Нашы цуды свету

Iрына СВIРКО, "Рэспублiка", № 85, 13.05.2006

Аўгустоўскi канал рыхтуецца да ўключэння ў Спiс гiсторыка-культурнай i прыроднай спадчыны.

Аўгустоўскi канал
Аўгустоўскi канал

Падрыхтоўка “дасье” Аўгустоўскага канала з мэтай уключэння яго ў Спiс культурнай i прыроднай спадчыны ЮНЕСКА блiзкая да завяршэння. З 2003 года гэтую працу сумесна вядуць беларускiя i польскiя спецыялiсты. Аўгустоўскi канал – аб’ект трансгранiчны, працягласцю па тэрыторыi Польшчы 80 кiламетраў, па Беларусi— больш за 20. Паводле слоў намеснiка начальнiка Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, кiраўнiка рабочай групы з беларускага боку Iгара Чарняўскага, засталося толькi ўдакладнiць асобныя звесткi аб установах i арганiзацыях, якiя адказныя за стан спраў на беларускай частцы канала, i перакласцi “дасье” на англiйскую мову, каб да восенi гэты падрабязнейшы афiцыйны дакумент быў адпраўлены ў Парыж у Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

На сённяшнi дзень у Спiс гiсторыка-культурнай i прыроднай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны чатыры беларускiя аб’екты. Першай яшчэ ў 70–80-я гады мiнулага стагоддзя стала Белавежская пушча. Затым, у 2000-м — замкавы комплекс “Мiр”, а ў 2005-м “дуплетам” – архiтэктурна-культурны комплекс рэзiдэнцыi роду Радзiвiлаў у Нясвiжы i трансгранiчная геадэзiчная Дуга Струвэ.

Дзейнасць у гэтым накiрунку набыла найбольшую мэтанакiраванасць i актыўнасць пасля 2002 года i сустрэчы ў Мiнску Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандра Лукашэнкi з генеральным дырэктарам ЮНЕСКА Каiцiра Мацууры, услед за якой з’явiўся пратакол адпаведных даручэнняў кiраўнiка нашай дзяржавы.

Указ Прэзiдэнта аб рэканструкцыi Аўгустоўскага канала i падрыхтоўцы яго да ўключэння ў Спiс сусветнай спадчыны падпiсаны ў 2004 годзе. На гэтыя мэты запланавана каля 31 мiльёна рублёў дзяржаўнага бюджэту ў базавых цэнах 1991 года, з якiх каля 80 працэнтаў ужо асвоена. Плануецца, што ў чэрвенi беларускi ўчастак Аўгустоўскага канала будзе ўведзены ў эксплуатацыю, блiжэй да верасня ён адкрыецца для першых падарожнiкаў, а ў 2007—2008 гадах можна чакаць разгляду яго для прыдання статуса аб’екта сусветнай спадчыны як унiкальнага твора чалавека i прыроды.

...Будаўнiцтва Аўгустоўскага канала ў канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў XIX стагоддзя было выклiкана абставiнамi палiтычнымi. Тагачасная Прусiя вялiкiмi мытнымi пошлiнамi перакрыла Каралеўству Польскаму як частцы Расiйскай iмперыi выхад у Балтыйскае мора. Дзеля стварэння iншага гандлёвага шляху было вырашана штучна злучыць Вiслу з Нёманам, аб чым i падпiсаў адпаведны ўказ Аляксандр I. Аўгустоўскi канал стаў адным з лепшых i перадавых у Еўропе гiдратэхнiчных збудаванняў, але, пакуль яго будавалi, Прусiя адмянiла свае ўмовы, дарога для гандлю фактычна адкрылася, i каналу давялося стаць артэрыяй мясцовага прызначэння. Вялiкага эканамiчнага эфекту ён не меў, але ўжо з канца XIX стагоддзя пачаў актыўна выкарыстоўвацца як турыстычны аб’ект, бо знаходзiўся ва унiкальным прыродным асяроддзi. Аўгустоўская пушча – гэта аграмадны лясны абшар, нездарма празваны “зялёнымi лёгкiмi Еўропы”. Акрамя таго, у ёй дзiўным чынам суiснуюць экасiстэмы, характэрныя, напрыклад, для сярэднеземнамор’я або тундры. На думку спецыялiстаў, падобнага захаванага да нашага часу ўдалага спалучэння рукатворнай працы чалавека i аўтэнтычнага прыроднага асяроддзя няма больш нiдзе ў свеце. А менавiта непаўторная адметнасць – галоўная ўмова, каб прэтэндаваць на залiчэнне ў Спiс культурнай i прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

Сёння ў яго ўваходзяць каля 700 помнiкаў. Трапiць у iх пералiк даволi складана, згодна з рэгламентам кожная краiна штогод можа прадставiць толькi адзiн нацыянальны i адзiн трансгранiчны аб’ект. Унiкальнасць прэтэндэнтаў вызначае Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Яго эксперты на месцы правяраюць, наколькi “дасье” аб’екта адпавядае рэчаiснасцi. Прымаючая краiна павiнна стварыць для гэтага ўсе ўмовы, мiж тым працуюць эксперты амаль iнкогнiта, незалежна, вельмi скрупулёзна i папярэдне зацiкаўленаму боку вынiк сваiх даследаванняў не абвяшчаюць. Пасля iх аналiзу канчатковы вердыкт выносiць Мiжурадавы камiтэт сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Трапiць у спiс, безумоўна, прэстыжна для дзяржавы. Але, як справядлiва лiчыць Iгар Чарняўскi, гэта толькi пачатак справы, асноўная праца пачынаецца пасля. Унiкальнаму аб’екту з сусветным статусам неабходна забяспечыць дастойныя захаванне i ўтрыманне, спрыяць прыцягненню да яго турыстычнага бiзнесу, а значыць, ствараць развiтую iнфраструктуру, шукаць iнвестараў, шырока папулярызаваць – ад выдання паштовак да анансавання ў Iнтэрнэце. Канечне, пэўныя абавязкi ў гэтай сувязi бярэ на сябе ЮНЕСКА, але значна больш давядзецца зрабiць самой краiне. Для прыкладу, толькi сёлета для рэалiзацыi буйнамаштабных, разлiчаных да 2010 года праграм па рэканструкцыi Нясвiжскага i Мiрскага замкавых комплексаў дзяржавай выдзелены сумы ў 24 мiльярды i 23 мiльярды рублёў адпаведна.

Мiж тым гiсторыка-культурных цудаў у Беларусi даволi багата. Некалькi гадоў таму эксперты ЮНЕСКА наведалi нашу краiну з мэтай аналiзу патэнцыяльных прэтэндэнтаў у спiс сусветнай спадчыны i падтрымалi вылучэнне адразу 18 цiкавых аб’ектаў. Сярод iх разам з вышэйзгаданымi полацкiя Сафiйскi сабор i Спаса-Праабражэнская царква, Брэсцкая крэпасць, Камянецкая вежа, Каложская царква, помнiкi драўлянага дойлiдства Палесся, палацава-паркавы ансамбль у Гомелi, комплекс Мiкольскага манастыра ў Магiлёве i iншыя. А адзiн аб’ект – участак галоўнага сталiчнага праспекта ад плошчы Незалежнасцi да былой вулiцы Казлова — прадставiць прэтэндэнтам у спiс, запэўнiлi нашых спецыялiстаў самi эксперты ЮНЕСКА. Па-першае, праспект дэманструе для свайго часу найбольш высокi ўзровень праектавання ансамблевага аб’екта i вельмi кароткi тэрмiн рэалiзацыi. Генплан зацверджаны ў 1947-м, а да 1956-га праспект у асноўным пабудаваны. Па-другое, ён яркi прадстаўнiк неакласiцызму. Па-трэцяе, задуманы i выкананы як адзiны ансамбль, да таго ж у вельмi ўдалым спалучэннi з ландшафтам. Уявiце, што такой з’явы ў свеце няма больш нiдзе! Падобны горадабудаўнiчы праект некалi рыхтаваўся ў Лондане, але ажыццёўлены не быў.

Якi з беларускiх цудаў можа наступным папоўнiць спiс? На думку Iгара Чарняўскага, гэта ў многiм залежыць ад таго, наколькi зацiкаўлена i актыўна разам з Мiнiстэрствам культуры далучацца да падрыхтоўкi дакументаў чарговага аб’екта-унiкума яго «землякi» — органы кiравання i спецыялiсты на месцах. Дарэчы, заяўкi ад першых прэтэндэнтаў ужо ёсць. Побач з томам «дасье» Аўгустоўскага канала на стале Iгара Мяфодзьевiча — папка матэрыялаў пра Брэсцкую крэпасць...

Дарэчы

Будаўнiцтва Аўгустоўскага канала пачалося ў 1824-м i працягвалася 15 гадоў. У ходзе яго выкананы 29 водапрапускных плацiн i 18 шлюзаў на 21 камеру, пабудаваны 24 аб’екты для абслугоўвання канала, 14 мастоў (большай часткай драўляных) i 65 мосцiкаў на буксiровачных пуцях. Кошт будаўнiцтва гэтага унiкальнага помнiка iнжынернага мастацтва складаў 14 мiльёнаў тагачасных польскiх злотых, або 1,5 мiльёна рублёў серабром расiйскiмi грашыма.

Сiстэма Аўгустоўскага канала стала першым комплексам воднага будаўнiцтва, выкананым адпаведна самым апошнiм стандартам таго часу на тэрыторыi ўсёй Еўропы.З польскага боку Аўгустоўскi канал дзейнiчае ўжо даўно. Штогод яго наведваюць да 60 тысяч водных падарожнiкаў, што дазваляе каналу “зарабляць” за турыстычны сезон каля 1 мiльёна долараў.

Увядзенне ў эксплуатацыю беларускага ўчастка унiкальнага аб’екта, безумоўна, выклiча цiкавасць аматараў водных прагулак, i не толькi. Прывабнай для падарожжаў можа стаць Аўгустоўская пушча, населеная вялiкай колькасцю рэдкiх жывёл i птушак. Акрамя таго, побач размяшчаюцца многiя аб’екты архiтэктуры розных часоў – садова-паркавыя комплексы, палацы, маёнткi, касцёлы, цэрквы, абаронныя збудаваннi.

Мяркуецца, што затраты на рэканструкцыю беларускага ўчастка Аўгустоўскага канала могуць акупiцца на працягу 10—12 гадоў. Для прыцягнення да яго турыстаў плануецца адкрыццё дадатковых пагранiчных мiжнародных пераходаў на беларуска-польскай мяжы.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта