

Свіслаччына! Невялічкі беларускі куточак, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Любая сінявокая радзіма ý зялёнай пушчанскай сукенцы, з пшанічнай касой і валошкавым вянком на галаве. Як любы нам твае беластволыя бярозавыя гаі і сасновыя бары, як цешыць душу спеý тваіх жаваранкаý у блакітным небе над залатым морам спелага жыта, як ласкава ты ýсміхаешся да кожнага, хто ідзе да цябе, як шчыра сустракаеш хлебам-соллю на белым ільняным ручніку, як спакойна і радасна жывецца пад тваімі крыламі, як соладка спіцца дзеткам у тваёй калысцы. Якое шчасце, што ты ёсць у нас такая! Як для кожнага дзіцяці няма нікога даражэйшага і прыгажэйшага за маці, так і для нас няма ý свеце мясціны, якая магла б параýнацца з табой, Свіслаччына! І вада ý тваіх крыніцах самая чыстая, і сонца тваё самае гарачае, і людзі твае самыя шчырыя, і песні твае самыя меладычныя. Менавіта ім, песням, якія складаліся і спяваліся тут спрадвеку, а таксама цудоýным і непаýторным казкам і легендам пушчанскага краю прысвячаецца наша першая тэматычная старонка "Ад прадзедаý спакон вякоý..."
Напачатку было слова — гэта бясспрэчная ісціна! Менавіта яно, слова, з’яýляецца ядром, зернем, сутнасцю фальклору. Свой настрой, пачуццё, памкненне душы, самыя запаветныя адценні яе стану народ перадаваý, у першую чаргу, песняй. Яна, песня, спявалася і ý горы, і ý радасці, суправаджала кожнага ад калыскі да апошніх хвілін жыцця.
Наш край мае вельмі багатую і своеасаблівую вусную творчасць. Нездарма многія творы ý свой час запісалі вядомыя фалькларысты, якія тут нарадзіліся, жылі і працавалі: Ф. Карпінскі, Ю. Кранцузскі, У. Нікіфароýскі, М. Забейда-Суміцкі. Свіслаччыну часта наведваý Р. Шырма. Дарэчы, у яго чатырохтомны зборнік "Беларускія народныя песні" увайшло нямала песень з паметкай "Запісана ý 1934 годзе ад дзяýчат вёскі Грынкі". У яго ýвайшлі такія песні, як "Я ý сераду радзілася", "Шумяць вербы", "Ой, ты, гаю зялёны", "Цераз сені ý камору" і іншыя. Не раз гасціý Рыгор Раманавіч у народнай спявачкі з Міхалак Марыі Антонаýны Мялешкі. Гэтай цудоýнай бабулькі, якая ýвасабляла ý сабе ýсё хараство народнай песні, ужо няма на свеце, але песні яе жывуць!
Каліна з малінаю ý садзе расцвіла,
У тую мяне порушку маці радзіла.
Не вучыла розуму, замуж аддала,
На чужу старонушку
Ды й за жаýняра.
Чужая старонушка без ветру шуміць,
Чужы айцец з мацер’ю
Не б’юць, ды баліць...
Варта толькі пачуць — і перад вачамі паýстае вобраз невялічкай хударлявай бабулькі ý квяцістай хустачцы. Яна сядзіць ля калаýрота, пальцы лоýка скручваюць тонкую нітачку, і недзе з самай глыбіні сэрца льецца песня. Яна не змаýкае ні на хвіліну. І нават адразу не пазнаеш, калі канчаецца адна песня і пачынаецца другая. Але гэта не так важна, проста хочацца слухаць і слухаць той меладычны, лагодны голас спявачкі.
Ой, там у лузе
Васіль сена косіць.
Да яго дзяýчына
Дзяціну прыносіць.
— Васілю, Васілю,
На табе дзяціну.
А калі не возьмеш,
На пакосе кіну.
На табе, дзяýчына,
Сто рублёý у хату.
Не кажы нікому,
Што я яе тата...

Так спявала некалі народная спявачка з Нязбодзічаý Ніна Лявонаýна Зошчык. Добрая, сціплая, таленавітая жанчына, якую таксама ýсё жыццё суправаджала песня. І яе няма ýжо на свеце, а песні пяюць дзеці і ýнукі, таму што яна, песня, як невычэрпная крыніца з чысцюткай вадою.
Людзей, улюбёных у песню, на Свіслаччыне нямала. Амаль у кожнай вёсачцы ёсць такія самабытныя спявачкі. У Грынках шмат гадоý не змаýкаюць песні Яýгеніі Паýлаýны Барэль, Лідзіі Канстанцінаýны Трахімік, Марыі Максімаýны Казлоýскай. А як хораша спявае гурт "Лета маладыя" з Куклічаý. Такія ж цудоýныя гурты ёсць у Міхалках, Пацуях, Ціхаволі, Корнадзі, Нязбодзічах, Дашкавічах, Вялікім Сяле. Да сёння гучаць у памяці песні, якія выконваý мой любы фальклорны калектыý "Крынічанька". Калядныя, валачобныя, купальскія, абрадныя, колькі ж іх ведаюць гэтыя сціплыя бабулькі!
Яны пяюць песні, жывуць песняй. І кожная – скарб, якому няма цаны. Гэта даказана жыццём. Вось з’яýляецца новая сучасная песня. Яна гучыць, не сціхаючы, па радыё, яе "круцяць" на дыскатэках, спяваюць на вечарынах. Адным словам – шлягер! А праходзіць час, і "шлягер" той адыходзіць у нябыт, ніхто не памятае аб ім, хіба толькі дзе-нідзе хто выпадкова прыпомніць і заспявае на застоллі. Немагчыма палічыць, колькі такіх песень аджылі свой век і назаýсёды змоýклі. А вось народная жыве стагоддзямі. Мяняюцца час, мода, стыль, густы, і толькі адвечная народная песня, якую яшчэ называюць матчынай, застаецца такой жа жывой і чыстай.
...Вышчыпну я з ружы кветку
І пушчу на воду.
Плыві, плыві з ружы кветка
Аж да майго роду...
Плыла, плыла з ружы кветка,
Пры беражку стала.
Выйшла мама воду браці,
Кветачку пазнала.
Ой, чаго ты, з ружы кветка,
На вадзе збялела?
Неужэлі мая дочка
Тры гады балела?
Ні балела, ні хварэла
Ні дня, ні гадзінкі,
Папалася злому мужу
У няверну радзінку...
Такая вось жаласлівая песня пра нялёгкую жаночую долечку, пра тое, як цяжка жывецца ý чужой староначцы ды з ліхім мужам. А спявае яе Соф’я Аляксандраýна Пузыр з Міхалак. Наогул, у яе рэпертуары такіх песень вельмі шмат. Яна магла б спяваць іх цэлы дзень і не стамілася б. Наадварот, менавіта песня дапамагала ёй не раз пераадольваць жыццёвыя выпрабаванні і заставацца стойкай пры любых акалічнасцях. Ды і не толькі ёй. Спытайце любую народную спявачку, носьбітку аýтэнтычнага фальклору, і яна адкажа, што песня для яе была і застаецца, бадай, найважнейшым жыццёвым стымулам, які заýсёды дапамагаý трымацца на плаву. Вось якую моц мае матчына песня.
І як радасна, што сёння гэтыя песні спяваюць і ý дзіцячых садках, і ý школах.
Ой, рэчанька, рэчанька,
Чаму ж ты няпоýная?
Чаму ж ты няпоýная,
З беражком няроýная...
Льюцца-пераліваюцца чыстыя галаскі дзяýчынак у вышытых кашульках і, здаецца, чуваць, як журчыць ручаёк, як бурліць крынічанька. А гэта значыць, што з цягам часу тыя ж песні будуць спяваць іх дачушкі, а потым унучачкі, гэта значыць, што жыць тым песням у вяках.
Мая бабуля Марыля называла казкі "баечкамі". А колькі яна іх ведала! Магла расказваць і расказваць... Яна не ýмела ні чытаць, ні пісаць. І мне здаецца, што яна сама прыдумвала іх прама на хаду. Не магу дараваць сабе зараз, што ніводнай не запісала, што нават думка такая да галавы не прыйшла. Памерла бабуля, і змоýклі казкі. Толькі некалькі ý памяці засталося. Вось адна з іх.
"Жыла-была адна багатая пані. І не ведала яна, што такое бяда. Усё хадзіла і людзей пытала: "Скажыце мне, людочкі, а што такое бяда? Вось і той, і той бядуе, а я не ведаю, што ж гэта за бяда такая". А людзі з яе смяяліся, казалі: "Пачакай, пачакай, панечка, даведаешся калісь і ты, што яна за бяда такая". Аднойчы пайшла яна ý лес ды заблудзілася. Вечар настаý, а яна дадому дарогі не ведае. Тут бачыць, хатка стаіць. Пайшла да той хаткі, пастукала ý дзверы, а ніхто не ідзе. Бачыць — дзверы адчынены. Вось зайшла яна ý хатку і на лаве прылягла. Тут ужо і сцямнела. Чуе нейкі шум. Яна пад печчу схавалася і паглядае. А ý гэтай хаце бандыты жылі. Яны людзей рабавалі і забівалі. Пачалі яны дабро сваё дзяліць і хваліцца адзін перад другім, хто каго забіý, што адабраý. А потым есці селі, а як паелі, то паснулі. Страшна было той пані, бо яны ж маглі і яе забіць. Пачакала яна яшчэ трошкі, а потым ціхенька вылезла з-пад печы і пабегла. Бяжыць і крычыць: "Бяда-бяда-бядуленька, бяда-бяда-бядуленька..." Бегла, бегла і ад страху прама да сваёй хаты прыбегла. З той пары яна ýжо нікога не пыталася, што такое бяда".

А легенды! Якія цудоýныя легенды складзены пра нашы мясціны. Вось толькі адна з іх, якая запісана ý цэнтры Белавежскай пушчы, у вёсцы Ціхаволя.
"Даýней, калі панавалі каралі, паблізу Нарвы шумелі дрымучыя лясы. А на беразе ракі, акружаны лясамі і садамі, стаяý палац, і жыла ý ім каралева Кінгі. Цэлымі днямі гуляла яна ý садзе і ý лесе. Збірала грыбы, ягады і слухала, як спяваюць птушкі. Яна заýсёды карміла іх, і птушкі яе вельмі любілі. Але аднаго разу, калі пайшла яна ý сад, раптам затрэслася зямля, вакол пацямнела, і палац разам з людзьмі праваліýся пад зямлю. А на тым месцы — толькі невялікая горка.
Але Кінгі не забылася пра сваіх птушак. У поýнач яна выходзіла з зямлі, распальвала агонь і садзілася на камень. Многія бачылі, што свеціцца на гары агеньчык, але падыходзіць баяліся. А Кінгі ýсё сядзела і чакала, што хто-небудзь прыйдзе і нарве ёй кветак.
Аднойчы тут праязджаý адзін разбойнік. Убачыý ён агеньчык на гары і падумаý, што там свеціцца кавалак золата. Пайшоý туды і ýбачыý красуню-дзяýчыну. Перад ёю стаяý куфар з золатам, і яна перасыпала яго рукамі. Кінгі павярнулася да разбойніка і кажа: "Ідзі, добры чалавек, нарві мне кветак, і я табе аддам гэтае золата".
Але разбойнік, як дзікі звер, накінуýся на Кінгі і хацеý яе забіць. Але што за дзіва? На тым месцы, дзе стаяла дзяýчына, нікога не стала, а дзе стаяý разбойнік, аказаýся вялікі камень. Ён і зараз ляжыць на гары. І калі хто-небудзь убачыць яго, то няхай успомніць, што некалі тут стаяý вялікі палац і жыла ý ім прыгажуня Кінгі".
Пра песні, казкі, легенды, паданні можна расказваць бясконца і не надакучыць. Бо гэта скарбы душы народа, якім няма і не будзе цаны. Вельмі хацелася б сабраць іх разам. А, можа, паспрабаваць? Калі ласка, паважаныя чытачы, дасылайце нам цікавыя легенды, казкі, паданні, якія вы чулі ад сваіх бабуль і дзядуль. Бо гэта павінна застацца для нашых дзяцей, унукаý і праýнукаý.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
На снимках: народны фальклорны калектыý "Крынічанька"; С. А. Пузыр; М. А. Мялешка.
Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта