Туркменскі мастак Назар Ёмудскі маляваў Белавежскую пушчу

Алесь Карлюкевіч, интернет-сайт "Созвучие сердец", 01.11.2016

Паяднанасць Беларусі і Туркменістана выяўляецца ў многіх стасунках. Сяброўству двух – тэрытарыяльна далёкіх адзін ад другога - народаў спрыялі многія факты чалавечай далучанасці. Ці то беларусаў – да Туркменістана. Ці то – туркменаў да Беларусі. Адзін калі толькі абсяг узяць - удзел туркменаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і тады нашая размова можа падасца калі і не бясконцай, то ўжо дакладна не дужа кароткай.

А колькі беларусаў звязаны з лёсам Туркменістана ў 1920 – 1980-ыя гг. – гады існавання Савецкай улады... Аляксандр Пацалуеўскі, Мікола Калінковіч, Аркадзь Марціновіч, Міхась Карпенка, Васіль Слушнік, Васіль Ткачоў, Георгій Несцер...

Але ж былі і ранейшыя сустрэчы, ранейшыя адкрыцці, ранейшыя знаёмствы.

Пачынальнік прафесійнага туркменскага выяўленчага мастацтва - Назар Ёмудскі. Дзяцінства правёў на Украіне, юнацтва – у Пецярбургу і на Каўказе, дзе пазнаёміўся з ссыльнымі дзекабрыстамі.Бацька Назара – Аннамухамед – камандаваў уланскім палком, удзельнічаў у штурме Шыпкі. Мо дзе поруч з ім баранілі братушак-балгар і сыны Беларусі? Ваяваў Аннамухамед Ёмудскі як след, бо стаў поўным георгіеўскім кавалерам. Прадзед Назара – вядомы прагрэсіўны туркменскі дзеяч Кіятбек, які шмат зрабіў дзеля ўмацавання сувязяў Туркменістана і Расіі.

А што ж Назар, дзе яго месца ў стасунках са славянскім светам..? Кар ера вайскоўца маладога туркмена не вабіла. У сваіх вандроўках па Расійскай імперыі хлопец цягнуўся да прыгожага, назіраў за наваколлем, марачы пра тое, як занатаваць акаляючы яго асяродак. З такімі думамі і жаданнямі і прыйшоў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Поруч з ім свае вучнёўскія месцы занялі Валянцін Сяроў, Міхаіл Врубель. Зазірнуўшы ў даведнікі, можна ўзнавіць і гады тае вучобы. У даведнікі з біяграфіямі, зразумела, Сярова, Врубеля. Інфармацыі ж пра Ёмудскага амаль нідзе не знайсці. Валянцін Сяроў вучыўся ў акадэміі ў 1880 – 1885 гадах. Міхаіл Врубель – таксама з вучняў тае пары.З таго часу сапраўднымі настаўнікамі туркменскага мастака сталі легендарныя акадэмікі жывпапісу Ілля Рэпін, Іван Крамскі, Уладзімір Стасаў.

Атрымаўшы адукацыю, Назар Ёмудскі стала жыў у Санкт-Пецярбургу. Маляваў і Туркменістан у час вандровак у родныя мясціны, шмат увогуле падарожнічаў. Невядома, хто падказаў Ёмудскаму беларускія адрасы. Але прыблізна напрыканцы 19 стагоддзя мастак трапляе ў Белавежскую пушчу. Творца адкрывае невядомы для сябе дагэтуль свет. Як некалі пустыня займала ўвесь яго пагляд, прасочвалася ў душу, сэрца, забіраючы частку асобы Ёмудскага ў вечны свой палон, так Белавежскі лясны край павярнуў да сябе творчае гарэнне мастака. І нарадзіліся новыя палотнішчы – “Зіма ў Беларусі”, “Белавежская пушча”... Магчыма, былі і яшчэ “беларускія” працы Ёмудскага. Магчыма, да яго партрэтаў украінцаў, грузін, армян, жыхароў сярэдняй паласы Расіі, да партрэтаў туркмен былі яшчэ дадзены і выявы нашых далёкіх прашчураў. Зараз лёс многіх работ Ёмудскага невядомы. Асабліва – тых палотнішчаў, якія яшчэ ў дарэвалюцыйны, дакастрычніцкі час паехалі са сваімі новымі гаспадарамі за мяжу.

Дарэчы, цікава, што, калі напрыканцы жыцця мастак сам патрапіў у Германію, улады паспяшаліся яго як неблаганадзейнага выслаць. І да немцаў, відаць, дайшло веданне, што творчасць і ўся дзейнасць туркменскага майстра носяць характар сацыяльны. Якраз Ёмудскі быў адным з першых ілюстратараў паэмы Мікалая Някрасава “Каму на Русі жыць добра”. А якой уладзе прыгнятальнікаў мог бы прыйсціся даспадобы гэты твор?!.

Шукаючы хаця б якія-небудзь звесткі пра Назара Ёмудскага, я звярнуўся да народнага пісьменніка Туркменістана Рахіма Махтумавіча Эсенава. Размова была тэлефонная, ды, улічваючы сённяшнія клопаты ў стасунках, у дарагавізне дарог і немагчымасці вандраваць як раней, усё адно прыемная і радасная. З Рахімам Эсенавым мы знаёмы яшчэ з сярэдзіны 1980-х, калі я таксама жыў у Ашхабадзе. Былі сустрэчы на пісьменніцкіх нарадах, у яго рабочым “офісе”. Пісьменнік і сам звязаны з нашым краем. Пра Беларусь – у яго рамане “Легион обреченных», што ў свой час маскоўская “Молодая гвардия” выпусціла ў звышпапулярнай серыі “Страла”. Перапытаўшы, што ж мяне цікавіць, Рахім Махтумавіч заўважыў наступнае:

- Шукаць трэба ў архівах расійскіх мастакоў, куды з Беларусі прасцей, магчыма, патрапіць. Усё ж не тая адлегласць, як з Сярэдняй Азіі. Думаю, што варта прагледзець і фонды беларускіх мастакоў, якія, мяркуючы па гадах, з’яўляюцца равеснікамі Ёмудскага і, магчыма, у пецярбургскім мастацкім свеце сустракаліся з ім.

Што ж, улічым і гэтую параду. І, можа быць, вядомасць пра беларуска-туркменскі духоўны масток стане крышачку большай.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта