Чадельский бой на полотнах художника Фёдора Усика

Валянціна Нідзелька, газета "Пружаны Раённыя буднi", 06.05.2016

Напярэдадні Дня Перамогі ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася новая выстава «Успаміны з вайны» вядомага мастака з Кобрына.

Нарадзіўся Фёдар Парфёнавіч на Пружаншчыне. Хутар Юзяфін знаходзіўся недалёка ад Чадзеля, у кіламетрах 2-3. Калі хлопчыку было 9 гадоў, пачалася вайна.

– Наш хутар быў у цяжкапраходным месцы, каля балот, — расказвае мастак, — таму ў першыя дні вайна пашкадавала нас, абышла бокам. Цяжкая доля выпала на суседнія вёскі: Чадзель, Роўбіцк, Пяняжкі. Тут 260 чырвонаармейцаў стралковай дывізіі 28-29 чэрвеня 1941 года гераічна змагаліся з немцамі, прыкрываючы адыход сваіх. Бой быў страшны: зямлю трэсла ад выбухаў, гучных стрэлаў, скрыгату гусеніц танкаў, высока ў неба ўздымаўся чорны дым.

Пазней успаміны пра гэты бой лягуць у аснову яго галоўнай карціны на ваенную тэматыку “Чадзельскі бой”.

Многія вёскі былі знішчаны агнём, жыхароў расстрэльвалі. Не пазбегнуў цяжкае долі і Юзяфін. Сям’я мастака пакінула хутар. Спрабавалі схавацца на балоце, але немцы заўважылі і адкрылі агонь з аўтаматаў. На шчасце, кулі не зачапілі нікога. Але іх жудасны свіст над галавой немагчыма забыць ніколі…

На хутар сям’я больш не вярнулася, знайшлі прытулак у Лыскаве. Бацька быў заўважаны ў сувязі з партызанамі, аб гэтым хтосьці данёс уладам. Аднойчы ноччу ў хату ўварваліся немцы і выгналі ўсіх на двор, пагрузілі ў машыну і бацькоў, і дзяцей. Выкінулі на ўскрайку лесу. Думалі забіць, але нечакана з’явіўся нямецкі афіцэр, усіх агледзеў і адмяніў расстрэл. Сям’я Усікаў з іншымі сем’ямі трапіла ў лагер пад Ваўкавыскам, потым — на прымусовую працу ў Германію.

Вярнуліся на радзіму ў 1945-ым. Хутара не засталося, на месцы, дзе стаяла іх хата, было папялішча. Спачатку жылі ў зямлянцы, потым пабудавалі хату. Жыццё наладжвалася. Пасля школы быў сельскагаспадарчы тэхнікум, праца электрыкам, Усік быў назначаны кіраўніком Шарашоўскага ўчастка.

З 1985 жыве ў Кобрыне. Ёсць сям’я, сын, унукі і праўнукі.

Фёдар захапіўся маляваннем яшчэ ў падлеткавым узросце.

– Цяжка зараз растлумачыць, чаму тады, у галодныя пасляваенныя гады, мяне цягнула маляваць. Мабыць, пасля вайны душа была спустошана і прасіла прыгажосці, спакою, – успамінае Фёдар Парфёнавіч. Не было магчымасці атрымаць адпаведную адукацыю, і юнак вырашыў займацца самаадукацыяй. Выпісаў шмат кніг з серыі “Школа выяўленчага мастацтва” і пачаў вучыцца самастойна. З тае пары з фарбамі і пэндзлікамі не расстаецца.

Пры сустрэчы ён з задавальненнем паказвае сваю майстэрню. У хаце амаль у кожным пакоі шмат вялікіх палотнаў з відамі дзівоснай Белавежскай пушчы. Менавіта прыгажосць прыроды заўсёды была крыніцай натхнення: любімыя мясціны, дзе праходзіла дзяцінства, рыбалка, паляванне, цішыня, прыгажосць пушчы, мары аб будучыні давалі моц і жаданне падзяліцца гэтым з людзьмі, хацелася перанесці ўсю прыгажосць на палотны, каб засталася памяць.

Сярод вялікай колькасці твораў асаблівае месца займаюць карціны-ўспаміны пра вайну. Дзесяць палотнаў гэтай тэматыкі — гэта боль і крык душы, жудасны твар вайны, якую немагчыма забыць ніколі: гэта ў сэрцы і памяці назаўсёды.

Цяжка даюцца ўспаміны Фёдару Парфёнавічу, але размова працягваецца, і мастак распавядае пра свае творы. Назвы іх гавораць самі за сябе: “Чадзельскі бой”, “Апошні бой партызана Арлова”, “Чорны дым на Броннай гары”, “Сюды не зарасце народная сцежка”, на якіх эпізоды вайны намаляваныя проста, але няпроста перажытыя.

“Чадзельскі бой” – першая работа Фёдара Усіка на ваенную тэматыку, ён і зараз лічыць яе галоўным сваім творам. Сам мастак не бачыў гэтага бою, але, калі пачаў працаваць над карцінай, шмат бываў у тых мясцінах, дасканала вывучаў ход бою, усе дробязі, шукаў жывых сведкаў.

Карціна “Помнік герою” — як бы працяг тэмы “Чадзельскага бою”. Мастак малюе 20-гадовага кулямётчыка Георгія Кажэўнікава, які, разумеючы пра немінучую смерць, залез на дуб і, страляючы з кулямёта, спыніў легкавую машыну, грузавік, матацыкл з каляскай, знішчыў 50 фашыстаў.

На карціне “Апошні захад у Адамавай кузні” мастак намаляваў сваіх равеснікаў, якія загінулі каля кузні, падарваўшыся на снарадзе.

А было гэта так: у вёсцы Новы Двор да кузні звезлі шмат разбітых гармат, іншай тэхнікі. Хлапчукам карцела ўставіць снарады ў гармату. Яны прыйшлі па Фёдара, але таго не аказалася дома, папрасілі перадаць, каб прыйшоў да кузні. Трыста метраў аддзялілі Фёдара ад смерці: калі ён бег да кузні, пачуў моцны выбух.

Аб падзеях вайны Фёдару Парфёнавічу шмат расказвалі сведкі і ўдзельнікі, былыя партызаны. Так нарадзіліся яшчэ некалькі карцін пра ўспаміны аб вайне: “Маці, якая смуткуе”, “Партызанскія сцежкі”, “Пераможны май”, “Партызанскія мясціны”. Сюжэты іх узяты з рэальных падзей, фарбамі мастак размаўляе з нашчадкамі. Усё намаляванае невыпадкова: воблака, у якім праглядваецца твар салдата, або дракон, які сімвалізуе фашызм, неба, якое адлюстроўвае пралітую кроў расстраляных мірных жыхароў, кветкі ля помніка з лічбай 76 – столькі партызан пахавана пад дубам, тры елкі, а чацвёртай няма, бо кожны чацвёрты беларус у гэтай вайне загінуў…

26 мая Фёдару Парфёнавічу споўніцца 84 гады. Нягледзячы на ўзрост, ён кожны пражыты дзень стараецца напоўніць сэнсам. Калі дазваляе здароўе, малюе, займаецца пчоламі, працуе ў садзе і агародзе. Разважаючы аб пражытых гадах, гаворыць, што галоўнае для яго зараз — пакінуць памяць, каб яна, адлюстраваная на палотнах, жыла, каб памятала чалавецтва страшныя ўрокі гісторыі, каб ніколі не паўтарылася жудасная вайна.

Валянціна Нідзелька,
навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

На фота: карціна Фёдара Усіка «Сюды не зарасце народная сцежка»


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта