
З Генадзем Мікалаевічам мы былі ў цесным кантакце ў той час, калі ён працаваў на Беларускім тэлебачанні. Мы любілі яго як паэта і вельмі паважалі як кіраўніка.
На нядаўняй вечарыне ў Палацы мастацтва, якая была прысвечана яго памяці, я думала, што задыхнуся ад пачуццяў. Мне вельмі хацелася расказаць пра Бураўкіна нароўні з іншымі, хто выступаў, але часу не хапіла. У зале раптам пачуўся кашмарны металічны голас: "Пажарная небяспека! Пажарная небяспека! Просьба ўсім тэрмінова эвакуіравацца!" І далдоніў гэты голас так, што заглушаў усіх, хто стаяў на сцэне. Вечар быў груба перапынены.
Аб чым жа я хацела расказаць, калі б паднялася на сцэну? Пра Бураўкіна-адміністратара, вялікага начальніка, старшыню тагачаснай Белтэлерадыёкампаніі, рызыкоўнага чалавека. Таму што я ведаю такія факты, якія мала хто ведае. Ну, напрыклад, ці вядома вам, што Бураўкін выратаваў Белавежскую пушчу?
А было гэта так. У самы росквіт перабудовы, калі ўсе верылі, што яшчэ ледзь-ледзь — і ўсё ўладкуецца разумна і выдатна, наша рэдакцыя літаратурна-драматычных праграм выпускала вялікую перадачу пад назвай "Ліра". Па цяперашніх мерках яна доўжылася неверагодна доўга — паўтары гадзіны і была прысвечана якой-небудзь адной грамадска значнай тэме, якую мы, журналісты, знаходзілі і потым мясілі яе, як гліну, разглядаючы з розных бакоў.
І вось аднойчы ў рэдакцыю прыходзіць ліст з Белавежскай пушчы, напісаны маладымі навуковымі супрацоўнікамі і егерамі, якія не так даўно прыехалі ў пушчу на працу і з жахам убачылі, што запаведны лес гіне! Чаму?!
Паводле статуту пушча была запаведна-паляўнічай гаспадаркай. На самай справе паляваць там маглі толькі абраныя: першыя асобы Крамля і іх высокія госці. Як цяпер вядома, і Хрушчоў, і Брэжнеў былі заўзятымі паляўнічымі. Для іх егеры спецыяльна "прывязвалі" жывёл. Што гэта значыць, зараз шмат хто ведае, а тады нам адкрылася вось што. Зручнае крэсла, абабітае скурай, стаіць на паляўнічай вышцы, пражэктарамі вакол высвечваецца прастора, і кожную ноч егеры там кормяць жывёл. Тыя паступова прывыкаюць рэгулярна прыходзіць туды, на месца харчавання, "прывязваюцца". Ну, а калі прыязджаюць паляўнічыя, жывёл без цяжкасцяў расстрэльваюць з вышкі ва ўпор.
Брэжнеў памёр, сярод яго паслядоўнікаў паляўнічых не было (хіба толькі некаторыя афіцыйныя госці Крамля), але парадкі, заведзеныя ў Белавежскай пушчы, захоўваліся: парнакапытных рэгулярна прыкормлівалі. Паступова жывёл развялося больш, чым гэты арэал можа пракарміць! Яны зжэрлі ўвесь падлесак. А хвоі, між іншым, стаяць толькі 200 гадоў. Гэта значыць, што старыя ўжо пачалі валіцца, а новых у пушчы няма: яны не паспявалі вырасці, як іх з’ядалі велізарныя статкі парнакапытных.
Ведалі пра гэта не толькі егеры, але і нашы навукоўцы — акадэмікі Мікалай Уладзіслававіч Смольскі, Леанід Міхайлавіч Сушчэня. Але публічна выказаць не маглі нічога. І мы, журналісты, вырашылі схапіцца з сістэмай за выратаванне пушчы.
Але спачатку трэба было атрымаць дазвол на ўезд у запаведнік. Кіраўнік спраў Саўміна, нібы прадчуваючы нешта, цягнуў з пропускам месяца паўтара. Я круцілася, бы вуж на патэльні, казала яму, што едзем здымаць птушачак і кветачкі. Нарэшце паабяцала: прыедзем да шлагбаўма, станем ля яго і здымем на камеру тое, як вы нас не пускаеце. Увогуле, яны ўжо не тое што баяліся грамадскай думкі, але ўсё-такі прыслухоўваліся да яе раскатаў. І мы атрымалі камандзіроўку. Якую, дарэчы, потым яшчэ некалькі разоў адмянялі. Але мы ўсё ж такі ў запаведнік прыехалі.
Там нас "ахінулі клопатам" — да тэлевізійнай групы прымацавалі намесніка дырэктара па навуцы. Ён нас апекаваў, а галоўнае — увесь час спрабаваў падпаіць маіх рэжысёра і аператара. Як мы ад яго ўцякалі, каб патрапіць да навуковых супрацоўнікаў (а яны ж "шыфраваліся", адкрыта сустрэць нас не маглі, чакалі дзесьці за вальерамі, за кустамі), — асобная гісторыя. Але мы ўсё знялі, што хацелі: мяккія крэслы на вышках, вытаптаны падлесак... Знялі нават палац у Віскулях, аэрадром — сакрэтныя па тых часах аб’екты. А потым у Мінску перад камерамі выступілі акадэмікі Сушчэня і Смольскі, як магутная дружына.
Атрымалася перадача-бомба, выбух. Але Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна ў гэты час у Белтэлерадыёкампаніі не было, яго адаслалі ў Маскву вучыцца ці то на месяц, ці то на два. Таму перад эфірам перадачу паглядзеў намеснік старшыні Чанін, які замяняў Бураўкіна. І выклікаў нас. Мы з рэжысёрам Тамілам ішлі да яго, як два тэрмінатары, прычым, не дамаўляючыся, абодва неслі ў руках часопіс "Огонек" — у тым нумары быў якраз разгромны артыкул Эльдара Разанава, у якім ён распавядаў, чаму парваў з тэлебачаннем. Увогуле, мы рыхтаваліся да сутычкі. Чанін быў добры журналіст, але да смерці напалоханы начальнік. Ён сказаў прыкладна так: "Як можна выдаваць ў эфір гэтую перадачу? Не і не! Першы сакратар ЦК Ціхан Якаўлевіч Кісялёў пакрыўдзіцца — ён жа некалі працаваў першым сакратаром Брэсцкага абкама!"
Уяўляеце довад?!
Мы трасём часопісам, цытатамі, а ён нас проста выстаўляе з кабінета. А потым перадача знікла. Яе сцерлі! Месяц здымак, тыдзень мантажу... Але аднаго не ўлічыў начальнік: амаль увесь фільм мы здымалі на кінастужку. Ну а тое, што здымалі на відэастужку, пайшлі і запісалі яшчэ раз. І ніхто не адмовіўся па другім крузе даць інтэрв’ю. І я зноў зманціравала фільм, ужо "выціснуўшы" ўсю ваду, — мне здаецца, другі варыянт атрымаўся нават лепш, вастрэй.
Вядома, мы чакалі Генадзя Мікалаевіча. Як толькі ён прыехаў, я пайшла да яго на прыём. Сказала: "Хто павінен абараняць Белавежскую пушчу? Я, украінка, ці вы, беларусы?" Ён паглядзеў перадачу і паклікаў чыноўніка, які ў гэты час узначальваў камітэт па ахове прыроды. І яшчэ раз паглядзеў яе разам з ім. І выпусціў нашу перадачу ў эфір без адзінай купюры!
Яна зрабіла эфект выбуху бомбы, чэснае слова. Ніна Мікалаеўна Мазай, якая займала ў тыя гады пасаду намесніка старшыні Савета міністраў, нават загадала ўсяму апарату паглядзець яе. Хто не паспеў, прыходзіў да нас на студыю, і мы потым круцілі фільм спецыяльна для іх. Мы дамагліся свайго: у той момант да Белавежскай пушчы была прыцягнута вялікая ўвага ўрада і грамадскасці. Гэта была перамога! І толькі дзякуючы Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну. Хіба ён не рызыкаваў, калі пускаў яе ў эфір? Яшчэ як рызыкаваў! Але не думаў пра сябе.
Вядома, яго паэзія — выдатная:
Я ўдзячны лёсу, што з усіх краёў
Ён выбраў для мяне навекі гэты,
Дзе бальшакі прастуюць між гаёў,
А па сцяжынах коцяцца ранеты...
Яго паэзія — галоўны помнік яму. Але я думаю, што такім жа помнікам Генадзю Мікалаевічу можа лічыцца і Белавежская пушча, якую ён выратаваў у другой палове 1980-х.
Мая ГАРЭЦКАЯ
Успамінаючы Паэта...
У Мінску ў Палацы мастацтва прайшла вечарына памяці выбітнога паэта і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна. Цёплымі пранікнёнымі словамі, вершамі, гісторыямі з жыцця сябра і паплечніка ўзгадвалі пісьменнікі, мастакі і музыканты. Са сцэны выступалі Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Уладзімір Арлоў, Георгій Ліхтаровіч, Зінаіда Бандарэнка, Уладзімір Сіўчыкаў, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Рыгор Сітніца. У памяць пра Генадзя Бураўкіна выконвалі песні Зміцер Вайцюшкевіч,Таццяна Матафонава з сынам Адасем, Пётр Клюеў, Павел Аракелян. Творчы вечар пры перапоўненай зале доўжыўся амаль тры гадзіны.
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта