

Хоць сёлета зіма не песціць нас сваім брыльянцістым покрывам, усё ж галоўнае, асабліва для дзятвы, свята года ніхто не адмяняў. І як жа хочацца, каб навагоднім надвячоркам у дзверы пастукаў самы шчодры, справядлівы і добразычлівы персанаж чароўнай пары — Дзед Мароз!
Дастаткова патэлефанаваць у святочнае агенцтва, заплаціць ад дваццаці да пяцідзесяці долараў, і ён разам са Снягуркай пастукае ў дзверы. Дзед Мароз завітвае ў кожны дзіцячы садок і школу, Дом культуры і сельскі клуб, з ім можна сустрэцца ў парку, у час падарожжа па дзіцячай чыгунцы, на ёлцы ля Нацыянальнай бібліятэкі ды і проста на вуліцы. А ці задумваліся вы калі-небудзь, дзеля чаго ён быў прыдуманы?
Людзі прыдумалі Дзеда Мароза, каб пазбавіцца ад страху за будучы ўраджай
Дзядамі ў беларусаў былі духі памерлых продкаў, якія ахоўвалі свой род. Самы магутны з іх з’яўляўся пад Новы год. Ён і стаў правобразам сучаснага Дзеда Мароза. Усходнія славяне ўяўлялі яго ў выглядзе невысокага дзядулькі з доўгай барадой, які бегае па палях і стукам выклікае траскучыя маразы. Вобраз Мароза адлюстраваны ў казках, прыказках і прымаўках. У казках часцей за ўсё Мароз дапамагае таму, хто трапіў у бяду. Калі чалавек правільна сябе паводзіць, Мароз, або больш ласкава Дзедка Марозка адорвае падарункамі.
Прататыпам усходнеславянскага Дзеда Мароза быў дух холаду Траскун, або Студзянец
У літаратуру Дзед Мароз увайшоў з "Казкамі дзядулі Ірынея" Уладзіміра Адоеўскага. Створаны пісьменнікам вобраз Мароза Іванавіча яшчэ не так падобны да сучаснага Дзеда Мароза. З’яўляецца ён вясной, а не пад Раство. Жыве ў скаванай лёдам краіне, увайсці ў якую можна толькі праз калодзеж. Падарункаў не робіць, хоць можа шчодра ўзнагародзіць за добрую работу. У казцы Адоеўскага абрадавы Мароз ператвораны ў добрага, але справядлівага выхавальніка і настаўніка.
Першыя спробы стварыць "каляднага дзеда" былі зроблены ў Расіі ў другой палове ХIХ стагоддзя. Ён павінен быў, як заходні Санта-Клаўс, дарыць падарункі дзецям. Спачатку быў прыдуманы "стары Рупрэхт", пазней у розных крыніцах упамінаецца святы Мікалай, або дзядуля Мікалай. Але яны ў якасці чакаемых персанажаў не прыжыліся. Знаёмы нам вобраз Дзеда Мароза складваецца да пачатку ХХ стагоддзя. Атрымліваецца, што ўзрост Дзеда Мароза — сто гадоў.
Так нашы продкі папярэджвалі сваіх дзяцей аб тым, што, выйшаўшы на мароз лёгка апранутым, можна захварэць
Словы "зюзнуць", "зюзіцца", "азызнуць", што значыць змерзнуць на холадзе, увайшлі ў нашу мову дзякуючы Зюзю, якога нашы прадзеды ўшаноўвалі як бога зімы. Ён быў увасабленнем зімовай сцюжы і марозу. Сёння Зюзя Паазерскі — галоўны канкурэнт Дзеда Мароза.
Зюзя, згодна з паданнямі — дзядок наравісты, суровы, нізкага росту, з белымі валасамі ды доўгай сівой барадой. Жыве ў лесе, ходзіць басанож, без капелюша, у белым кажуху. У руцэ трымае жалезную булаву, якой б’е па пні, тым самым спыняючы траскучыя маразы. Верылі, што большую частку зімы ён праводзіць у лесе, але часам наведвае вёскі, прыносячы туды моцную сцюжу. На Каляды яму абавязкова пакідалі частку святочнай вячэры і прамаўлялі: "Зюзя на дварэ — куцця на стале". Ды і першая лыжка кашы звычайна кідалася за акно. Няхай толькі не спадабалася яна ганарліваму старому — закруціць такую завіруху, што свету белага не ўбачыш.
Паглядзець, як выглядае сучасны Зюзя Пааазерскі, можна ў яго сядзібе, што ў Пастаўскім раёне.
Так завуць роднага брата Дзеда Мароза, які нядаўна пасяліўся ў Іўеўскім раёне
Прозвішча сваё новаспечаны Дзед Мароз атрымаў ад назвы Налібоцкай пушчы, з якой мяжуе Іўеўскі раён. Той, хто зазірне да Зімніка ў госці, апынецца ў чароўнай казцы. Кажуць, калі адважыцца прайсці па лясным гушчары, можна знайсці незвычайныя кветкі, якія абавязкова павінны прынесці таму, хто іх знайшоў, шчасце і ўдачу ў наступным годзе. Але каб знайсці іх, патрэбна пераадолець мноства перашкод: мядзведзеву бярлогу, хатку Бабы-ягі, логава Лешага. Іх насельнікі могуць прычыніць нямала перашкод. Але дзед Зімнік і баба Завіруха абавязкова дачакаюцца і дзяцей, і дарослых да сябе ў госці, каб разам павадзіць карагоды і паглядзець спектакль "Навагоднія прыгоды Шапакляк і яе сяброў".
Свой Дзед Мароз нядаўна з’явіўся і ў Дзяржынскім раёне
У экалагічным цэнтры "Станькава" распачалася свая навагодняя праграма. Гэта дэбют для мясцовага Дзеда Мароза. Спецыяльна для яго пабудавалі сядзібу. У яго памагатыя — Снегавік, Снягурка і іншыя казачныя персанажы. Яны будуць гасцяваць тут аж да 20 студзеня.
Распаўсюджанасці Дзедаў Марозаў у Беларусі іншыя краіны маглі б пазайздросціць. У Італіі падарункі на Раство дорыць Фея Бефана. У Фінляндыі ёсць адзін навагодні персанаж — Ёўлупукі, у Амерыцы — Санта-Клаўс. Дарэчы, заходнія сябры Дзеда Мароза не маюць Снягурачак. І не мае значэння, як завуць белабародага дзядулю. Галоўнае, каб усе яны прыносілі ў нашы сэрцы светлую надзею на лепшае і, канечне, салодкія пачастункі. Для таго ж іх і прыдумалі, каб доўгай манахромнай зіме надаць больш яркіх фарбаў, а смакам шакаладу і карамелі хоць крыху падсаладзіць жыццё.
Свая рэзідэнцыя ў беларускага Дзеда Мароза з’явілася ў 2003 годзе
З таго часу наш Дзед Мароз у сваёй сядзібе круглы год сустракае гасцей. Паглядзець на яго толькі за першыя пяць гадоў жыцця ў нацыянальным парку прыехала больш за 340 тысяч турыстаў з сямідзесяці краін свету. Ён, як і многія яго калегі, прымае пісьмы ад дзяцей з пажаданнямі і, канешне, дорыць падарункі. Дарэчы, першапачаткова ў абавязкі ўсходнеславянскага Дзеда Мароза гэта функцыя не ўваходзіла. Наадварот, дзеці дарылі падарункі Дзеду. Падабрэў белабароды персанаж пад уплывам хрысціянскай традыцыі.
Адметнасць Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы ў тым, што ён апрануты ў доўгую шубу да пят, абапіраецца на чароўны посах, не носіць акуляры, не курыць трубку, вядзе здаровы лад жыцця. Адрозніваецца ад мноства сваіх калег тым, што не мае "піўнога" жывоціка. Як і ў многіх яго калег, у яго ёсць памочніца — унучка Снягурачка. Толькі яна на лета ад’язджае да сваёй бабулі матухны-Зімы на Паўночны полюс, а потым зноў вяртаецца да дзядулі.
Марына КУЗЬМІЧ, Рэспубліка
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта