Мiкрараён «савіны»

Анатоль КЛЯШЧУК, газета "Звязда", 02.04.2014

Палявы лагер «Начныя жыхары лясоў», які штогод праходзіць на ўскрайку балота-заказніка «Дзікое», сёлета пачынаўся на Саракі — народнае свята чакання птушак. Яго ўдзельнікі сталі міжвольнымі сведкамі вяртання з выраю нашых крылатых суседзяў.

На вачах прыродалюбаў зямля быццам прачыналася. Яе абуджала дружнае птушынае шматгалоссе з пранізлівымі жураўлінымі клікамі, радаснымі спрэчкамі драздоў, звонкімі спевамі шпакоў і жаваранкаў, вітальнай песняй гусіных шнуроў з паднябесся. А чаго варты быў хвалюючы момант буслінага вяртання, калі птушка зрабіла піруэт над сваім гняздоўем і напоўніла наваколле моцным і радасным клёкатам: я вярнулася! Нездарма кажуць, што ў гэты дзень вяртаюцца сорак выраяў.

Нават само балота Дзікое з яго паслязімовай аднаколернасцю ўжо не здавалася гэткім непрыветным, дзікім, глухім. Днём раней яно было сцішаным і маўклівым, а цяпер гаманіла і спявала.

Гэты імклівы надыход вясны заспеў удзельнікаў лагера не з пустымі рукамі: птушак ужо чакалі некалькі гатовых хатак, падобных на шпакоўні, ішла бойкая работа над новымі драўлянымі канструкцыямі. Гаспадарамі незвычайных новабудоўляў павінны стаць совы і сычыкі. Стварэнне новых домікаў і пляцовак для гнездавання савіных відаў якраз і з’яўлялася адным з праграмных мерапрыемстваў лагера «Начныя жыхары ляСоў». Не давялося сумаваць маладому арнітолагу Дзянісу Кіцелю (на фотаздымку), для якога вывучэнне соў з’яўляецца ці не асноўным заняткам жыцця. Ён ладзіў майстар-класы па развешванні домікаў, праводзіў лекторыі і вадзіў групы па балотных дарогах.

Сёлетні савіны лагер на балоце Дзікое праходзіў пры ўзаемадзеянні вядомых прыродаахоўных устаноў — Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», Брэсцкага аддзялення «Аховы птушак Бацькаўшчыны» і аграэкасядзібы «Залессе», гаспадаром якой з’яўляецца арнітолаг-аматар Сяргей Сідарук. На чатыры дні бязлюдная вёска на ўскрайку вялікага балотнага масіву пераўтварылася ў навуковы і практычны цэнтр арніталогіі. Пазнавальная праграма паклікала гасцей з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Масквы і Нагінска, Санкт-Пецярбурга і нават Екацярынбурга.

— На Дзікое ўжо другі раз мяне паклікала мара ўбачыць барадатую кугакаўку, і цяжкай дарогі па балоце я не спалохалася, наадварот, была пад вялікім уражаннем ад экскурсіі, — прызналася ўдзельніца лагера, студэнтка 5-га курса біялагічнага факультэта БДУ Настасся Кузьмянкова. — Калі не пашанцуе ўбачыць гэтую саву, прыеду сюды зноў!

Настассі ўсё ж пашанцавала: надвячоркам таго самага дня на Саракі на адлегласці 15-20 метраў яна ўбачыла птушку сваёй мары і некалькі хвілін назірала за яе паводзінамі. Сваімі ўражаннямі пра лагер у Залессі Настасся збіраецца падзяліцца ў часопісе «Птушкі і мы». А ў птушках дзяўчына ўжо ведае толк, паколькі арніталогія — яе будучая прафесія. У спісах яе ўласных падлікаў ужо адзначана 160 з 200 відаў беларускага птаства.

Форма працы аграэкасядзібы «Залессе» цалкам адпавядае яе неафіцыйнай назве «савіная вёска». Бадай, як нідзе ў Беларусі, тут знаходзіцца адна з найбольшых савіных папуляцый, што, у сваю чаргу, сведчыць пра добра захаваны экалагічны асяродак і адпаведныя біятопы. У большасці беларусаў балота Дзікое па-ранейшаму асацыюецца з тэрыторыяй для вяртлявай чаротаўкі. Цяпер, дзякуючы гучным экалагічным мерапрыемствам, балота на паўночнай ускраі не Белавежскай пушчы набывае вядомасць і савінай тэрыторыі. Невыпадкова брэсцкі жыхар Сяргей Сідарук у амаль бязлюднай вёсцы набыў некалькі пустуючых хат, каб аграсядзіба стала таксама і навуковай базай па ўліку соў і правядзенні адукацыйна-пазнавальных летнікаў.

Адну з птушыных хатак, зробленую па адпаведным чарцяжы рукамі дзяўчат з Расіі і аздобленую іх памятным аўтографам, удзельнікі аднеслі на невялікае верхавое балотца на ўскрайку лесу. Дзяніс Кіцель прадэманстраваў свой спрыт: забраўся на дрэва і замацаваў на вышыні «кватэру»для вераб’інага сычыка. Лёгкасць караскання па дрэвах тлумачыцца вялікім вопытам: больш за дзве тысячы разоў арнітолаг залазіў на дрэвы, вывучаючы жыццё птушыных драпежнікаў. З лёгкай рукі Дзяніса большасць створаных ім штучных платформаў і хатак засяляюцца птушкамі. Давядзецца Кіцелю развешваць і астатнія «апартаменты», зробленыя падчас працы лагера — і для махнаногага сыча, і для савы-сіпухі, і для вушастай савы. Вага некаторых гэтых «шпакоўняў» больш за 10 кілаграмаў — паспрабуй усцягні!

— Безумоўна, мы і самі будуем шмат пляцовак і домікаў для птушак, але, зробленыя рукамі ўдзельнікаў, яны ілюструюць непадробную цікавасць моладзі да экалогіі, яе спасціжэння і захавання. Некаторыя з іх раней ніколі не бачылі балота, — кажуць арганізатары Сяргей Сідарук і Дзяніс Кіцель. — Нават дзяўчаты, якія дагэтуль не трымалі ў руках малаткоў, тут захоплена працавалі са сталярным рыштункам і выказалі вялікае жаданне прыехаць на наступны год альбо ўвосень — на«Савіны фэст».

Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара. Пружанскі раён


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта