Шарашова: крызіс штурхае да сваіх каранёў

Андрусь ХВАЁВЫ, интернет-сайт "ТУТ І ЦЯПЕР", 07.06.2011

Гарадскі пасёлак Шарашова стаіць ля самай Белавежскай пушчы, на рацэ Левая Лясная, за 20 кіламетраў ад райцэнтра Пружаны. Як месцічы 40 год змагаліся за вяртанне сваёй святыні і што яны думаюць пра цяперашнюю ўладу? Пра гэта ў рэпартажы карэспандэнта "Тут і цяпер" з захаду Беларусі.

Ад Боны Сфорцы

Верагодна, назва паселішча паходзіць ад мясцовага дыялектызму «шэраш» — дробны лёд на рацэ падчас адлігі. Мястэчка ўпершыню згадваецца ў грамаце пад 1380 годам. У 1536-м гэтыя землі выкупіла легендарная каралева Бона Сфорца, якая надала Шарашова права на самакіраванне.

У тыя часы Шарашова знаходзілася акурат на шляху з Кракава, тагачаснай польскай сталіцы, у Вільню — сталіцу ВКЛ. Праз мястэчка праходзіў і так званы Вялікі галоўны гасцінец, які вёў да Любліна.

Менавіта тут у першай палове 19 стагоддзя жыў мовазнавец, прафесар Віленскага ўніверсітэта Міхаіл Баброўскі (1784—1848), які заклаў тую бібліятэку ў 20 тысяч тамоў. Падчас паўстання 1863—1864 гадоў Белавежская пушча, якая пачынаецца паблізу мястэчка, стала адным з цэнтраў антырасійскага супраціву. Тады ў Шарашове пражывала каля 10 тысяч чалавек, сёння — у пяць разоў менш.

Святатраецкі касцёл

Першы касцёл Святой Тройцы ў Шарашове быў драўляным. Пабудавалі яго ў 1539 годзе па распараджэнні памянёнай Боны Сфорцы. У сярэдзіне 17 стагоддзя бажніца згарэла ў пажары. Такі ж лёс чакаў і наступны будынак касцёла, таксама драўляны.

Нарэшце ў 1848 годзе біскуп Вацлаў Грынявіцкі асвяціў мураваны храм, будоўля якога доўжылася сем год. Сродкі на ўзвядзенне храма выдзелілі паны Кернажыцкія, магілы якіх і сёння можна ўбачыць ля сцен святыні.


Святатраецкі касцёл

Напрыканцы 19 стагоддзя шарашэўская парафія налічвала 2750 вернікаў. У 1948 годзе падчас апошняй хвалі сталінскіх рэпрэсій быў арыштаваны тутэйшы святар Альберт Бакіноўскі. Мясцовыя ўлады ператварылі касцёл у калгасны склад. На прылеглых каталіцкіх могілках забаранілі хаваць памерлых.

Аднак мясцовыя вернікі не здаваліся. Насуперак рашэнню ўлад ва ўсе нядзельныя дні і рэлігійныя святы яны збіраліся на калектыўныя малітвы ля сцен касцёла на працягу 40 гадоў (!). Адначасова звярталіся да ўлад усіх узроўняў, патрабуючы вярнуць святыню. Шчаслівым днём для іх стала 28 ліпеня 1988 года, калі шарашэўскі касцёл Святой Тройцы адным з першых каталіцкіх храмаў на тэрыторыі Савецкага Саюза быў вернуты вернікам. 23 кастрычніка 1991 года храм быў наноў асвячоны біскупам Казімірам Свёнтакам.

Айцец Яцэк

У 1995 і ў 2005 гадах намаганнямі прыхаджан і з дапамогай спонсараў былі адрамантаваны дах і фасад будынка касцёла. Занядбаныя ўнутраныя інтэр'еры ўзноўлены ў апошнія гады дзякуючы высілкам цяперашняга настаяцеля прыхода ксяндза Дубіцкага. Як аказалася, айцец Яцэк родам з Кракава. Якім жа чынам ён апынуўся ў Беларусі?

"Як прыехаў, людзі пачалі шаптацца: "Відаць, не ўсё ў яго чыста, раз з Кракава накіравалі ў беларускую глыбінку". Казалі пра жанчын — можа, грэх на сябе ўзяў. Аднак прычына была зусім іншая, — смяецца святар, які добра размаўляе па-руску. — Каталіцкім святарам шлюб забаронены, і я лічу, што гэта вельмі добра. Па суседстве жыве мой калега праваслаўны святар, дык яму нашмат цяжэй, бо часам выпадае адказваць на пытанні сына кшталту: "Тата, а чаму ты ў царкве казаў адно, а сам робіш іншае?" Ды і аддавацца службе і сваім парафіянам было б значна цяжэй".

— Айцец Яцэк, а што рабіць, калі ўсё ж пабачылі прывабную кабету? — пытаюся ў святара.

— Адзін мой настаўнік казаў: "Калі раптам ваш позірк зловіць прывабную жаночую постаць, заплюшчы вочы ды ўяві яе пра 30 год. І любое жаданне ўмомант знікне".

Яцэк Дубіцкі руплівы гаспадар. "На жаль, аўтэнтычнага ўнутры касцёла амаль не засталося. Унікальны іканастас канца 18 стагоддзя цяпер знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, гэтаксама, як і знакамітае Шарашоўскае евангелле, карані якога сягаюць у 16 стагоддзе, — кажа святар. — Шмат чаго прыйшлося аднаўляць па памяці старажылаў. Бабулі прыносілі з паддашкаў старасвецкія рэчы, якія захаваліся ад іх бабуль, аднак яны былі ў такім кепскім стане, што даводзілася альбо рабіць копіі, альбо проста захоўваць стыль".

На жыццё айцец Яцэк не наракае і дапускае, што цяперашні крызіс мусіць падштурхнуць людзей вярнуцца да сваіх каранёў.

"У горадзе ёсць усе выгоды, магчымасць зарабляць грошы. Але, напрыклад, для мяне няма нічога лепшага за мясцовыя лясы, азёры і пагоркі. Тут зусім па-іншаму бачыш жыццё, разумееш, што ў ім першаснае, — распавядае настаяцель касцёла. — Часта ў Шарашова прыязджаюць з-за мяжы палякі ды габрэі — выхадцы з гэтых мясцін. Блукаюць па знаёмых вуліцах, прыгадваюць дзяцінства і мараць прыдбаць тут хатку".

Айцец Яцэк чалавек унікальны. Дасціпнасць і мудрасць у ім спалучаюцца з гумарам і мадэрновасцю мыслення. "Тыя, хто піў, па-ранейшаму п'юць, хто да Бога не хадзіў, той і не ходзіць", — прызнаецца суразмоўца.

Мясцовых парафіян ён чулліва называе "мае бабулькі", прызнаючыся, што зросся з гэтай зямлёй. "Аднойчы на мяжы беларуская памежніца прыняла мяне за свайго. "А чаму гэта ў вас польскі пашпарт?" — запыталася. — "Бо я паляк", — адказваю. — "Канечне, усе вы палякамі сталі, каб у Еўрасаюз ездзіць", — закончыла размову памежніца.

Святар смяецца.

У Польшчы ў яго багата сваякоў, якіх ён рэгулярна наведвае. "Наглядзеўшыся польскай тэлевізіі ды начытаўшыся газет, яны перакананы, што на Беларусі палякаў ледзь не забіваюць. Я ім кажу: вы прыедзьце, паглядзіце на ўласныя вочы. Не вераць. "Мабыць, цябе ўжо рэжым перарабіў на свой капыл", — адказваюць.

"Няўжо не можаце там прэзідзента новага знайсці?!"

Развітаўшыся з ксяндзом, скіроўваемся да знакамітай мясцовай драўлянай званіцы, узведзенай у 1799 годзе без аніводнага цвіка. Раптам побач спыняецца дзед-пенсіянер на ровары.

— Вы лучшэ ў магазін схадзіце: пшано за 9 тысяч! У вас у Мінску такога няма.

— Як няма?! У нас грэчка па 40 тысяч!

— Па целявізары паказваюць, што ў вас усё добра.

— А вы верыце ўсяму, што паказваюць па тэлебачанні? Дык там жа паказваюць, што і ў вас усё добра.

— Дык вы точна з Мінска? Няўжо не можаце там прэзідзента новага знайсці?!"

Андрусь ХВАЁВЫ, Шарашова — Мінск


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта