
Пад «апекай» СВК «Азёры» Гродзенскага раёна лясныя волаты за шэсць гадоў больш чым утрая павялiчылi сваё пагалоўе
Лёс жывёл, як i людзей, непрадказальны. У адных ён светлы i не надта праблемны, у iншых — поўны крутых вiражоў, устаяць на якiх здольны толькi самыя моцныя i валявыя. Да такiх i адносiцца легендарны лясны волат, носьбiт кароткага, як удар рогам, iмя — зубр, нашчадак старадаўняга роду бiзонаў. Паводле звестак у Iнтэрнэце, часткi шкiлета аднаго з прадстаўнiкоў гэтага роду былi знойдзены ў Паўднёвай Азii. Адтуль, за паўтара мiльёна гадоў да новай эры, пачалося распаўсюджванне крутарогiх «заваёўнiкаў» на захад i поўнач. На захадзе яны сталi прабацькамi еўрапейскiх зуброў, на поўначы — сiбiрскiх. А далей перабралiся па перашыйку, якi iснаваў тады на месцы цяперашняга Берынгава пралiва, на суседнi кантынент, паклаўшы пачатак роду амерыканскiх бiзонаў.
Наскальныя вiдарысы гэтай магутнай жывёлiны з’явiлiся ўжо ў палеалiце. Для многiх плямёнаў зубр быў татэмнай жывёлiнай, гэта значыць аб’ектам культавага пакланення. Паляванне на яго калi i не забаранялася, то строга абмяжоўвалася. Да пачатку нашай эры арэал зубра распасцiраўся ў Еўропе ад Пiрэнеяў на захадзе да раўнiн Прычарнамор’я i Прыкаспiя на ўсходзе, ад Балканаў на поўднi да Балтыйскага ўзбярэжжа на поўначы.
Аднак новая эра аказалася для зуброў трагiчнай. Да пачатку XVIII стагоддзя засталося ўсяго некалькi iзаляваных адзiн ад аднаго ачагоў iх папуляцыi. А ў пачатку XIX стагоддзя ў зоасадах, звярынцах, паляўнiчых парках свету ўтрымлiвалася ўжо не больш за пяцьдзесят старадаўнiх насельнiкаў лесу. Iх жыццёвы шлях няўмольна наблiжаўся да скону.
I ўсё ж, на шчасце, лёс распарадзiўся iнакш. У экстранным парадку было арганiзавана Мiжнароднае таварыства захавання зубра, актывiзавалася дзейнасць гадавальнiкаў, яны пачалi супрацоўнiчаць. Усё гэта прывяло хоць i да павольнага, але ўсё ж росту колькасцi жывёл — да сотнi галоў у 1939 годзе.
У 1948 годзе пад горадам Серпухавам, на тэрыторыi Прыокска-Тэраснага запаведнiка адкрыўся зубрыны гадавальнiк, якi стаў базавым для ўсёй краiны. Мала-памалу фармiраваўся мясцовы племянны статак. I нарэшце гадавальнiк змог накiроўваць сваiх прыгажуноў у запаведнiкi i нацыянальныя паркi Расii, Украiны, Беларусi, Кiргiзii, Лiтвы...
Апошнiя гады XX стагоддзя сталi, можна сказаць, знакавымi для зуброў з Белавежскай пушчы. Людзi вырашылi, што некаторым з iх мэтазгодна памяняць месца жыхарства, пераехаўшы ў iншы рэгiён нашай краiны. Гэта было прадугледжана спецыяльнай праграмай адраджэння беларускiх зуброў i тлумачылася праблемамi кармавой базы, а таксама генетычнай небяспекай блiзкароднаснага скрыжавання жывёл i, адпаведна, неабходнасцю «асвяжыць кроў».
Адным з новых адрасоў, па якiм маглi б «прапiсацца» зубры з Белавежскай пушчы, былi вызначаны лясныя ўгоддзi Гродзенскага раёна. Спецыялiсты Iнстытута заалогii Акадэмii навук Беларусi, вывучыўшы тутэйшы раслiнны састаў i кармавую базу, прыйшлi да высновы, што ёсць усе ўмовы для жыцця навасельцаў. Тым больш што гэту iдэю горача падтрымалi тагачасны старшыня сельгаспрадпрыемства «Азёры» Аляксандр Аляксандравiч Дубко, прыродаахоўныя органы. Сумеснымi намаганнямi пабудавалi вальер плошчай 36 гектараў, памяшканне для захоўвання кармоў, i ў 1998 годзе гаспадарка ўзяла пад сваю «апеку» 18 белавежскiх зуброў, якiх сюды прывезлi велiкагрузным транспартам.
— Першыя два гады яны знаходзiлiся на вальерным утрыманнi, — расказвае галоўны спецыялiст па паляўнiчай i рыбнай гаспадарцы СВК «Азёры» Юрый Лiтвiновiч, — а затым, калi iх было ўжо 29, выпусцiлi, як гаворыцца, на вольны хлеб. Цяпер налiчваем 62 галавы.
Гэтай ранiцай Юрый Раманавiч бачыў на ўскрайку лесу каля 15 зуброў, а вось карэспандэнту «Звязды» пад вечар, на жаль, не пашанцавала. Цяперашняй парой, напярэдаднi ацёлу, якi адбываецца ў пачатку мая, iх можна сустрэць чыста выпадкова. Хоць у iншыя перыяды года, асаблiва зiмой, ёсць даволi вялiкiя шанцы нават... сфатаграфавацца на фоне волатаў. Такая магчымасць можа з’явiцца на падкормачных пляцоўках, дзе, як правiла, тройчы на тыдзень адбываецца выкладка кармоў. Паводле слоў Юрыя Лiтвiновiча, волаты прыходзяць на абед практычна як па гадзiннiку. Тады ж, зiмой, егеры могуць дакладна адсачыць колькасць зуброў у сваiх абходах. Для гэтага на тэрыторыi паляўнiчай гаспадаркi маецца 18 стацыянарных вышак для назiрання i 12 пераносных. Егеры ўжо, як кажуць, «у твар» ведаюць сваiх гадаванцаў, а некаторыя з зуброў нават маюць мянушкi.
На 11 тысячах гектараў Азёрскай паляўнiчай гаспадаркi, дарэчы, размешчана 26 падкормачных пляцовак. Гэту гаспадарку разам з Юрыем Лiтвiновiчам абслугоўваюць егеры Вячаслаў Грынкевiч, Вiктар Кашчэй, а з нядаўняга часу — i iх малодшы калега Аляксандр Рукасуеў, якi збiраецца вучыцца на паляўнiцтвазнаўца ў Магiлёўскiм каледжы лясной гаспадаркi. У распараджэннi егераў на сённяшнi дзень — тры канi, два матацыклы, трактар i аўтамабiль, плюс сродкi сувязi — радыёстанцыi i мабiльныя тэлефоны. I нешта, мабыць, яшчэ ў душы, у адносiнах да сваёй працы, да прыроды, жывёл, бо не кожны вытрымае раннiя пад’ёмы i практычна пастаяннае, у тым лiку i ўначы, знаходжанне ў лесе.
Што ж датычыцца «меню» на падкормачных пляцоўках, то СПК «Азёры» прапануе самы разнастайны асартымент: людзi прапануюць жывёле i сена, i капусны лiст, i адходы збожжа, бульбы, пачаткi кукурузы... На гэты сезон толькi збожжаадходаў у сховiшча засыпалi каля 120 тон. Цудоўныя магчымасцi падсiлкавацца ёсць не толькi ў зуброў, але i ў iншых лясных насельнiкаў, тых жа аленяў, дзiкоў. Iх нават можна часта назiраць на падкормачнай пляцоўцы ў адной кампанii. Пры гэтым пэўная трывога, што прыход зуброў можа негатыўна адбiцца на кармавой базе iншых жывёл, а значыць, i iх папуляцыi, з задавальненнем канстатуе Юрый Лiтвiновiч, не мае пад сабой нiякiх падстаў. Хiба што на першапачатковым этапе перад магутнымi «канкурэнтамi» крыху «спасавалi» аленi. Аднак неўзабаве ў прыродзе наладзiўся адпаведны баланс, i на цяперашнi час пагалоўе аленя ў тутэйшых лясах нават павялiчылася. Кармоў хапае ўсiм — гэта i натуральныя сенажацi, шматгадовыя травы вакол лясных масiваў i, канешне, шчодрая чалавечая падтрымка. Не выпадкова зубры практычна не выходзяць за межы «азёрскiх» лясоў. Бо навошта, калi ёсць усе ўмовы для жыцця i размнажэння? Ад добрага лепшага не шукаюць.
Не даводзiлася яшчэ крыўдаваць на сваiх новых «суседзяў» i мясцовым жыхарам. Не назiраецца такога, каб зубр нанёс нейкую шкоду палям альбо дачным участкам, як гэта здараецца з дзiкамi. Увогуле, нягледзячы на велiзарную сiлу i магутныя рогi, зубры маюць рэпутацыю вельмi нелюдзiмых жывёл, якiя пазбягаюць сустрэч з чалавекам. Напэўна, ёсць у iх генетычная памяць ад дзядоў i прадзедаў, якiя перажылi столькi гора. Тым не менш, зазначае Юрый Лiтвiновiч, трэба памятаць, што зубр — гэта ўсё ж звер вагой да тоны, якi, нягледзячы на сваю масу, мае стартавую хуткасць да 60 кiламетраў у гадзiну i без праблем пераскоквае з месца шасцiметровы роў. Не праяўляючы агрэсii, ён дае зразумець, што памiж iм i чалавекам павiнна быць адпаведная дыстанцыя. I асаблiва важна прытрымлiвацца яе, як пераканалiся егеры, падчас гону ў вераснi. У гэты перыяд зубр не тое што можа атакаваць, але ўсiм сваiм выглядам паказвае: не падыходзь!
— Калi я заняўся гэтай справай, — гаворыць Юрый Лiтвiновiч, — то ў мяне, паляўнiчага з 25-гадовым стажам, сталi зусiм iншымi погляды на паляванне. Паляўнiчыя розныя бываюць, але мы iх вучым любiць прыроду. Разумець, што праз меру ўзяўшы ад яе сёння, нiчога не возьмеш заўтра.
За ўсе гады, што зубры знаходзяцца пад Азёрамi, адбылася выбракоўка толькi шасцi галоў. Мера выключная i вымушаная — старасць (у сярэднiм зубры жывуць каля трыццацi гадоў), хваробы, у прыватнасцi слепата ў адной самкi. У асноўным жа работа Юрыя Лiтвiновiча i яго каманды скiраваная на тое, каб пагалоўе звера захаваць i прымножыць. I не толькi зуброў, але i аленяў, казуль, дзiкоў. У паляўнiчай гаспадарцы так заведзена: нiхто нiколi не страляе самак. Неяк быў выпадак, калi чалавек памылкова стрэлiў, але заплацiў за гэта вельмi вялiкiя грошы. Ды i ўвогуле, сучаснае паляванне не дазваляе нiякай самадзейнасцi. Егер загадзя здымае на кiнакамеру пэўнага звера, i той жа паляўнiчы з Германii, прыехаўшы ў Азёры, адразу ведае, каго страляе. Пры гэтым не дапускаецца адстрэл не толькi самак, але i буйных, элiтных самцоў, якiя з’яўляюцца добрымi вытворнiкамi.
А вось шкодным жывёлам лiтасцi няма. Пазалетась з’явiлiся ў азёрскiх угоддзях два ваўкi — iх адразу адфлажкавалi i знiшчылi. Не вельмi шанцуе i лiсам, якiх сёлета за два тыднi лютага адстрэлiлi каля 45 галоў, тым самым захаваўшы шмат казуль, зайцоў, курапатак. Акрамя таго, каб папярэдзiць шаленства сярод лiсаў, штогод раскiдваюць па лесе ўсялякiя вакцынаваныя прынады. А што датычыцца капытных, то, каб папярэдзiць нейкую эпiдэмiю, у корм для iх падмешваюцца розныя вiтамiны i прэпараты, кармавы мел.
На сённяшнi дзень, паводле назiранняў егераў, азёрскiя зубры падзялiлiся на тры статкi. Водзiць кожны з iх звычайна сам-ка — тут iснуе свая iерархiя. Дапусцiм, малады самец нiколi не пакрые самку, калi ў статку знаходзiцца стары важак. Калi ж моладзь сталее i «пасоўвае» старога самца, то ён адчувае, што слабне, i сам пакiдае статак. Вось i цяпер егеры назiраюць самцоў, якiя ходзяць асобна. А статак працягвае жыць па сваiх законах.
— У залежнасцi ад кармавой базы i прысутнасцi ў статку добрага самца, самка прыводзiць, як правiла, адно зубраня ў два гады. Ад сёлетняга ацёлу, — прагназуе Юрый Лiтвiновiч, — чакаем не менш як 12—13 галоў прыплоду. Плануем у гэтым годзе заключыць дагавор з вучонымi, каб адсачыць стан нашай папуляцыi. Нават кроў будзем браць у жывёл на аналiз.
Гiсторыя азёрскiх зуброў толькi пачынаецца...