Пах бэзу над Свiслаччу

Аляксандра АНЦЭЛЕВIЧ, "Народная газета", № 132, 15.06.2006

У назве гэтага гарадка, аднаго з самых старажытных не толькi на Гродзеншчыне, але ýвогуле ý Беларусi — больш таго, па ýсёй Еýропе не так многа знойдзецца больш старажытных паселiшчаý — напэýна, кожны мiнчанiн адчуе нешта роднае — як-нiяк гарадок — цёзка сталiчнай ракi. Райцэнтр Свiслач сустракае гэтымi днямi сваё 750-е лета. Дарэчы, жыхары гэтага гарадка — а iх сем з паловай тысяч — лiчаць Свiслач сталiцай, сталiцай беларускага бэзу. Кожную вясну i напачатку лета гарадскiя вулiцы напаýняе пах бэзу. Ён, здаецца, паýсюль — махровы, персiдскi, ружовы, белы, амаль фiялетавы, лiловы, самых розных адценняý. Такiх буйных суквеццяý i палiтры колераý бэзу, як у Свiслачы, не ýбачыць больш нiдзе на Беларусi...

Зубры ля Новага Двара

Дакладная дата з’яýлення ý гэтых месцах гарадка Свiслач, на жаль, страчана, расказвае старшыня Свiслацкага райвыканкама Iван Крупiца. Захаваýся ý гiстарычнай памяцi толькi год першага ýпамiнання ý Iпацьеýскiм летапiсе — 1256. Яго i лiчаць годам заснавання Свiслачы. 750-годдзе свiслачане вырашылi адзначыць у канцы верасня, калi завершацца асноýныя работы на палях. Свiслацкi раён — сельскагаспадарчы, падкрэслiвае старшыня райвыканкама, большасць насельнiцтва занята сялянскай працай, а свята роднага горада павiнна быць святам для ýсiх. Тым больш што i “ýзрост” абавязвае — наступнай такой значнай датай будзе толькi 800-годдзе. А ý гэтыя днi падрыхтоýка да свята ýжо iдзе поýным ходам.

— Многае зроблена па добраýпарадкаванню дарог, гэта для нас першаступенная задача, — расказвае Iван Крупiца. — Сёння вядуцца работы на вулiцах Кiрава, Першамайскай, Савецкай. Касметычнага рамонту патрабуе цэнтр горада. Як можна здагадацца, гарадок Свiслач сваю назву атрымаý у гонар ракi. Толькi ý сталiцы Свiслач шырокая, а тут — невялiчкая ручаiна. У Свiслачы ýвогуле ýсё маленькае, кампактнае, акуратнае.

— Наш гарадок невялiкi, утульны, i для таго, каб падтрымлiваць яго ý парадку, вялiкiх фiнансавых затрат не трэба, — кажа старшыня. — Больш неабходны ýвага, руплiвае вока гаспадара i любоý да свайго горада i раёна. Тым больш што свiслачане традыцыйна вельмi беражлiва ставяцца да таго, што зроблена ý горадзе. А зроблена нямала, у тым лiку i былымi старшынямi райвыканкама. Матэрыяльныя сродкi i раён, i вобласць сёння ýкладваюць у аграгарадкi. Вядзецца рэканструкцыя ферм, у быт селянiна ýваходзяць сучасныя тэхналогii i “блакiтнае палiва”. Я ýпэýнены: жыць трэба па сродках, i неабходна ýмець напраýляць iх на тое, што ý дадзены момант найбольш важна для людзей.

— За што вы любiце Свiслач? — пытаюся ý Iвана Сямёнавiча.

— За людзей. Людзi тут надзвычай душэýныя, добрасумленныя, руплiвыя, адкрытыя. Заýсёды падтрымаюць, параяць. Мясцовая ýлада абавязкова павiнна раiцца з людзьмi, для якiх яна, уласна кажучы, i працуе. А яшчэ люблю Свiслач за яе унiкальнасць, непаýторнасць. За багатую гiсторыю. Свiслаччыну трэба наведаць ужо хаця б таму, што на тэрыторыi раёна знаходзiцца значная частка Белавежскай пушчы. Каля вёскi Новы Двор, напрыклад, — а гэта ýсяго 15 кiламетраý ад райцэнтра — зубры, што пасуцца непадалёк ад вясковага статка, — звычайная карцiна. Людзей яны зусiм не баяцца, вось толькi не кожны адважыцца блiзка падысцi да такой махiны!

Радзiма знакамiтага бальзаму

Гiсторыя Свiслачы, i сапраýды багатая на асоб i яркiя падзеi, пакiнула на вулiцах гарадка мноства помнiкаý даýнiны. На доме N 1 на вулiцы Камсамольскай — памятная дошка: “Гэта вулiца з 1924 да 1940 гг. насiла iмя Адольфа Бiтнэра (1861 — 1924), знакамiтага доктара медыцыны, якi жыý у кватэрах зямлi Свiслацкай”. Жыхары Свiслачы ýпэýнены: знакамiты “Бальзам Бiтнэра”, што выпускаецца ý Аýстрыi i цудадзейныя якасцi якога вядомы ý многiх краiнах свету, быý упершыню вынайдзены ý iх горадзе. А стварыý яго доктар Адольф Бiтнэр, што ý канцы пазамiнулага стагоддзя эфектыýна лячыý многiя хваробы свiслачан травамi. Тым больш што ý Белавежскай пушчы i сёння расце лекавая трава, якую ý народзе называюць “бальзам”. Кажуць, што доктар Адольф Бiтнэр меý у Аýстрыi брата, якi i паставiý “на паток” выраб бальзаму па рэцэпту свайго свiслацкага родзiча i калегi. Як сведчаць краязнаýцы, Адольф Здзiслававiч Бiтнэр, доктар медыцыны, хiрург, акулiст, фармацэýт i грамадскi дзеяч, скончыý Варшаýскi унiверсiтэт i ý 1884 годзе пачаý у Свiслачы ýрачэбную практыку. У 1889 годзе малады ýрач ажанiýся з дачкой ýладара маёнтка “Кватэры” Глiндзiча. Тут на ýласныя сродкi ён стварыý шпiталь для жыхароý навакольных вёсак, дзе бедных лячыý бясплатна. Многiм выратаваý урач жыццё i паправiý здароýе з дапамогай бальзамаý i настояý з мясцовых зёлак. Пасля смерцi ýрача ýдзячныя пацыенты назвалi вулiцу яго iменем, а магiла Бiтнэра на свiслацкiх могiлках застаецца дагледжанай i сёння. На помнiку залатымi лiтарамi выбiты словы: “Святой памяцi Адольф Бiтнэр. Доктар медыцыны. Жыý 63 гады. Памёр 18 студзеня 1924 г. Служыý Богу i людзям. Спакой яго высакароднай душы”.

Гiсторыя без рэтушы

Унiкальная Свiслач i тым, што менавiта з гэтых месцаý родам Кастусь Калiноýскi. На жаль, дом, дзе нарадзiýся нацыянальны герой, сёння не захаваýся. Але захавалася гiмназiя, дзе Калiноýскi вучыýся. Дарэчы, гэты будынак мае вялiкую гiстарычную каштоýнасць — менавiта ý Свiслачы больш за 200 год таму была адкрыта самая першая гiмназiя на тэрыторыi Гродзенскай губернi. Зараз у старажытным будынку знаходзiцца дзiцячае аддзяленне гарадской бальнiцы, але гарадскiя ýлады ý планах на блiжэйшую перспектыву намецiлi выдзелiць для аддзялення iншую плошчу, а ý гiмназii стварыць музей гiсторыi Свiслачы, дзе Калiноýскаму будзе прысвечана вялiкая экспазiцыя.

Вядома Свiслач на ýсю краiну сваiмi помнiкамi. Дакладней, алеяй помнiкаý, аналагаý якой няма нiдзе ý Беларусi, ды i за яе межамi больш няма. Свiслачане, адметная рыса якiх — павага да гiсторыi сваёй малой радзiмы, вырашылi захаваць усе помнiкi, што калiсьцi стаялi на вулiцах горада, сабраýшы iх у цэнтры, на адной алеi.

— Пачатак алеi паклаý помнiк героям Вялiкай Айчыннай вайны, — распавядае старшыня райвыканкама. — А сёння побач стаяць i бюст Кастуся Калiноýскага, i помнiк Рамуальду Траýгуту — паплечнiку Калiноýскага, герою паýстання 1863—1864 гадоý. Ёсць на алеi помнiк Ленiну, а таксама бюст Сталiна — адзiны, што сёння захаваýся ý Беларусi. “Эксклюзiý” быý выпадкова знойдзены недзе ý хляве гаспадаркi “Вярдомiчы”, дзе пылiýся з пачатку 50-х гадоý мiнулага стагоддзя. Некалькi гадоý таму ýстаноýка гэтага помнiка выклiкала шум i палемiку ý рэспублiканскiх i мясцовых сродках масавай iнфармацыi. Але свiслачане ýсё ж вырашылi бюст устанавiць, каб паказаць гiсторыю сваёй зямлi без рэтушы.

— Гэта наша мiнулае, — кажа Iван Крупiца. — Ад якога нельга адхрышчвацца, якое нельга забываць. Можна добра цi дрэнна ставiцца да гiстарычных асоб, але гiсторыю роднага краю трэба паважаць.

На жаль, не захаваýся помнiк Аляксандру II, што да 1919 года ýпрыгожваý цэнтр Свiслачы, кажуць свiслачане. Гэты рарытэт таксама заняý бы дастойнае месца на алеi.

Душа свiслацкай зямлi

Дарэчы, сiмвал Свiслачы — вялiзная i надзвычай прыгожая скульптура беларускага волата, што сустракае гасцей на ýскраiне поля. Гэта помнiк воiнам-вызвалiцелям, што са зброяй у руках прынеслi на гэтую зямлю мiр у гады Вялiкай Айчыннай вайны, работа скульптара Паýла Цомпеля. Да свiслачан звярталiся ýлады сталiцы, уражаныя прыгажосцю гэтага твора мастацтва, з прапановай перавезцi асiлка ý Мiнск. Але свiслачане не згадзiлiся расстацца са сваiм волатам, з гордасцю расказвае Iван Крупiца. Таму што асiлак непарыýна звязаны з зямлёй Свiслаччыны, на якой стаiць, ён — сiмвал i ýвасобленая душа гэтай зямлi.

Стагоддзi гiсторыi Свiслачы ажывуць у тэатралiзаваным прадстаýленнi на свяце горада. Зноý па вулiцах праедуць на конях рыцары, усмiхнуцца з-пад вуаляý чароýныя дамы. Рэпетыцыi iдуць ужо сёння. Старэйшым школьнiкам i працоýнай моладзi сцэнарый свята прыйшоýся даспадобы — ад жадаючых сыграць ролю аднаго са знакамiтых продкаý няма адбою, расказваюць работнiкi культуры райцэнтра, што кiруюць падрыхтоýкай святочнай праграмы.

Моладзi ý Свiслачы хапае, кажа старшыня, i гэтым летам будзе “папаýненне” — райцэнтр чакае маладых спецыялiстаý. Да юбiлею раён падыходзiць з дастойнымi паказчыкамi.

— Зроблены ýпэýнены рывок наперад. Вытворчасць валавой прадукцыi за пяць гадоý павялiчылася больш чым на 47 працэнтаý. Ураджайнасць збожжавых вырасла з 19,2 да 31,9 цэнтнера з гектара, льновалакна — у два разы. Пазiтыýныя змены ёсць i ý жывёлагадоýлi — удой на карову ý бягучым годзе даведзены да 4300 кг. Працягваецца абнаýленне машынна-трактарнага парка. Не забыта i сацыяльная сфера. У значнай ступенi мы перамаглi праблему беспрацоýя. Эфектыýна вырашаецца i ý горадзе, i на вёсцы жыллёвае пытанне. Значна скарацiýся ý раёне разрыý памiж смяротнасцю i нараджальнасцю. Упэýнены, ужо праз некалькi год пачнецца стабiльны прырост насельнiцтва. Адным словам, райцэнтр наш нiяк нельга назваць старым. У свае 750 гадоý ён зноý малады, i свiслачане глядзяць у заýтрашнi дзень з упэýненасцю i надзеяй.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта