Дзікую прыроду Беларусі трэба ахоўваць, маніторыць і не забываць пра звычайных людзей

Ганна Валынец, интернет-сайт "Беларускi зялёны партал", 07.08.2015

Совы ахоўваюцца нашмат менш за казуль, і гэта не адзіная праблема беларускіх асабліва ахоўных тэрыторый (ААПТ). Вырашаць іх мусяць не толькі чыноўнікі, але і звычайныя людзі, — да гэтай і іншых высноў прыйшлі ўдзельнікі круглага стала «Патэнцыйныя шляхі развіцця ААПТ Беларусі» на IV Форуме экалагічных НДА.


Як паляванне прылічваецца да экатурызму

Некалькі блокаў пытанняў, які патрабуюць вырашэння ў гэтай сферы, бачыць Інэса Зеніна, каардынатар кампаніі «Захаваем Прыпяцкія дубравы» «Зялёнай сеткі». Адзін з іх адносіцца да заканадаўства: на яе думку, неабходна зрабіць спіс катэгорый ААПТ бліжэй да рэаліяў. Напрыклад, у нацыянальным парку «Прыпяцкі» фактычна ёсць запаведна-паляўнічая гаспадарка, як пры СССР, але ніводная з катэгорый ААПТ гэта не можа адлюстраваць, а паляванне часам залічваюць у «экатурызм».

І саму гэту з’яву ў ААПТ Інэса лічыць вельмі дзіўнай: «Так абгрунтоўваюць многія антыэкалагічныя дзеянні, напрыклад, занаванне тэрыторый у «Прыпяцкім». Пасля высвятляецца, што тэрыторыю вывелі з запаведнай зоны для турызму, але ніякага экалагічнага турызму, апроч палявання, там не развіваецца», — кажа яна.

Паляванне цяжка аднесці да экатурызму (аб гэтым расказваў у інтэрв’ю Дзмітры Шамовіч). Яшчэ адзін яго мінус — часта выкарыстоўваюцца няўстойлівыя спосабы, якія, як лічыць Інэса, трэба забараніць: веснавое паляванне, паляванне на птушак на таках і іншыя.


«Дырэктар захацеў — дырэктар зрабіў»

Удасканаліць сістэму кіравання нацыянальнымі паркамі і Бярэзінскім запаведнікам Інэса Зеніна прапануе, змяніўшы іх падначаленасць: замест Кіравання справамі прэзідэнта перадаць калегіяльнаму органу з розных структур. Гэты орган мусіць быць здольным накладаць вета на рашэнні па ААПТ.

«Бо зараз дырэктар захацеў — дырэктар зрабіў, і пляваць ён хацеў на тое, што думае Акадэмія навук», — адзначае яна.

Казуль ахоўваюць, а совы нікога не цікавяць

«Таксама ёсць патрэба юрыдычна замацаваць ахову кожнага віду флоры і фауны, бо за віды, якія не з’яўляюцца паляўнічымі, фактычна ніхто не адказвае», — працягвае эксперт.

Цімафей Піко, спецыяліст па прыродаахоўчым пытанням ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», падцвярджае: праблема сапраўды ёсць, але нарматыўныя акты яе не вырашаюць, бо важней іх выкананне.

«Я праз асабістыя каналы атрымаў доступ да базы дадзеных рэгістрацыі і ўліку правапарушэнняў МУС, — кажа ён. — Па відах жывёл, якія трапляюць пад дзеянне Бернскай канвенцыі, у 2013 годзе было пяць выпадкаў прыцягнення, два ў 2014-м і пяць — у 2015-м. Фактычны кантроль за захаваннем біяразнастайнасці не ажыццяўляецца», — лічыць Цімафей.

Як ілюстрацыя, у межах выдаткавання сродкаў, сабраных праз акцыю «Выратуй арляня» навукоўцы праверылі 4 месцы жыхарства гэтых птушак. Дрэвы з гнёздамі былі захаванымі, але вакол праведзеныя высечкі, што знішчае экасістэму, у якой жывуць птушкі. Такая сітуацыя была ў дзвюх месцах Гомельскай і дзвюх Брэсцкай абласцей.

Не надта эфектыўнымі Цімафей лічыць планавыя праверкі Мінпрыроды, а аб праверках Дзяржаўнай інспекцыі па захаванню жывёльнага расліннага свету адгукаецца лепш: «Яны становяцца на скрыжаванні і ўсіх даглядаюць. Я быў здзіўлены эфектыўнасцю падобнай працы: у машыне знайшлі палову дзіка. Ну, вы ўяўляеце: аддчыняеце багажнік, а гаспадар машыны: «Тваю ж, я ж казаў, трэба ехаць іншай дарогай!». У другой машыне знайшлі сеткі, у трэцяй — незарэгістраваную зброю».

Хаця і інспекцыя, па словах Цімафея, найперш арыентуецца на аб'екты палявання і рыбалоўства: «Жаўрукі, канюкі, совы і казуркі нікога не цікавяць», — кажа ён.

Інэса Зеніна называе вельмі слізкім маніторынг папуляцый рэдкіх відаў: «Фактычна на запаведнай тэрыторыі яго як трэба не праводзяць, і меры па захаванню відаў, якім пагражае знішчэнне, прымяняюцца ў адзінкавых выпадках», — кажа яна.

Высечкі: адзінства супярэчнасцей

Таксама з сістэмы кіравання ААПТ трэба выключыць камерцыйныя структуры, бо гэта супярэчыць ідэе ахоўнай тэрыторыі, мяркуе Інэса. Дагэтуль ААПТ атрымоўваюць загады па высечках і прадаюць драўніну на паркет ды плінтус.

Адначасова з тым у планах кіравання напісана аб пагрозе высечак для біяразнастайнасці.


План кіравання: вынік дыспуту ці навуковая праца?

«Наступны пункт датычыцца ўдасканалення заканадаўства: планы кіравання трэба ўключыць у якасці аднаго з мерапрыемстваў у дзяржпраграму», — прапануе Інэса.

Планы кіравання ААПТ пачалі з’яўляцца ў Беларусі як адказ на яе міжнародныя абавязкі пасля ратыфікацыі Рамсарскай канвенцыі ў 1999 годзе, але яны не дужа папулярныя ў нас.

Белавежская пушча адной з першай з усіх ААПТ распрацавала план і далей за ўсіх прасунулася ў яго выкананні: ажыццявіла 18 з 77 мерапрыемстваў, у працэсе выканання знаходзяцца 19.

Планы кіравання маюць не ўсе ААПТ, і звычайна гэты дакумент нагадвае навуковую працу, хаця мусіць адлюстроўваць агульныя рашэнні ўсіх бакоў, зацікаўленых у ахове ААПТ, у тым ліку грамадскасці і мясцовых жыхароў.

Іх удзел наўпрост звязаны з падвышэннем інфармаванасці грамадства і забеспячэннем магчымасці практычна ўдзельнічаць у кіраванні ААПТ. Інэса лічыць важным інфармаваць аб тым, чаму прыроду трэба ахоўваць, папулярызаваць ідэю гуманітарнай экалогіі і дзікай прыроды.

Таксама яна бачыць пажаданым удзел грамадскасці ў навукова-тэхнічных саветах, лесаўладкавальных і іншых нарадах.

Але пакуль тут шмат працы: «Людзі хацелі б нешта сказаць, канешне! Але як сказаць, каму? Старшыні сельсавету? Ён не ўплывае ні на што, нават калі сходзіць да дырэктара», — казаў увесну журналістам Рыгор Краўчук, што жыве ля Белавежскай пушчы.

Група «Ахова дзікай прыроды» як сродак удзелу ў захаванні

Варыянт рашэння прапануе працоўная група «Ахова дзікай прыроды» у асобе Вольгі Каскевіч, яе ўдзельніцы: «Усе працуюць самі па сабе, а было б добра аб’яднацца ў адзіную сетку, каб разумець, якія тэрыторыі і эксперты могуць адно адному дапамагчы. Можна працаваць у кааліцыі, сумесна з грамадскімі арганізацыямі», — расказвае яна.

Працоўная група – гэта супольнасць людзей, неабыякавых да лёсу прыроды Беларусі, якія аб’ядналіся, каб захаваць ААПТ і іншыя прыродныя аб’екты. У яе могуць увайсці як эксперты (у тым ліку супрацоўнікі ААПТ), так і неабыякавыя жыхары краіны.

Звязацца можна праз мэйл: bahna.land@gmail.com, а падрабязней пачытаць тут.

Сетка «Эмеральд» нароўні будзе абараняць усіх

Забяспечыць комплексную ахову расліннага і жывёльнага свету і экасістэм лічыць патрэбным Андрэй Абрамчук, старшыня савету з Брэсцкага аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». На яго думку, пакуль рознага кшталту ААПТ — гідралагічныя, біялагічныя і гэдак далей — гэтага не даюць. І таму вельмі своечасова ў Беларусі ствараецца сетка «Эмеральд» («Смарагдавая сетка»).

Працаваць над ёй пачалі ў 2009 годзе, і яна зараз з’яўляецца яшчэ адной рэакцыяй Беларусі на міжнародны дакумент: у 2012 годзе наша краіна падпісала Бернскую канвенцыю.

Зараз 64 Тэрыторыі, важныя для птушак, патэнцыйна могуць увайсці ў сетку, фармаванне якой скончыцца да канца года. Гэта 9% ад плошчы краіны, і лічба павялічыцца. Паводле Андрэя, у верасні колькасць тэрыторый наблізіцца да 100, і іх плошча складзе 11-12% ад тэрыторыі Беларусі, ці 2-2,5 млн гектараў.


Фота: jahero.ru, rudhunter.ru, profi-forex.org, bp21.org.by


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта