
Гутарка з намеснікам Генеральнага дырэктара НП "Белавежская пушча" па навуковай рабоце Васілём АРНОЛЬБІКАМ.
– Васіль Міхайлавіч, што ўяўляе сабой Белавежская пушча з пункту гледжання навукоўца?
– Геаграфічнае становішча, кліматычныя і глебава-гідралагічныя ўмовы забяспечылі багацце і разнастайнасць флоры старажытнага лесу. На параўнальна невялікай тэрыторыі (153 тысячы гектараў беларускай і 60 тысяч – польскай) расце больш за 1 тысячу відаў вышэйшых сасудзістых раслін, каля 560 відаў імхоў і лішайнікаў, 570 відаў вышэйшых шапкавых грыбоў. Гэта – найбольш буйны масіў рэліктавага раўніннага лесу, які ў дагістарычныя часы прасціраўся па тэрыторыі Еўропы. Тут захаваўся ўчастак практычна некранутага першабытнага лесу з надзвычай багатай расліннасцю і жывёльным светам, з прысутнасцю рэліктавых папуляцый раслін і жывёл. Сярэдні ўзрост пушчанскага лесу складае больш чым сто гадоў, максімальны – 200-300 гадоў, а ёсць асобныя дрэвы-веліканы (іх больш за 1 тысячу), што дажываюць да 500-600-гадовага ўзросту (дубы), 250-350 (ясені і сосны), 200-250 (елкі). Сапраўдны скарб парку – мохавыя і травяныя балоты на плошчы ў некалькі тысяч гектараў. Яны рэгулююць газавы састаў атмасферы і гідралагічны рэжым і адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні стабільнасці экасістэм і захаванні біялагічнай разнастайнасці флоры і фаўны пушчы. Апошняй тут – больш за дзесяць тысяч відаў. Свет млекакормячых прадстаўлены 59 відамі, тут каля 250 відаў птушак, 11 – земнаводных, 7 – паўзуноў, 24 – рыб і больш за 9 тысяч відаў насякомых. Стараннямі чалавека адноўлены некаторыя са знішчаных жывёл. І ў першую чаргу – зубр. Флора і фаўна пушчы прадстаўлена значнай колькасцю рэдкіх відаў раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь.
Нацыянальны парк "Белавежская пушча" рашэннем ЮНЕСКА у 1992 годзе ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва, а ў 1993-м яму прысвоены статус біясфернага запаведніка.
– Па якіх напрамках вядуцца навуковыя даследаванні?
– Згодна з распрацоўкай навуковых асноў захавання біялагічнай разнастайнасці прыродных комплексаў пушчы, навуковыя даследаванні вядуцца па васьмі раздзелах і ахопліваюць асноўныя віды флоры і фаўны. Так, падрыхтоўкай новага дасье паўторнай намінацыі трансгранічнага аб’екта Сусветнай спадчыны "Белавежская пушча" разам са мной заняты Дзмітрый Бярнацкі і Вячаслаў Краўчук. Гэтыя ж навуковыя супрацоўнікі, а таксама Жанна Петрыкава даследуюць аднаўленчыя працэсы ў парушаных лясных комплексах пушчы. Група супрацоўнікаў на чале з кандыдатам біялагічных навук Аляксеем Буневічам распрацоўвае мерапрыемствы па доўгатэрміноваму захаванню зубра як біялагічнага віду ў комплексе капытных Белавежскай пушчы. Як вядома, апошні зубр у пушчы быў забіты ў 1919 годзе. Потым быў доўгі шлях адраджэння зубрынага статка, цяпер ён налічвае 415 асобін. Таксама вядзецца вывучэнне ўстойлівага відавога складу і эколага-фітацэнатычнай структуры жывога наглебавага покрыва ў лясных біягеацэнозах, папуляцыйна-біялагічных асаблівасцяў рэдкіх відаў раслін і распрацоўваюцца мерапрыемствы па іх захаванню, вывучаюцца сучасны стан папуляцый дуплагнёзднікаў у экасістэмах пушчы, распаўсюджанне і стан папуляцый ахоўваемых відаў цвёрдакрылых насякомых, дынаміка працэсаў і з’яў у прыродным комплексе лясоў пушчы. Як бачна, спектр навуковых даследаванняў даволі шырокі.
– А што робіцца для таго, каб аднавіць дзеянне дыплома Савета Еўропы?
– Напомню: Нацыянальны парк "Белавежская пушча" быў узнагароджаны дыпломам Савета Еўропы ў 1997 годзе за поспехі ў ахове прыроды. Аднак, праз дзесяць гадоў дзеянне дыплома было прыпынена. Але работа, накіраваная на вяртанне прэстыжнай узнагароды, не спынялася. Паслядоўна рэалізуюцца мерапрыемствы па захаванню прыроднай спадчыны пушчы. У адпаведнасці з рэкамендацыямі спецыялістаў Савета Еў¬ропы, з дапамогай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь распрацаваны на перспектыву доўгатэрміновы план кіравання НП "Белавежская пушча"; гэты дакумент перакладзены на англійскую мову і прадстаўлены экспертам, якія працавалі ў Нацыянальным парку ў верасні мінулага года. Завяршаецца работа па стварэнні новага функцыянальнага заніравання пушчы, што амаль удвая пашырае запаведную частку тэрыторыі – да 57 тысяч гектараў. Плануецца таксама павялічыць тэрыторыю Сусветнай спадчыны да 70 тысяч гектараў на нашай частцы пушчы і да 60 тысяч на польскай. Для параўнання: раней было толькі каля 10 тысяч гектараў агульнай плошчы. Ужо правялі чатыры сумесныя нарады з польскімі навукоўцамі па пытаннях выпрацоўкі комплексу мерапрыемстваў, якія паспрыяюць захаванню каштоўнасцяў пушчы.
– І калі будуць выкананы рэкамендацыі экспертаў Савета Еўропы?
– У лютым будзе здадзена новае намінацыйнае дасье ў камітэт Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, тым самым будуць выкананы рэкамендацыі экспертаў Міжнароднага саюза аховы прыроды. Эксперты ўказалі таксама на магчымасць намінацыі яшчэ па двух крытэрыях – выключна высокай біялагічнай разнастайнасці і значэнні для эвалюцыі відаў і экасістэм.
– Пэўна, працягваецца цеснае супрацоўніцтва з замежнымі калегамі?
– І не толькі з польскімі. Апошнім часам узніклі плённыя сувязі і з германскім нацыянальным паркам "Даліна Ніжняга Одэра". Праграма супрацоўніцтва ахоплівае нацыянальныя паркі трох краін: Беларусі, Польшчы і Германіі. Сама прырода нібыта падказала гэтую ідэю: нямецкі парк з’яўляецца трансгранічным і пераходзіць на польскую тэрыторыю, а Белавежская пушча для нас з палякамі адна. Вызначаны такія асноўныя накірункі сумеснай работы: павышэнне стандартаў кіравання еўрапейскімі ахоўнымі тэрыторыямі, абмен вопытам у галіне аховы і маніторынгу навакольнага асяроддзя, навуковых даследаванняў, турызму, адукацыі студэнтаў і іншыя. А з польскімі калегамі плённае супрацоўніцтва вялося заўжды. Зараз распрацоўваем структуру сумеснага кіравання тэрыторыяй пушчы.
Гутарыў Георгій ПАРАФЯНЮК
Фота Міколы ШУМА
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта