
Пушча — наш агульны нацыянальны сімвал. Але яна ў кожнага свая. Бо ў любога, хто хоць аднойчы пабываў у лесе, поўным дзівосаў, ён назаўсёды застаецца ў памяці, свядомасці, уяўленні. Калі ты здолеў адчуць душою гармонію міру ўсяго жывога, то ў пушчу захочацца вяртацца зноў і зноў, дыхаць яе паветрам, слухаць яе вясновае шматгалоссе і зімовую гучную цішыню. Пра спрадвечны лясны аплот напісана і сказана многа, ды ніхто да гэтай пары, здаецца, не намаляваў словам лепш за Караткевіча самабытны куток нашай краіны, "дзе можна застацца сам-насам з аленямі і зубрамі, з аксамітнымі грабамі і векавымі дубамі, з сумленнем, з чалавечнасцю, з усёй гэтай добрай і адвечнай беларускай зямлёй". Далей у слыннага аўтара чытаем: " Гэта не толькі неацэнны скарб усіх на свеце людзей. Галоўнае тое, што мы звязаны з чатырохногімі і пёрыстымі братамі нашымі адзінай повяззю еднасці ўсяго жывога на зямлі. Таму задача і гонар чалавека не забіваць, а бараніць і карміць. Ён зараз і робіць гэта, сапраўдны чалавек"...
Вялікі наш пісьменнік толькі марыў, каб Белавежская пушча стала нечым накшталт нацыянальнага парку. А сёння яна гэты статус мае, таксама мае шмат адзнак міжнароднага ўзроўню. Ужо амаль два дзесяцігоддзі ўчастак высокаўзроставага лесу ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва. Зараз вядзецца работа па наданні міжнароднага прызнання пушчы не толькі як прыроднага унікуму, але і як аб'екта высокай эстэтыкі, крыніцы натхнення паэтаў, мастакоў, прадмету гонару ўсяго народа. Шкада, што не дажыў да гэтага часу аўтар "Зямлі пад белымі крыламі". Відавочна, што і міжнародныя эксперты, і нашы навукоўцы ідуць тым шляхам, які напрарочыў Уладзімір Караткевіч яшчэ ў 1971 годзе. Бо пушча — не проста лес. Аб гэтым мы гаворым з новым генеральным дырэктарам нацыянальнага парку Аляксандрам БУРЫМ.
Аляксандр Васільевіч прызначаны на новую пасаду 4 красавіка гэтага года. А літаральна нядаўна чарговы раз сустракаўся са спецыялістамі з Савета Еўропы па пытаннях прадаўжэння тэрміну дзеяння Еўрапейскага дыплома для Белавежскай пушчы. Мы папрасілі расказаць пра гэта больш падрабязна.

— Не так даўно прыязджалі эксперты, а цяпер яны час ад часу па тэлефоне ўдакладняюць асобныя звесткі, задаюць пытанні, сувязь падтрымліваем пастаянна. Спачатку ў іх узніклі прэтэнзіі наконт рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Але мне ўдалося іх пераканаць, што гэты аб'ект, акрамя іншых, мае вялікае выхаваўчае значэнне. Дзеці знаёмяцца са светам пушчы, бачаць тут звяроў, сустракаюцца з незнаёмай і багатай расліннасцю. Акрамя таго, экскурсія па памесці нясе ў сабе элемент экалагічнай адукацыі. Экскурсавод расказвае не толькі пра казачныя дзівосы ды жывую навагоднюю ёлку, самую высокую ў Еўропе, але і пра лясныя клопаты валадара-Мароза: як ён зімой кантралюе, каб травы і іншыя расліны не замярзалі, а жывёлам дапамагае пракарміцца, як сочыць, каб рыбы пад лёдам не задыхнуліся. А вясной птушак сустракае ды ціхія месцы для гнёздаў паказвае, летам назірае, каб усяму жывому вільгаці хапала. Словам, наш Дзед мае выражаную экалагічную арыентацыю. Апошняе вельмі важна ў справе выхавання.
У размове з экспертамі я прывёў прыклад таго, што паўплывала на мой жыццёвы выбар. Мой дзед быў лесніком, я хадзіў з ім на працу, дапамагаў збіраць шышкі, садзіць лес. І ў чацвёртым класе ў сачыненні напісаў, што хачу быць лесніком. Так яно і сталася пазней, але менавіта дзякуючы дзядулі, які навучыў адчуваць лес, разумець яго, хай сабе і на дзіцячым узроўні.
— Ну і якім быў шлях да ажыццяўлення дзіцячай мары?
— Гэты шлях вызначыў усё жыццё. Маладым спецыялістам з дыпломам Мінскага тэхналагічнага інстытута ў 1989 годзе я прыйшоў працаваць у Клецкі лясгас. Можна сказаць, па ўласнай ініцыятыве пачаў працоўную дзейнасць з майстра лесу. Так, з сякерай і пілой праца цяжкая, але для любога спецыяліста вельмі карысная. Кажу гэта з вышыні сённяшняга вопыту. Па-першае, прайшоўшы этапы лясной работы з самага нізу, любы кіраўнік будзе ўсведамляць цяжкасці і цаніць працаўніка, які ў сцюжу і спёку знаходзіцца пад адкрытым небам, а па-другое, такога кіраўніка ніхто не зможа падмануць у нюансах нормы выпрацоўкі, іншых асаблівасцях. Кіраўнік павінен умець гаварыць з рабочым на адной мове. А гэтага можна дасягнуць толькі ўласным досведам.
І вось праз два гады мяне прызначылі ляснічым Навінкаўскага лясніцтва, па тым часе цікавага прадпрыемства з базісным гадавальнікам, са сваім пчальнікам, з добрым тэхнічным аснашчэннем. Пазней я быў пераведзены ў Нясвіжскае лясніцтва, потым стаў галоўным ляснічым Клецкага лясгаса. У 2005 годзе я атрымаў прызначэнне на пасаду дырэктара дзяржаўнага ляснога прадпрыемства "Краснасельскае" на тэрыторыі Мінскага, Вілейскага і Лагойскага раёнаў. Гэта быў вельмі складаны ўчастак працы. Там часта мяняліся кіраўнікі. Можаце ўявіць, які быў мікраклімат у калектыве. Але разам з калектывам за пяць з паловай гадоў мы здолелі аздаравіць і маральны, і эканамічны клімат. Справы пайшлі лепш, сфарміраваўся кадравы касцяк прадпрыемства, падцягнулі тэхнічную базу, пабудавалі новы цэх, наладзілі супрацоўніцтва з суседнімі лясгасамі. І вось на пачатку гэтага года паступіла прапанова ўзначаліць Нацыянальны парк.
І хаця гэта найперш вялікая адказнасць і даволі складаны ўчастак працы, на маю згоду паўплываў адгалосак дзіцячых і юнацкіх мараў. Нават у студэнцкія гады тыя з нас, хто асабліва свядома выбіраў прафесію, марылі працаваць у Белавежскай пушчы. (Аўтарамі заўважана, што пазыўныя мабільнага тэлефона дырэктара — вядомая мелодыя песні Пахмутавай "Запаведны напеў".)
— Вядома ж, вы раней бывалі ў пушчы. А знаёмства з ёй у якасці дырэктара здзівіла, парадавала, расчаравала?
— Дарэчы, я не так часта бываў тут раней. А цяпер... я проста палюбіў гэты лес. Гэта не проста растлумачыць, але лес нібы прыадкрыў мне зашыфраваны код яго разумення і адчування. Потым у працэсе стасункаў і камунікацый я палюбіў гэтых людзей. Яны — працаўнікі, патрыёты сваіх мясцін. Яны адрозніваюцца ад жыхароў Беларусі ў другіх рэгіёнах тым, што больш самадастатковыя, маюць сваю думку. Іх трэба слухаць, трэба разумець.
Зараз адно з пытанняў бліжэйшага парадку дня — папоўніць калектыў спецыялістамі. Будзем запрашаць некалькі выпускнікоў профільнага ўніверсітэта. Маем намер расціць свае кадры. У Камянюцкай школе ёсць экалагічны клас. Гэтых дзяцей мы лічым патэнцыяльным кадравым рэзервам. Працэсу навучання спрыяем і матэрыяльна, і аказваем навуковую дапамогу. Працягваючы і пашыраючы шматгаліновую навуковую дзейнасць, мяркуем развіваць супрацоўніцтва з суседнімі краінамі, можа нават ствараць сваю навуковую школу. Пушча не проста лес. Яна заслугоўвае вывучэння, якасць якога будзе ісці ў нагу з часам і ні ў якім разе не адставаць.
— Зараз вы, Аляксандр Васільевіч, адчуваеце сябе больш эколагам ці ўсё ж гаспадарнікам?
— Для таго, каб гаспадарыць правільна ў нашых умовах, трэба грунтоўна абапірацца на навуку, а каб развіваць навуку, патрэбны сродкі. гэтыя аспекты пакуль з'яўляюцца неразрыўнымі. У пушчы працуе 1330 чалавек, якія павінны своечасова атрымліваць зарплату, ёсць шэраг іншых абавязковых фінансавых праграм. Але гаспадарчая дзейнасць уяўляе сабой не толькі прамысловую вытворчасць, якую мы, дарэчы, маем намер скарачаць, але найперш турыстычны бізнэс. Экалагічная асвета і турызм уяўляюцца будучыняй не толькі нашага, але і ўсіх нацыянальных паркаў.
А навука тут была заўсёды на першым месцы. Навукоўцы вядуць зараз вялікую селекцыйную работу. Генетыка гэтага лесу цікавая не толькі для навукоўцаў і лесаводаў рэспублікі, яна выклікае цікавасць і за межамі краіны. Гэта ўнікальны лясны масіў, які развіваўся тысячагоддзямі без уплыву чалавека. Мы маем рэдкую магчымасць збіраць насенне дрэў, якія выраслі да пачатку шкоднага антрапагеннага ўплыву цывілізацыі. Зараз, па сутнасці, заканчваецца будаўніцтва гадавальніка, дзе будуць вырошчвацца саджанцы нашчадкаў пушчанскіх дрэў. З гэтага матэрыялу стане магчыма ўзнаўляць пашкоджаныя ўчасткі лесу, яго ахвотна купяць лясгасы краіны ды і замежныя партнёры.
Вялікія перспектывы для развіцця навукі адкрываюцца з пашырэннем трансгранічнага супрацоўніцтва.
— Як паўплывае на жыццё пушчы новая аб'язная дарога?
— Гэта дарога, відавочна, не проста асфальтавае палатно. Гэта аб'ект вялікай сацыяльнай значнасці, і не толькі для Нацыянальнага парку. Дарога ахапіла ўчасткі, якія былі пазбаўлены камунікацый: дзе-нідзе па прычыне забалочанасці, а ў іншых месцах не было дарог паміж раёнамі. Цяпер людзі могуць спакойна праязджаць, вырашаць свае гаспадарчыя праблемы. А мы атрымалі магчымасць рэзка паменшыць тэхнагенную нагрузку на пушчу. Раней жа, вы разумееце, ахвотных праехаць напрасткі было хоць адбаўляй, усе прасіліся, прыдумвалі ўважлівыя прычыны, важкія абгрунтаванні. А цяпер гэтыя праблемы адпалі: едзь да самага Гродна па новай роўнай трасе.
Новая дарога — крок да будучыні пушчы. У Камянюках узводзіць больш гасцініц ды кемпінгаў не выпадае. А тыя, што маем, асабліва перад святамі, у сезон не могуць задаволіць попыту. Па перыметры ж пушчы ўздоўж дарогі адкрываюцца неабмежаваныя магчымасці для зацікаўленых людзей па ўзвядзенні турыстычнай інфраструктуры.
— Тэндэнцыі да павелічэння патоку турыстаў праглядаюцца?
— І дарога можа іх павялічыць у шмат разоў. Мой польскі калега гаворыць, што практычна 100% турыстаў, якія наведваюць іхні нацыянальны парк, цікавяцца нашым паркам. І стрымлівае многіх з іх толькі складаная візавая працэдура. А калі з цягам часу гэтыя праблемы ўдасца вырашыць, да нас столькі людзей паедзе! Бо ў свядомасці замежнага чалавека нішто так не асацыюецца з Беларуссю, як Белавежская пушча. Мы можам паказаць наведніку месца ў цэнтры Еўропы, дзе ўсё суіснуе ў гармоніі: і лес, і вада, і клімат. Хіба ж гэта не унікум, калі на працягу аднаго кіламетра можна пабываць у дзясятках месцаў па сваёй экалагічнай разнастайнасці: тут балотца, далей дуброва, там ельнік, далей маляўнічы бярозавы гай?..
— Гэта значыць, на адным кіламетры можна праверыць караткевічаву формулу: "У сасновым лесе — маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым волю каваць, а ў яловым — душу д'яблу прадаваць"?
— Дакладна так. Больш за тое, у розных мясцінах пушчы можна распрацаваць прынцыпова розныя экалагічныя маршруты і сцяжыны. Так, пачынаючы знаёмства з Камянюкаў, турыст убачыць адзін бок флоры і фаўны лесу, у Пружанскім раёне — свае асаблівасці, а ў Свіслацкім — свае. Не выключана, што, пабываўшы ў адным месцы, свядомы турыст захоча ў другое. І дарога з яе інфраструктурай дасць такую магчымасць. Прыкладам можа служыць турыстычная вёска Клятное ў Пружанскім раёне.
Там ёсць цудоўная база адпачынку і пражывання і ёсць разуменне гаспадара, што прывабіць сапраўднага турыста яму дапаможа толькі пушча. Таму разам з нашымі спецыялістамі прадпрыемства ўзводзіць унікальную экалагічную сцяжыну, якая пройдзе праз багністае балота. У балоце, што называецца "Дзікое", жыве цэлы шэраг "чырвонакніжнікаў". Рэдкіх птушак, расліны можна ўбачыць на шляху, які пракладваецца. А зрабіць бяспечную для чалавека дарожку можна толькі з дапамогай паляў. Сем кіламетраў ужо пракладзена, чакаем марозікаў, інакш у балота проста не ўлезеш. Вакол сцяжыны ўзводзяцца вышкі, каб зручней было назіраць за флорай і фаўнай "Дзікога". Сцяжына абяцае стаць сапраўднай турыстычнай "разыначкай".
Спадзяёмся, што прыток турыстаў разбудзіць прыватную ініцыятыву мясцовых жыхароў. У суседніх польскіх вёсках кожная хата — альбо малая прыватная гасцініца, альбо міні-бар, невялічкая крама. Сваіх мы таксама падахвочваем на тое, каб займаліся народнымі рамёствамі, прычым на ўзроўні майстар-класаў. Замежнаму наведніку будзе цікава, як у нас, напрыклад, валяюць валёнкі, пякуць пірагі альбо дамашні хлеб у печы, як гатуюць адмысловую яечню ці робяць настойку. І калі госць зможа не толькі пакаштаваць, але і сам спрычыніцца да працэсу прыгатавання, у яго з'явіцца цікавасць, а ў месцічаў магчымасць зарабіць капейку.
Адказ на пытанне ведае Валянціна Сяргеева, дырэктар турыстычна-гандлёвага комплексу нацыянальнага парку. Валянціна Мікалаеўна кіруе гасцінічнай гаспадаркай, грамадскім харчаваннем, гандлёвымі пунктамі. І ўсё гэта павінна працаваць бездакорна, каб не выклікаць нараканняў патрабавальнага кліента. Адно з галоўных падраздзяленняў названай службы — турыстычны аддзел. Спецыялісты па турызме мусяць не толькі ўзяць заяўку, прывеціць патэнцыйнага наведніка, але і данесці да яго думку аб прыгажосці, унікальнасці незвычайнага прыроднага аб'екта, каб узнікла жаданне бліжэй з ім пазнаёміцца.
Часцей за ўсё знаёмства з пушчай пачынаецца з музея прыроды. Варта сказаць, што да 600-гадовага юбілею запаведнага рэжыму, які адзначалі два гады таму, у Камянюках узвялі новы будынак. Тут размясціўся эколага-асветніцкі цэнтр з музеем прыроды. Арыгінальны дом са шкла і бетону звонку нагадвае невялікі палац. Але галоўнае — унутры. А там — шыкоўны музей з вялізнымі дыярамамі. Пры стварэнні яго канцэпцыі ставілі мэту дасягнуць максімальнага падабенства, так бы мовіць, з натурай. Таму, знаёмячыся з экспазіцыяй, наведнік мае магчымасць акунуцца ў чароўны свет лясных гукаў, прычым у розныя поры года. Вядома, вясновы хор птушак нікога не пакіне абыякавым, але не менш захапляльныя і зімовыя гукі лесу. Можна пачуць рог старадаўніх паляўнічых... І нават убачыць іх у выглядзе манекенаў. У новых дыярамах знайшлося месца старадаўнім пчалярам, князям і шляхце, розным людзям, што ў розныя часы асвойвалі нетры вялікага лесу.
У адной з залаў абавязкова залюбуешся макетам белага палаца неверагоднай прыгажосці. Гэта царскі паляўнічы палац, які быў узведзены ў 1894 годзе ў горадзе Белавеж (цяпер гэта польскі бок пушчы). У тым палацы было ажно 133 пакоі. І кожны меў назву: пакойчык ранішняй зары; дубовы, кляновы, аздобленыя адпаведнай драўнінай; паштовы пакой быў абклеены спрэс маркамі, гульнявы — картамі. Апартаменты імператрыцы архітэктар зрабіў у выглядзе гнязда ластаўкі. Гэтая прыгажосць засталася толькі на здымках сучаснікаў ды на макетах — да нашага часу палац не захаваўся.
У музеі абавязкова раскажуць, як прастора вакол Белавежскай пушчы ў старажытнасці ператваралася ў бяскрайняе мора. У лясным масіве, які ўзвышаўся, як востраў, жывёла ратавалася ад вады. Зараз аб тых часах нагадваюць старадаўнія пахаванні. А першыя згадкі пра лясы, што знаходзіліся ў раёне сучаснай пушчы, можна знайсці нават у "бацькі гісторыі" Герадота (V ст. да н.э.), пазней у Плінія і Тацыта. Гэтыя мясціны згадваюцца ў вядомым Іпацьеўскім летапісе 983 года. Само ж словазлучэнне "Белавежская пушча" ўпершыню з'явілася ў польскіх і літоўскіх граматах 1409 года і з таго часу трывала ўвайшло ва ўжытак.
Пра багатую на падзеі гісторыю векавога лесу, пра легендарныя царскія паляванні ў самым пачатку ХХ стагоддзя напісаў фундаментальную працу Георгій Карцаў. Гэты букіністычны рарытэт быў перавыдадзены параўнальна нядаўна па ініцыятыве нястомнага рупліўца на шляху папулярызацыі гісторыі пушчы Вячаслава Семакова. Вячаслаў Васільевіч, дарэчы, напісаў некалькі кніг, у якіх узнавіў многія гістарычныя, палітычныя, амаль дэтэктыўныя падзеі, сведкамі якіх стаў на працягу стагоддзяў гэты лес.
На жаль, палітыка, царскія забавы і прыхамаці далёка не заўсёды служылі на карысць пушчы. У музеі вам абавязкова раскажуць, якую мядзведжую паслугу аказала пушчы Кацярына ІІ, калі дазволіла паляванне на ўсіх звяроў, акрамя зубра. Колькасць звяроў тады значна скарацілася, а мядзведзі і бабры былі цалкам вынішчаны.
Навуковыя супрацоўнікі паведамяць вам, як ганарацца яны арланам-белахвостам, што пасяліўся тут параўнальна нядаўна. Гэтая птушка з размахам крылаў у два з паловай метры ахоўваецца ва ўсім свеце. У пушчы гняздуюцца ўжо тры пары. А побач мірна суіснуе жоўтагаловы каралёк вагой усяго ў пяць грамаў.
Часта жыццё звяроў і птушак уяўляе сабой проста захапляльныя гісторыі. Не кожны далёкі ад лясной тэмы чалавек ведае, што ў зубрыным статку пануе матрыярхат. Суродзічаў водзіць вопытная зубрыца. А нараджаць дзіцяня яна сыходзіць далёка ўглыб лесу. І ўсё таму, што зубр — дрэнны бацька. Можа прыціснуць і затаптаць малое. Затое матуля корміць зубраня малаком амаль два гады.

Фантастычнымі, на першы погляд, якасцямі валодаюць многія птушкі. Барадатая няясыць можа варочаць галавой на 270 градусаў. Гэта адразу і ўявіць цяжка: галава круціцца, як цацачны шарык. А маленькі крапіўнік — хто б мог падумаць? — з першых мнагажэнцаў у свеце. Увесну ён шукае сабе некалькі сябровак, але паводзіць сябе не як легкадумны донжуаністы кавалер, а з поўнай адказнасцю — кожнай будуе гняздо.
У захапляльнае падарожжа па тайнах царства звяроў і птушак вас паклічуць не толькі супрацоўнікі музея. Спецыялісты турыстычнага аддзела прапануюць пешыя, веласіпедныя, аўтамаршруты, дзе цікаўны наведнік зможа ўбачыць многае на свае вочы. Як расказала начальнік гэтага аддзела Аксана Багалейша, асаблівай папулярнасцю ў турыстаў карыстаецца 16-кіламетровы веласіпедны маршрут "Звярыны пераход". На працягу падарожжа вам сустрэнецца 200-гадовая прыгажуня-елка вышынёй больш за 40 метраў, праўда, не самая старая са сваіх суродзічаў. Непадалёку больш за 250 гадоў растуць дзве сасны з шырокай меднай карой. Тая прыгажосць і сіла, якімі надзяліла гігантаў прырода, заварожвае. Праз колькі кіламетраў веласіпедыст сустрэне параўнальна малады дуб, яму толькі трохі за 300 (у пушчы ёсць дубы, якім па 700 гадоў). Па дарозе трапляюцца нізіннае балотца і лясная сажалка, а таксама месца, дзе была вузкакалейка.
Падчас Першай сусветнай вайны немцы ўзяліся за прамысловае асваенне пушчы. За 18 месяцаў палонныя французскія і рускія салдаты праклалі 325 кіламетраў вузкіх чыгуначных каляін. Па пуцях увесь час хадзілі маленькія паравозы і цягнулі бярвенне з запаведнага лесу. Да вясны 1918 года акупанты вывезлі 4,5 мільёна кубаметраў драўніны. Такога здзеку пушча не цярпела за паўтысячы папярэдніх гадоў. Сёння на месцы некаторых вузкакалеек пракладзены асфальтавыя дарогі.
На адной з дарог ёсць звярыны пераход. Сакрэт папулярнасці просты: дарога пракладзена ў лагчыне з крутымі схіламі. Звяры адшукалі зручны спуск і карыстаюцца ім. Кожны дзень тут з'яўляецца мноства новых слядоў казулі, дзіка, аленя. Ранкам і ўвечары цалкам верагодна ўбачыць дзікіх насельнікаў лесу.
У пешаходны маршрут даўжынёй усяго каля шасці кіламетраў Аксана Багалейша запрашае сапраўдных гурманаў назірання. Гэтую экалагічную сцяжыну назвалі "Азёрным пярсцёнкам". Яна праходзіць сярод сасновых, яловых і чорнаальховых лясоў, якія чаргуюцца з адкрытымі ўчасткамі поймы ракі Правая Лясная, балотцамі, невялікімі палянамі і закінутымі садамі. Упрыгажэннем маршруту служаць невялікія штучныя азёры, створаныя ў 70-х гадах мінулага стагоддзя для падтрымання гідралагічнага рэжыму тэрыторыі. Яны чыстыя, а цёмны колер вады гаворыць за тое, што на дне торф. Па дарозе сустрэнецца сапраўдны ўнікум прыроды — 200-гадовы ядловец. Ён славіцца тым, што ачышчае навакольнае асяроддзе ад хваробатворных бактэрый.
Вясной не адарвеш вока ад белага дывана ветраніцы дубраўнай, сіняй фіялкі, пяшчотнага сну. А летам кветкі і травы аж буяюць на лугах і балотах.
На маршруце можна пачаставацца чарніцамі, малінамі, бліжэй да восені сустракаюцца розныя грыбы. На возеры Плянта-1 абсталявана месца для адпачынку на радасць аматарам пакупацца і пазагараць. Цягам сцяжыны сустракаюцца лаўкі, дзе можна пасядзець, паслухаць спевы птушак, шолах лістоты, адцягнуцца ад штодзённага тлуму і пабыць сам-насам з прыродай.
Для тых, хто шануе велічнасць і загадкавасць цара дрэў, прапануецца маршрут "Запаведная дуброва". Тут вы ўбачыце звычайны дуб, скальны дуб, а яшчэ прыродны фенамен — дрэва-"трайнік" скальнага дуба. Ствол гэтага дрэва раздзелены на тры ствалы. Але не толькі дубы заварожаць аматара прыроды. Так званыя "каўняровыя" сосны вы дакладна больш нідзе не ўбачыце. Ствол такога дрэва ўпрыгожваюць шматлікія "каўняры" з уздыбленай кары. Вучоныя да гэтай пары не могуць вызначыць прыроду з'явы. А яно сабе расце і пачувае сябе добра.
Хто прыехаў у пушчу, вядома ж, захоча паглядзець на славутую Царскую паляну, авеяную чуткамі і легендамі. Так і называецца веласіпедны маршрут працягласцю 10 кіламетраў. Гэтая паляна ў гушчары лесу ўзнікла як мінімум некалькі стагоддзяў таму. Да нашых дзён дайшло некалькі варыянтаў яе назвы: "гасцявая", "каралеўская", "царская". Паводле некаторых звестак, тут учыніў паляўнічы пір кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Потым паляна ператварылася ў месца банкетаў і паказальных выкладаў паляўнічых трафеяў для іншых вяльможаў і венцаносных гасцей. У ХХ стагоддзі традыцыю падтрымалі генеральныя сакратары і іншыя прадстаўнікі партыйна-савецкай эліты. У нашы дні на паляне праводзяцца святы і масавыя мерапрыемствы.
На маршруце сустракаецца дуб-пустэльнік, дуб чырвоны, які атрымаў назву за колер асенняй лістоты, а таксама бяроза з "галавой зубра". Вялікія нарасты на дрэвах называюць капамі. Творчасць прыроды не мае межаў: дзіўнасць формы капа часам ператварае яго ў казачныя творы. Нараст на бярозе, пра якую ідзе гаворка, быў заўважаны каля 20 гадоў таму. На ствале сядзіць сапраўдная галава старога мацёрага зубра. Лепшае месца для фотаздымка на памяць.
Турыстычны аддзел мае прапановы на цэлы шэраг маршрутаў. І калі летам вандроўнікам выдаюць напракат веласіпеды, то ўзімку мяркуецца наладзіць пракат лыж і санак. А яшчэ зімой асабліва папулярны і любімы ўсёй дзятвой маршрут — у рэзідэнцыю Дзеда Мароза.
Гутарку пра развіццё навуковай галіны Нацыянальнага парку мы працягваем з намеснікам дырэктара па навукова-даследчай працы Васілём АРНОЛЬБІКАМ.
— Мы распрацоўваем навуковыя асновы захавання біялагічнай разнастайнасці прыродных комплексаў Белавежскай пушчы, — пачаў расповед Васіль Міхайлавіч. — Навуковыя даследаванні вядуцца па васьмі раздзелах і ахопліваюць асноўныя віды флоры і фаўны вячыстага лесу. Напомню чытачам, што працягласць пушчы з поўначы на поўдзень складае 60 кіламетраў, а з захаду на ўсход — ад 10 да 50 кіламетраў. Яе плошча — 152,2 тысячы гектараў. Гэта ўнікальная лабараторыя для вывучэння біялагічнай разнастайнасці. Геаграфічнае становішча, кліматычныя і глебава-гідралагічныя ўмовы забяспечылі багацце і разнастайнасць флоры. На гэтай параўнальна невялікай тэрыторыі расце больш за тысячу відаў раслін, столькі ж відаў грыбоў, каля 550 відаў імхоў і лішайнікаў.
Тут прадстаўлена ўся разнастайнасць лясоў Беларусі. У пушчы захаваўся ўчастак практычна некранутых першабытных лясоў Еўропы з надзвычай багатай расліннасцю і жывёльным светам. Сярэдні ўзрост лясоў складае больш чым 100 гадоў, максімальны — 200-300 гадоў, а асобныя дрэвы дажываюць да 500-600 гадоў. Сапраўдны скарб парку — мохавыя і травяныя балоты на плошчы ў многія тысячы гектараў. Яны рэгулююць газавы склад атмасферы і гідралагічны рэжым і адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні стабільнасці экасістэм і захаванні біяразнастайнасці не толькі расліннага, але і жывёльнага свету.
У пушчы жыве больш за 10 тысяч прадстаўнікоў фаўны. Свет млекакормячых прадстаўлены 59 відамі. Гэтая колькасць магла б быць нашмат большай, аднак асобныя віды на працягу стагоддзяў былі знішчаны. Ужо стараннямі чалавека некаторыя віды пазней адноўлены. І найпершы з іх — зубр. Як вядома, апошні прадстаўнік гэтага віду быў забіты ў 1919 годзе. Потым быў доўгі шлях адраджэння зубрынага статку. І цяпер іх у лесе 415. Вывучэннем папуляцыі зубра і праблемамі яго захавання займаецца кандыдат біялагічных навук Аляксей Буневіч. У нас ужо ёсць сур'ёзныя напрацоўкі па генетыцы віду. Апошнім часам актыўна вядзём навуковыя пошукі разам з польскімі калегамі. Апублікавана 27 сумесных навуковых прац. Пушчу мы з суседзямі разглядаем як адзіны лясны масіў.
— Работа па падрыхтоўцы новай намінацыі для ўключэння ў спісы сусветнай спадчыны таксама вядзецца разам?
— Гаворка ідзе аб уключэнні ў спісы агульнай часткі пушчы. Таму, зразумела, што і рыхтаваць дакументы трэба разам. Гэта была не наша ідэя, не суседзяў-палякаў. Ідэю падказалі прадстаўнікі Міжнароднага саюза аховы прыроды. Яны распрацавалі цэлы шэраг рэкамендацый, выкананне якіх дазволіць намініраваць векавы лес на прэтэндэнты ў спісы найпрыгажэйшай спадчыны чалавецтва. Эксперты ўказалі нам таксама на магчымасць намінацыі яшчэ па двух крытэрыях — выключна высокай біялагічнай разнастайнасці і значэнні для эвалюцыі відаў і экасістэм. Спецыялісты названай уплывовай структуры лічаць, што пушча вартая на міжнародным узроўні большага статусу, чым мае. Мы з гэтым згодны, таму і ўзяліся за працу разам з суседзямі.
Зараз тэрыторыя Сусветнай спадчыны пашыраецца да 70 тысяч гектараў на нашай частцы пушчы і да 60 тысяч на польскай. Для параўнання — раней было каля дзесяці тысяч гектараў агульнай плошчы. Ужо правялі чатыры агульныя нарады з польскім бокам па пытаннях выпрацоўкі комплексу мерапрыемстваў, якія паспрыяюць захаванню каштоўнасці пушчы. Будзе выпрацавана структура сумеснага кіравання гэтай тэрыторыяй. І недзе да пачатку лютага мы павінны здаць новае намінацыйнае дасье ў камітэт Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Зацвердзіць названы камітэт статус з улікам новых крытэрыяў ці не, у спісе Сусветнай спадчыны пушча будзе знаходзіцца заўсёды. Прыняцце новай намінацыі дазволіла б узмацніць значэнне ўнікальнага прыроднага аб'екта для ўсяго чалавецтва. І ў любым выпадку праведзеная работа не прападзе, яна паслужыць карысці абодвух нашых нацыянальных паркаў.
— Відаць, гэта не адзіны прыклад міжнароднага супрацоўніцтва навукоўцаў пушчы...
— Далёка не. Апошнім часам у нас узніклі плённыя адносіны з германскім нацыянальным паркам "Даліна Ніжняга Одэра". Гэта адзіны нацыянальны парк, прыродная тэрыторыя якога характарызуе рачныя даліны. Узнікла праграма супрацоўніцтва, якая ахоплівае нацыянальныя паркі трох краін: Польшчы, Беларусі і Германіі. Сама прырода, здаецца, падказала гэту ідэю. Нямецкі парк з'яўляецца трансгранічным і пераходзіць на польскую тэрыторыю, ну а пушча для нас з палякамі таксама адна. Асноўнымі кірункамі сумеснай работы мы вызначылі: павышэнне стандартаў кіравання еўрапейскімі ахоўнымі тэрыторыямі, абмен вопытам у галіне аховы і маніторынгу навакольнага асяроддзя, турызму, навуковых даследаванняў, адукацыі студэнтаў і іншае.
— Што маецца на ўвазе пад праектам адукацыі студэнтаў?
— Так званая "летняя акадэмія". Такім чынам назвалі нашы партнёры праграму летняй практыкі студэнтаў трох краін. Запланавана стварыць агульны студэнцкі атрад прыкладна па 10 чалавек ад кожнай краіны, у які ўвойдуць студэнты профільных навучальных устаноў са сваімі выкладчыкамі. Па чарзе кожная краіна прадастаўляе навуковую базу свайго парку для правядзення даследаванняў. Практычнае навучанне студэнтаў пройдзе па чарзе: адно лета — у Беларусі, наступнае — у Польшчы, затым — у Германіі. Прадугледжаны таксама магчымасці для даследчай працы магістрантам і аспірантам, а таксама сумесных даследаванняў для сталых навуковых супрацоўнікаў.
— Ці ёсць агульныя праекты на шляху развіцця турызму?
— Літаральна нядаўна ўзнік план распрацоўкі маркетынгавай канцэпцыі трансгранічнага турызму. Мы спрабуем стварыць нейкі ўніверсальны турыстычны прадукт. Ну, напрыклад, турыст з Бельгіі прыехаў у нямецкі парк знаёміцца са славутасцямі, асаблівасцямі прыроды, а яму ненавязліва ў агульным пакеце прапаноўваецца рэкламны прадукт нашага і польскага паркаў. Парк "Даліна Ніжняга Одэра" ўнікальны выключнай разнастайнасцю птушак. Там адначасова збіраецца да 50 тысяч жураўлёў, да 200 тысяч гусей. Там ёсць усе ўмовы для назірання за птушкамі. Мы гатовы расказаць пра гэта нашым турыстам, а суседзі раскажуць пра асаблівасці нашых лясоў, пра нашага волата зубра і разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету. Так шляхам узаемнай рэкламы можна дапамагаць адно аднаму ажыццяўляць турыстычны бізнэс.
У госці да Дзеда Мароза і яго ўнучкі Снягуркі едуць галоўным чынам дзеці, і не толькі з нашай краіны. У спісе, які старанна вядзе дзядуля, госці амаль з сотні краін свету. Едуць, бо маёнтак яго — сапраўдная казка, асабліва зімой, у пераднавагоднія дні. Калі ж зіма паленавалася як след заснежыць рэзідэнцыю, у век тэхнічнага прагрэсу гэта — не праблема. У дзеда ёсць спецыяльная тэхніка, якая па камандзе надзьме снегу колькі хочаш. А на белым фоне дамкі-церамкі ззяюць рознакаляровым святлом, казачныя героі сустракаюцца ледзь не на кожным кроку тутэйшага падарожніка.
Работа ж галоўнага беларускага Дзеда Мароза — сустрэць і прывеціць гасцей. У школьнікаў ён абавязкова распытае, як вучацца, якім спортам займаюцца, якія гурткі наведваюць. Дарослым трэба пажадаць шчасця і дабрабыту. Госці бываюць розныя ў сядзібе. А яшчэ яны пішуць лісты. У вялікіх куфрах дзедавай скарбніцы захоўваюцца лісты, на сценах вісяць малюнкі, на паліцах складзены падарункі, якія даслалі дзеці. Усе малыя аўтары лістоў, якія напісалі дакладны зваротны адрас, атрымліваюць адказы і віншаванні казачнага Дзеда.
Работнікі казачнага царства паведамілі, што ў гэтым сезоне праграма наведвання рэзідэнцыі змянілася. Цяпер гасцей будуць сустракаць не толькі казачныя, але і анімацыйныя героі, будзе шмат новых забаўлянак і сюрпрызаў. Над гэтым папрацавалі спецыялісты. Падрабязнасці пакуль не раскрываюцца. Таму варта наведаць сядзібу і ўсё ўбачыць.
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта