Як гэта было

Станiслаў Шушкевiч: «У Белавежскай пушчы мы не пiлi, а працавалi...»

Алесь СIВЫ, "Народная Воля", № 228, 26.11.2005

увеличить в новом окне
(Падпiсанне Белавежскай умовы)
Наша газета ўжо раней паведамляла, што падчас прэс-канферэнцыi для расiйскiх журналiстаў Аляксандр Лукашэнка добра “прайшоўся” па былым старшынi Вярхоўнага Савета Беларусi Станiславу Шушкевiчу. Маўляў, той “не быў прэзiдэнтам Беларусi i не меў права падпiсваць Белавежскiя пагадненнi”, сам Лукашэнка “быў супраць крушэння i развалу Саюза”, а кампанiя Ельцына, Краўчука i Шушкевiча i ўвогуле “апаганiлi такое месца, якое зараз з'яўляецца рэзiдэнцыяй прэзiдэнта”.

Аб тым, як было на самай справе, аб падзеях 14-гадовай даўнiны расказвае сам Станiслаў ШУШКЕВIЧ.

— Станiслаў Станiслававiч, Белавежскiя пагадненнi былi падпiсаны 8 снежня 1991 года...

—...Пасля цэлай ночы работы аб'яднанай каманды расiян, беларусаў i ўкраiнцаў. Адзiны сказ, якi мы прынялi 7-га i з якiм вусна пагадзiлiся, гэта быў наступны сказ: “СССР як геапалiтычная рэальнасць i суб'ект мiжнароднага права спыняе сваё iснаванне”. I калi мы ўсе ўтрох — Барыс Ельцын, Леанiд Краўчук i я — далi згоду на падпiсанне гэтага сказу... Зрэшты, цяпер ёсць спрэчкi наконт таго, хто ж яго першым прапанаваў, хоць я дакладна ведаю — хто...

— Вы?

— Не я... I вось, калi мы пагадзiлiся на прапанову, тады адразу стала зразумела, што трэба азначыць усе аспекты i трэба зрабiць Пагадненне, каб былi адказы на пытаннi, якiя паўстануць пасля яго падпiсання. Пагадненне атрымалася з 14 пунктаў, кожны з якiх быў прыняты кансенсусам шасцярых чалавек. Акрамя мяне, Барыса Ельцына i Леанiда Краўчука, у гэтай нарадзе бралi ўдзел беларускi прэм'ер-мiнiстр Вячаслаў Кебiч, украiнскi — Вiтольд Фокiн i ад Расii — Генадзь Бурбулiс. Я яшчэ раз падкрэслю — нi па адным пункце не было разыходжанняў.

— Вы збiралiся “ўцiхую, ноччу”?

— Мы збiралiся не ўцiхую, усе пра гэта ведалi... 7 снежня прыляцелi на ваенную базу, якая непадалёку ад Белавежскай пушчы. У кожнай дэлегацыi была свая вялiкая каманда. У нашай быў Вячаслаў Кебiч, яго намеснiк Мiхаiл Мяснiковiч, мiнiстр замежных спраў Пётр Краўчанка, было даволi многа юрыстаў i кампетэнтных людзей. Мы збiралiся весцi эканамiчныя перамовы, а таму былi там i эканамiсты. Ельцын прыляцеў спачатку ў Мiнск, я ж, калi сустрэў у Мiнску Леанiда Краўчука, палiчыў, што будзе мэтазгодным, каб не губляць час, паляцець разам з Краўчуком. Кебiч з усiмi астатнiмi паляцелi беларускiм урадавым самалётам без мяне. Мы, дарэчы, запрашалi туды яшчэ i Нурсултана Назарбаева, з iм была размова, i ён абяцаў прыляцець, аднак зрабiў выгляд, што па тэхнiчных прычынах яго самалёт не змог вылецець.

— У колькi Вы прыехалi ва ўрадавую рэзiдэнцыю ў Белавежскую пушчу?

— Было яшчэ светла, i напачатку размясцiлiся. Для Ельцына адвялi самыя лепшыя апартаменты, Краўчук таксама пасялiўся амаль у такiх жа, а я вырашыў спынiцца ў паляўнiчым дамку. Вакол размясцiлiся дэлегацыi, усе астатнiя пасялiлiся ў гасцiнiцы ў паўкiламетра ад рэзiдэнцыi. 7-га прыехалi, паабедалi, затым павячэралi... На наступны дзень пасля сняданку цэлы дзень працавалi над дакументам. Харчаваннем займалася ўрадавая служба забеспячэння, бяспекай — тагачасны старшыня КДБ Эдуард Iванавiч Шыдлоўскi.

— Вялiкая была ахова?

— Ахова была моцная! Сабралiся ж кiраўнiкi трох дзяржаў... Я не ведаю ў дэталях, хто нас ахоўваў, аднак некалькi разоў пытаў у Шыдлоўскага: “Цi можам мы адчуваць сябе спакойна?” Той адказаў: “Усё нармальна! Мы цесна ўзаемадзейнiчаем з расiйскiмi спецслужбамi, нiякiх эксцэсаў не будзе”. Адным словам, нiхто працаваць нам не перашка-джаў, i ранiцай 8-га была падрыхтавана “балванка” дакумента. Пэўныя карэкцыi, калi нехта не пагаджаўся, мы ўносiлi самi ўшасцярых, а пэўныя змяненнi адсылалi з пажаданнямi на дапрацоўку. Гэта была праца! Звычайна ж такiя Пагадненнi рыхтуюцца спецыяльнымi службамi цi аддзеламi каля месяца, а мы падрыхтавалi яго за дзень i да гэтага часу да дакумента няма нiводнай аб-грунтаванай юрыдычнай заўвагi.

— Калi Вы ляцелi туды, то яшчэ не ведалi, што падпiшаце Пагадненне?

— Нi ў якiм разе! Нiхто не думаў... Увогуле, я таму i паляцеў разам з Краўчуком, бо галоўным было абмеркаванне палiўнага пытання, каб пазбавiць Беларусь ад халоднай зiмы. У Расii пачынаў працаваць рынак, а нам разам з эканамiчнымi давялося вырашыць i палiтычныя пытаннi.

— У колькi падпiсалi Пагадненне?

— Падпiсалi публiчна падчас прэс-канферэнцыi 8 снежня каля 16.00. Перад гэтым ноччу працавалi нашы каманды i iшлi перамовы ў “гарызантальных” групах.

— А чым напярэдаднi займалiся Вы, Ельцын i Краўчук?

— Увечары, гадзiн у 10—11, мы пайшлi ў лазню.

— Спiртное пiтво ўжывалi?

— Спiртнога ў рэзiдэнцыi было, хоць залiся... Але шчыра вам скажу — я некалькi разоў бачыў Барыса Ельцына, як пiсаў Высоцкi, у стане анабiёзу, аднак у Белавежскай пушчы ён не быў нападпiтку. Краўчук таксама не пiў... Асабiста ж я лiчыў, што пiць напярэдаднi падпiсання такога лёсавырашальнага дакумента — гэта было б злачынствам. У той сiтуацыi гэта было б неразумна. Пасля падпiсання кожнага пункта мы прыкладвалiся да чарак з каньяком, аднак так гэтыя чаркi i засталiся напалову поўнымi. Паўтаруся, было не да гэтага. Я ўсведамляў, што, калi Вярхоўны Савет не пацвердзiць тое, што я падпiсаў, значыцца, маёй кар'еры на пасадзе старшынi Вярхоўнага Савета прыйшоў канец. Для мяне ж падпiсанне гэтага Пагаднення было актам прызнання Расiяй незалежнасцi Беларусi.

— Аднак Аляксандр Лукашэнка заявiў, што “Шушкевiч не меў паўнамоцтваў на падпiсанне Белавежскiх пагадненняў” i “Шушкевiч павiнен быў атрымаць дазвол на падпiсанне дакументаў ад беларускага парламента”...

— Гэта поўнае глупства! Па-першае, я меў усе паўнамоцтвы для падпiсання любога мiжнароднага пагаднення. Яно адразу ж уступала ў сiлу згодна з нашай тагачаснай Канстытуцыяй. Але я быў абавязаны неадкладна пасля гэтага паставiць пытанне аб ратыфiкацыi Пагаднення перад парламентам. Я падпiсаў Белавежскае пагадненне i паставiў пытанне аб яго ратыфiкацыi, што парламентарыi амаль адзiнагалосна i зрабiлi. Адзiны чалавек, якi выказаў сумненне ў мэтазгоднасцi Пагаднення, — гэта быў Валерый Цiхiня. Згодна з пратаколам, прозвiшча тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савета Аляксандра Лукашэнкi ў пратаколах галасавання сярод тых, хто галасаваў супраць Пагаднення, няма. Вось гэта — стопрацэнтная праўда! I нават калi ў галасаваннi ён, магчыма, i не ўдзельнiчаў, то чаму ж тады не выйшаў на трыбуну i не сказаў сваё слова супраць Белавежскiх пагадненняў? Вось аб чым трэба было спытацца ў яго расiйскiм журналiстам.


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта