"Зубры" адзначылi 4-годдзе

Вольга КЛАСКОЎСКАЯ, "Народная Воля", №12, 21.01.2005

Падчас вулiчных акцый яны заўсёды ў першых шэрагах. У спецпрыёмнiку-размеркавальнiку на вулiцы Акрэсцiна яны пастаянныя "клiенты" - на рахунку маладых актывiстаў больш за дзве тысячы затрыманняў i судовых разбiральнiцтваў. Напрыканцы 2004 г. незарэгiстраваны беларускi рух быў названы сярод 11 намiнантаў на прэмiю iмя Андрэя Сахарава "За Свабоду думкi".

Роўна чатыры гады таму некалькi дзесяткаў маладых патрыётаў сабралiся ў Белавежскай пушчы i, аддаўшы прысягу на вернасць Радзiме, апавясцiлi пра стварэнне руху супрацiву як адэкватнага адказу iснуючай сiстэме.

Хто яны i чаго прагнуць?

Гутарка з адным з каардынатараў незарэгiстраванага руху "Зубр" Уладзiмiрам КОБЕЦАМ.

- Мы дамагаемся таго, каб улада ў нашай краiне была дэмакратычнай i чэснай. Мы ўпэўнены, што ў Беларусi толькi адзiн шлях - еўраiнтэграцыя, - гаворыць Уладзiмiр.

- Якiя метады ў сваёй барацьбе вы выкарыстоўваеце?

- З самага пачатку заснавання "Зубра" было акрэслена, што наш супрацiў негвалтоўны, мiрны. I нi разу за час свайго iснавання мы не адказвалi гвалтам на тыя рэпрэсii, якiя ў адносiнах да нас мелi месца. Хаця за чатыры гады праваабарончая служба "Зубра" зафiксавала больш за дзве тысячы фактаў рэпрэсiўных захадаў у дачыненнi да нашых актывiстаў.

Я перакананы, што зло параджае яшчэ большае зло. I чым больш яго будзе ў палiтыцы i жыццi, тым меншых вынiкаў мы даб'ёмся. Тыя рэпрэсii, што ажыццяўляюцца ў адносiнах да беларускiх грамадзян i актывiстаў руху, застануцца на сумленнi людзей, якiя гэта робяць. Надыдзе час, калi за злачынствы iм давядзецца расплачвацца.

- Колькi актывiстаў налiчваецца ў вашых шэрагах?

- Мы не палiтычная партыя i жорсткiх улiкаў не вядзём. У розныя часы "Зубр" налiчваў ад дзвюх да пяцi тысяч актывiстаў i тысячы валанцёраў. У "Зубры" няма адзiнага лiдэра, рух складаецца са шматлiкiх маладзёжных аб'яднанняў, якiя кiруюцца агульнымi для ўсiх у "Зубры" прынцыпамi. Любы малады чалавек, што да нас прыходзiць, можа знайсцi сабе тую форму барацьбы, якая для яго зараз прымальная. Ён можа быць валанцёрам - раздаваць улёткi i газеты - цi стаць актывiстам, якi прымае ўдзел у вулiчных акцыях. Мы кiруемся прынцыпамi, што павiнны быць удзячныя кожнаму чалавеку, якi патрацiў хоць гадзiну на нашы агульныя мэты.

Сёння самая адказная частка грамадства - моладзь. I людзi, якiя прайшлi праз "Зубр", - сапраўды мужныя i годныя. Кожны дзень яны рызыкуюць сваiм здароўем, вучобай i нават жыццём. Таму будучыня менавiта за такiмi людзьмi, я перакананы.

- Часам у ваш бок кiдаюць папрокi, маўляў, "Зубр" здольны толькi да вулiчнага супрацiву...

- Ну ўжо дакладна мы не кабiнетная арганiзацыя! Яшчэ ў Белавежскай пушчы мы прыйшлi да агульнай высновы, што, седзячы ў офiсах, сiтуацыю ў Беларусi не зменiш. Паколькi ў нашай краiне немагчыма атрымаць доступ да электронных сродкаў масавай iнфармацыi - усюды навязванне дзяржаўнай iдэалогii, у нашай барацьбе мы мусiм дзейнiчаць усiмi законнымi спосабамi. Гэта i вулiчны пратэст, i iнфармаванне людзей праз улёткi, газеты, буклеты. А наконт таго, што папракаюць-не папракаюць... Няхай хтосьцi паспрабуе дзейнiчаць па-iншаму i пераканае нас, што гэта эфектыўна, - абы карысць была для Беларусi! Мы не супраць.

- На кожнай акцыi апазiцыi "Зубр" - у першых шэрагах. I кожны раз вулiчная акцыя пазiцыянуецца як лёсавызначальная i масавая, а насамрэч развязка заўсёды класiчная - малая колькасць удзельнiкаў, дзесяткi затрыманых, асуджаных, збiтых... Якi сэнс так падстаўляцца?

- Наконт малой колькасцi я не пагаджуся. Беларусь, у прынцыпе, невялiкая краiна. I мэта нашых акцый у першую чаргу - данесцi iнфармацыю да грамадства i звярнуць увагу на праблему! I сёння тая сотня людзей, што выходзiць на плошчу з партрэтамi знiклых, дэманструе ўсёй краiне i ўсяму свету, што ёсць такая праблема, i беларусаў гэта хвалюе, стварае рэзананс, прыцягвае ўвагу мiжнароднай грамадскасцi. А што, было б лепш, каб наогул усе маўчалi? Паводле ўсiх сацыялагiчных апытанняў, большасць беларускага насельнiцтва прагне зменаў, еўраiнтэграцыi i не верыць байкам прапагандысцкiх падпявалаў. Але людзi запалоханы i лiчаць за лепшае выказваць свой пратэст на кухнях. Чаму ў нас не выходзiць столькi людзей, колькi ва Украiне? Адказ на пытанне трэба шукаць у самой прыродзе iснуючага рэжыму i ў дзейнасцi палiтычнай апазiцыi. Людзi чакаюць нейкага iмпульсу. I падзеi ва Украiне паказалi, што можа стаць такiм iмпульсам.

- Ваша тактыка адносна будучых прэзiдэнцкiх выбараў?

- "Зубр" нiколi не быў абслугай для нейкiх палiтычных сiл цi для пэўнага палiтыка. Сёння мы хацелi б, каб партыi ўрэшце прыйшлi да кансенсусу i вылучылi годнага лiдэра са свайго асяродку. Чалавека, якi здолеў бы аб'яднаць грамадства, быў вартым нашага народа. Мы ведаем, што ў Беларусi такiя людзi ёсць. "Зубр" будзе ўважлiва сачыць за гэтым працэсам i па магчымасцi аказваць падтрымку. Адразу скажу, што сваiх кандыдатаў мы не вылучаем, паколькi не з'яўляемся палiтычнай партыяй.

Папярэднiя кампанii яскрава засведчылi "празрыстасць выбарчых працэсаў" у Беларусi, таму хацелася б, каб чалавек, якi стане адзiным кандыдатам, разумеў, што напрыканцы выбарчай гонкi яму давядзецца сутыкнуцца са многiмi выклiкамi i ў кульмiнацыйны момант браць на сябе адказнасць.

- Улада рана цi позна зменiцца. Што будзе з "Зубрам"?

- Рашэнне аб сваiх дзеяннях "Зубр" будзе прымаць толькi пасля iнаугурацыi новага, дэмакратычна абранага прэзiдэнта Беларусi. Сёння разважаць пра тое, што будзе з рухам, несвоечасова i шкодна. Адзiнае, што не можа выклiкаць сумневу, - мы будзем працаваць на Беларусь i на яе будучыню. Я перакананы: вопыт, што мы назапасiлi, запатрабаваны iншымi народамi, якiя зараз церпяць ад дыктатуры. I задача беларусаў - падзялiцца з iмi здабыткамi свабоды.

Увесь час мы адчувалi i адчуваем падтрымку ад маладзёжных рухаў Цэнтральнай i Усходняй Еўропы, i я перакананы, што мы i самi мусiм быць салiдарнымi з iншымi. Рана цi позна трэба аддаваць даўгi. Але першапачаткова мы павiнны вырашыць праблемы ўнутры сваёй краiны. Дык давайце ж агульнымi высiлкамi наблiжаць гэтыя перамены.