Зубра, які прыбіўся да статку кароў, забралі ў Нацыянальны парк

газета "Звязда", 28.09.2016

У папярэднім выпуску «МС» («Звязда» ад 14 верасня) быў надрукаваны матэрыял «Зубр — не экзотыка...». У адказ на публікацыю рэдакцыя атрымала допіс вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» кандыдата біялагічных навук Аляксея БУНЕВІЧА.


У электронным лісце гаворыцца:
«Выпадак, калі зубр застаўся на доўгі час у чарадзе кароў, неардынарны. Да гэтага самцы-мігранты ніколі не заставаліся з каровамі, хоць да чарады кароў не аднойчы падыходзілі. Паведамленне аб паяўленні зубра побач са статкам кароў у вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна мы атрымалі, як толькі звера там заўважылі. Па выніках выезду супрацоўнікаў нацыянальнага парка на месца было зафіксавана знаходжанне ў статку кароў самца зубра ва ўзросце каля пяці гадоў. Было прынятае рашэнне забраць яго адтуль.

Але працэдура вырашэння пытання патрабуе часу. Зубр занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, забраць яго з жывой прыроды магчыма толькі на падставе рашэння Мінпрыроды. Папярэдне жывёліну належыць перавесці з асноўнага генафонду ў рэзервовы, для чаго подпісы павінны паставіць прадстаўнікі Мінпрыроды, Акадэміі навук, Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, дзяржаўнай ветслужбы. Указаная працэдура намі праведзеная. Зубр пераведзены ў рэзервовы генафонд па адным з крытэрыяў пастановы Мінпрыроды: «... маладыя самцы, якія пакінулі раён субпапуляцыі, мігрыравалі на адлегласць больш за 50 кіламетраў і не вярнуліся назад на працягу трох месяцаў».

Яшчэ адна праблема абумоўлена тым, што юрыдычна зубр не можа лічыцца нашым (уласнасцю Нацыянальнага парка лічацца зубры ў радыусе 50 кіламетраў ад межаў пушчы), хоць фактычна ён, хутчэй за ўсё, родам з Белавежскай пушчы. Таму спатрэбіліся яшчэ ўзгадненні з тэрытарыяльнымі прыродаахоўнымі органамі. Яны таксама праведзеныя.

Варта сказаць, што паралельна з афармленнем дакументацыі мы прадпрымалі канкрэтныя дзеянні. Была завезеная жывалавушка, каля яе размясцілі корм. Але ў той жа час сталі падкормліваць і калгасных кароў. Зразумела, што зубр праігнараваў лавушку і карміўся разам з каровамі. На парадак дня паўстала пытанне аб тым, каб усыпіць зубра спецыяльнымі прэпаратамі і так вывезці. Але ў верасні стаяла спёка, у такое надвор'е праводзіць імабілізацыю жывёл не рэкамендуецца па прычыне іх магчымай гібелі.

А 20 верасня мы атрымалі ўсе неабходныя дакументы на жываадлоў зубра. Таму ў наступныя дні плануем яго адлавіць і перавезці ў пушчу. Нацыянальны парк зацікаўлены забраць гэтага зубра і памясціць яго ў экскурсійных вальерах у сувязі з яго «цікавай біяграфіяй».

P.S. Цяпер ён будзе жыць у вальеры

Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што зубра, якому мясцовыя пастухі далі мянушку Мішка, забралі, нарэшце, у Нацыянальны парк. Пакідаць у лесе яго не было сэнсу: звер, які пераадолеў 130 кіламетраў, наўрад ці адмовіўся б ад новых «пошукаў прыгод». Адлоўленага падарожніка пасялілі ў экскурсійны вальер разам з трыма самкамі. Цяпер экскурсаводы будуць расказваць наведвальнікам цікавую гісторыю жыцця зубра, які аднойчы пакінуў векавы лес і прыстаў да статка кароў...

Загаловак у газеце: Калі ж зубр вернецца ў пушчу?


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта