Белавежскі радавод Інакенція Смактуноўскага

Іна Ганчаровіч, интернет-сайт "Голас Радзімы", 14.04.2011

Ні для каго не сакрэт, што з беларускай зямлі пачынаўся радавод дзясяткаў выдатных кампазітараў, пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, акцёраў, якія сталі вядомымі ў іншых краінах. Сімяон Полацкі, Мікола Гусоўскі, Міхал Клеафас Агінскі, Тадэвуш Касцюшка, Фёдар Дастаеўскі, Марк Шагал, Міхаіл Глінка, Дзмітрый Шастаковіч… Спіс людзей розных нацыянальнасцяў з беларускімі каранямі можна доўжыць. У іх ліку і Інакенцій Смактуноўскі, таленавіты, любімы гледачамі акцёр савецкага кінематографа, якому ў сакавіку споўнілася б 86 гадоў.

Інакенцій Смактуноўскі — вядомы акцёр кіно і тэатра

Пра яго мінулае гаварылі па-рознаму, і сам ён часцяком заблытваў кінакрытыкаў некаторымі фактамі біяграфіі. Ды ў тым не зусім яго віна: раней многія ў сілу аб’ектыўных прычын вымушаны былі не надта афішаваць сваю "дакастрычніцкую" ці савецкую біяграфію. Вось і ў анкетах вялікага артыста з'яўляліся розныя запісы ў графе нацыянальнасць: яўрэй, паляк, рускі, беларус.

Але ёсць факты, якія ўпарта сведчаць менавіта пра беларускія карані Інакенція Смактуноўскага. Іх нагадаў Мікалай Чэркас, кандыдат біялагічных навук, у мінулым навуковы супрацоўнік Белавежскай пушчы, аўтар шэрагу навуковых артыкулаў і навукова-папулярных кніг. "Спецыяльна вывучэннем радаводу Інакенція Смактуноўскага я не займаўся, — гаворыць ён, — але, праглядваючы архіўныя матэрыялы пра пушчу, часам сустракаю цікавыя рэчы. У кнізе ўспамінаў самога акцёра, напрыклад, я прачытаў, што прадзеда Смактуноўскага па даносе сялян саслалі ў 1861 годзе ў Сібір быццам за браканьерства. Наогул жа сапраўднае прозвішча ў Інакенція — Смактуновіч. Нарадзіўся ў сяле Таццянаўка Томскай вобласці. Быў на фронце, трапіў у нямецкі палон, і хоць збег з яго, "пляма недабранадзейнасці" засталася. Калі працаваў акцёрам у Нарыльскім тэатры, недзе ў 1946-48 гадах, дырэктар і настаяў на такім псеўданіме. Ён лічыў, што прозвішча Смактуновіч нагадвае яўрэйскае, што магло ўскладніць і без таго няпросты лёс акцёра. Яшчэ вядома, што Якаў Смактуновіч, той самы прадзед Інакенція, які трапіў у Сібір, ажаніўся там з дачкой урадніка, які за ссыльным наглядаў. Адзін з сыноў Якава так і застаўся ў Сібіры — ад яго, магчыма, і пайшла лінія Смактуноўскага. Другі сын паступіў на службу на крэйсер "Расія", ён быў удзельнікам руска-японскай вайны. Дакументы сведчаць, што гэты другі сын быў католікам, трохі глухаватым ад пашкоджання барабанных перапонак, меў узнагароду — я бачыў наградны дакумент у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне. Пасля заканчэння вайны ён вярнуўся ў Белавежскую пушчу, ад яго і вядуць радавод цяперашнія Смактуновічы. Некаторыя родзічы Інакенція Смактуноўскага і цяпер там жывуць".

Інакенцій Смактуноўскі — вядомы акцёр кіно і тэатра

Ёсць, аднак, версія, што і бацька акцёра быў падлоўчым з Белавежскай пушчы. Вось што расказвае Фёдар Саевіч, у мінулым ляснічы Ясенеўскага лясніцтва. "Я нарадзіўся, вырас, працаваў у Белавежскай пушчы, жыву ў вёсачцы Ясень. Некалькі гадоў таму глядзеў тэлеперадачу пра Смактуноўскага, і ён гаварыў, што бацька яго быў падлоўчым у Белавежскай пушчы, а перад Першай сусветнай вайной, як і многія, пакінуў гэтыя месцы — з'ехаў у Сібір. А разам са мной тады працаваў ляснічым Смактуновіч Анатоль Сямёнавіч, які ўжо памёр. Дык Анатоль і Інакенцій — гэта амаль як адна асоба, абодва такія ж бялявыя. Я яму нават пра тое сказаў. Ён пацвердзіў, што родзіч Смактуноўскага. Цяпер яго сын Яўген жыве ў Белавежскай пушчы. У канцы 40-х — пачатку 50-х працаваў ляснічым у пушчы і Сямён Іосіфавіч Смактуновіч, бацька Анатоля, выдатны чалавек і спецыяліст. Я таксама з ім добра быў знаёмы, нават прысвяціў яму сваю першую кнігу. Наогул карані Смактуновічаў ідуць з вёскі Пагарэльцы, і ў мяне няма ніякіх сумненняў, што Інакенцій Смактуноўскі — з беларусаў".

Яшчэ адно меркаванне — ад Яўгена Смактуновіча, які ў мінулым быў дырэктарам Белавежскай пушчы: "Я не магу сцвярджаць, што маю родавыя сувязі з вялікім артыстам. Але прозвішча вельмі рэдкае, сустракаецца у трох пушчанскіх вёсках".


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта