
Беларуская жамчужына ўвайшла ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
...На выхадзе з унутранага двара палаца, пад старой лiпай сядзiць, як заўсёды, Клаўдзiя Шышыгiна-Патоцкая. Яна мясцовы краязнаўца, нарадзiлася ў Нясвiжы, i столькi ведае пра свой край, што перыядычна друкуе невялiчкiя кнiжыцы з гiстарычна-краязнаўчымi нарысамi. Некаторую частку тыражу распрадае сама, седзячы ля палаца, на шляху турыстаў. “А ведаеце, якое ў нас сёння свята? — перш за ўсё запытала Шышыгiна-Патоцкая. — Сёння ЮНЕСКА ў Спiс сусветнай спадчыны ўнесла наш Нясвiжскi комплекс”.
Гэта на самай справе свята, таму што да гэтага ў Беларусi былi толькi дзве каштоўнасцi сусветнага маштабу — Белавежская пушча i Мiрскi замак.
Нясвiжскi палац (а дакладней — палац Радзiвiлаў) сусветна вядомы яшчэ i сваiмi гiсторыямi, легендамi пра багаццi, нястрыманасцi, разбэшчанасць некаранаваных валадароў вялiкай часткi тэрыторыi Беларусi — Радзiвiлаў. У тых жа мастацка-гiстарычных нарысах Шышыгiнай-Патоцкай можна знайсцi цудоўныя гiсторыi для аматараў любоўных iнтрыг i фамiльных таямнiц. Пры гэтым, чым ранейшая па часе гiсторыя, тым больш у ёй пачуццяў i сапраўднага кахання. Чаго каштуе, напрыклад, гiсторыя пра чорную панну Нясвiжа.
Па легендзе, якой ужо больш за чатыры стагоддзi, гэта прывiд прыгажунi Барбары Радзiвiл, якая тайна для польскага каралеўскага двара выйшла замуж за Сiгiзмунда Аўгуста. Ён жа ў хуткiм часе пасля смерцi бацькi заняў трон i павiнен быў замацаваць дзяржаву добрым шлюбам. Шукала нявестку ягоная мацi — Бона Сфорца. Вестка аб тым, што ў караля ўжо ёсць жонка, была для яе непрыемнай, але ж звергнуць нявестку законна не атрымлiвалася, i Бона паступiла як сапраўдная iтальянка. З усiм сваiм дваром яна з'ехала ў Iталiю, але пакiнула свайго лекара, якi прыгатаваў для Барбары атруту. Тая хутка памерла, пахавана была ў Кракаве. Але ж кароль быў так закаханы ў сваю памерлую жонку, што вырашыў з дапамогай алхiмiкаў выклiкаць яе душу. Падчас сеанса ён не змог стрымацца i кiнуўся да ўзнiклага прывiду. Нешта грымнула, пайшоў непрыемны пах... З таго часу, кажуць, i блукаў прывiд па свеце, а пасля смерцi караля пасялiўся ў замку Нясвiжа. Чорная панна Нясвiжа, расказваюць, наводзiла жах нават на нямецкiх акупантаў, якiя спынялiся ў нясвiжскiм палацы.
Увогуле, кожны элемент у парку, усыпальнi, палацы звязаны з нейкай гiсторыяй. Марысiн парк закладзены ў памяць маладой княжны Марыi. Па легендзе, яна без дазволу ўладарных сваякоў выйшла замуж за слугу Яна, а паведамiла аб гэтым, калi ўжо чакала дзiця. Па звестках, Яна забiлi, дзiця таксама, а Марыя, даведаўшыся аб гэтым, страцiла розум. Яе абвясцiлi памерлай i хутка пахавалi. Калi у 1954 годзе праводзiлася эксгумацыя, то ў адным з саркафагаў было знойдзена цела маладой княжны, якая памерла ад разрыву сэрца ў самiм саркафагу. Як высветлiлася пазней, пакладзена яна была ў труну жывой.
Старыя легенды аб каханнi з часам перарадзiлiся ў легенды аб багаццi. I не дзiва, бо Радзiвiлаўскi род лiчыўся амаль самым багатым ва Усходняй Еўропе. Па некаторых сведчаннях, у iх фамiльным сховiшчы было больш за 60 пудоў каштоўнасцяў, якiмi, аднак, нiхто не змог скарыстацца. Бо аб сховiшчы ведаў толькi сам князь i яго давераны слуга.
Багацце Радзiвiлаў можна ўявiць таксама па гiсторыях аб каралi Станiславе Радзiвiле — пане Каханку. Ён быў вядомы сваiм разгульным норавам. Аднойчы летам у палацы Радзiвiлаў сабралася шмат гасцей. Стомленыя паненкi пажартавалi, што добра было б зараз пакатацца на санях, як узiмку. Пане Каханку ўпэўнiў, што зранку гэта адбудзецца, але госцi палiчылi, што гаспадар ужо не адказвае за словы... Зранку гасцей паднялi запрашэннем катацца на санях! Дарога да касцёла была засыпана тоўстым слоем солi, па якой пан з гасцямi i ехаў. А соль тады была на вагу золата. I бегалi пасля нават шляхцiцы да гэтай дарогi “ўраджай” збiраць.
Калi закрануць пытанне аб багаццi Радзiвiлаўскага роду, то нельга абысцi i скляпеннi Нясвiжскага палаца. Бо, паводле тых жа легенд, яны надзiва вялiкiя i недзе ў iх i па сённяшнi дзень захаваны вялiкi скарб, якiм былi здзiўлены (i аб тым ёсць фiксаваныя звесткi) расiйскi пасол князь Рэпнiн, кароль Рэчы Паспалiтай Станiслаў Аўгуст, мiнiстр замежных спраў Расiйскай iмперыi Чартарыйскi... Па апiсаннi Рэпнiна, золата было на сотнi пудоў, а яшчэ шматлiкiя залатыя рэчы i дванаццаць апосталаў з таго ж каштоўнага металу i срэбра...
Куды гэта багацце знiкла? У 1812 годзе апошнi з Радзiвiлаў — Дамiнiк — перайшоў на бок Напалеона. Калi ж той капiтуляваў, за iм збег i нашчадак вялiкага роду, якi пакiнуў наказ, каб яго скарбы схавалi, а некаторыя рэчы адаслалi за iм у Вiльню. Толькi апошняе зроблена не было, расiйскi адмiрал Чычагаў захапiў падводы i ганца, ехаўшага да Дамiнiка са звесткамi, што скарбнiца захавана. Чычагаў, даведаўшыся, што адказваў за скарбнiцу ўпраўляючы князя, катаваў таго, а пасля павесiў на iтальянскiм калодзежы. Але той так i не адкрыў таямнiцу свайго гаспадара. Сам Дамiнiк Радзiвiл у хуткiм часе загiнуў, а Чычагаў з падначаленымi перакапаў увесь паркавы комплекс, але нiчога не знайшоў.
З тых часоў знайсцi скарб спрабавалi многiя. I немцы ў 1941—1944 гадах. З металашукальнiкамi знаходзiлi там невялiкiя рэчы, але ўсё не тое. У сярэдзiне дзевяностых там нехта капаў, але не з мэтай археалагiчных раскопак, а купiўшыся на легенду пра дванаццаць апосталаў. I па сёння скарбнiца Радзiвiлаў i дванаццаць залатых апосталаў — увасабленне залатой гарачкi па-беларуску.
Весткi аб тым, што ЮНЕСКА прыняла ў Спiс сусветнай спадчыны нясвiжскi палац, уразiлi. У суседняй Расii — 21 каштоўнасць такога ўзроўню (цэнтр Пецярбурга, Крэмль, Красная плошча, Байкал, вулканы Камчаткi i шмат яшчэ чаго). У Польшчы — 12 аб'ектаў (гiстарычныя цэнтры Варшавы i Кракава, замак у Мальборку...). Ва Украiне толькi два помнiка (Кiева-Пячорская лаўра i цэнтр Львова).
15 лiпеня 2005 года на 29-й сесii ў Дурбане (ЮАР) Камiтэта па ахове сусветнай культурнай спадчыны з прапанаваных беларускiх гiсторыка-культурных помнiкаў былi прыняты два — комплекс рэзiдэнцыi Радзiвiлаў у Нясвiжы i Дуга Струве (сумесна з Латвiяй, Лiтвой, Малдовай, Нарвегiяй, Расiяй, Украiнай, Фiнляндыяй, Эстонiяй).
...Зараз у палацавым комплексе праводзiцца капiтальная рэканструкцыя, для ўнутранага наведвання ён зачынены, бо пакуль яшчэ ў небяспечным стане. Рамонт iдзе зараз у фасадавай частцы з уязной брамай (там пазней размяшчаўся радзiвiлаўскi архiў).
Сам жа палацавы комплекс — помнiк ХVI—XVIII стст. — закладзены быў на драўляным замчышчы Радзiвiлам Сiроткай у 1583 годзе. Кiраваў будаўнiцтвам архiтэктар Бернардонi. Замак уяўляў сабой чатырохкутнiк 170 на 120 м i быў абкружаны высокiмi валамi з бастыёнамi, вежамi... У 1706 годзе замак быў разбураны шведамi i пачаў аднаўляцца толькi ў 1726 годзе архiтэктарамi К.Ждановiчам, М. Педэцi, М.Фларыяновiч, К.Спампанi, А.Лоцы ў стылi барока. Гэтыя рэканструкцыi, перабудаваннi, дабудаваннi з пераменным поспехам цягнулiся да другой паловы XVIII стагоддзя, калi палац набыў сённяшнi выгляд замкнёнага комплекса будынкаў.
Цiкавы палац не толькi наземнымi пабудовамi, але i скляпеннямi ды прыстасаваннем валоў. З самага пачатку заснавання палаца ў вале, якi быў абарончым збудаваннем, былi зроблены памяшканнi для розных гаспадарчых патрэб. Там нават стайнi размяшчалiся. Трэба ж адзначыць, што ў Радзiвiлаў былi лепшыя на той час i рэдкiх парод конi. У расiйскага пiсьменнiка Бранеўскага ёсць успамiны аб наведваннi Нясвiжа ў 1810 годзе: “Я не чакаў знайсцi такiх коней, такой стайнi i такой чысцiнi. У доўгай, высокай галерэi, падтрыманай калонамi, нiбыта з чырвонага дрэва... стаялi 50 англiйскiх коней, адзiн аднаго лепш i даражэй...”
Вакол радзiвiлаўскага палаца, падчас сённяшняй рэстаўрацыйна-аднаўленчай работы, вядуцца археалагiчныя раскопкi на чале з археолагам Андрэем Мяцельскiм. Для наведвальнiкаў замка зараз добра бачны фартыфiкацыйныя збудаваннi ў валах з фасаднага боку палаца. Некаторыя прымаюць iх за скляпеннi замка альбо патаемныя падзямеллi. Толькi, па словах прафесiйнага археолага, гэта — маленькая частка падземных абарончых збудаванняў. I магчыма, яны таксама ў хуткiм часе будуць адчынены для турыстаў. Акрамя абарончых збудаванняў у валах часткова адкрыта сетка пераходаў з выхадамi на знешнiя бакi насыпаў, да вады.
На пытанне аб рэштках стайняў i лядоўнi ў валах Андрэй Мяцельскi казаў, што забудовы стайнi былi старымi i прыйшлi ў непрыдатнасць ужо вельмi даўно. Iмi не карысталiся ў апошнiя часы панавання нашчадкi Радзiвiлаў, бо дастаткова было новых стайняў.
— Што-небудзь змянiлася пасля атрымання нясвiжскiм палацам статуса сусветнай каштоўнасцi?
— Вы жартуеце! Па-першае, мы яшчэ не атрымалi афiцыйнага пасведчання гэтаму. Нам паведамiлi аб рашэннi ЮНЕСКА толькi па тэлефоне. Мы нават не можам дакладна акрэслiць, цi прыняты ў спiс ЮНЕСКА палацава-паркавы комплекс цi толькi палацавы ансамбль. Калi казаць пра паляпшэнне ўмоў працы, то мне здаецца, што гэта зробiць яе толькi цяжэй. Будуць стаяць над галавой, штурхаць, прыспешваць.
— Акрамя ўзнаўлення абарончага выгляду палаца, можа, Вы шукаеце i радзiвiлаўскую скарбнiцу, каштоўных апосталаў?
— На пошукi скарбаў нам грошы не выдаюць, таму працуем толькi над тым, што прафiнансавана.
Нясвiжскi край ужо два стагоддзi хавае ад усiх свае скарбы i свой гонар. Бо пасля 1812 года адбылася страта прамога нашчадка нясвiжскiх Радзiвiлаў. Частка зямель, што не была канфiскавана Расiйскай iмперыяй, адышла сваякам, пасля шлюбу Стэфанii Радзiвiл землi перайшлi да князя Вiтгенштэйна i зноў да Радзiвiлаў, толькi з другой галiны родавага дрэва, i належалi iм да 1939 года.
У савецкiя часы палацава-замкавы комплекс выконваў санаторныя функцыi, дзякуючы чаму i здолеў, з горам напалам, захавацца да нашых дзён...