Зямля філосафаý і кніжнікаý

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ, Юлія ПАПОВА, "Народная Газета", № 160, 28.08.2008

Гісторыкі і культуролагі сцвярджаюць, што нацыянальная культура любой краіны складаецца з вобліку невялікіх яе мястэчкаý

На высокім узгорку побач з паýнаводнай некалі ракой Лясной узвышаецца камянецкая, альбо Белая вежа — адзін са старажытных сімвалаý Белай Русі. Гэтая звыклая назва, дарэчы, з’явілася ý выніку памылкі. Прычым памылкі пісьменніцкай. У 1893 годзе выйшла кніга рускага вучонага Рыгора Карцава “Паляванне ý Белавежскай пушчы”, дзе былі радкі аб тым, што “на рацэ Белай стаіць Белая вежа”. Але ад веку раку ý Камянцы называюць не Белая, а Лясная. А вежа на яе беразе змуравана з чырвонай цэглы і ніколі не бялілася... Жыхарам Камянца больш падабаецца іншая версія паходжання назвы “Белая” іх чырвонай вежы: гэтае абароннае збудаванне ніколі за ýсю гісторыю горада не было захоплена ворагам. А гісторыя Камянца налічвае больш за сем стагоддзяý, і войн за гэты час па камянецкай зямлі пракацілася мноства.

"И нарче имя ему Каменець..."

Горад Камянец узнік адначасова з вежай, якую даследчыкі адносяць да данжонаý. Данжон — гэта галоýная вежа феадальнага замка, апошні рубеж абароны і месца, дзе магло схавацца ад ворага мірнае насельніцтва. У X стагоддзі такія адзінокія, высокія і гордыя вежы ýзвышаліся над паýночнымі і заходнімі землямі Еýропы. У XIII — з’явіліся ý Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Прыбалтыцы, сучаснай Беларусі: у Гродне, Тураве, Брэсце, Навагрудку, Полацку, Камянцы. Да нашых часоý захавалася толькі адна вежа — камянецкая.

Восем стагоддзяý назад значная частка берасцейскіх зямель належала галіцка-валынскім князям. На гэтыя багатыя ýладанні было нямала прэтэндэнтаý. Хадзілі сюды вайной польскія князі, у 1240-м дакацілася мангола-татарская лавіна.Таму і задумаý князь Уладзімір Васількавіч абараніць паýночную граніцу берасцейскай зямлі. Па яго загаду знакаміты зодчы тых часоý Алекса, які, як сведчаць летапісцы, яшчэ пры бацьку князя "многы городы рубя", адправіýся за балоцістую Прыпяць і Мухавец на пошукі месца для новага горада. Будаýніцтва вежы пачалося ý 1276 годзе. Гэты запіс у Іпацеýскім летапісе — першае пісьмовае ýпамінанне таксама і пра горад Камянец: "И улюби место то над берегомъ рекы Лысны и сруби на немъ городъ и нарче имя ему Каменець зане быс земля камена".

Калі ж у 1288 годзе будаýніцтва вежы было завершана, летапісец сказаý пра яе паэтычна: "Князь же Володимеръ (...) създаж въ нем столпъ каменъ подобен удивлению всем зрящим нань...".

Насельніцтва Камянца ý тыя часы складала каля 500 чалавек, а плошча — каля гектара. Малады горад тут жа стаý багацець, бо праз Камянец, па рэчцы Лясной, праз непралазную пушчу ý тыя часы праходзіý шлях, што яднаý Захад з Усходам. Па гэтым шляху траплялі на беларускія землі заморскія тавары — упрыгожанні, зброя, прадукты і віно. Траплялі і веды, кнігі і творы мастацтва. Дарэчы, заснавальніка і першага ýладара Камянца князя Уладзіміра Васількавіча летапісцы называлі вялікім кніжнікам і філосафам. І, напэýна, не вельмі перабольшвалі. Бо князь, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, выстраіýшы ý Камянцы першую царкву, сваімі рукамі распісаý яе залатымі іконамі і падараваý ёй перапісанае ім Евангелле. Напісаý князь для гэтай царквы ікону Камянецкай Божай Маці. На жаль, ікона да нашых часоý не захавалася, у канцы XIX стагоддзя яе аддалі ý падарунак Мікалаю II, а самадзержац у адказ выдзеліý грошы на рэстаýрацыю камянецкай вежы.

Дарэчы, летапісы сведчаць пра нязвыклы для тых часоý гуманізм першага ýладара Камянца, расказала загадчыца філіяла Брэсцкага абласнога краязнаýчага музея "Музей "Камянецкая вежа" Таццяна Казулька. Аднымі з пастаянных ворагаý Уладзіміра Васілька-віча былі яцвягі, што жылі за Нёманам і прыходзілі з агнём і мячом на гэтую зямлю. Аднак калі ý іх быý голад, князь заýсёды дасылаý ім "гуманітарную дапамогу": адпраýляý па рацэ Лясной муку, мёд, іншае, чым багата шчодрая камянецкая зямля.

З часоý князя Уладзіміра Васількавіча павялося, што гэты лясны куток Беларусі заýсёды нараджаý вучоных і гуманістаý. Тут жыý філосаф і асветнік, ігумен мужчынскага Васкрасенскага манастыра Макарый, што адкрыý першую ý Камянцы школу. А ý XIX стагоддзі яшчэ адзін камянецкі святар, філосаф, паэт, этнограф і археолаг Леý Паеýскі дабіýся рэстаýрацыі гістарычнага помніка — вежы і правёý каля яе першыя раскопкі. Адсюль родам паплечнік Тадэвуша Касцюшкі Рамуальд Траýгут, выдатны беларускі тэатральны дзеяч і пісьменнік Уладзімір Стэльмах, вядомы літаратуразнавец і крытык Уладзімір Гніламёдаý, гісторык Усевалад Ігнатоýскі, па падручніку якога "Кароткія нарысы гісторыі Беларусі" і сёння вучацца студэнты, мастак Фёдар Дарашэвіч.

Крылы музы

Добры літаратурны густ і сёння выгадна адрознівае жыхароý Камянца і Камянеччыны. Бум на бульварную літаратуру прайшоý тут на здзіýленне хутка, і сёння ý гарадскіх і сельскіх бібліятэках запатрабавана руская і беларуская класіка, сучасныя сур’ёзныя айчынныя і замежныя літаратары. Пра гэта дырэктар Камянецкай раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Ніна Нікіцюк гаворыць не без гордасці за сваіх землякоý. Добры густ чытачоý вымушае бібліятэкі трымаць высокую планку. І штогод фонды тут папаýняюцца не столькі кнігамі ý яркіх мяккіх вокладках, колькі навінкамі беларускіх выдавецтваý і лепшым, што выдаецца ý суседняй Расіі. Толькі ý гэтым годзе на папаýненне кніжнага фонду і падпіску на перыядычныя выданні райвыканкам выдзеліý бібліятэкам раёна 90 мільёнаý рублёý.

Бібліятэкі ý Камянецкім раёне ніколі не пустуюць: напрыклад, пры колькасці насельніцтва Камянца ý няпоýныя 9 тысяч чалавек у "дарослую" Камянецкую цэнтральную раённую бібліятэку запісана 3 тысячы чытачоý, а ý дзіцячую — паýтары тысячы. Самы малодшы чытач — 2004 года нараджэння, самы старэйшы хутка перасягне 90-гадовы рубеж. У раённай бібліятэчнай сістэме 38 бібліятэк, і больш за 60 працэнтаý насельніцтва раёна — іх чытачы.

Дарэчы, вельмі ганарацца на Камянеччыне сваімі ýласнымі літаратарамі. А гэтая зямля пастаянна нараджае літаратурныя таленты. І хай яны не так шырока вядомы ý краіне, на радзіме іх творчасць запатрабавана.

— Адна з самых вядомых нашых пісьменніц — Святлана Курылёва, — распавядае Ніна Нікіцюк. — Яе кнігі, дарэчы, выдае такое паважанае выдавецтва, як "Мастацкая літаратура", а гэта — своеасаблівы літаратурны знак якасці. Святлана Курылёва піша раманы і аповесці — пра жыццё, пра людзей Камянеччыны. Цяжка знайсці жыхара раёна, які не быý бы знаёмы з яе творчасцю. Людзі захапляюцца яе творамі "Жаворонки на улице", "Доброта", "Формула успеха". Героі, якіх выводзіць на старонкі раманаý і аповесцяý пісьменніца, — яе землякі. І хай яна ýвесь час гаворыць, што героі яе выдуманыя, чытаючы, многіх пазнаеш...

Надзвычай прыгожая прырода гэтага кутка нашай краіны настройвае на паэтычны лад. Таму багата Камянеччына паэтамі і аматарамі паэзіі. Камянецкая зямля дала Беларусі паэта і мастака Ігара Даро. Кніга вершаý паэткі Ніны Гарагляд носіць назву "Матчына мова", а неапублікаваныя яе вершы (зборнічак "Душа мая босая") Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка выдала самастойна.

...Збягу я з горада ý госці
Да пушчы, да зёлкаý гаючых.
Тут сэрцу майму не балюча.
Па сцежцы знайду леснічоýку,
І, як дарагую абноýку,
Сукенку з ахапкаý кветак
Падорыць мне шчодрае лета.
А сосны слязою-смалою
Мой смутак і боль загояць.

Гэта радкі з верша Ніны Гарагляд. Па словах дырэктара РЦБС, агульнае, што аб’ядноýвае літаратараý Камянеччыны — паэтаý і празаікаý, маладых і сталых, пачынаючых і масцітых, тых, хто шукае новыя літаратурныя формы і хто прытрымліваецца класічнага погляду на літаратурныя жанры, — гэта любоý да роднай зямлі, да сваёй малой радзімы. Менавіта гэтая любоý — тыя крылы, на якіх лятае іх муза.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ, Юлія ПАПОВА (фота)


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта