
Пра што пiшуць беларускiя дзецi Дзеду Марозу ў Белавежскую пушчу
За год пасля адкрыцця рэзiдэнцыi Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы казачны герой атрымаў цэлыя мяшкi пiсьмаў. Лiк ужо iдзе на дзесяткi тысяч. Лiсты, малюнкi, падарункi ад дзятвы захоўваюцца ў спецыяльным доме, якi называецца Скарбнiцай. Гэта сапраўды самыя дарагiя нiтачкi зваротнай сувязi з тымi, для каго i было задумана пасялiць Дзеда Мароза ў Беларусi. Бо ён мусiць жыць на зямлi да той пары, пакуль хоць нехта ў яго верыць.
Пiсьмы дзяцей, вiдаць, самы дакладны зрэз сацыяльнага стану нашага грамадства. Пiшуць яны i пра свае, дзiцячыя, i зусiм не дзiцячыя праблемы. Ёсць добрыя светлыя пасланнi, ад якiх хочацца жыць, а ёсць i тужлiвыя разважаннi аб рэчаiснасцi, ёсць проста «крыкi душы». Вядома ж, усiм не дапаможаш, усе просьбы не задаволiш. Але вырашылi дарослыя прачытаць лiсты ўважлiва яшчэ раз, адабраць па тры дзесяткi самых цiкавых пасланняў з кожнай вобласцi i запрасiць iх аўтараў на ёлку, якую наладзiць Дзед Мароз у сваiм памесцi. Чытаць карэспандэнцыю дапамагалi супрацоўнiкi Брэсцкага абласнога iнстытута павышэння квалiфiкацыi настаўнiкаў i абласнога ўпраўлення адукацыi.
У большасцi сваiх допiсаў дзецi просяць тыя цi iншыя падарункi. I ў гэтым няма нiчога дзiўнага. Асноўная частка нашых юных грамадзян прывыкла з самых раннiх гадоў даставаць з-пад ёлачкi падарунак, якi ноччу «прыносiць» Дзед Мароз. Таму адзiн хлопчык i пытаецца ў свайго адрасата: «Ты сапраўдны цi не? I чаму ты заўсёды прыходзiш, калi я сплю?». Але ёсць i зусiм iншыя пiсьмы. У мяшку з паметкай «горад Мiнск» амаль на самым версе аказалася пiсьмо, напiсанае на добрай беларускай мове, якое так i хочацца працытаваць: «Прывiтанне табе, Дзядуля Мароз, i тваёй унучцы Снягурачцы! Пiша табе дзяўчынка Алена. Я вучуся ў чацвёртым класе 134-й мiнскай школы. Вучуся iграць на цымбалах. Люблю ўрокi беларускай мовы i лiтаратуры. Мы з мамай нядаўна пераехалi ў Беларусь з Украiны.
...Ёсць у мяне, Дзядуля, мара: вырасцi i працаваць у цябе. Я магу спяваць, танцаваць, праводзiць з дзецьмi гульнi, конкурсы».
Аленка жыве толькi з мамай. Не ведаю, выпадковасць, супадзенне цi што iншае, але з прачытаных мною пiсьмаў юных мiнчан працэнтаў 70 растуць без таты. Сямiгадовы хлопчык Жэня пiша: «Скажы майму тату, каб хоць у новы год прыйшоў да нас». Палiна, якая жыве з мамай у iнтэрнаце, расказвае, што некалькi гадоў просiць у мамы веласiпед, але мама адказвае, што на такую пакупку пойдзе ўся яе зарплата. Адзiнаццацiгадовая Крысцiна пачынае пiсьмо так: «Я веру ў цябе, хоць мае аднакласнiкi з мяне смяюцца. Таму гэта пасланне я пакiну ад iх у сакрэце. Мы жывём з мамай i бабуляй. Тата не прыязджае i грошай не дае. А зараз такая высокая квартплата. Мама працуе ў трох садках настаўнiцай англiйскай мовы, а ўсё роўна нам не хапае...». Дзяўчынка нiчога не просiць, проста расказвае пра сябе i вiншуе свайго адрасата з Новым годам.
Насця таксама жыве з мамай у адным з мiнскiх iнтэрнатаў. I мама сказала, што сёлета падарунка на свята ёй не будзе, бо няма за што купiць. Шкада, што Дзед Мароз не чараўнiк. Каб мог ён сабраць вось гэтых татаў разам ды прымусiў iх хоць перачытаць згаданы стос пiсьмаў, можа нехта з iх задумаўся б, цi на тое ён трацiць сваё жыццё. Уразiў лiст з Бярозаўскага раёна ад Галiнкi. Яна расказвае, якая прыгожая i добрая яе мама, як яны разам пякуць смачнае пячэнне, рыхтуюцца да свята. А просiць гэты маленькi чалавечак не цацку, не камп’ютар, не ролiкавыя канькi, як iншыя дзецi. У яе зусiм iншая праблема: яна хоча, каб бацька не крыўдзiў маму, калi прыходзiць п’яны. А здараецца такое ледзь не кожны дзень.
Недзiцячыя клопаты i ў тых, хто хварэе сам, мае хворых бацькоў або зусiм iх страцiў. Каця з Кобрынскага раёна просiць знайсцi маме работу. Дзяўчынка пiша, што ў iх згарэў дом, бацька загiнуў, а мацi страцiла работу, i жывуць яны на пенсiю па страце кармiцеля i мамiну дапамогу па беспрацоўю. Люда з Белаазёрска расказвае, што ў яе няма зiмовай курткi, а мама ў дзяўчынкi памерла. Больш за 15 пiсьмаў сустрэлася з просьбай аб здароўi для мамы. Дзецi вераць або хочуць верыць у Дзеда Мароза як магутнага добрага чараўнiка, амаль Бога, таму i просьбы такiя сур’ёзныя. Малодшыя школьнiкi з сельскай мясцовасцi расказваюць, як мала плацяць бацькам у iх калгасах, напрыклад, так: «Мая мама харошая i добрая. Яна працуе даяркай. Але атрымлiвае малую зарплату». А вось яшчэ дарослае гора малога чалавечка — пiсьмо напiсанае акуратным почыркам, без адзiнай памылачкi Марынай з Драгiчына: «Наш клас будзе ехаць да цябе на экскурсiю. Але я не прыеду. Мае бацькi п’юць, i ў нас няма грошай. Толькi нiкому не расказвай пра гэта, бо з мяне будуць смяяцца».
А вось добрыя, светлыя, шчаслiвыя пiсьмы часта прыходзяць з мнагадзетных сем’яў. Андрэйка з Мiнска расказвае, як дружна яны жывуць з мамай, татам, ёсць у яго яшчэ два брацiкi i дзве сястрычкi. Усе займаюцца музыкай, вучацца iграць на розных iнструментах. Хлопчык апiсвае, як яны разам звычайна прыбiраюць ёлку i рыхтуюцца да навагоднiх святаў. I запрашае да сябе Дзеда Мароза. Трэцякласнiк Коля з Гродзенскай вобласцi жыве ў вёсцы. У iх сям’i таксама пяцёра дзяцей. Жывуць яны разам з бабуляй, дзядулем — усяго ў вялiкiм доме дзевяць чалавек. Трымаюць вялiкую гаспадарку, ёсць конь, карова, куры, гусi. «Прыязджай, Дзед Мароз, да нас, — пiша Мiкалай. — Мы табе падорым двух гусей. Яны вам са Снягуркай спатрэбяцца на свята». Дзяўчынка Вiкторыя, вiдаць не такая шчаслiвая, як яе равеснiкi, бо жыве ў iнтэрнаце з мамай, сястрой i братам. Але яна нi на што не скардзiцца. Просiць падарункi пад ёлачку i дадае пры гэтым: «Калi нам падарункаў не хопiць, мы не пакрыўдзiмся. Да цябе, вiдаць, звяртаюцца дзецi з большых за нашу сем’яў».
Некаторыя пасланнi ў Дзеда Мароза выклiкаюць шчырую усмешку. Напрыклад, Уладзiмiр з Пружанскага раёна мае самае запаветнае жаданне — пазбавiцца ад ляноты, якая перашкаджае рыхтаваць урокi.
Дзецi выказваюць радасць з нагоды таго, што iх любiмы Дзед пасялiўся нарэшце ў Беларусi. Сярод мноства дзiцячых жаданняў ёсць i такiя, каб нiхто не хварэў, каб на зямлi быў мiр, каб нiхто не крыўдзiў катоў i сабак. Iх вельмi шмат — дзiцячых жаданняў. А каб збылiся мары ўсiх iншых дзяцей, трэба дарослым iх крышачку больш любiць, а таксама больш шанаваць адно аднаго. Аб гэтым гавораць, просяць, крычаць пiсьмы з вялiкiх мяшкоў, што захоўваюцца ў Скарбнiцы Дзеда Мароза.