Намеснiк мiнiстра прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Апацкi:

«Развiваючы экатурызм, галоўнае — не нашкодзiць самой прыродзе»

Сяргей РАСОЛЬКА, «Звязда», № 19, 04.02.2005

Нягледзячы на непазбежныя працэсы урбанiзацыi, якiя закранулi асобныя тэрыторыi праз будаўнiцтва розных камунiкацыйных сетак, добраўпарадкаванне, мелiярацыю i iнш., Беларусь, у адрозненне ад большасцi еўрапейскiх дзяржаў, мае значныя арэалы натуральных прыродных ландшафтаў. Гэта вельмi важна, паколькi такiя мясцiны, што захавалiся некранутымi цi амаль некранутымi, з’яўляюцца перадумовай для фармiравання спецыялiзаваных праграм экалагiчнага турызму, арыентаваных як на ўнутраны попыт, так i на замежных наведвальнiкаў. Па сутнасцi гэта наша нацыянальнае багацце, якое акрамя эстэтычнай функцыi можа прыносiць дзяржаве яшчэ i iншую карысць — як гэта прынята i практыкуецца ва ўсiм свеце. Прычым гаворка можа весцiся не толькi i не столькi пра матэрыяльныя даходы, але i пра культурна-асветнiцкiя, эколага-адукацыйныя, выхаваўчыя задачы, разлiчаныя ў тым лiку i на айчыннага спажыўца. Невыпадкова нядаўна кiраўнiком дзяржавы, урадам быў дадзены шэраг даручэнняў мiнiстэрствам спорту i турызму, сельскай гаспадаркi i харчавання, транспарту i камунiкацый, прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя заняцца гэтай галiной усур’ёз.

Сёння на пытаннi журналiста «Звязды» адказвае намеснiк мiнiстра прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр АПАЦКI. Зразумела, што Мiнпрыроды разглядае ўсе вышэйпамянёныя задачы не праз прызму эканомiкi, а найперш у рэчышчы захавання i беражлiвага выкарыстання нацыянальнага багацця.

— Аляксандр Мiкалаевiч, у гэтай сувязi першае пытанне: якiм чынам плануецца эфектыўна выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы ў справе развiцця турызму, не наносячы шкоды самому навакольнаму асяроддзю?

— Перш-наперш мы павiнны вызначыць: якiя тэрыторыi, якiя прыродныя комплексы будуць прыцягнуты ў сферу экалагiчнага турызму. Дарэчы, ён i зараз ёсць, ён развiваецца, але часам гэты працэс бывае неарганiзаваным, бо не прапiсаны нарматыўна, бо не ўпарадкаваны. Таму трэба ўносiць адпаведныя змяненнi ў заканадаўства, напрыклад, у дачыненнi да запаведнiкаў, заказнiкаў i iншых асаблiва ахоўваемых прыродных тэрыторый. На сённяшнi дзень развiццё экатурызму ў нацыянальных парках i Бярэзiнскiм запаведнiку характарызуецца станоўчай дынамiкай, у той час як комплексная ацэнка экатурыстычнага патэнцыялу заказнiкаў Беларусi, распрацоўка механiзма iх уключэння ў нацыянальную сiстэму экатурызму дагэтуль выступаюць у якасцi перспектыўных задач. У той жа час стыхiйнае развiццё неарганiзаваных i стацыянарных формаў турызму ў межах шэрагу заказнiкаў (ландшафтны заказнiк «Свiцязянскi», возера Белае ў складзе ландшафтнага заказнiка «Лунiнскi» i iнш.) — адна з прычын пагаршэння экалагiчнага стану iх прыродных комплексаў.

Таму ў якасцi базавых цэнтраў экалагiчнага турызму нацыянальнага ўзроўню могуць выступаць тэрыторыi, што адпавядаюць шэрагу крытэрыяў. Гэта i высокая пазнавальная каштоўнасць, i эстэтычная прыцягальнасць мясцовых элементаў прыроднай i культурнай спадчыны, гэта i унiкальнасць прыродных i культурных комплексаў, iх экзатычнасць для большасцi айчынных i замежных турыстаў. Такiя цэнтры павiнны мець высокую ступень захаванасцi прыродных аб’ектаў у натуральным стане з аднаго боку, i мiнiмальную ступень антрапагеннага ўздзеяння на экасiстэму — з другога. У тэрыторый павiнен быць высокi прыродаахоўны статус (мiжнародны цi нацыянальны) i значная плошча, дастатковая для забеспячэння ўстойлiвасцi прыроднага комплексу — не менш чым 15 тысяч гектараў, а аптымальна — 30—50 тысяч гектараў.

— Якiя рэгiёны краiны ў кантэксце вышэйсказанага найперш адпавядаюць усiм якасцям базавых цэнтраў экалагiчнага турызму нацыянальнага ўзроўню?

— Найбольшую цiкавасць могуць уяўляць два буйныя рэкрэацыйныя рэгiёны: «Заходнi Буг» («Брэсцкi») i «Мiнскi», якiя маюць дастатковыя рэсурсы для экалагiчнага турызму.

Турысцка-рэкрэацыйны рэгiён «Заходнi Буг» ахоплiвае тэрыторыю, што прылягае да беларуска-польскай гранiцы. Як перспектыўныя турыстычныя цэнтры могуць разглядацца Нацыянальны парк «Белавежская пушча», палацава-паркавы ансамбль у Ружанах i старажытны парк у Пружанах. У сiстэму рэкрэацыйных тэрыторый рэгiёна можа быць уключаны трансгранiчны бiясферны рэзерват «Прыбужскае Палессе».

У рэгiёне Палесся сiстэма асаблiва ахоўваемых прыродных тэрыторый уключае нацыянальны парк, 25 заказнiкаў (17 — бiялагiчных, 6 — ландшафтных, 1 — гiдралагiчны) i 48 помнiкаў прыроды рэспублiканскага значэння. Статус рамсарскiх угоддзяў мiжнароднага значэння зараз атрымалi рэспублiканскiя ландшафтныя заказнiкi «Альманскiя балоты» i «Сярэдняя Прыпяць», а таксама бiялагiчныя заказнiкi «Спораўскi», «Званец» i гiдралагiчны заказнiк «Выганашчанскае». Заказнiкi «Сярэдняя Прыпяць», «Альманскiя балоты», «Спораўскi» i «Днепра-Сожскi» прызнаны ў якасцi ключавых арнiталагiчных тэрыторый у адпаведнасцi з Дырэктывай аб захаваннi дзiкiх птушак Еўропы.

Сярод заказнiкаў, створаных на пойменных тэрыторыях, асаблiвую цiкавасць для экатурызму ўяўляе ландшафтны заказнiк «Сярэдняя Прыпяць», дзе сканцэнтраваны ўсе тыповыя для Палесся, але рэдкiя для Беларусi i Еўропы бiятыпы — спелыя пойменныя дубравы, нiзiнныя балоты, разнастайныя водна-балотныя ўгоддзi. Наяўнасць гэтых унiкальных бiятыпаў абумовiла захаванне тут шэрагу рэдкiх вiдаў фауны i флоры i асаблiва — птушак (5 вiдаў, якiя знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знiшчэння, i 52 вiды, занесеныя ў Чырвоную кнiгу Рэспублiкi Беларусь).

Па тэрыторыi Палесся праходзiць адзiн з важнейшых кантынентальных шляхоў веснавой мiграцыi вадаплаўнай птушкi. Згодна з папярэднiмi данымi, толькi ў пойме Прыпяцi спыняюцца на кармленне i адпачынак каля 50 тысяч гусей розных вiдаў. Слабазмененыя поймы рэк Палесся ствараюць аптымальныя ўмовы для гнездавання чорнага i белага буслоў. Вельмi вiдовiшчнымi экспазiцыйнымi аб’ектамi для турыстаў могуць стаць калонii белых буслоў — па 20—40 гнёздаў.

Асаблiвае месца сярод заказнiкаў, перспектыўных для выкарыстання ў сферы экатурызму, займае бiялагiчны заказнiк «Лябяжы», размешчаны на паўночна-заходняй ускраiне Мiнска. На яго тэрыторыi зарэгiстравана 11 вiдаў птушак з лiку занесеных у Чырвоную кнiгу Рэспублiкi Беларусь. Гэты заказнiк можа стаць, напрыклад, своеасаблiвым эколага-асветнiцкiм звяном у сiстэме гарадскога турызму.

Зразумела, мы пералiчылi далёка не ўсе асаблiва ахоўваемыя тэрыторыi, якiя iснуюць i ўжо зараз могуць выступаць у якасцi базавых цэнтраў экатурызму нацыянальнага значэння, а таксама праектуемыя. Акрамя таго, у кожнай вобласцi краiны да лiку перспектыўных экатурыстычных тэрыторый i аб’ектаў рэгiянальнага ўзроўню можна аднесцi шэраг заказнiкаў, старажытных паркаў, азёрных груп, лясных масiваў, помнiкаў прыроды. Сюды ж, у сiстэму рэгiянальных экатурыстычных тэрыторый i маршрутаў, неабходна ўключыць рачныя экасiстэмы, якiя характарызуюцца высокай ступенню бiяразнастайнасцi i эстэтычнай прыцягальнасцю ландшафтаў (Прыпяць, Днепр, Нёман, Шчара i iнш.), а таксама старажытныя каналы (Аўгустоўскi, Агiнскi, Днепра-Бугскi, Бярэзiнская водная сiстэма).

— Аляксандр Мiкалаевiч, як вы заўважылi, пэўныя тэрыторыi могуць прыцягнуць патэнцыяльнага турыста высокай пазнавальнай каштоўнасцю мясцовай прыроднай i культурнай спадчыны. Помнiкi, архiтэктура, рэдкiя цi знiкаючыя вiды птушак, жывёл i раслiн — гэта i ёсць частка элементаў той самай прыцягальнасцi. Але ж гэтай самай прыцягальнасцю павiнна быць i адпаведная iнфраструктура кшталту месцаў для стаянак, адпачынку i г. д. Паколькi гаворка iдзе пра асаблiва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыi, агучу такое пытанне: як будуць улiчаны гэтыя аспекты?

— Сiстэма першачарговых мерапрыемстваў па стварэнню спецыялiзаванага экатурыстычнага прадукту i аптымiзацыi наведвання турыстамi такiх тэрыторый уключае ў сябе шэраг момантаў. Такiх, напрыклад, як стварэнне i ўпарадкаванне сеткi маркiраваных экалагiчных маршрутаў. Даехаў турыст да вызначанага пункта, а затым яму прапануюць пешыя, водныя, веласiпедныя або нават конныя экскурсii. Гэта i вызначэнне, i ўпарадкаванне спецыяльных кропак i пляцовак для агляду тых жа жывёл цi раслiн, птушак. Зразумела, сюды адносiцца вызначэнне i добраўпарадкаванне месцаў кароткачасовага адпачынку турыстаў: палатачных гарадкоў, кемпiнгаў, вясковага жылля. У прынцыпе яны павiнны быць па-за месцамi асаблiва ахоўваемых прыродных тэрыторый. Дадайце сюды музеяфiкацыю элементаў прыроднай i культурнай спадчыны, стварэнне традыцыйных музеяў i экспазiцый пад адкрытым небам, якiя адлюстроўваюць узаемасувязь прыроднай i культурнай спадчыны. Падрыхтоўку кадраў для работы з экатурыстамi з лiку мясцовых жыхароў, якiя могуць стаць эколагамi-праваднiкамi, экскурсаводамi, гiдамi-перакладчыкамi. Хто лепш за iх зможа паказаць хараство роднага краю, тыя ж грыбныя цi ягадныя мясцiны, не нашкодзiўшы прыродзе? Разам з тым пры вызначэннi аб’ектаў экалагiчнага турызму рэгiянальнага значэння трэба ўлiчваць не толькi памянёную пазнавальную каштоўнасць, унiкальнасць i захаванасць прыродных комплексаў, але i фактар iх транспартнай даступнасцi (аптымальна — не больш за 1,5—2 гадзiны) у адносiнах да цэнтраў фармiравання экатурыстычнага попыту (горада, курортна-рэкрэацыйнай зоны). Словам, рэжым наведвання турыстамi павiнен быць усебакова, у тым лiку i з кропкi гледжання навукi, абгрунтаваны i вызначаны ў iндывiдуальным парадку з улiкам асаблiвасцяў мясцовых экасiстэм. Каб, беручы ў прыроды, не нашкодзiць ёй. Дарэчы, тут многае будзе залежаць i ад экалагiчнага выхавання, таму, спадзяёмся, рэкламна-iнфармацыйнае забеспячэнне, якое плануецца наладзiць сумеснымi намаганнямi шэрагу зацiкаўленых мiнiстэрстваў, будзе iстотна спрыяць гэтаму працэсу.

— Якiмi павiнны быць першыя крокi па развiццю экалагiчнага турызму ў нашай краiне ў блiжэйшай перспектыве?

— Як я ўжо гаварыў вышэй, неабходны змяненнi i дапаўненнi ў заканадаўчую базу, у прыватнасцi, у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб турызме», у якiм экатурызм практычна адсутнiчае. Трэба вызначыць парадак лiцэнзавання i сертыфiкацыi, падтрымкi турпрадпрыемстваў, якiя займаюцца экатурызмам, i г. д. Мэтазгодна прыярытэтнае вызначэнне 3—5 заказнiкаў у кожным рэгiёне краiны з мэтай iх выкарыстання ў экатурызме. Неабходна таксама стварыць мiжведамасны экспертны савет для навукова абгрунтаванай ацэнкi i кантролю праектаў па экатурызму ў краiне, падключыць да гэтай работы мясцовыя адмiнiстрацыi, сумесна з якiмi неабходна вызначыць мiнiмальна неабходную турысцкую iнфраструктуру на аб’ектах экатурызму i крынiцы фiнансавання. Той экалагiчны турыстычны прадукт, якi ствараецца, мае патрэбу ў вельмi сур’ёзным маркетынгавым суправаджэннi на мiжнародным рынку, што патрабуе сумеснай работы Мiнпрыроды, МЗС, мiнiстэрства спорту i турызму, Нацыянальнага турысцкага агенцтва. Экалагiчны турызм патрабуе i спецыфiчнага навукова-кадравага забеспячэння. Сумесна з НАН Беларусi i Белдзяржунiверсiтэтам неабходна вызначыць змест адукацыйнай пяцiгадовай праграмы падрыхтоўкi студэнтаў, магiстрантаў, аспiрантаў па спецыяльнасцi «Менеджмент экалагiчнага турызму».

— Дзякуй за iнтэрв’ю.