Цуд на Палессі, Ражкоўскі цуд

Павел Севярынец, газета "Наша нiва", 04.12.2012

Артыкул пра ўратаваньне вёскі Ражкоўка ў 1942 годзе ад нямецкай карнай апэрацыі. -

--------------------------

У нетрах Белавежскай пушчы, на адлегласці мігцення начнога маяка з Камянецкае Белае вежы, ёсць вёсачка. Вецер там заблытваецца і сціхае ў найгусцейшым вецці, хаты тонуць у туманах да комінаў, спеўныя і драпежныя птушкі робяць у небе кола, выглядваючы чалавечую выспу сярод хваляў вечнага лесу, і высакародныя алені прыходзяць на падвор’і — пяшчотнымі цёплымі вуснамі падбіраць залатыя яблыкі.

Вёсачку клічуць Ражкоўка

У верасні 1942 савецкі самалёт скінуў тут парашутыстаў-дыверсантаў. Немцы не ўпалявалі аніводнага, але ў перастрэлцы загінула двое патрульных. Парашутысты зашыліся ў пушчу — ведама, далучыліся да партызанаў (потым такія на заданне Масквы адстрэльвалі тутэйшых камандзіраў-незаkежнікаў, каб падначаліць рух камуністам). А жыхароў вёсачкі сагналі разам, 57 сем’яў, і — па сотні за забітага жаўнера — павялі забіваць.

Дзяцей аддалі ў бліжэйшае мястэчка, падлеткаў і моладзь падрыхтавалі для адпраўкі чыгункай у Нямеччыну… Мужчынам загадалі капаць велізарную яму — два метры глыбіні, чатыры метры шырыні і дваццаць чатыры метры даўжыні.

Гэтая магільная яміна агаломшана зеўрае там і дагэтуль.

28 верасня 1942, разявіўшы пашчу, яна ўбачыла ўсё. Расставілі кулямёты. Зачыталі загад: «За дапамогу бандытам і перахоўванне савецкага парашутыста»…

Ашчэраная, гатовая скаўтнуць яшчэ цёплыя, ссечаныя кулямі целы, яна прымружылася… І раптам убачыла ў небе самалёт з нямецкімі крыжамі. Той пачаў зніжацца, зрабіў кола і прызямліўся на ўзлеску.

Ражкоўцы стаялі на краі ямы. Плакалі. Маўчалі. Маліліся… А з самалёта вылез афіцэр, падышоў да зондэркаманды, прад’явіў там свае дакументы і папрасіў дзве гадзіны пачакаць.

Нават яме, страшнай яме два метры глыбінёй, чатыры метры шырынёй і дваццаць чатыры метры даўжынёй, за гэтыя дзве гадзіны звяло сківіцы.

Афіцэр аказаўся егерам Герынга, адкамандзіраваным для ўладкавання ўзорнай паляўнічай гаспадаркі Райха ў Белавежскай пушчы, роўна праз дзве гадзіны прывёз расстрэльнай камандзе новае распараджэнне са штаба.

І здарыўся цуд

Вяскоўцаў распусцілі па дамах. Дзяцей і моладзь вярнулі бацькам. Толькі яму засыпаць не дазволілі: маўляў, будзеце дапамагаць партызанам — прысуд уступіць у дзеянне. Нямецкі афіцэр прыехаў у ацалелую Ражкоўку праз два тыдні. І прывёз з сабой выразаную з дрэва выяву Мадонны, расфарбаваную сінім, чырвоным і залатым, з Дзіцём у белым. На ягоную замову паводле падрабязнага апісання скульптурку зрабіў паранены жаўнер вермахта ў шпіталі.

— Вось што я бачыў у небе, калі пралятаў над вамі, — тлумачыў немец праз перакладчыка. — Мадонна паказвала на зямлю, дзе былі вы. Калі б не Яна, я б не прызямліўся. Яна сказала мне спыніць расстрэл.

За некалькі месяцаў ражкоўцы сваімі сіламі пабудавалі ў вёсцы царкву і памясцілі туды выяву Марыі. Зробленую немцам. Некананічную. З надпісам «28.9.1942». Ужо ў 2000-х, пасля адбудовы епархіі, царкоўныя ўлады распарадзіліся напісаць адмысловы абраз, згодна з праваслаўнымі канонамі, і дзенідзе на Палессі пачалі пераймаць традыцыю: Маці Божая Ражкоўская.

Цуд відавочны. Як не паверыш? З’ездзіце, самі паслухайце, пераканайцеся: не казка. Яшчэ жывыя сведкі ды іх нашчадкі. Выява Мадонны з Маленькім у Царкве. Яма на ўскрайку вёскі. І алені ўсё гэтак жа прыходзяць па залатыя яблыкі — не баяцца людзей…

Што можа сказаць чалавек няверуючы тым, хто быў уратаваны? Галюцынацыя пілота? Збег абставінаў? Гэта ж трэба было асу Герынга ляцець рыхтык там, дзе трэба, у той час, калі трэба, і прымроіць у небе самае тое, што трэба… А як пасля палітрукі ды выкладчыкі навуковага атэізму мірыліся з Ражкоўскім цудам?

У тым і рэч, што ніяк

У Пушчу не лазілі, у царкву не паткнуліся ды зрабілі выгляд, што нічога ў верасні 1942 у той Ражкоўцы не адбывалася. Інакш — давялося б пагалоўна расстрэльваць тых самых ражкоўцаў як непапраўна веруючых ужо самой бязбожнай уладзе.

У Ражкоўскім цудзе ёсць нешта такое, што пераўзыходзіць і нянавісць да нацыстаў ды камуністаў, і бездань нявер’я, і міжканфесійныя спрэчкі.

Які праваслаўны тут адмовіцца прыняць цуд, што прайшоў праз каталіка з Люфтвафэ?.. І які пратэстант абвінаваціць лётчыка ў ідалапаклонстве?..

Мы дзівімся Віфлеемскаму агню. Мы шукаем знакаў веры, рэліквіяў і прарываў у Няведамае ў сеціве і па ўсім свеціве.

А тут — побач…

«Першы раз такое чую».

Дык прыслухайцеся: пачуеце яшчэ і не такое. Як бы ні было страшна ды безнадзейна, якія б магільныя ямы ні прымушалі нас рыць на гэтай зямлі, часцей падымайма вочы да неба. Няма такіх цудаў, каторых дзеля любові да людзей не зрабіў бы ў Беларусі Той, Хто нарадзіўся ў глухім кутку свету, у хляве, ад беднай Жанчыны маленькім безабаронным Дзіцём…

Павел Севярынец, Куплін


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта