Глядзець на птушак з дапамогай GPS

Іна ХОМІЧ, газета "Брестский курьер", 21.05.2014

Удзельнікі семінара ў Залессі. Крайні справа - уласнік аграсядзібы Сяргей Сідарук

Сяргей Сідарук, уласнік аграсядзібы ў Пружанскім раёне, лічыць, што за экатурызмам – будучыня. Цяпер пры падтрымцы амерыканскага фонда USAID ён збіраецца паказаць гэта ўсім ахвотным. І першымі ахвотнымі сталі такія ж, як ён, гаспадары аграсядзіб, зацікаўленыя ў прыцягненні "зялёных" турыстаў.

Праект USAID "Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё", які рэалізуецца ПРААН (Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый), падтрымаў шматлікія дробныя бізнэс-ініцыятывы на Берасцейшчыне і Гродзеншчыне. Ініцыятыва Сяргея Сідарука па развіцці экатурызму ў рэгіёне Белавежскай пушчы ўваходзіць у лік падтрыманых. Цягам паўгода ў пружанскім Залессі, дзе Сяргей трымае сядзібу, будуць праходзіць разнастайныя мерапрыемствы, звязаныя з экатурызмам, – моладзевы летнік, мерапрыемства для пажылых людзей, два фэсты.

Але распачаў праграму семінар для гаспадароў аграсядзіб, што ўваходзяць у дэстынацыю "Белавежскі тракт". Сяргей Сідарук падзяліўся з калегамі вялікім вопытам прымання замежных натуралістаў і прэзентаваў сваю ідэю - прыклад экалагічнай сцяжыны, па якой турысты могуць хадзіць без правадніка, выкарыстоўваючы адмысловы GPS-навігатар. Ідэя знайшла як прыхільнікаў, так і крытыкаў. Хтосьці з гаспадароў выказаўся, што ўнураны ў экран прыбора турыст не будзе бачыць прыгажосці навакольнага свету, а хтосьці зазначыў, што ва ўмовах, калі гаспадару "нельга разарвацца", заняць людзей такім чынам вельмі зручна. Хаця, здаецца, абодва бакі сыходзілі з пазіцый турыста, які прыехаў у вёску проста адпачыць ад горада. Віртуальная экасцяжына ж больш разлічана на бёрдуочараў, ці назіральнікаў за птушкамі, якія едуць паглядзець на канкрэтныя месцы жыхарства птушыных відаў. Паколькі ўсе яны звычайна цікавяцца тут аднымі і тымі ж рэчамі, то чаму б не зрабіць з гэтага ўніверсальны віртуальны маршрут?

З другога боку, навошта так факусавацца на бёрдуочарах – вузкім сегменце "зялёнага" турызму? Насамрэч, па словах Сяргея, гэта вельмі перспектыўная група спажыўцоў турпрадукту – і адна з самых грашавітых. Назіранне за птушкамі – вельмі папулярны занятак у Заходняй Еўропе, і туры з такой тэмай такія ж запатрабаваныя, як паляўнічыя, напрыклад. А Беларусь, якая, у адрозненне ад Еўропы, не паспела асушыць усе балоты, з’яўляецца месцам, куды ездзяць даволі актыўна. Толькі ў Залессе вясной прыязджае 3-4 групы на тыдзень. Праблема тут адна – недахоп кваліфікаваных кадраў у сферы агратурызму. Еўрапейскія фірмы-пасярэднікі, якія накіроўваюць сюды сваіх кліентаў, непазбежна адчуваюць голад на людзей, якія маглі б па-англійску правесці спецыялізаваную экскурсію па лесе ці балоце, хоць апошнім часам сітуацыя пакрысе пачынае мяняцца ў лепшы бок.


Адзін з пунктаў маршрута - вёска Юзэфін і яе аапошні жыхар (справа)

Па абмеркаваннях падчас семінара можна было зразумець, што гаспадары іншых пушчанскіх аграсядзіб ужо сутыкаліся з натуралістамі і эколагамі, гатовыя працаваць з імі далей, але ведаў, як гэта правільна рабіць, усё ж пакуль не хапае. Было б у каго спытаць - вучыцца дробныя бізнэсоўцы будуць ахвотна.

Автор: Іна ХОМІЧ (фота аўтара)



Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта