Таямніцы Белавежскай пушчы

Іна Ганчаровіч, интернет-сайт "21.by", 27.10.2011

Апублікаваны невядомыя дакументы з біяграфіі самага вялікага запаведніка Еўропы

"Пушча павінна быць мацнейшай", — такую рэзалюцыю ў свой час наклаў расійскі імператар Аляксандр III на праекце лясных распрацовак у Белавежскай пушчы. Пра гэта згадвалася летась, калі шырока святкавалася 600-годдзе ўвядзення, яшчэ вялікім князем літоўскім Вітаўтам, рэжыму запаведнасці ў бяскрайніх лясах на захадзе сучаснай Беларусі. Зрэшты, і княжацкія ды царскія паляванні, і той самы рэжым запаведнасці нейкім неверагодным чынам ужываліся ў самой пушчанскай прасторы! Як тое адбывалася? Многа цікавых звестак на гэты конт ёсць у кнізе "Царскія паляванні ў Белавежскай пушчы. Старонкі гісторыі", якая незадоўга да леташніх афіцыйных урачыстасцяў у Белавежскай пушчы пабачыла свет у выдавецтве "Беларусь". Думаю, пры ўсім багацці выданняў пра запаведнік гэтае заслугоўвае асаблівай увагі. Бо ў ім усе выкладзеныя факты падмацаваны архіўнымі дакументамі і фатаграфіямі, многія з якіх публікуюцца ўпершыню.

Пра адметнасці кнігі мы гутарым з Мікалаем Чэркасам — адным з яе аўтараў. Ён кандыдат біялагічных навук, у мінулым — супрацоўнік Белавежскай пушчы.

— Як атрымалася, што вы, біёлаг па адукацыі, узяліся за напісанне гістарычнай кнігі?

— Тое адбылося на першы погляд выпадкова. Я шмат гадоў жыў і працаваў у Белавежскай пушчы, заўсёды цікавіўся яе ўнікальнай гісторыяй. У мяне быў сабраны вялізны архіў рэдкіх фатаграфій польскага перыяду пушчы і часоў нямецкай акупацыі. І вось пры падрыхтоўцы сваёй дысертацыі я апынуўся ў падмаскоўным Краснагорску, у архіве кінафотадакументаў. Супрацоўнікі архіва тады якраз знайшлі негатывы фатаграфій царскай сям’і, але ні даты, ні месца многіх здымкаў ніхто не ведаў, нават эксперты. На фотаздымках царскія асобы стаяць на фоне бяроз. Я паглядзеў уважліва і сказаў: "Гэта адбывалася ў Белавежскай пушчы". Мне не паверылі адразу, быў сабраны мастацкі савет, перад якім мне давялося трымаць прамову. Пераканаў. Пасля таго выпадку і была заключана дамова на абмен фатаграфіямі: 100 маіх на 100 іхніх, з архіва. Гэта былі вельмі рэдкія фатаграфіі царскіх паляванняў з часоў ад Аляксандра III да Мікалая II уключна, прычым першая датавана 1886 годам. Затым лёс звёў мяне з Ірынай Пармузінай, навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Маскоўскі Крэмль". Дзякуючы ёй з’явілася магчымасць вывучыць гістарычныя архіўныя матэрыялы аб пушчы. Урэшце і ўзнікла ідэя сумесна апублікаваць найцікавы гістарычны матэрыял.

— Вы спыніліся на "царскім" перыядзе гісторыі Белавежскай пушчы. Чаму? Ёсць жа не менш цікавыя факты, напрыклад, пра паляванні былых генеральных сакратароў кампартыі, прэзідэнтаў розных краін. Яны ж таксама былі не супраць папаляваць.

— Маеце рацыю. Пра пушчу можна пісаць бясконца, глядзець на яе пад рознымі ракурсамі. Пушчы ж самой больш пашанцавала з візуальнымі летапісцамі царскага перыяду. Захаваліся так званыя справаведчыя документы, а таксама ўказы, дзённікі, перапіска. Дэмакратыі, можа, тады і не было, але ўзорны парадак — несумненна. Гэта — перыяд асаблівага статусу пушчы, калі было створана адмысловае яе кіраванне ў складзе Доляў (рускае слова — Удел). Кожнае ж царскае паляванне было пратакольным мерапрыемствам накшталт сённяшніх самітаў, якое шырока асвятлялася ў прэсе. Пісалі, якія падрыхтоўчыя работы праводзяцца, як будзе арганізавана паляванне, у якія тэрміны, колькі было забіта жывёл і якіх. Напрыклад, у 1912 годзе было апошняе паляванне цара ў Белавежскай пушчы. Ішлі вялікія падрыхтоўчыя работы. Адметны момант: вырашылі ўпрыгожыць памяшканне пальмамі. Адзін памешчык прапанаваў пальмы, але выставіў вельмі вялікі кошт за іх арэнду. Чыноўнік піша яму, што, маўляў, гэта вельмі дорага. У адказ паступае дэпеша памешчыка: "Калі дорага, дык набудзьце танней!" І ўсё гэта застаецца ў архівах.

Што тычыцца сучаснай гісторыі, то і гэта вельмі цікавы пласт фактаў. Але, на жаль, у савецкія часы ўсё вельмі старанна прыхоўвалася. І таму вы практычна не знойдзеце фатаграфій таго перыяду, а калі яны і ёсць, то вельмі дрэннай якасці, паколькі фатаграфаваць забаранялася. У асноўным здымкі аматарскія, да таго ж ім даводзілася праходзіць занадта вялікі і цярністы шлях да выдання.

— Вы сказалі пра асаблівы статус кіравання пушчай таго перыяду. Была рэзалюцыя імператара Аляксандра III "Пушча павінна быць мацнейшай". Гэта быццам адлюстроўвае стаўленне да Белавежскай пушчы, сведчыць пра жаданне захаваць унікальны масіў. Але, з другога боку, уражвае маштабнасць паляванняў!..

— Паляванні пры царах праводзіліся адзін раз на тры гады ў дазволены перыяд — увосень. Такое паляванне не наносіла папуляцыі ніякай шкоды. Парушыць гэтым законы цар не мог: навошта даваць падставы для публічнай крытыкі? Калі казаць пра маштабнасць, то і тут можна знайсці цікавае параўнанне. У царскім паляванні звычайна ўдзельнічала каля 25 паляўнічых і да дзвюх тысяч загоншчыкаў. Цікава, што тыя паляванні адрозніваліся вялікай дэмакратычнасцю: незалежна ад статусу, усе, у тым ліку і цар, цягнулі жэрабя — нумары на стралковую лінію. Мяса забітых жывёл раздавалася мясцовым сялянам.

Ёсць архіўныя дакументы, якія сведчаць аб рэгуляванні царскіх паляванняў. Напрыклад, і ў год багацця дзічыны (1900-ы) самыя вопытныя паляўнічыя не стралялі па зубровым статку. А з-за вялікага падзяжу жывёл у 1909-м паляванне наогул не праводзілася. Ёсць успаміны кіраўніка пушчы Галенкі, які піша, што "вялікі князь Мікалай Мікалаевіч малодшы не столькі страляў, колькі разглядаў дзічыну ў бінокль".

— Цяпер, мы ведаем, кіраўнікі краін, знаходзячыся на адпачынку, часам праводзяць "сустрэчы без гальштукаў", якія даюць магчымасць вырашаць розныя пытанні. А як было тады?

— Цар і на паляванні заставаўся царом. Першае царскае паляванне ў 1860 годзе Аляксандра II праходзіла напярэдадні перамоў з Аўстрыяй і Прусіяй у Варшаве. Тады перамовы зайшлі ў тупік. На паляванне запрасілі тамтэйшых прынцаў, і напружанне было знята. Больш таго, можна сказаць: госці дабраславілі цара на рэформы, і было прынята рашэнне аб адмене прыгоннага права. Мікалай II у сваіх дзённіках адзначае, што, "знаходзячыся на паляванні, працаваў з паперамі, прывезенымі фельд’егерам". Бывалі і іншыя выпадкі. Развал Расійскай імперыі, між іншым, таксама пачаўся з Белавежскай пушчы. Мікалай II, знаходзячыся на паляванні, своечасова не адказаў на дэпешу японскага ўрада, і ўрэшце пачалася руска-японская вайна. У адной з нядаўна выдадзеных кніг адзначана, што "цар быў заняты больш важнымі дзяржаўнымі справамі". А ён паляваў...

Пасляслоўе. Шмат фактаў, пацверджаных дакументамі, ёсць для развагаў на гэты конт у кнізе "Царскія паляванні ў Белавежскай пушчы. Старонкі гісторыі". Выданне яшчэ раз сведчыць пра значэнне Белавежскай пушчы як унікальнага нацыянальнага помніка гісторыі, культуры і прыроды.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта