
БЫЛЫЯ РАЙЦЭНТРЫ
Шарашова знаходзiцца за дваццаць кiламетраў ад Пружан i амаль што прымыкае да лясных масiваў Белавежскай пушчы. Да суцэльнай мелiярацыi населены пункт з усiх бакоў абступалi балоты — была толькi адна сухая дарога, якая злучала Пружаны з Гайнаўкай. Магчыма, балоты часткова i сталi прычынай таго, што пасёлак асаблiва не пацярпеў у час Вялiкай Айчыннай вайны. Затое цяпер даваенныя пабудовы, якiя складаюць цэлую вулiцу на ўездзе ў былы райцэнтр, не лепшым чынам адбiваюцца на яго сучасным iмiджы.
Увесь уклад жыцця тут вясковы, многiя жыхары трымаюць кароў, коней i iншую жыўнасць. У пасёлку толькi адзiн трохпавярховы дом, якi пабудавалi для перасяленцаў з раёнаў, якiя пацярпелi ад Чарнобыльскай аварыi. Для iх жа ўзвялi i тры катэджы. Але некаторыя з тых людзей, каму прызначалася жыллё, не захацелi застацца тут, i кватэры атрымалi працаўнiкi з Шарашова. З той пары дзяржаўнага жылля практычна ў Шарашове не ўзводзiлi, акрамя таго, якое будавала мясцовая гаспадарка для сваiх працаўнiкоў. Сёння тут цяжка затрымаць спецыялiстаў. Настаўнiкам, урачам няма чаго прапанаваць. Не так даўно ў Мiнск з’ехала сям’я дактароў, пасля таго як муж i жонка адпрацавалi неабходны пасля размеркавання тэрмiн. Некаторыя ўрачы з шарашоўскай бальнiцы маюць пенсiйны ўзрост. А педыятра наогул няма, хоць у пасёлку i акрузе жыве амаль 400 дзяцей. Многiя настаўнiкi ездзяць на працу з горада.
I педагогi, i ўрачы справядлiва наракаюць на статус свайго населенага пункта. Калi б гэта была вёска, яны атрымлiвалi б надбаўкi да зарплаты за працу ў сельскай мясцовасцi. А так — зарплата гарадская, а краявiды за акном самыя звычайныя, вясковыя.
Добраўпарадкаванне пасёлка, вiдаць, адна з самых балючых тэм у Шарашове. Горадаўтваральных прадпрыемстваў тут няма, а пасялковаму Савету з яго бюджэтам нiякi больш-менш значны аб’ём работ не пад сiлу. Нават участак ДРБУ, якi тут раней знаходзiўся, закрылi. Цi, больш правiльна сказаць, рэфармавалi, пасля чаго некалькi чалавек засталося, а тэхнiку забралi. У вынiку, паводле слоў старшынi пасялковага Савета Надзеi Антановiч, абслугоўванне дарог пагоршылася. Свая камунальная служба ў пасёлку ёсць, але яе матэрыяльная база вымушае жадаць лепшага. Нi смеццявоза, нi кантэйнеравоза, нi тэхнiкi, якая б магла справiцца са старымi пашкоджанымі дрэвамi, няма.
На ўсiх аб’ектах камунальнай гаспадаркi: кацельня, лазня, водаправод, ачышчальныя збудаваннi — занята каля 50 чалавек. Цэх ад Ружанскай мэблевай фабрыкi дае работу амаль 90 шарашоўцам. Многiя працуюць на прадпрыемствах ад Белавежскай пушчы. Нацыянальны парк мае ў Шарашове цэх па перапрацоўцы лесу, лесапаляўнiчую гаспадарку. Хлебапякарню ад камбiната ка- аператыўнай прамысловасцi даўно закрылi. У сярэдзiне 90-х гадоў была лiквiдавана ракетная база, дзе вольнанаёмнымi працавалi да сотнi мясцовых жыхароў. Хто застаўся без працы пасля пераўтварэнняў апошняга дзесяцiгоддзя, неяк прызвычаiўся да новых умоў. Адны займелi невялiчкi бiзнэс (купi-прадай), iншыя зрабiлi акцэнт на ўласную гаспадарку. Але ўсе шарашоўцы адзначаюць, што хацелi б бачыць свой пасёлак прыгажэйшым.
Што i казаць, не вельмi прывабны знешнi выгляд мае былы райцэнтр. Але вось дзiва — колькасць яго насельнiкаў не скарацiлася за апошняе дзесяцiгоддзе зусiм. Насуперак прадказанням. Недзе на пачатку васьмiдзесятых адпаведнымi службамi былi зроблены прагнозы развiцця населеных пунктаў, там прадказвалi значнае скарачэнне жыхароў Шарашова (дакументы да гэтага часу захавалiся ў райвыканкаме). А шарашоўцаў як было крыху больш за 2200 чалавек, так i ёсць. Смяротнасць апошнiм часам перавышае нараджальнасць. Але прасочваецца адна цiкавая тэндэнцыя — людзi вяртаюцца ў родныя мясцiны. Многiя, хто жыў i працаваў у розных гарадах былога Саюза, выходзяць на пенсiю, жыллё часцей за ўсё пакiдаюць дзецям, а самi вяртаюцца ў бацькоўскiя дамы. Прыехалi на радзiму i ваенныя, i будаўнiкi, i людзi iншых прафесiй, хто паматаўся па свеце. Зараз яны рамантуюць, прыво- дзяць у парадак хаты свайго дзяцiнства, агароды, навакольную тэрыторыю i пачынаюць новы адрэзак жыцця.
Ну а калi лiк жыхароў не памяншаецца (у пасёлку ёсць школа, дзiцячы сад, Дом культуры, дзве бiблiятэкi, музычная школа), то i запiсваць яго ў неперспектыўныя, вiдаць, нельга.
Старшыня Пружанскага райвыканкама Аляксандр Юркевiч сказаў карэспандэнту «Звязды», што пытаннi перспектыўнага развiцця Шарашова — галаўны боль раённай улады. Там патрэбна нейкая вытворчасць, каб ажывiць iснаванне пасёлка. I першыя захады на гэты конт зроблены. Разглядаецца магчымасць адкрыцця яшчэ аднаго цэха Ружанскай мэблевай фабрыкi па вырабу масiву плiты з сасны. Такiм чынам вырашацца дзве праблемы: свая сыравiна абыдзецца танней, чым прывазная, i дзесяткi мясцовых жыхароў атрымаюць работу. Яшчэ Аляксандр Iванавiч зазначыў, што ў блiжэйшы час будзе знойдзена якая-небудзь юбiлейная дата гарадскога пасёлка, да якой абавязкова трэба будзе правесцi работу па добраўпарадкаваннi i паляпшэннi знешняга выгляду населенага пункта.
Так, Шарашову не пашкодзiла б свята, да якога яно магло б адпаведным чынам прыбрацца i пахарашэць. I ў цэнтры такога мерапрыемства магла б аказацца мясцовая славутасць — помнiк драўлянага дойлiдства ХVII стагоддзя — унiяцкая царква, пабудаваная без адзiнага жалезнага цвiка. У царкве напрастольнай кнiгай было Шарашоўскае Евангелле — беларускi рукапiсны помнiк ХVI стагоддзя, якi захоўваецца зараз у Нацыянальным мастацкiм музеi. Драўляная царква перажыла ўсе войны, а ў 50-х гадах мiнулага стагоддзя яе ўзялi i разбурылi... Засталася толькi драўляная званiца, якая таксама занесена ў Збор помнiкаў архiтэктуры.
Населены пункт, якi ляжыць на старадаўнiм стратэгiчным, кацярынiнскiх часоў, тракце, на ўскрайку Белавежскай пушчы, мог бы стаць прывабнай для турыстаў мясцiнай. Пакуль мы толькi шмат гаворым пра гэта. А сродкi ўкладваць у перспектыўную справу няма каму. Прыклад мог бы падаць, ну, скажам, Нацыянальны парк, якi мае некалькi сваiх прадпрыемстваў у Шарашове.