
Аўтадарожны абход па перыметры НП «Белавежская пушча» будуецца згодна з Указам №244 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ад 11 мая 2010 года) «Аб стварэнні аўтадарожнага абходу тэрыторыі Нацыянальнага парка «Белавежская пушча». Дапаўненне ў праект унесена Указам Прэзідэнта ад 28 лютага г.г. Канчаткова вызначана, што траса пачнецца ад КПП «Пясчатка» і праляжа па Брэсцкай вобласці (Камянецкі і Пружанскі раёны) на 160 км, 39 км – па Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, канечным пунктам будзе райцэнтр Свіслач. Такім чынам, агульная працягласць дарогі – каля 200 км, з іх па тэрыторыі нашага раёна – каля 66 км. Заказчыкам дарожнага будаўніцтва і рэканструкцыі прызначаны РУП «Брэстаўтадар» і КУП «Брэстаблдарбуд». Уся траса падзелена на часткі (ад 1,5 да 4 км), на кожным – свой генеральны падрадчык.
Пашырэнне пункта пропуску «Пясчатка» – лагічнае завяршэнне ўсёй задумкі з будаўніцтвам турыстычнай трасы па перыметры мяжы беларускай часткі знакамітага запаведніка (можа, калі і ля польскай часткі пушчы збудуюць свой пушчанскі аб’езд, які стане нібы працягам беларускага). Пакуль участак ад «Пясчаткі» да злучэння з раней пракладзенай трасай ля Амелянца нагадвае будаўнічую пляцоўку – там работы ў разгары. Зразумела, пачалі ж толькі сёлета. Аднак, пашанцавала Ваўкастаўцу – менавіта адтуль спярша планаваўся пачатак трасы (невядома толькі, адкуль чакалі «наплыву» турыстаў). Цудоўная дарога – як падарунак для мясцовых жыхароў, безумоўна, дасць новыя жыццёвыя сілы вёсцы на ўскраіне раёна, ля беларуска-польскай мяжы.
Маштабны праект паспяхова ажыццяўляецца – да такой высновы прывяло ўбачанае і пачутае пасля чарговай «рэдакцыйнай» паездкі па трасе і гутаркі як з кіраўнікамі арганізацый, так і з радавымі работнікамі. Зроблена сапраўды многа. Не ўсё, але ж маем час да сёлетняга лістапада, на які і запланавана здача аб’екта.
«Тут усё гатова!» – міжволі прамовіш на ўчастках, дзе ўжо і асфальтабетоннае пакрыццё – у два слаі, і абочына – з зелянеючай траўкай. А месцамі менавіта гэтыя работы вядуцца цяпер: укладка верхняга слою пакрыцця, засыпка абочын сумессю грунта і шчэбеню, дзе падсяваюць траву. Сапраўды, слаўна папрацавалі работнікі шэрага ДРБУ Брэстчыны – шыльды засталіся, а іх «зоны адказнасці» (вядома, з погляду непрафесіянала ў будаўніцтве) гатовы да здачы. Верхні слой пакрыцця ля моста праз рэчку Белая, гэта непадалёк ад Стаўповіскаў, укладвалі работнікі ДБК №15 (ААТ «Брэсцкі дарожна-будаўнічы трэст»). Мост праз Белую – гэта справа рук работнікаў атрада №58 ААТ «Мостабуд» (г. Брэст). Як зазначыў галоўны інжынер мостаатрада Уладзімір Рамашка, да канца гэтага месяца будуць завершаны ўсе работы. Відавочна, што мост атрымаўся прыгожы.
Хоць фінансаванне будаўніцтва стабільнае, але ў наш час нельга забываць аб эканоміі. Неймаверна шмат спатрэбілася гравійна-пясчанай сумесі (мясцовасць жа амаль паўсюдна забалочаная). Выкарыстанне мясцовых кар’ераў (не далей чым за 5 км ад трасы) – значная падмога. А што будзе з катлаванамі на месцы былых кар’ераў? Кіраўнікі дарожнага будаўніцтва адназначна адказваюць: усё будзе прыведзена ў парадак. А кар’ер, што ля Амелянца, пасля рэкультывацыі стане прыгожым возерам.
У чарговы раз нельга не адзначыць зладжаную працу работнікаў Высокаўскага ДРБУ-137, якое ўзначальвае Сяргей Дзямко. Дарожнікам нашага раёна дасталіся два ўчасткі трасы агульнай працягласцю больш чым 4,5 км (паміж Амелянцом і Панасюкамі, Стаўповіскамі і Асіннікамі). Большая частка работ выканана. А ўчасткі аказаліся няпростыя, амаль на ўсім працягу – забалочаныя. Дадатковыя «замарочкі» – акрамя трох водапрапускных труб трэба было збудаваць 15 праходаў для земнаводных (усяго на трасе іх некалькі дзясяткаў). Тыя праходы – не проста труба праз дарогу, збудавана больш чым 2 км бетонных накіраванняў, каб квакухі не выскоквалі на трасу ды пад колы аўтамабіляў, а рухаліся ў адведзены для іх падземны пераход.
Для пушчанскіх звяроў ўстаноўлены пераход больш унушальных памераў ля Амелянца, па іх росту, – каб ні алень, ні лось не зачапіліся рагамі. Гэты пераход манціравалі з 18 буйнагабарытных жалезабетонных блокаў вагой 12 тон і памерамі 5 на 2,5 метра. Пераход, што ля Амелянца, не адзіны на ўсёй трасе. Эколагі выбралі месцы, дзе аблюбавалі сваю дарогу пушчанскія насельнікі, у тым ліку волаты-зубры.
Але вернемся да ўчастка, за ўвод якога адказвае Высокаўскае ДРБУ-137. З дапамогай фрэзы ўхілялі няроўнасці, пасля чаго будзе ўкладвацца верхні слой асфальтабетоннага пакрыцця. Падчас гэтай работы, як і ў шэрагу іншых вытворчых момантаў, назіраецца супрацоўніцтва розных ведамстваў – кантроль за ходам работы вялі і майстар ДРБУ-137 Сяргей Шуміла, і майстар участка фрэзавання Брэсцкай будаўнічай кампаніі, якая ўваходзіць у групу кампаній «СТиМ» (абрэвіятура расшыфроўваецца як «будаўнічая тэхніка і матэрыялы»), Юрый Пашкевіч. (Абодва майстры падчас абмеркавання рабочых момантаў – на адным са здымкаў).
Едзем далей. Так атрымалася, што пасля ўчасткаў, давераных дарожнікам ДРБУ-137, неўзабаве як працяг (ад Асіннікаў да Сінітычаў, больш за 4 км) – участак ДРБУ-138 (Вычулкі Брэсцкага раёна).
– Асноўныя работы выкананы, – расказаў прараб Аляксандр Бурштын. – Зараз прыводзім у парадак адкосы, засыпаем размоіны пасля ліўняў. Раней тут было штодзень да 20 адзінак тэхнікі, уключаючы самазвалы, цяпер напружання няма, занята чалавек 12. Мяркую, да кастрычніка ўправімся, раней запланаванага тэрміну…
Далей траса пралягае побач з закінутай сярод лесу вёсачкай Церасіны. На шляху да вёскі Дашэвічы ўбачылі ў дзеянні сучасную магутную асфальтаўкладачную тэхніку – два новенькія нямецкія асфальтаўкладчыкі з надпісам «Vöqele» (пэўна, назва фірмы). За іх работай, а таксама – яшчэ шасці каткоў, пільна сачыў начальнік участка названай вышэй фірмы «СТиМ» Іван Шульган.
– Укладваем верхні слой асфальтабетону, – патлумачыў ён. – Гэта завяршальны этап збудавання самой трасы. Але ж фронт работ шырэй – абочыны, з’езды, умацаванні водапрапускных труб…
Ад Дашэвічаў да Дзмітровічаў ужо можна пракаціцца па новай заасфальтаванай трасе. На перасячэнні з галоўнай дарогай, што вядзе з Брэста ў Камянюкі, абазначыўся заасфальтаваны кругавы раз’езд, сюды падвезлі для ўкладкі і будаўнічыя матэрыялы. А вось далей, праз балота, да краю вёсачкі Яменка – пакуль яшчэ гравійка. Але гэта – адзіны ўчастак (некалькі кіламетраў) на тэрыторыі нашага раёна, дзе яшчэ не было ўвогуле ўкладкі асфальтабетону. Праехалі паўраёна ўпоперак – бліжэй да Навіцкавічаў назіралі за работай руплівых гаспадароў яшчэ аднаго ўчастка трасы – ДБУ №15, якія былі заняты адсыпкай прыдарожнай паласы. На дапамогу прыйшла спецыяльная ўстаноўка «Дэльта 3Ф», дарэчы, айчынная, вырабляецца ў Брэсце. Падсыпалі грунташчэбень, разраўнялі – і тут жа высявалі траву (гл. на адным са здымкаў).
Урэшце дабраліся і да самага вялікага моста на гэтай трасе – праз рэчку Лясная ля вёскі Голы Барок. Мостабудаўнікоў з Баранавіцкага МСУ №3 тут працавала не больш за дзесяць, яны вялі паклейку ізаляцыі тратуараў. Але, як зазначыў старшы майстар Юрый Ведзянееў, «усё ідзе па плану, да лістапада ўправімся…»
Калі вярстаўся гэты нумар, драгічынскія дарожнікі ўкладвалі ніжні слой асфальту на апошняй сотні метраў ля моста.
Далей – курс на Рэчыцу, большая частка трасы пралегла па старой дарозе, толькі цяпер пашыранай, – такая палёгка дала магчымасць хутчэй завяршыць асноўныя работы аж да мяжы Пружанскага раёна. А там бліжэйшы прывабны пункт не толькі для турыстаў – Вяжное. І з нашага раёна туды едуць людзі, каб зачарпнуць жыватворнай вадзіцы з крыніцы, асвячанай настаяцелем мясцовага прыхода 240-гадовай Свята-Мікалаеўскай царквы. Восенню тут з’явіцца добраўпарадкаваная стаянка для аўтатранспарту, праляжа цудоўная асфальтаваная дарога.
А ў нашым раёне, згодна з апошняй рабочай картай «Белаўтадара», таксама абазначаны пляцоўкі для адпачынку (ля Пясчаткі і Дзмітровічаў), а па трасе пляцовак больш высокага ўзроўню – усяго дзве, па-за межамі Камянеччыны. Пакуль няма і новай аўтазаправачнай станцыі ля Каменца, а даволі частыя прыпыначныя пункты толькі абазначаны асфальтавымі дарожкамі, павеці з’явяцца пазней. Пляцоўкі будуць аздоблены тратуарнай пліткай, кожны прыпынак будзе мець сваю назву і свой сімвал – выяву якога-небудзь пушчанскага звера.
Як адзначае генеральны дырэктар КУП «Брэстаблдарбуд» Пётр Скарабагацька, гэтая аб’язная траса – аб’ект складаны, маштабны. Уводзіцца ж ён у сціслыя тэрміны. Што дапаможа здаць трасу з усімі з’ездамі і пад’ездамі ў вызначаны тэрмін ды з высокай якасцю? Тое, што ўсе філіялы своечасова зрабілі аснову з пясчана-гравійнай сумесі і ўжо ўклалі ніжні слой асфальтабетону, на значнай частцы – і верхні. Пра зручнасць блізкага размяшчэння кар’ераў ужо гаварылася. А яшчэ дасць эфект прымяненне тэхнічных навінак, адна з іх – новы, трывалы і эфектыўны матэрыял – шчабёначна-масцічны асфальт з дабаўленнем цэлюлозы. Усе ноу-хау плюс вопыт дарожнікаў – вось вам і эфектыўнасць, надзейнасць, эканамічнасць.
А за работай кадраў, хай і вопытных, правераных, пільна сочыць кантроль. У буйных фірмаў – свая служба кантролю і якасці, лабараторыя. А ёсць яшчэ будаўнічая інспекцыя. Адзін раз у два тыдні праводзіць пасяджэнні штабоў намеснік міністра транспарту і камунікацый РБ – дырэктар дэпартамента «Белаўтадар» Анатоль Лыцін. Вынікі падводзяцца з удзелам адміністрацыі і зацікаўленых службаў тых раёнаў, па чыёй тэрыторыі пралягае траса.
– Любая добрая дарога – гэта карысць для людзей, – сказаў мне неяк на аўтобусным прыпынку незнаёмец сталага ўзросту, які ўдакладніў, што блізка знаёмы з эканомікай.
Але ці акупяцца (і калі) тыя ўкладзеныя ў белавежскую трасу сотні мільярдаў рублёў? (Нямала сродкаў яшчэ трэба на развіццё прыдарожнага сэрвісу). На сумненні скептыкаў не звяртаюць увагу многія дзелавыя людзі: раскупілі пустуючыя сядзібы ў вёсачках паблізу трасы. Некаторыя рыхтуюць тут свой прыдарожны сэрвіс для гасцей. А дзе ж лепей, як не ля такой перспектыўнай трасы, сярод казачнай па прыгажосці прыроды? Калі ў строй уступяць гасцініцы, кемпінгі, кавярні, і ўсё – не горш, чым на Захадзе, хіба толькі замежныя турысты паедуць па трасе? Не адмовяцца, мяркую, і нашы людзі ад адпачынку.
Безумоўна, выгадна і для нашага раёна, што з’явіцца дарога ад заходняй дзяржаўнай мяжы да Пружаншчыны і далей – на Гродзеншчыну. Траса праходзіць у асноўным паблізу вёсак. Да іх будуць пад’езды, а гэта – новы імпульс да адраджэння. Клопат дарожнікаў – і пад’езды да бліжэйшых жывёлагадоўчых фермаў. Адзін з іх, збудаваны Жабінкаўскім ДРБУ-103 па ўзгадненні з Камянецкім райвыканкамам і кіраўніцтвам ААТ «Агра-Ніва». Скрыжаванне ў вёсцы Ваўкаставец, дзе дарога была грунтовая, пасля работы дарожнікаў нагадвае гарадское.
Што дасць новая траса замежным гасцям? І не толькі турыстам. Калі ехаць з Польшчы ў Белавежскую пушчу, дык не трэба будзе дабірацца да Брэста. Праз 25 км – сядзіба Дзеда Мароза. А як зручна будзе ехаць з Навіцкавічаў у райцэнтр праз новы мост!
«А ўсё ж такі, як з самаакупнасцю, эканамічнасцю, мэтазгоднасцю пушчанскага «пярсцёнка» ў такі няпросты час?» – адчуваю няўлоўныя «сігналы» дапытлівага чытача-скептыка. Што адказаць яму? Вядома ж, траса будуецца для таго, каб не толькі прынесці зручнасці мясцоваму насельніцтву, адкрыць новыя гаспадарчыя перспектывы, але і элементарна зарабляць грошы на экатурызме. Дакладнасць тэарэтычных разлікаў павінна пацвердзіцца практыкай. Белавежская траса, мяркуюць спецыялісты, акупіцца за сем гадоў (пасля таго, як запрацуе на «поўную магутнасць»). Пры гэтым улічваўся ўвесь сацыяльна-эканамічны комплекс: турызм, грузаперавозкі, выкарыстанне земляў.
Як адзначыў нядаўна на адкрыцці турыстычнага комплексу ў вёсцы Клятное Пружанскага раёна старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, дарога вакол Белавежскай пушчы будзе несці не толькі транспартную нагрузку – гэта развіццё турыстычнага напрамку са стварэннем новых рабочых месцаў, прыцягненне капіталу ў нашу краіну.
Мікола ШУМ (фота)
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта