На тле зялёных дываноý

Ірына ДЗЯРГАЧ, газета "Народная газета", 04.09.2010

На тле зялёных дываноý разгортваюцца смешныя і павучальныя гісторыі, прыдуманыя ýдзельнікамі сумеснага конкурсу “НГ” і выдавецтва “Рыфтур”.

Згадзіцеся, прачытаýшы сучасную добрую казку ці напісаны з густам і гумарам верш, пачынаеш неяк іначай глядзець на іх герояý. Бо, аказваецца, буры Мішка ýмее не толькі раýсці і красці мёд, але і браць урокі матэматыкі, жвавая Вавёрка расказвае пра сваю краіну не горш за экскурсавода, а высакародны Алень, мусіць, ужо рыхтуе навагоднія падарункі для дзятвы. Здымкі фотамастака Сяргея Плыткевіча і літаратурныя здольнасці нашых чытачоý робяць свет крыху лепшым. Дарэчы, чамусьці ніводны ýдзельнік пакуль што не натхніýся здымкамі ваýкоý, якія мы змясцілі мінулым разам. Паглядзім, хто першы паспрабуе расхістаць рэпутацыю бязлітаснага шэрага драпежніка! Чакаем вашых допісаý!

Вядучая конкурсу Ірына ДЗЯРГАЧ, “НГ”

Прыгоды аленя

Наступалі апошнія дні навагодніх свят. І вось Санта-Клаýс сабраý усіх сваіх аленяý. Якія ж яны былі прыгожыя! Кожны з іх дужы, ганарлівы. Знаходзіýся там і наш зямляк, родам з Белавежскай пушчы. Па характару ён вясёлы і бесклапотны. Дык вось, аб’явіý Санта-Клаýс сваім верным памочнікам-аленям, што пасля зімовых свят кожны з іх можа на цэлы месяц з’ездзіць адпачыць. Якія ж курорты сабе выбралі алені? Адзін на Ямайку, другі — на Балканскі паýвостраý. А наш алень быý адданы радзіме.

І паехаý алень-беларус (Санта-Клаýс называе аленяý па нацыянальнасці) на радзіму ý Белавежскую пушчу. Даýно ён хацеý пабачыцца са сваімі сябрамі — зайцам вушастым і вавёркай пухнастай. Якое хараство чакала аленя дома! Велізарныя дубы, прысыпаныя бялюткім снегам, чыстае паветра, якім дыхалася так лёгка. Як нашаму герою гэта было блізка! Як ён радаваýся, пабачыýшы сваіх сяброý!

Наступаý час ехаць дапамагаць Санта-Клаýсу рыхтаваць падарункі для дзяцей. Аднак не паехаý наш алень на Паýночны полюс. І вось чаму. Была сонечная раніца. Ля лазовага куста ён убачыý прыгожую аленіху. І так спадабалася яму аленіха Лёля, што ён нават і сказаць нічога не змог. Аднак, часу не губляючы, падышоý да аленіхі Лёлі іншы алень. Пачалі алені спрачацца, хто з іх лепшы, у каго рогі даýжэйшыя. Доýга яны спрачаліся, але Лёля выбрала нашага героя.

Прайшло крыху часу, і алень пачаý сумаваць і адчуваць сябе вінаватым, што з-за яго дзеці застануцца без падарункаý. Ён не еý, не піý. І вось аленіха параіла аленю ехаць да Санты і ýсё расказаць. І рашыýся алень. Ды толькі не было на чым дабрацца. І пайшоý ён пехам. Дзе плыý, дзе бег, нават бачыý, што за морам робіцца. Так і дабраýся алень да Паýночнага полюса.

Мабыць, сумленне падштурхоýвала. Пра што вялі размову Санта і алень — невядома. Ды толькі вярнуýся ён на радзіму шчаслівы. Узяý сваю аленіху, і разам пайшлі яны дапамагаць рыхтаваць падарункі нашаму Дзеду Марозу.

І зараз можна пабачыць аленя ý Белавежскай пушчы, ён самы стары. Аднак радасна вітае ýсіх дзяцей і расказвае казкі.

Марына СТОМА


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта