Дзiвосы побач

Дзед Мароз i лета

Галiна НОВIК, "Навiны Камянеччыны", 03.09.2005

ПАД ЗЯЛЁНЫМ ПОЛАГАМ Белавежскай пушчы размясцiлася сялiба беларускага Дзеда Мароза. Яго ýладаннi - 15 гектараý спакойна-велiчнага запаведнага лесу. Тут расце славутая елка, якая лiчыцца самай высокай навагодняй ёлкай у Еýропе. Тут шмат дзiвосаý, што ýражваюць не толькi дзяцей. Аднак менавiта яны найперш рады сустрэчы з палянай 12-i месяцаý, з насельнiкамi пушчы — сябрамi Дзеда Мароза, яго чароýным вазком i Скарбнiцай, у якой тысячы малюнкаý, пiсьмаý дзяцей, стосы фотаздымкаý, дасланых сюды...

Дзед Мароз
Пасля шчырага «Дзед Мароз! Дзед Мароз!" на казачна прыгожым ганку з'яуляецца гаспадар сялiбы (ен жа - Уладзiмiр Аляксандравiч Кiсляк). На дварэ - лета, I сгрогi яго - летнiя. Нязменна ýрачыстай i пышнай застаецца хiба што барада, з глыбiнi якой даносiцца гасцiннае прывiтанне на сакавiтай беларускай мове. Непазбежнае пытанне:

- А дзе ж Снягурка?..

- Летам яна на Паýночным полюсе.

- А як Вы пачуваецеся ý летнюю спеку?

- У маёй драýлянай хацiне пануе прахалода...

- Цi шмат жадаючых сустрэцца з Дзедам Марозам пад зялёнымi шатамi лесу?

- Летам тут было даволi шмат гасцей, асаблiва на пачатку канiкулаý. Ды I ý жнiýнi маю сялiбу наведалi больш за дзве тысячы дзяцей i дарослых. Дзецям не менш цiкава, чым зiмою, убачыць пушчанскiя краявiды, летнi маёнтак Дзеда Мароза, даведацца, чым жыве ён у цёплую пару года.

- А сапраýды, чым займаецца Дзед Мароз летам?

- Уся ýвага – найперш маiм гасцям. У вольны час - шматлiкай карэспандэнцыi, якой нямала атрымлiваю i летам. У канвертах, бандэролях, пасылках - лiсты, малюнкi, сувенiры...

- Аб чым шiшуць дзецi?

- О, гэта такая асалода -чытаць iхнiя лiсты! Наталяеш душу першатворнай чысцiнёй. Аднак ёсць пiсьмы, у якiх - дзiцячы боль, недзiцячыя праблемы. Перасылаем iх у адпаведныя iнстанцыi дзеля таго, каб былi прыняты меры i ýрэшце праблемы маленькага чалавека вырашылiся. Было, пасля такiх зваротаý бацькi пазбавiлiся бацькоýскiх правоý, дырэктар дзiцячага дома - пасады... У апошнiм лiсце, якi сёння чытаý, хлопчык з Гомельшчыны просiць выслаць яму магнiтафон: маýляý, вiнаваты (спалiý стог сена) i мацi абяцаны падарунак ужо не купiць; вось i знайшоý выйсце...

Дарэчы, сюды паштальёны прынеслi ýжо 50 тысяч пiсьмаý. I нiводнае не застаецца без адказу.

- А як складваюцца адносiны з дарослымi?

- Калi трапляюць у мае ýладаннi, адбываецца пераýвасабленне, яны таксама становяцца дзецьмi: тая ж цiкаýнасць у вачах, тое ж чаканне цуду i нярэдка тое ж жаданне злёгку тузануць мяне за бараду.

- Крыýдуеце?

- Не. На такiя памкненнi адказваю жартам. Госцi прыходзяць да мяне па добры настрой. Я рады, што магу падсiлкаваць чалавека энергiяй дабрынi i святла, удыхнуць у яго жыватворную сiлу.

Памесце Дзеда Мароза
- Вялiкi Усцюг, Лапландыя - адрасы, знаёмыя турыстам; там - Вашы калегi — Марозы...

- Нядаýна турыстка з Эстонii, у захапленнi ад убачанага, услых выказала жаданне прывезцi ý Белавежскую пушчу сваiх сяброý. Гэта гаворыць аб многiм...

- Замежных гасцей шмат?

- Па запiсах у кнiзе водгукаý можна вывучаць геаграфiю свету. Аднак, цi то госцi з Францыi, цi то з недалёкiх Пружан, стаýленне да iх тут аднолькавае. Галоýнае - каб везлi дадому добры настрой, натхненне, перакананасць у тым, што трэба любiць i шанаваць усё створанае Яе Вялiкасцю Прыродай. Тады i адзiн аднаго людзi будуць шанаваць больш.

- Дзякую за убачанае I пачутае. Добрага гумору Вам, Дзед Мароз!

Галiна НОВIК,
Сялi`ба Дзеда Мароза
Фота Мiколы ШУМА


Написать отзыв / комментарий / мнение на Форум сайта