
Праз 2 гады на тэрыторыi Беларусi з’явяцца 27 культурна-турыстычных зон, дзе будуць адпачываць i беларусы, i замежныя турысты
Цi многа мы ведаем пра нашу нацыянальную спадчыну? Адносна традыцый, гiсторыi, культуры яшчэ сёе-тое збольшага можам расказаць. I тое — павярхоўна i абагульнена. Не сакрэт, што беларусы пакуль што мала цiкавяцца сваёй мiнуўшчынай. А насамрэч яе здабыткам можа пазайздросцiць не адна нацыя. Напрыклад, цi ведаеце вы, што на тэрыторыi нашай краiны ў кожным раёне iснуе свой адметны i непаўторны рэцэпт прыгатавання самаробнай каўбасы? Тое ж датычыцца i прыгатавання дзiчыны i многiх iншых страў. За мяжой самабытная нацыянальная кухня даўно замацавала за сабой асобны накiрунак турызму — гастранамiчныя туры, дзе турысту-гурману прапануюць падарожжа, падчас якога ён зможа паспытаць сучасныя i старажытныя стравы канкрэтнай мясцовасцi. Нарэшце гастранамiчныя туры пачалi ладзiцца i ў нас. I гэта толькi адзiн з накiрункаў маштабнай канцэпцыi развiцця ўязнога i ўнутранага турызму на тэрыторыi Беларусi.
Фундаментам вышэйпамянёнай канцэпцыi з’яўляюцца гiсторыка-культурныя турыстычныя зоны (ТЗ), стварэнне якiх павiнна забяспечыць Беларусь нацыянальным канкурэнтаздольным турыстычным прадуктам, развiваць ўязны i ўнутраны турызм, павялiчыць даходы ад турыстычнай галiны ўвогуле.
Як паведамiла нашаму карэспандэнту галоўны спецыялiст упраўлення турызму мiнiстэрства спорту i турызму Любоў Максiмава, да канца 2006 года на тэрыторыi Беларусi павiнна з’явiцца 27 турыстычных зон (2 у Мiнску — «Стары горад» i «Лошыцкi сядзiбна-паркавы комплекс», i 25 у рэгiёнах). Падзел на зоны адбываўся з улiкам гiсторыка-культурнай спадчыны, прыродных асаблiвасцяў i адмiнiстрацыйнага падзелу тэрыторыi Беларусi.
Пiянерамi ў гэтай справе выступiлi Мiнская i Гродзенская вобласцi — яшчэ ў 2002 годзе аблвыканкамы прапанавалi сваю канцэпцыю стварэння першай турыстычнай зоны Нясвiж—Мiр. Нясвiж ужо сёння з’яўляецца адметным турыстычным цэнтрам нароўнi з Полацкам. Многае зроблена ў гэтым накiрунку i ў Мiры. Аб’яднанне ў адзiны турыстычны маршрут двух славутых мясцiнаў — Нясвiжа i Мiра — зробiць iх удвая больш прывабнымi як для беларусаў, так i для замежных турыстаў, а таксама i для iнвестараў.
Стварэнне турыстычных зон прадугледжвае аб’яднанне сiл дзяржаўнага i недзяржаўнага сектараў эканомiкi i заахвочванне мясцовых насельнiкаў у справе прапаганды i развiцця сваёй маленькай радзiмы. Увогуле, адной з галоўных асаблiвасцяў арганiзацыi беларускiх турзон Любоў Яфiмаўна назвала ўдзел у гэтым працэсе мясцовых жыхароў, энтузiястаў. Найперш гэта датычыцца прыватных музеяў, якiя ствараюцца альбо ўжо створаны ў некаторых раёнах i абласцях (Мiнская, Гродзенская, Брэсцкая). Добра iдзе працэс адраджэння народных промыслаў i рамёстваў. «У справе выхавання моладзi на базе культурна-гiстарычнай i прыроднай спадчыны ўнутраны турызм фактычна становiцца другой iдэалогiяй, — патлумачыла Максiмава. — Цэнтры рамёстваў, якiя абавязкова будуць уваходзiць у састаў турыстычных зон, дапамогуць перадаць падрастаючаму пакаленню сакрэты майстэрства, павагу да традыцый i да ўсяго нацыянальнага. Той жа Веткаўскi музей рушнiкоў займаецца не толькi навукова-экспедыцыйна справай, а яшчэ вядзе гуртковую работу сярод мясцовых школьнiкаў па адраджэнню традыцый беларускага ткацтва».
У рамках развiцця ўязнога i ўнутранага турызму на базе i з выкарыстаннем рэсурсаў сельскагаспадарчых кааператываў плануецца стварыць агратурыстычныя комплексы. Такiя работы ўжо вядуцца ў СВК «Першамайскi» Смалявiцкага раёна. Там будзе Дом рамёстваў, пчальнiк, Дом рыбака, побач з якiм можна пасядзець з вудай, ужо працуе прадпрыемства харчавання, якое прапануе стравы мясцовай кухнi, узво- дзяцца дамы для пражывання турыстаў. У хуткiм часе сюды можна будзе прыехаць з сям’ёй цi сябрамi на выхадныя, адпачыць, палавiць рыбу, паласавацца мядком, наведаць мясцовыя прадпрыемствы i азнаёмiцца з усiмi стадыямi вырабу сельгаспрадукцыi, тут жа, на месцы, яе паспытаць i, пры жаданнi, набыць. На базе СВК плануецца праводзiць кiрмашы, дзе змогуць прадаваць сваю садавiну-гароднiну i сувенiры жыхары блiжэйшых вёсак. Разнастайныя маршруты (спартыўныя, культурна-гiстарычныя, настальгiчныя) зацiкавяць i дзяцей, i дарослых, i людзей сталых. Кожны тут знойдзе нешта для сябе. «Стварэнне на базе СВК агратурыстычных комплексаў дапаможа вырашыць адразу некалькi важных задач, — аргументавала Максiмава, — пазнаёмiць турыстаў з побытам i культурай раёна, павялiчыць тавараабарот, палепшыць дабрабыт мясцовых жыхароў».
Плануецца, што вiзiты на мясцовыя прадпрыемствы стануць часткай анiмацыйных праграм, з тэатралiзаванымi выступленнямi, гульнямi, конкурсамi. Гэта можа быць, напрыклад, Свята сыру, падчас якога ў гасцей будзе магчымасць наведаць мясцовы масласырзавод, паспытаць яго прадукцыю (расфасаваную ў прыгожую сувенiрную ўпакоўку!), набыць нешта з вырабаў у падарунак блiзкiм i сябрам. «У якасцi турыстычнага прадукту (сувенiра) можа выступаць прадукцыя любога прадпрыемства, у тым лiку i сельскагаспадарчага», — патлумачыла Любоў Яфiмаўна.
Развiццё ўнутранага турызму ставiць сваёй задачай даць кожнаму жыхару Беларусi, у залежнасцi ад наяўнасцi ў яго часу i грошай, магчымасць дакрануцца да культурна-гiстарычнай i прыроднай спадчыны свайго народа, падкрэслiла Максiмава. Туры выхаднога дня ў рэгiёны пазнаёмяць беларусаў з асаблiвасцямi кожнай мясцовасцi, яе прадпрыемствамi, гастранамiчнымi традыцыямi, святамi. Скажам, турыстычны прадукт Брэстчыны зусiм не падобны на турыстычны прадукт Вiцебшчыны, хоць прыродныя i гiстарычныя рэсурсы ў iх вельмi блiзкiя. Зараз стаiць задача сабраць усе паданнi, легенды, гiсторыi i адметныя рэцэпты кожнай вёскi, кожнага гарадка. Назапашаны матэрыял будзе выкарыстаны пры стварэннi культурна-турыстычных зон. Нецiкавых, непрыкметных мясцiн на Беларусi няма, таму спектр турыстычных маршрутаў па нашай краiне будзе багаты i разнастайны. Самi маршруты будуць «перацякаць» адзiн у другі i працягвацца не толькi з адной вобласцi ў другую, але i з Беларусi — у iншыя суседнiя дзяржавы (Лiтву, Расiю, Украiну, Польшчу).
Асаблiвая ўвага зараз удзяляецца стварэнню рэгiянальных турыстычных цэнтраў. Яны ўжо ёсць у Маладзечне, Барысаве, Салiгорску, Лагойску, Заслаўi.
Асновай стварэння турыстычных зон на Беларусi з’яўляюцца прадпрыемствы па распрацоўцы i рэалiзацыi турпрадукту, па прадастаўленню сэрвiсных паслуг размяшчэння, харчавання, баўлення вольнага часу, рэкламна-iнфармацыйныя арганiзацыi i органы кiравання турызмам усiх узроўняў. Плюс гiсторыка-культурны i прыродны патэнцыял асобнай мясцовасцi. На гэтым падмурку i ствараецца турыстычны прадукт кожнай турзоны з маршрутамi ўнутранага, мiжрэгiянальнага i мiжнароднага ўзроўню. Так, на Брэстчыне плануецца развiццё 5 турыстычных зон. Сюды войдуць Белавежская пушча, Днепра-Бугскi i Агiнскi каналы (экалагiчны, сельскi, спартыўны, прыгранiчны i навуковы турызм), гiсторыка-культурная спадчына Ганцавiч, Кобрына, Ружан, Брэста, Iвацэвiч, Пiнска (пазнавальны, настальгiчны, рэлiгiйны турызм). Развiццё iнфраструктуры турызму вобласцi дапаможа аднавiць суднаходства па Днепра-Бугскаму каналу, правесцi рэканструкцыю Агiнскага канала.
На Вiцебшчыне ўзнiкнуць 4 турыстычныя зоны, «завязаныя» на гiсторыi Полацка, Вiцебска, Оршы, Пастаўскага, Мiёрскага, Глыбоцкага, Бешанковiцкага, Браслаўскага раёнаў. Спартыўны турызм будзе развiвацца на базе Бярэзiнскай воднай сiстэмы. З цягам часу ў СВК «Гарадзец» адкрыецца агратурыстычны комплекс, у Браслаўскiм раёне — экалагiчны музей, у Пастаўскiм — рэканструяваны Лынтупскi палац.
У Гомельскай вобласцi для турыстычных зон плануецца выкарыстаць гiсторыка-культурны патэнцыял Гомеля, Турава, Веткi, Чачэрска, Лоева, Рэчыцы, Мазыра i прародную спадчыну Нацыянальнага парку «Прыпяцкi». У Мазыры будзе пабудаваны гарналыжны курорт, у Жлобiне — фiзкультурна-аздараўленчы цэнтр, у вёсцы Хальч Веткаўскага раёна — гiсторыка-этнаграфiчны турыстычны комплекс. Гродзеншчына рыхтуецца адкрыць на сваёй тэрыторыi 3 турзоны з развiццём iнфраструктуры турызму ў раёне Аўгустоўскага канала, Мiрскага замка, у раёне старога горада Гродна, у Навагрудскiм, Ашмянскiм, Смаргонскiм, Слонiмскiм, Ваўкавыскiм, Карэлiцкiм раёнах.
У Мiнскай вобласцi чакаецца адкрыццё 5 турыстычных зон з выкарыстаннем гiсторыка-культурнай спадчыны Нясвiжскага, Мiнскага, Валожынскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Смалявiцкага раёнаў, гарадоў Заслаўе, Слуцк, Барысаў (культурна-пазнавальны, навуковы, дзелавы, канферэнц-турызм). Для развiцця экалагiчнага, спартыўнага i аздараўленчага турызму будуць задзейнiчаны рэсурсы Нацыянальнага парку «Нарачанскi», гарналыжных комплексаў у Лагойскiм, Дзяржынскiм раёнах, водных рэсурсаў Крупскага, Барысаўскага, Вiлейскага, Стаўбцоўскага, Бярэзiнскага раёнаў. Гэта дазволiць стварыць агратурыстычны комплекс у СВК «Першамайскi», Бярэзiнскую панараму да 200-годдзя вайны 1812 года ў Барысаўскiм раёне, аднавiць гiсторыка-культурную iнфраструктуру раёнаў i гарадоў вобласцi.
На Магiлёўшчыне будуць створаны гiдралагiчныя заказнiкi: у Клiчаўскiм раёне — «Востраў сяброўства», у Бялынiцкiм — «Заазер’е». Усяго запланавана арганiзаваць 4 турзоны з выкарыстаннем гiсторыка-культурнага патэнцыялу Магiлёва, Шклова, Бабруйска, Мсцiслаўскага, Крычаўскага, Клiмавiцкага i iншых раёнаў.
Развiццё турыстычных зон забяспечыць у цэлым устойлiвае развiццё турызму на тэрыторыi Беларусi, улiчваючы эканамiчнае, экалагiчнае, сацыяльнае i геапалiтычнае становiшча рэгiёнаў.
P. S. Да 60-годдзя Вялiкай Перамогi на тэрыторыi ўсёй краiны ўжо наладжаны турыстычна-экскурсiйныя маршруты па месцах баявой славы.