

«Вёска, якая не павінна знікнуць» – праектам пад такой назвай захоплена грамадскае аб’яднанне «Тур». Cутнасць ініцыятывы – у захаванні ўнікальных вобразаў тых населеных пунктаў, дзе жыццё, на жаль, не віруе, а ледзь тлее, дзе на памінкі збіраюцца часта, а на вяселлі – вельмі рэдка. Між тым аддаленасць ад шляхоў цывілізацыі дазволіла захаваць некранутымі тутэйшы ўклад жыцця і традыцыі. Гэта сапраўдная спадчына. І яна не павінна знікнуць разам са старэйшымі пакаленнямі.
Аўтары праекта вырашылі ўзяць для даследавання па адной вёсцы з Камянецкага, Кобрынскага, Драгічынскага, Бярозаўскага раёнаў. Першым крокам павінна стаць «высадка» на мясцовасці фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі. Яе задача – дэталёвае вывучэнне быту вяскоўцаў, традыцыйных рамёстваў, вуснай народнай творчасці. Другі крок – гэта правядзенне так званых майстар-класаў, у ходзе якіх старажылы вёсак змаглі б паказаць валоданне найбольш характэрным для іх мясцовасці ўмельствам. Ну а абудзіць генетычную памяць жыхароў выбраных вёсак былі закліканы святы аўтэнтычнага фальклору. Завяршыць жа работу, разлічаную на два гады, павінна пасяджэнне вялікага круглага стала з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных улад. Тэма размовы – зберажэнне лакальнай культуры малых вёсак.
Намеры грамадскага аб’яднання «Тур» знайшлі падтрымку ў нямецкага фонда «Памяць, адказнасць і будучыня». Сумесна з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне» ён выступіў партнёрам беларускай ініцыятывы ў рамках праграмы «Месца сустрэчы – дыялог».
Заўтра, 16 ліпеня, члены «Тура» пачынаюць работу ў вёсцы Залессе Кобрынскага раёна. Мы ж раскажам вам, што ім удалося зрабіць у першым населеным пункце. Гэта была вёска Пашукі Камянецкага раёна, якая знаходзіцца на ўскрайку Белавежскай пушчы.
Калі ў першы дзень экспедыцыі, 28 лютага, яе ўдзельнікі ўпершыню пераступілі парогі пашукоўскіх хат, то бачылі здзіўленне на тварах вяскоўцаў: маўляў, ну што тут расказваць, жылі сабе ціхенька і жылі. Адна бабулька нават так выказалася: «Вой, пражыла, як у ступе згніла!» Але слова за слова перад даследчыкамі адкрыўся цэлы сусвет.
Ажно тры версіі тлумачаць паходжанне назвы «Пашукі». Дзве з іх звязаны са словам «паша». Трэцяя абапіраецца на «чалавечы фактар». Паводле архіўных звестак, у 1494 годзе суседняе «имение Шешов» належала гаспадару, якога звалі «Майна Пашукович, земянин волынский». Калі б удалося знайсці пацвярджэнне таму, што і Пашукі знаходзіліся ва ўласнасці гэтага Пашуковіча ці яго сваякоў-аднафамільцаў, то канчаткова перамагла б версія з прозвішчам.
Пра гэта і шмат што іншае члены экспедыцыі даведаліся пазней, пасля знаёмства з «Гістарычным нарысам Навіцкавічаў і вёсак сельсавета», напісаным настаяцелем мясцовай Свята-Андрэеўскай царквы а. Васіліем Туміловічам. У час экспедыцыі члены «Тура» не ведалі пра такое даследаванне. Можа, гэта і лепш! Нішто не перашкаджала весці свае ўласныя пошукі з імпэтам першаадкрывальнікаў. А калі ўжо на апошнім этапе рукапіс прачыталі, то зазначылі: удалося знайсці шмат іншага, што не трапіла ў поле зроку краязнаўцы.
Дзякуючы а. Васілію мы ведаем прозвішчы ўладальнікаў Пашукоў, пачынаючы з магнацкага роду Пацаў, бачым, як развівалася вёска, як адчувала сябе ў варунках гісторыі. Ні адна навала не абышла Пашукі – ні тэрытарыяльныя падзелы, ні бежанства, ні войны. Перад намі праходзіць шэраг цікавых постацей. Былі тут свае паўстанцы, нават авантурысты.
А якія падзеі разгортваліся вакол мясцовай славутасці – вадзянога млына, потым гідраэлектрастанцыі! Учынкі некаторых іх гаспадароў маглі стаць сюжэтам для мастацкага фільма. Адзін, напрыклад, сам спаліў млын і «тартак» (лесапільню), каб атрымаць страхоўку, і тут жа на атрыманыя грошы аднавіў іх. Яго пераемнік зацята вазіў у Белавежскую пушчу на паляванне варшаўскае чынавенства і арганізоўваў для яго шчодрыя застоллі, у час якіх, мабыць, выведваў дзяржаўныя сакрэты. Бо перад нападам Германіі на Польшчу ў верасні 1939 года ўцёк, а ў час акупацыі з’явіўся ў форме нямецкага палкоўніка.
Ну а савецкі час даў сваіх герастратаў. На іх сумленні спалены царкоўны архіў, у якім самыя раннія дакументы дтаваліся 1843 годам, пасечаныя іконы і ператварэнне храма ў зернясховішча.
Не, не выходзіла Пашукам адсядзецца «ў ступе», гэта значыць, у ізаляцыі ад выклікаў часу.
«Штаб-кватэрай» удзельнікаў праекта стаў дом Надзеі Грыцук. Надзея Анатольеўна – патрыёт роднай вёскі і пушчанскай даўніны. «Мамо, знімайтэ гэтэ стар’ё – оно нэ модно!» – у колькіх хатах гучаў такі загад пашукоўскіх дзяцей, ужо гараджан! І хаваліся ў кладоўкі і «на чэрдакові» тканыя вырабы і вышыўкі. А вось Надзея Анатольеўна вельмі шануе гэта мастацтва і не хоча, каб яно знікла. У Доме культуры суседняй вёскі Падбела яна вучыць і старых, і малых ткаць на кроснах. Прычым валодае амаль забытым уменнем рабіць падвойныя дываны (калі адначасова ткуцца дзве столкі з рознымі ўзорамі). Яна – народны майстар РБ.
А як можна мінуць хату з самым прыгожым шчытом? Што ж за майстар так пастараўся? На жаль, гаспадыня Галіна Сцяпанаўна Марчук не магла паведаміць яго імя, бо дом гэты ставілі яшчэ ў 1928 годзе, за сем гадоў да яе нараджэння. Але ад маці ведае цікавую падрабязнасць: майстар за гэта мастацтва грошай не браў. Ставіў адну ўмову: каб кожны дзень яму давалі 60 яек. І, уявіце сабе, усе выпіваў!
![]() |
| Шчыт – вачэй не адвесці! Дом 1928 года |
Любові Андрэеўне Ганько ў верасні споўніцца 90 гадоў, а яе энергіі зайздросцяць маладыя. Бабуля спявае ў царкоўным хоры, клапоціцца пра храм. Зімой на Каляды ходзіць з іншымі прыхаджанкамі з Віфлеемскай зоркай па Пашуках і суседніх вёсках, славіць Хрыста і просіць ахвяраваць на царкву. Вельмі крануў момант, калі баба Люба на пытанне, ці захавала што з даўніны, паказала свае шлюбныя туфлі.
У асобе Уладзіміра Фаміча Шкурдая ўдзельнікі праекта сустрэлі «хадзячую энцыклапедыю» па практыцы ўзвя-дзення дамоў. Усе сакрэты будаўніцтва, усе старыя тэхналогіі трымае ў памяці. Беражэ і пакінутыя бацькам пад тры дзесяткі гэбляў рознага прызначэння.
Гэтыя інструменты сталі экспанатамі выставы, якая адкрылася 26 сакавіка ў Камянюках, у сельскім Цэнтры рамёстваў і культуры. Галоўнымі героямі свята «Прастора талентаў і часу» сталі менавіта жыхары Пашукоў. Любоў Ганько паказвала, як прадуць кудзелю. Пад пільным вокам Надзеі Грыцук свае першыя сантыметры выткала на кроснах маладая тэлежурналістка з Брэста.
![]() |
| Бабе Любе Ганько хутка будзе 90 гадоў |
Са свайго боку, майстры з грамадскага аб’яднання «Тур» таксама разгарнулі тут свае паходныя майстэрні. Ад Ула-дзіміра Чыквіна наведвальнікі вучыліся выразаць драўляныя лыжкі, ад Анатоля Туркова – ствараць пано на таніраваным дрэве, ад Васіля Логвіна – працаваць на ганчарным крузе, ад Ніны Міхайлавай – рабіць велікодныя выцінанкі.
Тыя, хто прыйшлі на сустрэчу з умельцамі, заставаліся тут амаль цэлы дзень. Кульмінацыяй сустрэчы майстроў розных пакаленняў стала рашэнне разьбяроў «Тура» зрабіць човен па старой тэхналогіі, пра якую расказалі наведвальнікі.
Апошнім акордам сумеснай работы ўдзельнікаў праекта з пашукоўцамі стала этнаграфічнае свята «Вясновы карагод у Пашуках», якое адбылося 8 мая. На яго прыехалі нават артысты з-за мяжы - юнацкі фальклорны калектыў «Жэмэрва» з польскага Падляшша. Госці прынялі ўдзел у нядзельным набажэнстве ў царкве, а перад самым канцэртам са спевамі пайшлі па вёсцы з канца ў канец. Наперадзе шэсця плыў каравай, які спецыяльна падляшцы выпеклі для пашукоўцаў.
![]() |
| Моладзь з Падляшша прывезла ў Пашукі каравай і песні |
Канцэрт праходзіў на вольным паветры (утульную пляцоўку знайшлі за магазінам). Доўга ў Пашуках будуць успамінаць прыезд спявачак з народнага фальклорнага калектыву «Лабчанка» з вёскі Лобча Лунінецкага раёна. Са шкадаваннем гледачы адпускалі «Орліцу» з Навіцкавіцкага Дома культуры, ганарыліся, што ў іх мясцовасці ёсць такі калектыў. Ад душы палюбілі дзяўчатак з падляшскай «Жэмэрвы».
З Мінска прыехала група дударскай музыкі «Ветах», якой кіруе выкладчык Беларускай акадэміі культуры і мастацтваў Вячаслаў Калацэй, дарэчы, ураджэнец Камянца. Фалькларысты паказвалі старадаўнія песні і танцы, запісаныя ў розных кутках Беларусі. Мясцовая моладзь ахвотна пачала на хаду вучыць падэспань, кракавяк і танец з дзіўнай назвай «картузэ». Але найбольшым поспехам карысталася гарэзлівая «ойра».
Радасць ад дня была светлая і ціхая, як сам май. Здавалася, што спрацаванаму арганізму вёскі ўпырснулі жывую маладую кроў.
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта