавы маглі б у рамках еўрарэгіёнаў аб'яднаць свае намаганні ў стварэнні сумеснай эканамічнай інфраструктуры. На жаль, гэты патэнцыял у сучасны момант практычна не выкарыстоўваецца.

— Як каардынаваць працу ў межах гэтых аб'яднанняў?

— У Рэспубліцы Беларусь пакуль няма цэласнай сістэмы кіравання еўрарэгіянальным супрацоўніцтвам: не існуе адзінага органа, які каардынуе іх дзейнасць. Па выніках семінара «Перспектывы прававога рэгулявання трансгранічнага супрацоўніцтва ў мэтах рэгіянальнага развіцця» быў распрацаваны шэраг прапаноў па развіцці еўрарэгіёнаў. У прыватнасці, мы прыйшлі да высновы, што неабходна наяўнасць спецыяльных структур на кожным з узроўняў кіравання. Адначасова трэба развіваць самакіравальныя структуры. Усё гэта дапамагло б каардынаваць працу еўрарэгіёнаў на ўсіх узроўнях, уключаючы рэспубліканскі, спрыяць кансалідацыі насельніцтва і эканамічнаму, сацыяльнаму развіццю гэтых тэрыторый. Такі орган прасоўваў бы лепшыя практыкі еўрарэгіянальнага партнёрства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, аказваў бы кансультацыі мясцовым органам улады і каардынацыйным бюро — напрыклад, у тым, як можна аформіць супрацоўніцтва ў юрыдычным плане. І, у цэлым, прасоўваў бы на ўсіх узроўнях улады гэты эфектыўны інструмент устойлівага развіцця прыгранічных тэрыторый. Акрамя гэтага, каардынатар такога высокага ўзроўню змог бы забяспечыць больш поўнае інфармацыйнае асвятленне праектаў.

— Вы прыцягнулі жыхароў еўрарэгіёнаў да стварэння сваіх праектаў...

— Некалькі гадоў таму мы правялі конкурс міні-праектаў, у якім прынялі ўдзел мясцовыя некамерцыйныя арганізацыі, мясцовыя органы ўлады, ВНУ і суб'екты падтрымкі малога бізнесу. Конкурс праходзіў пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і па справах садружнасці Каралеўства Вялікабрытаніі і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAІD). Па выніках конкурсу восем найбольш цікавых ідэй атрымалі падтрымку. Некаторыя з іх працягваюць развівацца і сёння. У прыватнасці, гэта інфармацыйны партал аб трансгранічным супрацоўніцтве, які быў прыдуманы менавіта як праект для конкурсу. Акрамя гэтага, праводзіліся польска-беларускія харавыя сустрэчы, Летняя школа «Белавежская пушча як трансгранічны аб'ект». Два праекты былі накіраваны на адраджэнне кулінарных традыцый і іх выкарыстанне ў развіцці мясцовага аграэкатурызму. У польскім мястэчку Супрасль прайшла Міжнародная Школа менеджараў трансгранічных культурна-асветніцкіх праектаў Еўрарэгіёна «Нёман». У еўрарэгіёне «Днепр» мы падтрымалі цікавы праект па стварэнні трансгранічнага кластара сельскага турызму ў шасці прылеглых прыгранічных раёнах Гомельскай і Чарнігаўскай абласцей.

Стварэнне еўрарэгіёнаў стала крокам да з'яўлення больш буйных міжнародных праектаў. Сёння ў нашай краіне рэалізуюцца дзве праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва з краінамі Еўрапейскага саюза: Латвія — Літва — Беларусь і Польшча — Беларусь — Украіна. Акрамя гэтага, рэгіянальнае ўзаемадзеянне падтрымліваецца і праграмай Беларусь — Украіна ў рамках Усходняга партнёрства.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта