Лесничий в третьем поколении Евгений Лукша: «Мы умели жить в согласии с природой»

Галіна Каляда, интернет-сайт " Пружаны. Раённыя буднi", 11.01.2014

Чалавек, які вырас сярод лесу, з маленства навучыўся жыць у згодзе з прыродай, далейшага свайго жыцця без пушчы не ўяўляе, — перакананы заслужаны лесавод Беларусі, былы ляснічы Нікарскага лясніцтва Яўген Уладзіміравіч Лукша. Патомны лесавод: служэнню Белавежскай пушчы прысвяцілі свае жыцці дзед і бацька Яўгена Уладзіміравіча, звыш сарака гадоў аддаў ахове лесу ён сам, па слядах яго пайшлі і сыны, — сёння адзначае свой васьмідзесяцігадовы юбілей.

— Цяжка сказаць, — успамінае Я.У.Лукша, — чаму я навучыўся перш – араць, касіць ці паляваць. Пасляваеннае дзяцінства цяжкім было. Родную вёску Язвін, у самым цэнтры пушчы, падчас Вялікай Айчыннай вайны спалілі немцы. У 1945 годзе бацька і яшчэ некалькі вяскоўцаў пачалі адбудоўвацца зноў. Лес і балота кармілі людзей. Памятаю, як каля рэчкі ўзводзілі адрынкі – спецыяльныя збудаванні, дзе захоўвалі нарыхтаванае на зіму сена. Яго вывозілі толькі тады, калі ваду скоўваў лёд. А колькі было звяроў! І людзі іх не баяліся, умелі жыць у згодзе з прыродай. Таму нідзе, акрамя як у пушчы, Яўген Уладзіміравіч свайго жыцця і працы не ўяўляў. Пасля заканчэння школы пайшоў працаваць лесніком у Язвінскае лясніцтва. Хутка прапанавалі пасаду памочніка ляснічага. А неўзабаве – і ляснічага. Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся санітарныя рубкі лесу, людзі змагаліся з наступствамі ветравалу, ахоўвалі лес і звяроў. Летам нарыхтоўвалі для лясных жыхароў сена, збожжа, бульбу. Зімой гэтыя прыпасы вывозілі ў лес і падкормлівалі звяроў, вялі іх улік.

Аховай, у прыватнасці, зуброў і іх улікам у Белавежскай пушчы займаўся яшчэ прадзед — царскі ляснік. У Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі захоўваецца запіска ўпраўляючага дзяржаўнай маёмасці Гродзенскай губерні ад 12 студзеня 1872 года, у якой паведамляецца аб праведзеным зімовым уліку гэтых велічных звяроў. На той момант у пушчы налічвалася 429 старых і 31 малады зубр.

Працу ў лесе Яўген Уладзіміравіч лічыць вельмі пачэснай.

— Захоўваць прыроду для нашчадкаў – вось высакародная справа, якой варта прысвяціць жыццё, — сцвярджае ён. — Хаця работнік лесу можа і не ўбачыць вынікаў сваёй працы. Я, напрыклад, рабіў санітарную рубку лесу, які яшчэ мой дзед садзіў.

Так і пра Я.У.Лукшу яшчэ доўга людзі будуць гаварыць: гэты лес ён садзіў і абараняў ад шкоднікаў, тут праводзіў падкормку звяроў, клапоцячыся аб іх паспяховай зімоўцы. Аднак плён нашага паважанага земляка быў заўважаны яшчэ ў далёкім 1972 годзе, калі выдалася асабліва лютая зіма з неверагоднымі снежнымі завеямі і моцнымі маразамі.

— Снегу тады ў пушчы было столькі, — успамінае былы ляснічы, — што нагнутыя вершаліны дрэў быццам зрасліся з іх падножжам, пакрытыя суцэльнай снежнай коўдрай. Аднак найгорш было для дзікіх звяроў, якія па такім глыбокім снезе наогул не маглі рухацца. Для многіх з іх наступіла сапраўдная пагібель. Не маглі заехаць у лес, каб развезці корм дзікім звярам, і работнікі лясніцтва. Тады па дапамогу вырашылі звярнуцца да камандзіра бліжэйшай вайсковай часці. Ён і выдзеліў для расчысткі прасек ад снегу магутны “БАТ” – машыну, пераабсталяваную на базе танка Т-34. Тады мы расчысцілі дзясяткі кіламетраў прасек. І пасля ўжо коньмі, запрэжанымі ў сані, развозілі па іх сена і збожжа для звяроў.

Пра бедства для насельнікаў Белавежскай пушчы, выкліканае небывалым снегам, стала вядома ў Маскве. Тады дзеля высвятлення сітуацыі і быў накіраваны ў Нікарскае лясніцтва карэспандэнт газеты “Правда”. Яўген Уладзіміравіч дагэтуль з усмешкай успамінае, якімі поўнымі здзіўлення і захаплення вачыма той журналіст глядзеў на статкі аленяў і гурты дзікоў, што карміліся на прасеках, не зважаючы нават на людзей. А неўзабаве ў газеце “Правда” з’явіўся вялікі артыкул, на ўсю старонку, у якім, акрамя падрабязнага аповеда пра становішча спраў у Белавежскай пушчы на прыкладзе Нікарскага лясніцтва, расказвалася і пра тое, што там робіцца ўсё магчымае для выратавання дзікіх звяроў.

Наогул, да Нікарскага лясніцтва заўсёды была пільная ўвага. На яго тэрыторыі размяшчаецца вядомая рэзідэнцыя “Віскулі”, якую наведвалі высокапастаўленыя госці. Арганізацыяй паляванняў для іх таксама займаўся найперш ляснічы.

Я.У.Лукша ўспамінае, што прыязджалі не толькі кіраўнікі Беларусі, крамлёўскія лідары, кіраўнікі кампартый Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі, Кубы, ГДР. Многія з жонкамі. Але, нягледзячы на высокі статус гасцей, яны выконвалі правілы палявання і адстрэльвалі звяроў толькі з дазволу работнікаў лясніцтва. Звяроў у пушчы было мноства, таму ў парадку рэгулявання іх колькасці дазваляўся селекцыйны адстрэл. Праўда, не абыходзілася і без казусаў. Аднойчы, калі выпадкова стрэліў карабін аднаго з такіх высокапастаўленых паляўнічых прама ў кабіне легкавушкі, ляснічаму строга было сказана: нягледзячы на асобы, заўсёды патрабуй ад іх выканання тэхнікі бяспекі.

На паляванне ў пушчу прыязджалі самыя вядомыя ў той час у БССР і СССР дзеячы. Аднак, як успамінае Яўген Уладзіміравіч, у пераважнай большасці гэта былі вельмі простыя людзі, якія падчас адпачынку, адхіліўшы заморскія напоі і закускі, маглі пажадаць вясковай ежы і гарэлкі. А Пётр Міронавіч Машэраў наогул сам любіў пачаставаць арганізатараў палявання і ніколі не скупіўся на падзякі. “Дзякуй за службу”, — неаднаразова чуў і асабіста Я.У.Лукша.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, іншы раз бярэ ў рукі стрэльбу Яўген Уладзіміравіч і зараз. Як і раней, самым захапляльным лічыць паляванне на ваўка. З павагай ставіцца да захаплення і мінулых заслуг былога ляснічага цяперашняе кіраўніцтва Нікарскага лясніцтва. Таму запрашае на паляванні. Ён з удзячнасцю іх прымае, бо лічыць ваўка крывавым драпежнікам. Нават калі воўк сыты, ён усё роўна будзе знішчаць здабычу, якая трапляе на шляху. Калі ад такіх “санітараў лесу” пакутуюць іншыя звяры, перакананы вопытны паляўнічы, неабходна ўжо ўмяшацца чалавеку. У свой час ён асабіста ўпаляваў больш за дваццаць ваўкоў. Тады толькі на тэрыторыі лясніцтва іх за зіму дзясяткамі знішчалі, а зарэзаных ваўкамі аленяў усё роўна менш не станавілася…

Як сапраўдны гаспадар, ляснічы Я.У.Лукша яшчэ да пачатку рабочага дня паспяваў палову лясніцтва аб’ехаць, каб ведаць усё, што робіцца на запаведнай тэрыторыі, за якую быў у адказе. Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву, Нікарскае лясніцтва заўсёды выконвала даведзеныя планы і заваёўвала прызавыя месцы. За гэта Я.У.Лукша мае шэраг узнагарод. Аднак самае каштоўнае – добрая слава, якую сваёй самаадданай працай здабыў шчыры абаронца прыроды Яўген Уладзіміравіч Лукша не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі.

Нягледзячы на тое, што цяпер адказваць яму даводзіцца хіба што за сваіх гадаванцаў – сабаку і катоў, за становішча спраў у лясніцтве спакойны. Лічыць, што на яго месца прыйшоў дастойны кіраўнік. Аляксандр Міхайлавіч Пекач, як некалі сам Яўген Уладзіміравіч, па-ранейшаму штораніцы “інспектуе” сваё лясніцтва, а значыць, як гаспадар, ведае там усё!

Зараз Белавежская пушча стала больш адкрытай для турыстаў. Яе веліччу і прыгажосцю можа палюбавацца кожны жадаючы, а заадно набрацца сілы, якую дае яго Вялікасць лес, захаванню і аднаўленню якога прысвяціў сваё жыццё ганаровы лесавод Яўген Уладзіміравіч Лукша. Няхай жа цяпер удзячная пушча дорыць шаноўнаму юбіляру моцнае здароўе і бадзёрасць на доўгія гады!

Галіна Каляда, фота аўтара.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта