
Так назвалі першы бязвізавы пераход мяжы ўдзельнікі мерапрыемства.
Як вядома, на мінулым тыдні ў Белавежскай пушчы сустракалі першых турыстаў, якія прыйшлі ў Беларусь пехатою і без візы. Падарожнікаў прымаў міжнародны пункт пропуску «Перароў». Гэты крок у аднабаковым парадку зрабіла наша дзяржава, каб, па-першае, развіваць турыстычны рух у галоўнай нашай прыроднай славутасці — Белавежскай пушчы, а па-другое, падштурхнуць да такога ж кроку суседзяў.

Хіба дрэнна, калі кожны турыст, які едзе ў польскую пушчу з Германіі, Францыі, Нідэрландаў, зазірне ў нашы музеі, паходзіць па нашых экалагічных сцяжынах? Тое ж самае жаданне выказваюць і турысты, напрыклад, з Расіі, якіх многа бывае ў нас. Ім было б цікава наведаць палац, пабудаваны рускім царом, які знаходзіцца на польскай тэрыторыі. А турыст выгадны для нацыянальных паркаў абедзвюх краін тым, што пры наведванні ён карыстаецца паслугамі і пакідае грошы.
Разам з турыстамі з польскага боку прыйшлі да нас прадстаўнікі мясцовай улады памежных тэрыторый, кіраўнікі турфірмаў, якія будуць ажыццяўляць фарміраванне груп, быў з імі і генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку. З нашага боку гасцей сустракалі генеральны дырэктар нацыянальнага парку «Белавежская пушча», кіраўнікі падраздзяленняў памежнага ведамства, прадстаўнікі розных сродкаў масавай інфармацыі.
Сваімі думкамі і парадамі падзяліліся ўдзельнікі мерапрыемства.
Начальнік аддзялення памежнага кантролю «Высокалітоўск» Сяргей ГАЛУБОВІЧ:
— Летась праз памежны пераход «Перароў-Белавежа» ў абодва бакі прайшло каля шасці тысяч чалавек. Цяпер ёсць падставы чакаць, што з захаду рух стане больш ажыўленым. Мы да гэтага гатовы, прапускная здольнасць нашага ПП складае 400 чалавек у суткі — веласіпедыстаў і пешаходаў. На ўсялякі выпадак павялічана колькасць памежных нарадаў для таго, каб ажыццяўляць пропуск аператыўна. На афармленне аднаго чалавека ў нас ідзе не больш за паўтары хвіліны.
Парадак наведвання бязвізавымі турыстамі ўстаноўлены: грамадзяніну трэба мець пры сабе пашпарт, медыцынскую страхоўку і дакумент, які пацвярджае права знаходжання на тэрыторыі запаведніка. Наш госць можа знаходзіцца тут да трох сутак. Пры гэтым ён мае права знаёміцца са славутасцямі пушчы, можа наведаць сваякоў і знаёмых, якія пражываюць у межах нацыянальнага парку. А вось выйсці за межы ўказанай тэрыторыі чалавека могуць прымусіць толькі форс-мажорныя абставіны, такія як хвароба, страта дакументаў і іншыя. Будзем спадзявацца, што падобнага не здарыцца і турысты будуць пакідаць тэрыторыю нашай краіны з добрым настроем, найлепшымі ўражаннямі і жаданнем прыйсці сюды зноў — з сябрамі, сям’ёй, калегамі.
Генеральны дырэктар нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Аляксандр БУРЫ:
— Заяўку кожны ахвотны падае на сайт Белавежскай пушчы з указаннем пашпартных звестак, мы перадаём іх памежнай службе. А чалавек, які заяўляў экскурсію ці падарожжа па пушчы, праз некалькі гадзін атрымлівае пацверджанне, яго трэба толькі раздрукаваць. Такім чынам турыст мае на руках нешта накшталт уваходнага білета.

Увядзенне бязвізавага рэжыму — крок даволі сур’ёзны, гэтыя пытанні мы прапрацоўвалі на ўсіх узроўнях прыкладна чатыры гады. У нас дастаткова гасцініц, пунктаў харчавання, актыўна працуюць рамеснікі, добра прадстаўлена сувенірная прадукцыя. Ужо зараз мы гатовы прымаць каля мільёна турыстаў у год, пакуль жа прымаем палову гэтага. А паводле папярэдніх разлікаў, бязвізавы рэжым паспрыяе павелічэнню патоку турыстаў прыкладна на 50 тысяч чалавек у год.
Кіраўнік польскай турыстычнай фірмы «Юніёр-Беласток» Яўген ЛАўРАНЮК:
— З нацыянальным паркам «Белавежская пушча» я працую больш за 20 гадоў. І цяпер, упэўнены, наладжваць туры стане прасцей і лепш. Мне нават цяжка сказаць адразу, колькі людзей з заходніх краін выказвалі гатоўнасць паглядзець пушчу з беларускага боку, але не захацелі звязвацца з візавымі фармальнасцямі. Адны пры гэтым не жадаюць марнаваць час, іншыя, асабліва моладзь, шкадуюць 60 еўра за візу, калі гаворка ідзе аб паходзе на дзень-два. Цяпер жа, мы ўпэўніліся ў гэтым, можна купіць мінімальную экскурсійную праграму, якая абыдзецца ў 200 тысяч беларускіх рублёў, і гуляць па пушчы. Іншыя паслугі турыст можа набыць па сваім жаданні. А людзей, якія хочуць атрымаць больш поўнае ўяўленне пра запаведны лес, у нас многа. І мы рады будзем прапанаваць ім экскурсійныя туры.
Маршалак Падляскага ваяводства Мечыслаў БАШКО:
— Гэтая падзея стала доўгачаканай і знакавай. Людзі з абодвух бакоў мяжы здаўна звязаны агульнай гісторыяй, многія маюць сваякоў і знаёмых у суседніх краінах. І вось гэтая магчымасць бязвізавага паходу да суседзяў, вядома, паслужыць на карысць нашых народаў, стане яшчэ адным знакам добрасуседства.
Турыст з Польшчы Ежы НЕСЦЯРУК:
— У Беларусь я езджу даўно. Вывучаю гісторыю, культуру вашай краіны, ведаю беларускую мову. У мяне ёсць свой невялікі бізнес. Цяпер падумаю аб тым, каб арганізоўваць групы і вадзіць іх на вашу частку пушчы.
Спадзяёмся, што той крок, які зроблены ў Белавежскай пушчы насустрач суседзям, стане крокам і да спрашчэння стасункаў з імі.
Высока ацаніў пачатак новага ўзроўню стасункаў генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Аляксандр БЕРАБЕНЯ:
— Думаю, што ў хуткім часе і беларускія турысты змогуць на такіх жа ўмовах наведваць польскі бок нацыянальнага парку.
Аб развіцці малога прыгранічнага руху, пра якое даўно гаворыцца, дыпламат выказаўся так:
— Беларусы, з якімі я апошнім часам гутарыў, мала цікавасці выказваюць да такіх стасункаў. Яны гавораць: «Калі мы атрымліваем шэнгенскую візу, мы можам ехаць хоць да Ла-Манша, а 50-кіламетровая зона дазволіць наведваць толькі крамы памежных гарадоў ды мястэчкаў. Але хутка польскія консульствы ўвядуць візавыя цэнтры, чэргаў практычна не будзе, і тады любы грамадзянін у зручны для яго час зможа скарыстацца консульскай паслугай і атрымаць для сябе візу.
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта