
Учора ў нашай газеце быў надрукаваны цэлы выпуск, прысвечаны Белавежскай пушчы як Нацыянальнаму парку і гаспадарчаму аб'екту, а сёння зноў ёсць нагода згадаць векавы лес. Менавіта тут 20 гадоў таму былі падпісаны дакументы, якія паклалі канец існаванню вялікай краіны пад назвай Савецкі Саюз. Воляй лёсу дыктаваў тыя пратаколы сваёй машыністцы былы дырэктар Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" Сяргей Сяргеевіч Балюк. Яго, на жаль, ужо некалькі гадоў няма з намі.
У мяне захавалася дыктафонная раздрукоўка інтэрв'ю з ім дзесяцігадовай даўніны. Сяргей Сяргеевіч быў ужо на пенсіі, не вельмі добра сябе адчуваў, але згадзіўся на сустрэчу, бо меў патрэбу выказацца: вельмі ж балела ў яго душа.
Балюк 40 гадоў свайго жыцця аддаў пушчы, з іх 16 гадоў працаваў дырэктарам Нацыянальнага парку. З гэтым лесам яго звязвалі асаблівыя адносіны, ён любіў, шанаваў пушчу. І некалькі разоў падчас гутаркі паўтараў: "Ну чаго яны паперліся ў пушчу? Сабраліся б дзе-небудзь пад Масквой, Кіевам ці Мінскам... Навошта гэтаму лепшаму ў свеце, але спазнаўшаму столькі бяды лесу такая слава?"
Аб тым, што рэзідэнцыю Віскулі наведаюць высокія госці, дырэктару пушчы паведамілі за некалькі дзён. Вядома, ён уявіць сабе не мог, для чаго яны едуць. Думаў, лідары рэспублік маюць намер адпачыць, пабавіцца паляваннем, як да гэтага не раз рабілі іх папярэднікі. У Віскулях рыхтавалі гасцініцу, рэстаран, катэджы. Самалёты сталі прызямляцца за дзень да падзеі, у пятніцу на аэрадроме Засімавічы каля Пружанаў.

— Вечарам будучыя кіраўнікі суверэнных краін закусвалі ў рэстаране дзічынай, якую прыгатавалі прывезеныя з Мінска кухары, — успамінаў Сяргей Сяргеевіч. — А супрацоўнікі пушчы ў гэты час расстаўлялі сталы ў вестыбюлі для перамоў. Жырандолі давалі слабое святло, таму яго тэрмінова было загадана ўзмацніць. Вешалі насценныя бра і свяцільні. Належала забяспечыць камфортныя ўмовы для ўдзельнікаў дзелавой гутаркі.
Здавалася, усё было прадугледжана. Але раніцай аказалася, што забыліся пра самае галоўнае: ніхто з дэлегацый не паклапаціўся пра спосаб вырабу дакументаў. Камп'ютараў тады не было, не аказалася ў Віскулях нават пішучай машынкі. І тады Сяргей Балюк паехаў у Камянюкі і забраў з дому (выхадны ж дзень. — С.Я.) сваю сакратар-машыністку Яўгенію Пацяйчук, прыхапіўшы машынку з прыёмнай. Яўгенію Андрэеўну ніхто не папярэдзіў загадзя. Яна разгубілася: як жа ехаць без прычоскі, калі давядзецца працаваць з такімі высокімі асобамі?
Але на яе прычоску там ніхто не зважаў. Цэлы дзень, з ранку да вечара, не ўзнімаючы галавы, яна друкавала дакументы, што сталі асновай для спынення існавання другой супердзяржавы свету. Ёй не дазволілі нават паабедаць, толькі раз-пораз прыносілі чай. А яе непасрэдны начальнік Балюк дыктаваў ёй тэксты. Папер было так многа, іх неслі адну за другой, і без дыктоўкі аднаму чалавеку проста фізічна немагчыма было б справіцца з работай. Ён дыктаваў, і паступова прыходзіла разуменне таго, у што не хацелася верыць. Але за сталом перагавораў усё ішло сваім парадкам, а машынка выбівала гістарычныя радкі.
Тую машынку "Ятрань" адзін з дырэктараў пушчы праз восем гадоў пасля Белавежскіх пагадненняў прадаў у Маскву. Сяргей Балюк назваў яго ўчынак надзвычайным глупствам. Ёй жа самае месца — у пушчанскім музеі. Але і гэты факт ён пазней назаве характэрным, знакавым: новая эпоха, якая прыйшла на змену савецкай, адзначана тым, што гандляваць стала магчыма тым, чым раней не гандлявалі...
А тады глыбокай ноччу дырэктар пушчы прыехаў дадому і пабудзіў жонку: "Надзя, Саюз развалілі, нашай краіны болей няма". Надзея Васільеўна не магла спрасонку зразумець, а потым паверыць, як гэта можна тут, у лесе, краіну разваліць. Аказалася, што можна.
Да канца жыцця захаваў дырэктар пушчы негатыўныя адносіны да ўсіх падпісантаў дакументаў 8 снежня. Асабліва ўзрушыла тое, як пасля падпісання дагавора патэлефанавалі Бушу, нібы справаздачу трымалі аб праведзенай рабоце. А вось пра Нурсултана Назарбаева ён гаварыў з сімпатыяй. Казахстанскі лідар таксама павінен быў прыляцець на той "саміт", але ў апошні момант спаслаўся на анекдатычную для кіраўніка рэспублікі прычыну — недахоп гаручага для самалёта — і не паляцеў.
Цяпер падумалася: можа, таму Нурсултан Абішавіч да гэтай пары пры ўладзе? Яшчэ Напалеона Банапарта папярэджвалі яго разумныя сучаснікі, што ўсялякая рэвалюцыя мае ўласцівасць пажыраць сваіх дзяцей. І ў гэтым чалавецтва магло ўпэўніцца, можа, сотні разоў нават цягам навейшай гісторыі. Многія ідэолагі Кастрычніцкай рэвалюцыі трагічна скончылі свой шлях. А дзе сёння героі Майдана?..
Вядома, 20 гадоў — зусім невялікі адрэзак часу, каб магчыма было даваць аб'ектыўныя ацэнкі падзеі. Тым больш што ўвесь час усплываюць нейкія дакументы, высвятляюцца новыя абставіны тых не блізкіх ужо дзён. Зразумела, што да развалу краіны спрычыніліся многія знешнія сілы, бо ўвесь час адны дзяржавы стараюцца прыгнятаць іншых і пры гэтым атрымаць ладны кавалак лідарства. А за ўнутраныя праблемы, вядома ж, вялікую адказнасць нясуць тагачасныя кіраўнікі: безнадзейна адсталі, не паспелі за часам. Таму, зразумела, ацэнкі — справа будучых пакаленняў гісторыкаў.
Але ніхто не паверне час, не прыйдзе ў Віскулі, не высеча нават сякерай тое, што надрукавана на пушчанскай машынцы. Нам застаецца жыць у новых умовах, будаваць сваю гісторыю, і пажадана так, каб не было ахвотных адзначаць яе вехі такім чынам, як намерваліся адзначыць гадавіну белавежскіх пагадненняў. Група грамадзян (актывісты партыі камуністаў) у снежні 1992 года прыехала, каб забіць асінавыя калы на месцы, дзе прымаліся рашэнні. Але ў пушчу гэтых актывістаў не пусцілі...
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта