Белавежская пушча: ад часоў Ягайлы - да поўнай запаведнасці

Ганна Валынец, интернет-сайт "Белорусский зеленый портал", 06.03.2014

Паляванні князёў, асушэнне і аднаўленне балот, прызнанне ЮНЭСКА і будучыня Пушчы пасля прыняцця паправак у Лясны кодэкс.

Гладкая дарога ў запаведны лес

Калі асфальт гладкай дарога раптам прывядзе да сцяны цёмна-зялёнага леса, вы апынецеся ў зусім іншым свеце – у свеце 500 зуброў і дубоў, якім ужо каля паў века, трохсотгадовых сосен, елак і ясеняў. Белавежская пушча – невялікая захаваная частачка стражытнага лесу, які колісь рос ад Балтыйскага мора і да самога Буга.

Пушча пачала ахоўвацца аж з 1409 году, калі Ягайла вырашыў, што паляваць там можа толькі ён ды яго брат Вітаўт. Іронія ў тым, што аберагалі яе для паляванняў, каб больш было зуброў. Палююць у Нацыянальным парку і зараз, але мала і гэта досыць дорага.


70% Белавежскай пушчы – запаведны лес (ад 2012 г., калі запаведная тэрыторыя павялічылася). 3,4% - прырода, якую не кранала рука чалавека, абсалютна запаведная тэрыторыя, прызнаная аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Нацыянальны парк займае амаль 153 гектары, і яшчэ каля 60 гектараў знаходзіцца на польскай тэрыторыі.


62 віды раслінаў, што растуць на тэрыторыі Белавежскай пушчы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Самыя рэдкія - скальны дуб і белая піхта – абсалютныя релікты. Там жа жыве больш за 10 тысяч відаў жывёл, у тым ліку 64 віды птушак, якія таксама пад аховай Чырвонай кнігі.

Экс-партыйны лясны рай прымае турыстаў

Белавежа – апошні вялікі лес Еўропы. Яна бачыла і ВКЛ, і Рэч Паспалітую, роўна як і Напалеона cа Сталіным. Ва ўсе часы была вельмі палітызаваным аб’ектам. Там праводзілі элітарныя паляванні, і там жа ў паляўнічай рэзідэнцыі ў 1991 годзе Ельцын, Шушкевіч і Краўчук паклалі канец СССР.

Да сярэдзіны 90х гадоў турысту, каб праехаць праз пушчу, трэба быў дазвол дырэктара, а каб паночыць – згода з боку Кіравання справамі Савета Міністраў. А былы яе навуковы супрацоўнік аж 8 месяцаў афармляў паперы, каб уладкавацца туды на працу напачатку 90х гадоў.

Магчыма, так было, бо на адным ускрайку пушчы месціўся вузел сувязі краін Варшаўскай дамовы, на іншым – камандны пункт АУС. У адным толькі Пружанскім раёне было 32 вайсковыя часткі: і стратэгічныя войскі, і нават аэрадром.

Сёння ў Белавежскую пушчу уваход адкрыты для ўсіх, і за 9 год (да 2012) яе наведала больш за 800 тысяч турыстаў. А Беларусь зарабіла на іх у 2013 годзе каля 31 мільярда беларускіх рублёў (каля 3,2 мільёнаў даляраў ЗША).

Асушэнне, узнаўленне і гандаль балотамі

Самы стары і адметны з лясоў на Беларусі і Польшчы мае і свае праблемы. Як, напрыклад, некаторыя нюансы захавання самай старажытнай часткі лясоў (тыя 3,4%), ці колішняе безгаспадарчае стаўленне да пушчы і наступствы меліярацыі, праведзенай у савецкія часы.


Праз савецкую меліярацыю узровень грунтовых водаў тут знізіўся на 0,5 – 1,5 метра. І цяпер тут праводзяцца працы па аднаўленню асушаных балот і дробных рэчак. Гэтым займаюцца як грамадская арганізацыя "Ахова птушак бацькаўшчыны" пры падтрымцы Фонда "Coca-cola" і Каралеўскага таварыства аховы птушак (Англія), так і Інстытут эксперыментальнай батанікі, і сам Нацыянальны парк.

Ёсць у пушчы і шмат балотаў, якія не трапілі пад меліярацыю. У дзевяностыя ў яе склад ўвайшло набытае "АПБ" балота Дзікае, якому каля 6 тысяч гадоў (тэрыторыя Свіслацага і Пружанскага раёнаў 21,7 тысячы гектараў). Менавіта гэтае балота забяспечвае лясы пушчы вадой.

"Ніхто не дасць гарантый, што заўтра не прыйдзе чарговы Бамбіза са сваім валюнарызмам"

Што тычна безгаспадарчасці, то зараз сітуацыя выправілася ў параўнанні з тым, што адбывалася, напрыклад, у 2007 годзе і раней. А сёння будучыню пушчы часткова вызначае Лясны кодэкс, папраўкі ў які могуць быць унесеныя неўзабаве. Паводле экспертаў, каштоўныя лясы могуць трапіць у складаную сітуацыю.

Георгій Казулька, кандыдат біялагічных навук і эксперт па лясной сертыфікацыі FSC, даў каментар датычна таго, як ён бачыць сітуацыю Пушчы ў будучыні, калі папраўкі ў Кодэкс будуць прынятыя.

"У адносінах суцэльных санітарных высечак "у пушчы ніколі не было праблемаў, за выняткам невялікага перыяду "бамбізма". Ды й тое ён не далі іх весці", - кажа Георгій.

Больш яго непакоіць зніжэнне ступені ахоўнасці асабліва ахоўваемых тэрыторый і іншых зон.

"Тут ёсць пэўная пагроза. Сёння там строгі рэжым па абмежаванню высечак, а ў адпаведнасці са зменамі у Лясным кодэксе, гэты рэжым паніжаецца і рашэнне ўжо будуць прымаць мэнэджэры – тыя, хто плануе высечкі. А гэта ўжо суб’ектыўны фактар", – удакладняе эксперт. – Я так разумею, гэта спроба зрабіць больш гнуткай сістэму магчымага павелічэння планаў высечкі драўніны. Таму што задача атрымання большага фінансавага прыбытку ў краіне пастаўленая."

І таму на першым плане, на думку Георгія, рызыка, звязаная з сістэмай кіравання і падбора кадраў.

"Ніхто сёння не дасць гарантый, не прапісана ні ў якім заканадаўстве, што заўтра ў Белавежскую пушчу не прыйдзе чарговы Бамбіза са сваім валюнарызмам", – дадае Георгій.

Ганна Валынец спецыяльна для Беларускага Зялёнага Партала
па матэрыялах 90s.by npbp.brest.by, bp21.org.by, ggcbs.gomel.by


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта