Сяргей Плыткевіч -- фотамаг дзікай прыроды

Михаил ТОЛОЧКО, газета "Белорусская лесная газета", 06.11.2014

Сяргей Плыткевіч, бясспрэчна, адзін з лепшых у свеце фатографаў дзікай прыроды. А ягоныя кнігі «Беларуская экзотыка», «Нечаканая Беларусь», «Планета Беларусь», «Дзікая прырода ў цэнтры Еўропы», «Ад Полацка пачаўся свет» ды шэраг іншых — люстэрка нашай краіны для замежнікаў. Хаця не толькі — прызнаёмся, мы й самі дрэнна ведаем сваю радзіму. Сёння Сяргей Міхайлавіч, які з юнацтва звязаў сваё жыццё з лесам, госць «БЛГ».

— Сяргей Міхайлавіч, вы з чырвоным дыпломам скончылі Полацкі лясны тэхнікум, пасля — факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэтыя прафесіі ў вашым жыцці цесна перапляліся. Галоўныя героі вашых здымкаў: лясы, балоты і палеткі, дзікія жывёлы. Якая адукацыя больш паўплывала на ваша станаўленне як прафесіянала і чалавека?

— У маім жыцці значна большы адбітак, хаця, можа, гэта для некага здасца дзіўным, зрабіў не ўніверсітэт, а лясны тэхнікум. Магчыма, так сталася, бо час вучобы, з 15 да 18 гадоў, быў перыядам майго станаўлення як асобы. Але хутчэй за ўсё нагода ў іншым. І ў тыя часы, і цяпер Полацкі лясны тэхнікум з’яўляецца ўнікальнай навучальнай установай са сваёй аўрай, са сваімі адметнымі традыцыямі. Бо выхоўваюць там не толькі спецыялістаў для лясной гаспадаркі, але найперш патрыётаў сваёй радзімы. Не толькі для мяне, але, упэўнены, для большасці яго выпускнікоў гэта — святыня. Таму адназначна на першае месца я стаўлю лясную адукацыю.

— Ведаю, што фатаграфаваць вы пачалі яшчэ ў час навучання ў тэхнікуме. З часам захапленне перарасло ў сталы занятак, у прафесію. Але галоўным аб’ектам заставалася прырода.

— Як гэта ні дзіўна, але з цягам часу высветлілася, што лясная адукацыя дапамагае мне і ў творчасці. Напрыклад, пры падрыхтоўцы сваіх кніг «Планета Беларусь», «Нечаканая Беларусь» я фатаграфаваў з вышыні птушынага палёту. Але не змог бы здзейсніць гэты праект, калі б не вучыўся ў лясным тэхнікуме. Справа ў тым, што там у наш час рыхтавалі «лётчыкаў-наглядальнікаў», — гэта не тыя, хто кіруе самалётам ці верталётам, а тыя, хто сядзіць побач з пілотам, добра ведае геаграфію, арыентуецца на мясцовасці і можа адзначаць месцы пажараў. У мяне была магчымасць палятаць з імі і зрабіць цікавыя панарамныя здымкі.




— Ваша творчасць, з’яўленне ўдалых здымкаў пра прыроду, думаю, непасрэдна звязана з працаўнікамі лясной галіны. Упэўнены: яны дапамагаюць.

— Часта праца і творчасць размяжоўваюцца. Калі ж яны звязаны, гэта ідэальны варыянт.

— Гэта — шчасце...

— Так. Выдавецтва «Рыфтур», якім я кірую, шмат робіць фотаальбомаў пра прыроду, стварылі сайт «Дзікая прырода». Зразумела, што зрабіць прыстойныя здымкі птушак і звяроў практычна нерэальна для таго, хто не ведае мясцін, не мае спецыяльнай падрыхтоўкі, як мінімум — не з’яўляецца паляўнічым. А якраз у шмат якіх лясгасах ёсць тыя, з кім вучыўся. Ды і агульную мову з калегамі прасцей знаходзіць.

— Ведаю, што з некаторымі гаспадаркамі Мінлясгаса ладзіце сумесныя праекты.

— Напрыклад, з адміністрацыяй заказніка «Налібоцкі» клуб фатографаў дзікай прыроды некалькі гадоў праводзіць фотаўлікі дзікіх жывёл. Такі метад, на маю думку, у параўнанні з астатнімі (іх спецыялісты выдатна ведаюць) самы эфектыўны. На месцы падлікоўца знаходзяцца прафесіянальныя фатографы, якія могуць зафіксаваць кожную жывёлу, што з’явілася ў час падліку. Тут адбываецца сумяшчэнне прыемнага і карыснага. Гэта, вядома ж, добра для гаспадаркі, бо, па-першае, у будучыні яны могуць выкарыстаць здымкі дзікіх жывёл з уласных патрэб у рэкламных мэтах, рабіць брашуры, кнігі, вывешваць фотаздымкі ў дамах паляўнічых і адміністрацыйных будынках. Па-другое, можна назіраць, як сітуацыя мяняецца праз год, два, тры. Мне здаецца, што праект перспектыўны — іншыя гаспадаркі Мінлясгаса маглі б таксама запрашаць фатографаў нашага клуба.

— На якіх умовах? Бясплатна?

— Так, у тым і справа, што лясгасы не плацяць фатографам. Мы — аматары фотапалявання, мы зацікаўлены ў новых месцах, дзе можна зрабіць цікавыя здымкі. Канешне, трэба будзе ўзгадняць нейкія пабытовыя пытанні, напрыклад пражыванне. Але гэта ўжо дробязі. Іншая справа, калі будуць якія-небудзь творчыя ці камерцыйныя праекты. Тут умовы супрацоўніцтва трэба агаворваць асобна…

— Вы аб’ехалі амаль усю Беларусь. Якія куткі нашай старонкі на вас зрабілі найбольшае ўражанне? Вядома, можна казаць пра тую ж Налібоцкую пушчу, Белавежскую, Браслаўшчыну... Але існуюць і мала зведаныя мясціны.

— Сёння на першае месца я адназначна стаўлю прыродны комплекс «Чырвоны бор». Там два заказнікі, на тэрыторыі Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў. Уявіце: 300 метраў — балаціна, а пасля адразу ж — гара, потым — сасновы бор, альшаннік, рака, шмат азёр... Атрымліваецца, што на плошчы 10 на 20 кіламетраў можна зрабіць фотаальбом (я прафесійнымі катэгорыямі мяркую), дзе будуць абсалютна розныя лясы, ландшафты, вадаёмы. З другога боку, там ёсць паляўнічая гаспадарка, дзе самая вялікая паўночная папуляцыя аленяў, зуброў і нават даволі дзівосныя для нас жывёлы — муфлоны. Яны прыжыліся, добра пераносяць зіму. Вялікая канцэнтрацыя дзікіх жывёл на невялікай тэрыторыі — гэта ідэальная сітуацыя для аматараў прыроднай фатаграфіі.

У заказніку Ельня ёсць возера Курганістае, на якім 250—300 маленькіх астраўкоў, — з верталёта відовішча казачнае. Альбо заказнік Казьяны. Там, наадварот, сярод балота мноства маленькіх азёраў — глядзяцца як плямачкі. У вусці ракі Лань (Лунінецкі раён) — сапраўдныя джунглі. Немагчыма прайсці — толькі з дапамогаю сякеры. На жаль, экалагічны турызм і мэты лясной гаспадаркі часта не супадаюць. Напрыклад, для турыстаў цікавыя старыя, крывыя, нахіленыя дрэвы, а для лесніка такі стан ненармальны — трэба выразаць іх, каб лес быў звычайны. На мой погляд, калі ёсць турыстычныя аб’екты, трэба ўлічваць гэта. Я быў абураны, калі ў адным з раёнаў Віцебшчыны, дзе маецца гасцінічны комплекс, вальеры з зубрамі, лясную дарогу вынішчылі — павыразалі самае прыгожае на метраў 10—20 па баках. А была экзатычная дарога. Альбо возьмем глушцовыя такі. Іх мала. Калі ток знаходзіцца ў маленькім кавалачку леса, трэба яго пакінуць. Можна элементарна зарабіць грошы: прымаць экатурыстаў, фатографаў. А прыязджаеш, бывае, на глушцовы ток, а там прайшла вырубка. Птушак ужо, зразумела, няма...

— Калі ўжо зайшла гутарка пра глушцоў, прыгадваю вашы фотарэпартажы з такоў. Як адбываецца сам працэс фотапалявання і якія сітуацыі найбольш запомніліся?

— Я знаёмы з цікавым чалавекам — Зміцерам Шамовічам, які прафесійна займаецца вывучэннем глушцоў. Каб зацікавіць самцоў, ён між іншым ставіць пудзілы глушаркі. Сёлета я стаў сведкам цікавага выпадку. Глушэц убачыў пудзіла і пачаў заляцацца. Вынік працэса «кахання» яго здзівіў — ніякай рэакцыі. Раз дзесяць у азарце ён кідаўся на штучную самку. Насмяяўся я, хаця і шкада стала птушку. А сітуацыі бываюць розныя. Уявіце балота, невялічкі астравок леса, на адным з дрэваў — гняздо арлана-беркута, на другім — засідка. Толькі залез, як пачаўся дождж, потым моцны вецер, які перайшоў у страшэнную буру. Хвоя стала вагацца — амплітуда 5—6 метраў. Пашанцавала — дрэва не зламалася. Бывала і ў балота правальваўся, і ў засідцы не раз па 5—6 гадзін сядзеў. Сёлета назіраў за статкам аленяў у час гону. Недзе 30 аленюх, чатыры самцы збоку шмыгаюць, ды самкі настойліва імкнуцца не да іх, а да свайго — галоўнага... А той ужо настолькі стаміўся, што яму не да любоўных забаў... Калі назіраеш такія моманты з жыцця дзікіх жывёл, узнікае зусім іншае эмацыйнае ўспрыманне, чым пры паляванні, калі адзін стрэл — і ўвесь статак разбягаецца. Неяк доўга я цікаваў за арламі-змеяедамі. На трэці дзень бачу: арол прыносіць вужаку, а ў таго хвост у вузел завязаны. Цікавы кадр атрымаўся. Неўзабаве прылятае другая птушка таксама з вужаком. А птушаня есці не хоча ні ў якую. Стаяла невыносная спякота, птушаня жалобна папісквае. Птушка адляцела і праз дзве хвіліны вяртаецца з бярозавай галінкай. Накрывае ёю птушаня, растапырвае крылы, ствараючы цень, і пачынае абдуваць яго ветрам. Такое ўбачыш, і не перастаеш здзіўляцца дзівосам прыроды.

— Неверагодна... Памятаю надзвычай цікавы ваш здымак двух ваўкоў, што п’юць ваду з крыніцы. Драпежнікаў, разумею, вельмі складана фатаграфаваць.

— Быў такі выпадак. Для будучай кнігі я хацеў не проста ваўка сфатаграфаць, а так, каб у кадры ён быў каля флажкоў. Выехаў на паляванне з чалавекам немаладым, а вось у фотасправе — пачаткоўцам. Сталі на нумары, яго паставілі у самым неперспектыўным месцы, каля машыны. Загон. Свой кадр я зрабіў. Але справа ў іншым — як кажуць, шанцуе дылетантам. Воўк пёр прама на яго, спыніўся недзе ў дзесяці метрах. У аб’ектыў 300 мм звер не змяшчаўся. У хлопца так ад хвалявання трэсліся рукі, што ён фатаграфаў ваўка часткамі — кавалак галавы, вуха, канец хваста.

— Дарэчы, пра паляванне. Я ведаю, што вы ў адрозненне ад многіх аматараў прыроды не асуджаеце гэта захапленне і нават неяк выказваліся, што ў сваёй творчасці ўдзячны шмат каму з паляўнічых.

— Гэта сапраўды так. Болей таго, там, дзе ёсць паляўнічыя гаспадаркі, шмат жывёл. Таму што дзікія жывёлы ахоўваюцца, падкормліваюцца, разводзяцца. Існуюць элементарныя законы жыцця. Паляванне — гэта ці не другі занятак у гісторыі чалавецтва. Яно — у мужчынскіх генах. Іншае — неабходна захоўваць правілы палявання, яго этыку. Хаця з гадамі шмат хто з маіх знаёмых, настраляўшыся, бярэ ў рукі фотаапарат. Напрыклад, дырэктар Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» Сцяпан Бамбіза. За некалькі гадоў пры сваёй занятасці ён зрабіў здымкаў на цэлы альбом.

— А якія з праектаў у вашых планах?

— Даволі шмат. Актыўна працую над фотаальбомам «Чырвоны бор», плануем выдаць, дарэчы, кнігу і пра Налібоцкую пушчу, гісторыя якой, магчыма, больш старажытная за Белавежскую. Карыстаючыся нагодай, запрашаю да супрацоўніцтва з намі ўсе лясгасы Беларусі.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта