

Аднак паколькі на польска-беларускай мяжы дзейнічае візавы рэжым, кожны жадаючы перасячы мяжу павінен мець з сабою пашпарт зь візай. Бліжэйшае беларускае консульства знаходзіцца ў Беластоку, у адлегласьці звыш ста кілямэтраў ад Белавежы.
Томаш Ліпоман, кіраўнік турбюро"Bialowieza Travel", сумняецца ў тым, што польскія турысты будуць масава карыстацца новым пераходам:
Т.Ліпоман: Турысты, якія едуць у пушчу найчасьцей на weekend, ня будуць падрыхтаваныя да перасячэньня мяжы.Я ня думаю, што ім схочацца прадпрымаць дадатковыя клопаты, каб перасячы мяжу.
Пры гэтым беларускі бок не падрыхтаваны прымаць турыстаў з Польшчы. Па беларускім баку няма, так як па-польскім, свабоднага руху па пушчы. Там турысты могуць перамяшчацца толькі пад апекай беларускіх экскурсаводаў. Я мяркую, што беларускую частку пушчы перш за ўсё схочуць пабачыць польскія прыродазнаўцы.
Томаш Ліпоман лічыць, што турыстычны пераход не прынясе прыбыткаў мясцовым турбюро, а наогул, паводле яго, пераход у Белавескай пушчы гэта не зусім прадуманая ініцыятыва:
Т.Ліпоман: Я баюся ўзмоцненага руху аўтамабіляў па пушчы, бо людзі схочуць даехаць да самой мяжы, і гэта таксама некарысна паўплывае на прыроду пушчы. Будзе прывезены шум і аўтамабільныя выхлапы. Я баюся, што карысьці будуць мізэрныя ў параўнаньні са стратамі.
Пэўных карысьцяў з адчыненага пераходу спадзяецца войт гміны Белавежа Анна Байко, якая моцна падтрымлівае ідэю адкрыцьця пераходу й не баіцца ўзмоцненага аўтамабільнага руху:
Анна Байко, войт гміны Белавежа: Частка турыстаў, якія ўжо былі ў Белавежы й яе ведаюць, напэўна прыедуць дзеля таго, каб пабачыць Белавескую пушчу па беларускім баку. Ці яна такая, як з гэтага боку, ці іншая?
Сама вёска Белавежа таксама скарыстаецца, бо ўзьнікнуць паркінгі, рэстараны й частка насельніцтва атрымае працу.
Белавеская пушча калісьці была тэрытарыяльнай цэласьцю. Мяжа падзяліла пушчу й падзяліла нашыя сем'і. Па іншым баку знаходзяцца магілы нашых блізкіх. Напэўна ня будзе так, што адразу ў Белавежу прыедуць натоўпы людзей, якія пойдуць, куды ім спадабаецца. Напэўна так ня будзе.
Зь меркаваньнем войта гміны Белавежа Анны Байко не пагаджаецца Януш Корбэль, старшыня Таварыства Аховы Краявіду, які лічыць, што роварны й пешаходны пераход, па сутнасьці, абмяжоўваецца толькі да моманту перасячэньня мяжы:
Януш Кобэль, старшыня Таварыства Аховы Краявіду: У Белавежу па абодвух бакох будуць пад’яжджаць аўтобусы, і турысты пешшу пяройдуць празь мяжу. У выніку ўзьнікне яшчэ большы аўтамабільны рух у самым сэрцы пушчы.
Кажуць, што гэта роварны й пешаходны пераход. Зразумела, было б цудоўна, калі б можна было перасячы мяжу й па беларускім баку хадзіць па пушчы па турыстычных трасах, але цяпер няма такой магчымасьці. Беларуская пушча ў Беларусі зьяўляецца нацыянальным запаведнікам і яна недаступная турыстам. Улады беларускай часткі пушчы перш за ўсё рыхтуюцца да таго, каб напраўляць турыстаў да Дзеда Мароза, паказаць адзін тоўсты дуб і вярнуць назад. Вядома, што па беларускім баку нельга свабодна перамяшчацца. Гэта ня так, як на польска-славацкай мяжы ў Бальніцы, дзе горны турыст з наплечнікам можа перакрочыць мяжу па турыстычнай трасе.
І прыродазнаўцы, і працаўнікі турбюро мяркуюць, што лепш турыстычны рух накіраваць побач Белавескай пушчы. Гэта было б добра ня толькі для Белавежы, але й таксама для навакольных мясцовасьцяў. Томаш Ліпоман, кіраўнік турбюро "Bialowieza Travel", прапануе рэзка скараціць аўтамабільны рух, пачынаючы ад шашы з Гайнаўкі ў Белавежу:
Т.Ліпоман: Намнога больш сэнсоўным вырашэньнем была б чыгунка, альбо трамвай па маршруце Гайнаўка-Белавежа. З часам можна было б увесьці значнае абмежаваньне руху аўтамабіляў праз пушчу й дазваляць толькі мясцовы рух. Турысты даяжджалі б з Гайнаўкі ў Белавежу. У Гайнаўцы пабудавалі б паркінгі для аўтамабіляў і цэлую інфраструктуру, да гэтага пункты пракату ровараў і павозак. Дзякуючы такому вырашэнню скарыстала б таксама Гайнаўка.
Пераходны пункт на польска-беларускай мяжы адчыняецца ў суботу 16 красавіка. А толькі ў панядзелак у Белавежы адбудзецца сустрэча кіраўніцтва Беларускага Нацыянальнага Белавескага парку з польскім бокам дзеля абмеркаваньня турыстычнага супрацоўніцтва.