
У паўднёваафрыканскiм горадзе Дурбане 15 лiпеня гэтага года на 29-й сесii Мiжурадавага камiтэта па ахове сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны было вырашана ўключыць архiтэктурна-культурны комплекс рэзiдэнцыi Радзiвiлаў у Нясвiжы i Дугу Струве ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО. Сёлета па стану на 1 лiпеня Спiс меў 788 аб’ектаў, у тым лiку Егiпецкiя пiрамiды Гiза, Вялiкую кiтайскую сцяну i два аб’екты на тэрыторыi Беларусi — Замкавы комплекс «Мiр» i Белавежскую Пушчу.
Дугу Струве «адшукалi» беларусы. Даведка «Звязды». У ХVIII стагоддзi ўпершыню было вызначана, што Зямля мае не форму шара, а форму элепсоiда. Аднак вымярэннi, на падставе якiх гэта было вызначана, не давалi дакладных вынiкаў. Таму ў ХIХ стагоддзi навукоўцамi многiх краiн свету выконвалiся новыя градусныя вымярэннi. Градусныя вымярэннi мiнулага, з дапамогай якiх былi акрэслены памеры i формы Зямлi, адыгралi грандыёзную ролю ў развiццi навуковых ведаў. Пад кiраўнiцтвам вядомага рускага астранома першага дырэктара Пулкаўскай абсерваторыi Васiля Струве з 1816 года па 1855-ы праводзiлася вымярэнне дугi мерыдыяна памiж Фугленесам 170 градусаў 40 мiнут паўночнай шыраты, размешчанага на беразе Паўночнага ледавiтага акiяна, i Стара-Някрасаўскай (вусце Дуная, 45 градусаў 20 мiнут паўночнай шыраты) агульнай працягласцю 2880 кiламетраў.
Праблемай пошукаў пунктаў Дугi Струве займалiся геадэзiсты i iншыя спецыялiсты ўсiх краiн, на тэрыторыi якiх у свой час праводзiлася Руска-Скандынаўскае градуснае вымярэнне. Ужо ў 1997—1993 гг. такiя работы выконвалiся на Беларусi прадпрыемствам «Белгеадэзiя», але, на жаль, нi адзiн пункт дугi тады так i не быў знойдзены. Пасля гэтага Камiтэт па зямельных рэсурсах, геадэзii i картаграфii пры Савеце мiнiстраў краiны даручаў пошук пунктаў Дугi Струве РУП аэракасмiчных метадаў у геадэзii «Белаэракосмасгеадэзiя». «Звязда» падрабязна распавядала аб поспехах айчынных спецыялiстаў, якiя першымi ў свеце «адшукалi» Дугу Струве. Якiм чынам вёўся пошук ключа дугi, нашым чытачам расказаў дырэктар РУП «Белаэракосмасгеадэзiя» Уладзiмiр Мкртычан («Беларусы першымi расшыфравалi тайну пунктаў Дугi Струве», «Звязда», 25.07.2003 год).
Нагадаю, што ў працэсе вымярэнняў дугi ў ХIХ ст. было закладзена 258 геадэзiчных пунктаў на тэрыторыi 10 краiн (Нарвегiя, Швецыя, Фiнляндыя, Расiя, Эстонiя, Латвiя, Лiтва, Украiна, Малдова i Беларусь). У 2003 годзе, акрамя беларусаў, нiхто з геадэзiстаў iншых краiн не знайшоў нiводнага пункта Дугi Струве.
— Матэматычная мадэль сувязi, якая дазваляе нам з дакладнасцю 0,2—0,3 метра вызначыць месцазнаходжанне пунктаў дугi Струве, — расказваў Уладзiмiр Мкртычан, — наша беларускае ноу-хау i захоўваецца сёння ў мяне ў сейфе. Зараз дакладна вядома, што В. Струве на поўначы сваёй дугi ад Нарвегii да Латвii ўвогуле цэнтры не замацоўваў. А вось работы па вымярэнню Дугi Струве на тэрыторыi Беларусi выконвалiся пад кiраўнiцтвам ваеннага геадэзiста генерала Тэнера. К. Тэнер глядзеў далей i лiчыў, што разам з вымярэннем памераў i формы Зямлi гэтыя пункты могуць мець i прыкладное значэнне для картаграфавання тэрыторый, дакладнага правядзення ваенных аперацый i г.д. Таму Тэнер вырашыў замацоўваць свае пункты. Але кожны раз гэта рабiлася па-рознаму. Беларускiя эксперты маюць шмат фрагментаў рэчавых доказаў пунктаў Дугi Струве на тэрыторыi Беларусi. Валун з надпiсам «1825 год» быў знойдзены на пункце Асаўнiца, дзе побач з датай iснуе i вензель генерала.
Сёння пункты Дугi Струве маюць сусветна навуковае значэнне, але адначасова нясуць сваю беларускую спецыфiчную важнасць. Гэта першыя пункты геадэзiчнай сеткi, замацаваныя на тэрыторыi нашай дзяржавы.
Другiм аб’ектам, якi па рашэнню Мiжурадавага камiтэта па ахове сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны быў уключаны сёлета ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКО, стаў архiтэктурна-культурны комплекс рэзiдэнцыi Радзiвiлаў. На тэрыторыi Цэнтральна-Усходняй Еўропы, паводле ацэнкi экспертаў камiтэта, рэзiдэнцыя Радзiвiлаў у Нясвiжы з’яўляецца унiкальным палацава-паркавым ансамблем, што не мае аналагаў у гэтай частцы кантыненту.
Палац Радзiвiлаў, якi здаўна лiчыцца своеасаблiвай вiзiтнай карткай Нясвiжа, быў узведзены ў 1582—1600 гадах з выкарыстаннем абсалютна новай па тых часах фартыфiкацыйнай сiстэмы. Унутры бастыёна мясцiлiся чатыры будынкi: уласна палац, камянiца, арсенал i ўязныя вароты з вежай.
На першым этапе будаўнiцтва каменнага палаца замест старога драўлянага ўмацавання вёў iтальянскi архiтэктар Ян Марыя Бернардонi, якi з’яўляўся таксама аўтарам шэрагу пабудоў у горадзе. Менавiта ён узводзiў насупраць уязных варот цэнтральны корпус, якi займаў сам Радзiвiл. Невялiкiя васьмiгранныя вежы гэтага будынку ў крыху змененым выглядзе захавалiся да сённяшнiх часоў. У наступныя стагоддзi да палаца «прыраслi» перабудаваныя казарменны корпус i гаспадарчы будынак, якiя ўтварылi замкнёны парадны двор. Цэнтральны корпус быў перабудаваны ў XVIII стагоддзi i зрабiўся больш шыкоўным дзякуючы мноству скульптурных уставак, рэльефаў, гербавай ляпнiны. Наконт iнтэр’ераў замка захавалiся некаторыя звесткi з лiтаратурных i архiўных крынiц. Так, iнвентар 1658 года ўзгадвае, што ў карпусах было 12 залаў — Каралеўская, Гетманская, Мармуровая i г.д. Калекцыя партрэтаў нясвiжскай галерэi налiчвала каля тысячы палотнаў, сярод якiх партрэты Вiтаўта, Ягайлы. У палацавай бiблiятэцы, па самых сцiплых падлiках, утрымлiвалася 20 тысяч тамоў кнiг i рэдкiх рукапiсаў. Да таго ж у спецыяльным архiве захоўвалiся важныя дзяржаўныя дакументы, гiстарычныя акты, граматы, у тым лiку лiсты Пятра I, Людовiка XV, Карла XII, Багдана Хмяльнiцкага. У адной з 12 залаў быў прадстаўлены арсенал рыцарскiх даспехаў i маршалскiх жэзлаў, у другой давалiся прадстаўленнi створанага Радзiвiламi тэатра, у трэцяй (Гетманскай) — захоўвалася калекцыя слуцкiх паясоў...
Вядомы таксама нясвiжскi Альба-парк, спланаваны як летняя рэзiдэнцыя Радзiвiлаў. Тут знаходзiлiся эрмiтаж, палац, мараходнае i артылерыйскае вучылiшча, шпалерная мануфактура, звярынец. Рэшткi паркавага комплексу — алеi, каналы, калекцыя дрэў мясцовых i экзатычных вiдаў, — дагэтуль здзiўляюць наведвальнiкаў сваiм размахам.
Выключнымi каштоўнасцямi ў архiтэктурнай скарбонцы i прадметамi гонару для Нясвiжа з’яўляюцца таксама ратуша (канец XVI—пачатак XVII стст.), былы манастыр бенедзiктынак (1590—1596 гг.), Слуцкая брама, узведзеная ў XVI стагоддзi, i Фарны (былы iезуiцкi) касцёл — архiтэктурны помнiк ранняга барока, пабудаваны Янам Марыяй Бернардонi ў 1584—1593 гадах. Гэты храм выкарыстоўваўся як радавая ўсыпальнiца Радзiвiлаў, i нават апошнi нашчадак славутага роду некалькi гадоў таму быў пахаваны тут.
— Калi праводзiць аналогiю з тым жа Мiрскiм замкам, якi 10 разоў выносiўся на разгляд Камiтэту па ахове культурнай спадчыны, то Нясвiжу пашанцавала, — мяркуе намеснiк старшынi Нясвiжскага райвыканкама Васiль ДРЫШЧАНКА. Збор даных па ўключэнню Нясвiжскага палацава-паркавага комплексу i фарнага касцёла ў Спiс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКО эксперты i адпаведныя ўпраўленнi Мiнiстэрства культуры пачалi некалькi гадоў таму. Летась дапрацавалi i дапоўнiлi ўсе неабходныя дакументы. Вынiк — Нясвiжскi палац стаў чацвёртым аб’ектам на тэрыторыi Беларусi (нароўнi з Мiрскiм замкам, Белавежскай пушчай i Дугой Струве), якi ахоўваецца ЮНЕСКО.
— Васiль Iванавiч, на вашу думку, што дасць гораду ўключэнне Радзiвiлаўскага палаца ў Спiс ЮНЕСКО?
— Самае першае — гэта вялiкую адказнасць. Бо наперадзе яшчэ вялiкая работа. Неабходна пры дапамозе дзяржавы ператварыць Нясвiж, калi хочаце, у турыстычную Меку, з развiтым турбiзнэсам, iнфраструктурай i г.д. Бо за гэтым — заўтрашнi дзень Нясвiжа.
Работы сапраўды хопiць усiм зацiкаўленым. Пасля сумна вядомага пажару, якi знiшчыў значную частку iнтэр’ераў i пашкодзiў цэнтральны будынак палаца, гiсторыка-культурнаму комплексу тэрмiнова спатрэбiлася «пластычная хiрургiя» — маштабная рэстаўрацыя. Цалкам скончыць яе i адкрыць палац для турыстаў плануецца ў 2007 годзе.