Зубр. Апошні дзікі бык Еўропы

Кацярына РАДЗЮК, газета "Звязда", 29.09.2015

Ці змогуць зубры выжыць без дапамогі чалавека?

Агульнавядомы факт: у пачатку мінулага стагоддзя сучаснікі маманта знаходзіліся на мяжы поўнага знікнення. Апошні вольны зубр Белавежскай пушчы быў забіты ў 1919 годзе. З таго часу пачалася карпатлівая праца па аднаўленні рэдкага віду. Толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя першыя вольныя статкі зуброў зноў з’явіліся ў Белавежскай пушчы. Зараз у Беларусі налічваецца 1363 зубры. Гэтая лічба дазваляе казаць аб тым, што рэдкі звер адраджаецца. Аднак яго існаванне залежыць ад чалавека, без дапамогі якога зубр дэградуе і знікне. З якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія спецыялісты, што займаюцца аднаўленнем папуляцыі «волатаў»? І як сёння пачуваецца апошні дзікі бык Еўропы?


Нашчадак першабытнага бізона

Узгадаем радавод зубра. У эпоху плейстацэну на тэрыторыі Еўразіі пражываў першабытны зубр, вядомы як стэпавы бізон. З часам ён дабраўся да Паўночнай Амерыкі, дзе даў жыццё новаму віду — амерыканскаму бізону, брату нашага зубра. Еўрапейскі зубр і амерыканскі бізон пасля раздзяліліся на падвіды: горны каўказскі і нізінны еўрапейскі — нашчадкі еўрапейца, стэпавы і лясны — «дзеці» амерыканца.

Зубр здаўна быў жаданай здабычай для любога паляўнічага, але апетыты і азарт чалавека прывялі да таго, што звер стаў знікаць. Першы трывожны сігнал паступіў з Брытанскіх астравоў, потым магутнага быка не стала ў лясах Заходняй Еўропы. На пачатку XX стагоддзя засталіся толькі дзве папуляцыі — белавежская нізіннага падвіду і горная каўказская. У лютым 1919 года былі знішчаны апошнія вольныя зубры белавежскай лініі, а ў 1927 годзе пастухі адстрэлілі апошніх «каўказцаў». Нізінных зуброў пачалі аднаўляць ад сямі асобін, якія захаваліся ў заапарках. Каўказскай лініі не пашанцавала, бо ад яе застаўся толькі бык Каўказ. Яго сталі скрыжоўваць з белавежскімі самкамі. Так з’явілася змяшаная белавежска-каўказская лінія, «пачынальнікамі» якой сталі 12 зуброў.

Слабыя гены моцнага звера

Трэба адзначыць, што амерыканскаму брату-бізону таксама хапіла: на іншым кантыненце паляўнічыя за каштоўнымі скурамі масава вынішчалі жывёл. Аднак у ЗША своечасова спахапіліся, што звер знікае (у канцы XX стагоддзя ў ЗША засталося менш за тысячу бізонаў), і навукоўцы заняліся выратаваннем папуляцыі. Праблема блізкароднаснага скрыжоўвання (інбрыдынгу) бізонаў не закранула, аднак у выпадку з зубрамі яна была непазбежная. Такое размнажэнне стала прычынай розных рэцэсіўных захворванняў жывёл. Навукова даказана, што ў адноўленых белавежскіх зуброў слабы імунітэт.

— У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў самцоў зубра белавежскай лініі (найбуйнейшай на той момант) праявілася захворванне мочапалавой сістэмы — баланапасціт, — распавядае навуковы супрацоўнік лабараторыі тэрыялогіі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Павел ВЕЛІГУРАў. — Хвароба прыводзіла да бясплоднасці і нават смерці жывёл. Узбуджальнікамі з’яўляюцца ўмоўна патагенныя мікраарганізмы і вірусы. Пры добрым імунітэце яны не пагражаюць арганізму, затое пры слабым вірусы здольны выклікаць сур’ёзнае захворванне.

Маштабы эпідэміі баланапасціту ў канцы 80-х гадоў былі настолькі вялікімі, што вучоныя ўсур’ёз задумаліся аб магчымым выміранні белавежскай папуляцыі. Вылечыць зуброў не ўдалося, і хворых самцоў давялося адстрэльваць, каб яны далей не распаўсюджвалі інфекцыю. Тады спецыялісты вырашылі рассяліць звера па невялікіх папуляцыях: на выпадак, калі белавежская папуляцыя знікне, будуць «запасныя».

Ад колькасці — да якасці

Прадумваючы тактыку выратавання зубра, беларускія вучоныя вырашылі выкарыстаць вопыт амерыканскіх эколагаў Майкла Сулея і Бруса Уілкакса аб метапапуляцыйнай мадэлі захавання віду. Яе сутнасць наступная: для кароткатэрміновага існавання папуляцыі неабходна як мінімум 50 эфектыўных (здольных да размнажэння) асобін, для доўгатэрміновага — не менш за 500. Спецыялісты падлічылі, што з улікам маладняку і старых жывёл папуляцыя мусіць скласці каля 1500 асобін. Аднак для такога вялікага статка ў Еўропе, а тым больш у Беларусі, прыдатнай тэрыторыі няма. Таму вырашылі трымаць зуброў у невялікіх «сем’ях».

— Калі праводзіць генетычныя абмены паміж субпапуляцыямі, біялагічная разнастайнасць будзе вышэйшай за кошт таго, што рэдкія гены не разбавяцца ў вялікай папуляцыі, — тлумачыць Павел Велігураў.


У 1965 годзе была створана першая папуляцыя вольных зуброў — белавежская. У 1970-я з’явіліся яшчэ дзве — азяранская і бярозаўска-барысаўская. З гадамі ўзнікалі новыя мікрапапуляцыі, сёння налічваецца ўжо 10 «мікрасем’яў», вядзецца праца па адзінаццатай, дзятлаўскай. Аднак у Беларусі можна знайсці яшчэ хіба 2-3 месцы для прапіскі чырванакніжніка.

— Мы плануем перайсці ад павелічэння колькасці зуброў да фарміравання жыццяздольнага статка, — адзначае генеральны дырэктар Нацыянальна-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах Алег БАРАДЗІН. — Атрымаць статус дзікага, незалежнага ад чалавека віду еўрапейскі зубр зможа няхутка.

Метапапуляцыйная мадэль па захаванні зубра рэалізуецца ў Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіне. Спецыялісты краін Заходняй Еўропы пайшлі іншым шляхам: яны трымаюць жывёл у заапарках і вальерах. Практыка прыносіць добрыя вынікі: у Германіі, напрыклад, налічваецца больш за 400 зуброў — гэта чацвёртая па колькасці папуляцыя ў свеце. Дарэчы, жывёлы з Еўропы да нас не трапляюць, хутчэй, наадварот — Беларусь прадае зуброў. За мінулы і пачатак гэтага года 20 асобін былі прададзены ў Казахстан — на новую для волата тэрыторыю.

Чырванакніжнік ці трафей?

Разважаючы над «жыллёвым пытаннем» зубра, вучоныя вырашылі, што звера можна пасяліць не толькі на ахоўваемых прыродных тэрыторыях, але і на землях агульнага гаспадарчага карыстання. Так ён прапісаўся ў паляўнічых гаспадарках, вопытным лясгасе, сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве.

Усе зубры належаць да асноўнага альбо да рэзервовага генафонду. У першым значацца жывёлы з добрымі фізічнымі якасцямі — каштоўныя для селекцыі экзэмпляры. Паляванне на іх забаронена. У рэзерв трапляюць старыя, хворыя, траўмаваныя, жывёлы з пашкоджаннямі, небяспечнымі для жыцця, з адхіленнямі, маладыя самцы, якія былі выгнаны са статка падчас яру, мігравалі на адлегласць, большую за 50 км, і не вярнуліся цягам трох месяцаў. У гэтую групу зуброў адбіраюць, альбо, калі казаць мовай навукі, выбракоўваюць.

Для аптымізацыі колькасці зуброў прадугледжваецца адстрэл нежыццяздольных жывёл. У грамадскасці паляванне на волатаў выклікае абурэнне, аднак, на думку спецыялістаў, гэта неабходная мера: нормы аптымальнай колькасці ў некаторых субпапуляцыях значна перавышаны, што прыводзіць да пэўных праблем. Так, прадстаўнікі рагатага статка, акрамя сваіх прыродных «сталовак», часта наведваюцца на сельскагаспадарчыя ўгоддзі, прыватныя падворкі. Напрыклад, у 2008 годзе зубры асіповіцкай папуляцыі нанеслі шкоды больш чым на 5000 долараў: жывёлы выходзілі з лесу на палі з пшаніцай і жытам і літаральна за тыдзень знішчалі да 60 га угоддзяў: што не елі, тое вытоптвалі.

Па зубрыныя трафеі ў Белавежскую пушчу прыязджаюць расіяне, іспанцы, немцы, туркі. Кошт розны — ад 5 да 20 тысяч еўра. Паляванне вядзецца не вельмі актыўна: у год адстрэльваецца ад 5 до 10 некандыцыйных асобін (у рэзервовы фонд трапляюць ад 8 да 10 асобін).

Хто прыме беларускіх зуброў?

Алег Барадзін падкрэслівае, што праца па захаванні еўрапейскага зубра немагчыма без міжнароднага супрацоўніцтва. Некалькі гадоў таму расійскія і беларускія вучоныя дамовіліся аб стварэнні ўстойлівых папуляцый і аднаўленні ранейшага арэала зубра. Беларусь ініцыявала распрацоўку праграмы Саюзнай дзяржавы «Аднаўленне зубра ў дзікай прыродзе (Дарожная карта для зубра) на 2016—2020 гг.». Меркавалася, што на тэрыторыі суседняй дзяржавы будуць рассяляцца буйныя групоўкі зуброў, якім у нас стала цеснавата. Распрацоўка канцэпцыі праграмы і яе ўзгадненне вяліся на працягу некалькіх гадоў. «Аднак фінансавыя органы Расійскай Федэрацыі не палічылі магчымым рэалізаваць праграму ў рамках Саюзнай дзяржавы. Такім чынам, па ініцыятыве расійскіх калег яна была адменена», — адзначыла кіраўнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля МІНЧАНКА.

Зараз Беларусь наладжвае кантакты з польскімі і літоўскімі калегамі, і такое супрацоўніцтва цалкам лагічнае, бо Беларусь і Польшча з’яўляюцца асноўнымі трымальнікамі зубровых статкаў. «Мы хочам аб’яднаць намаганні для дасягнення агульнай мэты — захаванне зубра. Наша галоўная задача — правесці генетычныя даследаванні і выбраць найбольш каштоўных жывёл з пункту гледжання іх далейшага ўзнаўлення», — адзначыла прадстаўнік Мінпрыроды.

Фінансаванне мерапрыемстваў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні зубра ажыццяўляецца ў рамках плана, распрацаванага на 2015—2019 гады і ўзгодненага ўрадам краіны. Прадугледжваецца выдаткаваць больш за 12 млрд рублёў як з дзяржаўнага бюджэту, так і са сродкаў трымальнікаў мікрапапуляцый зуброў.

Зубр выратаваны ад вымірання. Аднак пакуль што залежны ад чалавека від патрабуе вялікіх укладанняў, як навуковых, так і матэрыяльных. Застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе магутны бык зноў стане самастойным, моцным дзікім зверам, якім мы прывыклі сабе яго ўяўляць.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта