Белавежскі летапісец

Вячаслаў БУРДЫКА, газета "Народная Трыбуна", 05.06.2016

Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка Анатоль Брытун удала спалучае працу на Брэсцкай мытні і напісанне прыгодніцкіх раманаў пра Белавежскую пушчу

З Анатолем Брытуном па-знаёміўся гадоў 10 таму, калі той прынёс у рэдакцыю свае першыя апавяданні.

Шчыра потым прызнаваўся яму, што не адразу паверыў у пісьменніцкую будучыню пачынаючага аўтара: вельмі ж слабымі, на мой погляд, былі тыя апавяданні пра паляўнічых і рыбаловаў, асабліва з пункту гледжання мовы. І ўсё ж нешта ў іх было такое арыгінальнае, па-народнаму простае, але прыпраўленае своеасаблівым паляшуцкім гумарам, што іх хацелася дапрацаваць і даць дарогу ў жыццё. Зазначу, Анатоль вельмі ўважліва прыслухоўваўся да парад – таму настойліва працаваў над мовай і стылем сваіх наступных твораў.

З цягам часу наша знаёмства перарасло ў добрае сяброўства, і я з вялікай цікавасцю сачыў за тым, як сталеў Анатоль у пісьменніцкім майстэрстве. А калі аднойчы ён звярнуўся да мяне з просьбай даць рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, я з задавальненнем яе выканаў.

Рыхтуючы гэты артыкул, неаднойчы сустракаўся з Анатолем, распытваў яго пра тое, як і чаму ён прыйшоў у літаратуру, пра асабістае жыццё, творчыя планы. І заўсёды атрымліваў не толькі грунтоўныя, дакладныя адказы, але і цікавыя разважанні на тую ці іншую тэму. З чаго ж пачынаўся яго шлях у літаратуру?

Нарадзіўся Анатоль Арцёмавіч Брытун 7 лістапада 1957 года ў вёсцы Баранцы Жабінкаўскага раёна. Пасля 8 класаў Верхалескай школы (гэта ўжо на Кобрыншчыне) вучыўся ў гідрамеліярацыйным тэхнікуме ў Пінску, затым – у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Працаваў інжынерам у дырэкцыі "Галоўпалессеводбуда", аднак адчуваў сябе не на месцы ў меліярацыйнай справе. Неўзаба-ве ён падаў дакументы ў Брэсцкі педагагічны інстытут на факультэт грамадскіх прафесій. Пасля вучобы Анатолю прапанавалі працу гіда-перакладчыка ў БММТ "Спадарожнік", "Інтурысце" і "Інтурбюро". Праз некаторы час, дзякуючы веданню некалькіх замежных моў, стаў інспектарам Брэсцкай мытні, дзе працуе ўжо больш за 20 год.

– А да літаратуры, думаю, мяне падштурхнула тое, што з дзяцінства я быў летуценнікам, – усміхаецца Анатоль у свае прыгожыя густыя вусы, – і вельмі любіў чытаць прыгодніцкія кнігі, асабліва Фенімора Купера і Джэка Лондана. У сельскай бібліятэцы быў самым адданым чытачом. І калі чытаў, дык цалкам акунаўся ў свет кнігі, падавалася, што там і жыву... А пісаць пачаў ужо ў сталым узросце, калі з’явіліся камп’ютары. Невялічкія апавяданні на старонку-дзве. Спачатку нікому не даваў чытаць… У той час я даглядаў маці, мы шмат з ёй пра мінулае размаўлялі. Аднойчы пачуў ад яе, што мой дзядуля і прадзядуля раней жылі ў Белавежскай пушчы, працавалі там ляснічымі, стражнікамі.

Так і даведаўся Анатоль аб сваіх каранях. Яго продкі жылі ў самым цэнтры пушчы. Падчас Першай сусветнай вайны немцы іх выселілі. Справа ў тым, што яго дзед са сваім бацькам стралялі ў кайзераўцаў, якія пілавалі дубы і забівалі зуброў. Акупацыйныя ўлады пра гэта даведаліся і накіравалі спецыяльную каманду для таго, каб расстраляць упартых стражнікаў. Выпадак выратаваў іх жыцці. Калі немцы выйшлі да хаты, дзе жылі стражнікі, якраз пачаліся роды ў бабулі Анатоля. Каму было іх прымаць у глухім лесе? Калі афіцэр убачыў, што двое мужчын прымаюць роды, ён загадаў не расстрэльваць іх, а пасадзіць усю сям’ю на воз і адправіць без права вяртання за 100 вёрст ад Белавежскай пушчы.

Гэта гісторыя і стала асновай будучага рамана Анатоля Брытуна "Пах мускусу".

– Была яшчэ адна акалічнасць, якая падштурхоўвала мяне да напісання менавіта прыгодніцкай літаратуры, прысвечанай Белавежскай пушчы, – дзеліцца сваімі ўспамінамі Анатоль. – Я прыкладна так разважаў. Вось ёсць Аляска – і Джэк Лондан напісаў дзясяткі кніг пра яе. Ёсць прэрыі – і Фенімор Купер прысвяціў ім шмат прыгодніцкіх кніг. Ёсць фільмы і кнігі пра Шэрвудскі лес, дзе жыў Робін Гуд, пра якога напісаў Вальтэр Скот... А ў нас самы прыгожы ў Еўропе лес, ды няма ніводнага прыгодніцкага твора пра яго. А цікавая кніга можа замяніць цэлы калектыў тых, хто займаецца папулярызацыяй найлепшага куточка старажытнай нашай краіны. І я пачаў вывучаць гісторыю Белавежскай пушчы і свайго роду...

Падзеі ў рамане "Пах мускусу" пачынаюцца ў 1840 годзе, а заканчваюцца ў 1917-м. Пісьменнік з першай старонкі рамантычнага твора з любоўю і захапленнем да неабсяжных прастораў пушчы запрашае нас у цікавае падарожжа і знаёміць з амаль дэтэктыўнымі прыгодамі стражнікаў і стралкоў некалькіх пакаленняў вялікай сям’і Данілы Селівана, яго сыноў Рыгора і Ціхана, іх дзяцей і ўнукаў, расказвае легенды і паданні пра Вечнага стражніка Белавежскай пушчы.

Адказную задачу выконвалі гэтыя людзі: яны захоўвалі зуброў, прадстаўнікоў пароды першабытных жывёл, жылі ў леснічоўках і зберагалі для нашчадкаў супакой векавога лесу – адзінага цнатлівага куточка прыроды ў цэнтры Еўропы. Не шкадуючы сябе, у любое надвор’е стражнікі былі ў пушчы, ведалі ўсіх сваіх гадаванцаў-зуброў, змагаліся з браканьерамі, адстойвалі пушчу і ў гады ваеннага ліхалецця.

На пачатку ХХ стагоддзя ў пушчы было 700 зуброў. Першая сусветная вайна полымем ахапіла і гэты край, акупанты вынішчалі не толькі зуброў – яны высякалі і вывозілі карабельныя сосны, магутныя дубы. Рызыкавалі сваім жыццём стражнікі, якія не пайшлі ў бежанства, гінулі ад рук браканьераў, але да скону жыцця выконвалі свой пачэсны абавязак па захоўванні прыроднай спадчыны...

Чым уразіў гэты твор? Па-першае, захапляльным, прыгодніцкім сюжэтам – не, не бандыцкімі разборкамі з-за грошай і красунь, а гераічнымі ўчынкамі патрыётаў роднага краю. Па-другое, яскравай літаратурнай мовай, якая настолькі мілагучная і запамінальная, што быццам чытаеш не празаічныя радкі, а паэтычныя вершы аўтара, улюбёнага ў цёмны лес свяшчэннай дубровы, дзе кожнае дрэва як жывая істота, а зубры, казулі, птушкі, камяні і курганы – найдаражэйшы скарб...

У 2009 годзе Анатоль паслаў рукапіс у часопіс "Полымя". Праз два месяцы атрымаў прыемную вестку аб тым, што раман падпісаны да друку. І вось у 2010 годзе ён быў апублікаваны ў "Полымі". Між іншым, гэты часопіс лічыцца самым сур’ёзным літаратурным выданнем у Беларусі. Публікуюцца тут у асноўным ужо добра вядомыя пісьменнікі. Ды і тыя звычайна чакаюць чаргі па некалькі год. Публікацыя ж у "Полымі" твораў пачынаючых аўтараў ды яшчэ практычна без чаргі – справа проста неверагодная. Менавіта сваім талентам Анатоль Брытун парушыў гэту традыцыю.

"Пах мускусу" чытаецца лёгка, мова зразумелая і дарослым, і дзецям, якія цікавяцца гісторыяй сваёй краіны. Звяртае на сябе ўвагу назва твора:нешта ўсходняе, нязвыклае. На самай справе незвычайны пах мускусу сыходзіў ад скуры зуброў. Таму ўвесь лес быў насычаны гэтым пахам. Скура зубра вельмі высока цанілася. Яе выкарыстоўвалі нават каралевы, якія нараджалі дзяцей. Парадзісе клалі скуру зубра на жывот – лічылася, гэта спрыяе аблягчэнню родаў...

Акрылены такой неверагод-най удачай, Анатоль вырашыў пайсці далей і на аснове часопіснага варыянта выдаць раман асобнай кнігай. Самым складаным тут аказалася не дапрацаваць твор, а знайсці грошы на выданне. Як цяжка гэта зрабіць, сёння ведае кожны пісьменнік. Вось і Анатолю давялося выдаваць "Пах мускусу" за свой кошт, а для гэтага абмяжоўваць сябе і сваю сям’ю ў самым неабходным. Нарэшце, у 2012 годзе мара ажыццявілася: раман выйшаў асобнай кнігай. А ў 2014-ым менавіта за "Пах мускусу" Анатоль Арцёмавіч атрымаў прэмію імя Уладзіміра Калесніка.

– Маю надзею, што, калі чалавек прачытае "Пах мускусу", ён захоча наведаць пушчу, – гаворыць Анатоль Брытун. – У кнізе шмат чаго з гісторыі пушчы, з адносін чалавека да лесу, адносін паміж людзьмі...

Наступнай кнігай Анатоля Брытуна стала аповесць "Сяліба". Яна адлюстроўвае жыццё селяніна-беларуса на працягу амаль усяго ХХ стагоддзя, распавядае пра лёс жыхара Берасцейскага рэгіёна Янкі Лазарчука з вёскі Несцяроўскія Лозы Кобрынскага павета. У юнацкім узросце ўпадабаў хлопец сваю Марылю, а каб стаць гаспадаром і сямейнікам з любай дзяўчынай, паехаў на заробкі ў Амерыку. Цяжка працаваў, вярнуўся на радзіму, купіў зямлю, ажаніўся. Прагны да жыцця, гэты чалавек быў бы гонарам свайго народа і роднай Беларусі, але час вызначыў яго лёс. Першая сусветная вайна, бежанства, жыццё ў Расіі, пекла рэвалюцыйнай калатнечы, патаемнае вяртанне з сям’ёй на радзіму, дзе ад роднай сялібы засталося папялішча, існаванне пры "польскім часе", потым – пры Саветах, зноўку вайна, калектывізацыя, высылка як ворага народа. І пры гэтым галоўны герой Янка Лазарчук застаўся чалавекам. Праз усё жыццё ён пранёс каханне да адзінай жанчыны, якую выбраў у маладосці, любоў да беларускага краю, роднай мовы і сваёй зямелькі, якой з потам і крывёю аддаваў сілы...

– Мне падаецца, гэта найлепшы твор з таго, што дагэтуль напісаў. Мяркую, цікавей, чым "Сяліба", ужо і не напішу, – шчыра прызнаецца Анатоль Арцёмавіч. – Гэта твор пра майго дзеда, які пражыў 100 год, пяць з іх правёў у Амерыцы на заробках, перажыў бежанства падчас Першай сусветнай вайны, затым – рэвалюцыю, савецкую ўладу, польскую, нямецкую акупацыю. Дзед быў надта цікаўны чалавек, ведаў англійскую мову, польскую, рускую і тутэйшую – беларускі палескі дыялект. Акрамя таго, вывучыў на памяць усю Біблію...

Бясспрэчна, творы Анатоля Брытуна будуць цікавыя чытачам рознага ўзросту, падштурхнуць да асэнсавання гісторыі і ўласнага лёсу, прынясуць асалоду ад цудоўнай беларускай мовы.

Дарэчы, свае першыя "паляўніча-рыбалоўныя" апавяданні Анатоль пісаў на рускай мове, потым пераключыўся на беларускую. Чаму?

– У маім жыцці быў такі перыяд, калі я працаваў у Расіі, на Пскоўшчыне, – тлумачыць Анатоль Брытун. – Дык там з маёй гаворкі часцяком жартавалі. Мне падавалася, што я гавару па-руску добра, але расіяне размаўляюць зусім па-іншаму. Хутка і я пачаў адрозніваць беларусаў менавіта па... "трасянцы". Пасля таго пачаў настойліва вывучаць сваю родную мову, беларускую. Ведаючы яе, добра разумею мовы славакаў, чэхаў, сербаў, харватаў… Чытаю старажытныя летапісы, гістарычныя дакументы. Беларуская мова – праўдзівая, славянская, сапраўдная мова. Пройдзе час, і яна адродзіцца.

Цяпер Анатоль не толькі піша па-беларуску, але і размаўляе на роднай мове. Дома, з сябрамі і нават на працы. Успамінае такі выпадак, калі працаваў на мытні на чыгунцы. У купэ цягніка Масква – Варшава сядзелі паляк, рускі і беларус – прафесар з Мінска. Анатоль Арцёмавіч раздаваў ім дэкларацыі і размаўляў з рускім на рускай мове, з палякам – на польскай, з беларусам – на беларускай. Калі выйшаў з купэ, пачуў, як паляк кажа: "О, як у вас мытнікі выдатна вышкаленыя! На трох мовах гамоніць і не запінаецца!" Дарэчы, пра гэты выпадак Анатоль Брытун напісаў апавяданне "Славянская еднасць, або Пра што гаварыў беларускі мытнік з пасажырамі міжнароднага цягніка" і стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу, прысвечанага юбілею беларускай мытні.

Вядома ж, цікаўлюся творчымі планамі Анатоля.

– Цяпер працую над гістарычным прыгодніцкім раманам, прысвечаным 1000-годдзю горада Брэста, – гаворыць Анатоль Арцёмавіч. – І ў той час тут таксама жылі беларусы, нашы старадаўнія продкі. Чым яны займаліся? Аб чым марылі? Як абаранялі свой родны край ад шматлікіх ворагаў? Лічу, што гэтыя людзі заслугоўваюць, каб пра іх пісалі кнігі. Так, хоць і жывём у эпоху новых, камп’ютарных, тэхналогій і сучасная моладзь "падсела" ў інтэрнэт, друкаваная кніга сваё яшчэ не аджыла. Людзі чыталі, чытаюць і будуць чытаць заўсёды. Я сябе, напрыклад, не ўяўляю без кніжкі ў руках. Кожную вольную хвіліну аддаю гэтаму любімаму занятку. Асабліва люблю чытаць і перачытваць ваенныя аповесці Васіля Быкава, гістарычную літаратуру аб мінулым Беларусі.

Прачытаўшы назву гэтага артыкула, Анатоль заявіў, што летапісцам у прамым сэнсе гэтага слова сябе не лічыць: маўляў, таму, што многае ў сваіх творах прыдумвае, многія падзеі ацэньвае суб’ектыўна. Я з ім не пагадзіўся: летапісцы мінулага таксама былі суб’ектыўнымі і ацэньвалі тагачасныя падзеі так, як самі іх разумелі і як падказвалі ім заказчыкі – князі ці царкоўныя іерархі.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта