Свой погляд: віскі для… дзіка

Марыя БАЛЮК, интернет-сайт "Народная трибуна", 22.05.2014

Прыродзе патрэбна тэрміновая абарона ад "дзікага" турызму.

Малады чалавек, седзячы за столікам у рэзідэнцыі Дзеда Мароза, што ў Белавежскай пушчы, дапіў свой чай і прыцэліўся ў сметніцу пластыкавым кубачкам. Пластмаса не даляцела да сметніцы і ўпала на траву. Гэта гісторыя не дае мне спакою… Экалагічны турызм – асаблівы сектар турыстычнай галіны, які рэалізуе імкненне ў першую чаргу да зносін з прыродай, знаёмства з яе аб’ектамі і з’явамі, актыўнага адпачынку на яе ўлонні. Адпачынак, знаёмства, цікавасць, навука – гэта, вядома ж, добра. Але мала хто задумваецца, якія наступствы бываюць, калі натоўп турыстаў, па 1000 чалавек у дзень і болей, атакуе зону адпачынку і пакідае за сабой "незабыўныя" для прыроды сляды.

Неяк я назірала за экскурсійнай групай у Белавежскай пушчы. З аўтобуса "высыпалася" каля 20 дзяцей, выхавальніца, экскурсавод. Апошняя ўбачыла кветку – званочак (занесены, між іншым, у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь) і пачала расказваць дзецям пра кветку, папярэдзіўшы, што зрываць яе нельга. Але, відаць, "глухая" дзяўчынка падышла да званочка і… выдрала яго з зямлі, панюхала ды кінула.

І гэта не адзінкавы сумны выпадак. Кожны хоча адчуць сябе ўладаром прыроды. Падумаеш, не пацэліў паперкай у сметніцу. Падумаеш, сарвала кветку – іх цэлы лес. І так думае ледзь не кожны турыст.

Непрыемна бачыць, калі з аўтатранспарту ляцяць паперкі, пакеты, акуркі і нават шкляныя бутэлькі. Прыкра, калі "асабліва актыўныя" турысты ў час паходаў паляць вогнішчы, ставяць палаткі без аглядкі на тое, што шкодзяць прыродзе (галоўнае – каб ім зручна было!), ядуць, а раніцай пакідаюць горы смецця з думкай, што яно згніе ці нейкім чынам знікне само па сабе…

На маю думку, экатурызм – гэта адказнае ў экалагічным плане падарожжа, якое вучыць чытаць кнігу прыроды, дазваляе атрымліваць асалоду ад сузірання культурна-гістарычных славутасцей роднага краю. Ён павінен садзейнічаць ахове прыроды.

Такое вызначэнне зусім не суадносіцца з тым, што адбываецца цяпер. Вы, напэўна, заўважалі, як турысты спрабуюць "адкалупаць" ад архітэктурнага помніка "сувенір", думаючы, што яны адны такія. З-за такога "калупання", між іншым, Парфенон у Афінах ледзь не рухнуў. Ці іншая забаўка турыстаў: пакідаць свае "аўтографы" на помніках архітэктуры ў выглядзе графіці, выразаць ініцыялы на дрэве.

На мой погляд, галоўная небяспека сёння ў тым, што на сустрэчу з прыродай ідзе "дзікі", неарганізаваны турызм. Ну каму прыйдзе ў галаву паіць алкаголем жывёл? Турысту! Бачыла сама, як у Белавежскай пушчы ля вальераў два турысты паілі віскі… дзіка і рагаталі пры гэтым на ўвесь лес! Дзе розум?!

На жаль, далёка не ўсе мы, людзі, здольныя на культурны адпачынак. Усё цяжэй становіцца падтрымліваць нават запаведныя тэрыторыі ў належным стане з прычыны антрапагеннага ціску. Турызм і прырода ўступаюць у канфлікт. Пры гэтым турызм наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю і прыродным рэсурсам.

Дапускаю думку, што асобны турыст аказвае нязначнае ўздзеянне на прыроду. А калі іх многа і яны дбаюць толькі пра сябе? Так што хоць турызм і выступае значнай крыніцай даходаў, але з ім звязаны сур’ёзныя праблемы экалагічнага характару. Замоўчваць іх – злачынства!

Сёння кожны чалавек павінен дакладна ўяўляць сабе, што прырода мае патрэбу ў абароне ад… "дзікага" турызму. Многія парушэнні экалагічнага балансу распазнаюцца занадта позна. Турыстаў трэба выхоўваць. Пераканана: нельга быць абыякавым да прыроды!

Марыя БАЛЮК, студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта