
На скрыжаваннi думак, альбо як зацiкавiць жыхароў i гасцей Гродзеншчыны ў жаданнi азнаёмiцца з гiстарычнымi, прыроднымi i культурнымi славутасцямi рэгiёна
Турыстычны бiзнэс у Польшчы — гэта дзесяткi тысяч рабочых месцаў i прыкладна чатыры мiльярды долараў, на якiя штогод ахвотна раскашэльваюцца каля 12 мiльёнаў турыстаў. А вось турыстычная група на вулiцах старажытнай Гароднi — з’ява калi не унiкальная, то даволi рэдкая. Нягледзячы на тое, што апошнiм часам шмат зроблена па добраўпарадкаванню гiстарычнай часткi горада, выгадна мяняюць сваё аблiчча дамы, вулiцы, паркi, адчынiлi некалькi мемарыяльных комплексаў, пабудавалi шэраг сучасных аўтазаправачных станцый... Толькi ў абласным цэнтры, здавалася б, менавiта дзеля прыцягнення турыстаў у Прынямонне, створана ажно 26 турыстычных арганiзацый i 7 фiлiялаў мiнскiх фiрмаў. Аднак большасць з iх па-ранейшаму заклапочаны толькi выязным турызмам, а турыстычны патэнцыял нашых гiстарычных, прыродных i культурных славутасцяў i блiзка не выкарыстоўваецца. Чаму? Цi ёсць жаданне i магчымасцi калi не зраўняцца, то хаця б наблiзiцца да ўзроўню арганiзацыi турыстыкi ў нашых суседзяў — палякаў i лiтоўцаў?
Святлана КУЛЬ-СЯЛЬВЕРСТАВА, доктар гiстарычных навук, загадчык лабараторыi рэгiянальнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага унiверсiтэта iмя Янкi Купалы:
— На тэрыторыi Гродзенскай вобласцi знаходзiцца больш за 60 працэнтаў усiх гiстарычных помнiкаў, што ёсць у Беларусi, а апроч iх — яшчэ памятныя мясцiны сусветнага значэння, звязаныя з Мiцкевiчам, Ажэшка i многiмi iншымi славутымi персаналiямi. I самае, мабыць, галоўнае, што сёння патрэбна для развiцця турыстыкi, — гэта добрая рэкламная кампанiя Гродзеншчыны ў свеце, актыўнае прасоўванне нашага турыстычнага прадукту на сусветны рынак.
Для развiцця турыстыкi ў вобласцi ёсць практычна ўсё. I добраўпарадкаваныя гарады, i някепскiя дарогi, патрошку падымаем гасцiнiчны сэрвiс. У нас ёсць людзi, якiя валодаюць шырокiм спектрам iнфармацыi аб рэгiёне. Але на сённяшнi дзень Гродна ведаюць у свеце слаба. Нядаўна да нас на выстаўку еўрарэгiёна «Нёман» прыязджала дэлегацыя з Лiтвы. Аказалася, што нiякай iнфармацыi па Гродна ў iх няма — нi друкаванай, нi электроннай прадукцыi. Лiтоўцы нават не могуць нешта прапанаваць сваiм турыстам, хаця ад таго ж Друскенiнкая да нашага горада ўсяго каля сарака кiламетраў. Таму неабходна шырока прадстаўляць сябе не толькi ў Гродне i Мiнску, але i ў Лiтве, Польшчы, Маскве...
Некаторыя крокi на гэтым шляху зроблены. Нашай лабараторыяй падрыхтаваны даведнiкi для турыстаў, адкрыты афiцыйны сайт гарвыканкама, дзе размешчана ў тым лiку i турыстычная iнфармацыя. Прапрацоўваецца пытанне адкрыцця гарадскога турысцка-iнфармацыйнага цэнтра, якi, на мой погляд, дазволiць нам выйсцi са сваiм турыстычным прадуктам у сусветнае асяроддзе. Гэты цэнтр будзе абавязаны адсочваць i размяшчаць iнфармацыю аб горадзе не толькi на гродзенскiм сайце ў Iнтэрнэце, але i праз iншыя цэнтры, якiя ёсць амаль паўсюдна ў той жа Польшчы i Лiтве. Прычым iнфармацыя ў Iнтэрнэце павiнна быць не фiксаванай, а пастаянна абнаўляцца. Павучыцца ёсць у каго. Калi паглядзець на польскiя сайты, то ў iх 15 тысяч (!) згадак пра Аўгустоўскi канал. Усё Мазоўша i палова Падляскага ваяводства прадаюць свае турыстычныя паслугi пад слоганам гэтай славутай воднай артэрыi, хаця да канала можа быць i 80 кiламетраў. Вось такая рэклама пастаўлена ў Польшчы, як кажуць, на шырокую нагу. I нам таксама трэба развiваць гэту электронную форму папулярызацыi сваiх мясцiн.
Другая задача: трэба, каб турыстычная iнфармацыя была на вулiцах. Калi вы прыязджаеце на вакзал, дык ужо там павiнен быць стэнд з адпаведнымi звесткамi. Дзе можна атрымаць тую цi iншую паслугу? Куды звярнуцца, каб узяць у памочнiкi экскурсавода альбо выехаць з горада ў нейкi тур? Як звязацца з «жыллёвымi» агенцтвамi? Там жа павiнна быць i турыстычная карта горада. Хто быў за мяжой, то бачыў, як пазначаны турыстычныя маршруты, каб па адпаведных паказальнiках, не блукаючы, можна было азнаёмiцца, скажам, з цэрквамi i касцёламi горада. У турыстычных мэтах трэба шырока задзейнiчаць i нашу мяжу. Чалавек прыязджае — i ён адразу павiнен атрымаць iнфармацыю аб усiх умовах побыту ў нашым горадзе.
Абавязкова трэба вырашыць i такую праблему. На сённяшнi дзень у нас абсалютна не ўпарадкавана справа з падрыхтоўкай экскурсаводаў. У свой час у горадзе быў цэнтр па iх абучэнню, дзе выкладалi гродзенскiя i мiнскiя спецыялiсты. На жаль, гэтага ўжо даўно не робiцца. Сёння мы нават дакладна не ведаем, хто i на якiх экскурсiйных маршрутах працуе, якая ў iх квалiфiкацыя, якiмi мовамi яны валодаюць. Якую iнфармацыю атрымлiваюць прыязджаючыя да нас палякi, немцы, лiтоўцы, расiяне? Тое, напрыклад, што чую я, праходзячы мiма тургрупы, мяне часам абурае. Не па палiтычных нават, а па чыста прафесiйных матывах. Бывае, проста лухту гiды гавораць, блытаючы ўсё, расказваючы пра горад нейкiя фантазii. Гэта праблема ў Еўропе вырашаецца проста: улада прымае рашэнне, што працаваць у гэтым горадзе ў якасцi эксурсавода можа толькi той, хто тут акрэдытаваны. Усе астатнiя штрафуюцца. Так зроблена ў Варшаве, Празе, Вiльнюсе. Паспрабуйце там «нелегальна» павадзiць групу — мала не пакажацца i вам, i фiрме, якая прывезла гэтых турыстаў.
Мiхаiл КАЖУРА, галоўны спецыялiст аблспортупраўлення:
— Асноўным вiдам дзейнасцi нашых турфiрмаў да нядаўняга часу быў продаж польскiх ваўчараў. З уводам у лiстападзе мiнулага года вiзавага рэжыму гэтай «нiшы» не стала. У вынiку сёлета ў студзенi «турыстычныя» аб’ёмы ў вобласцi скарацiлiся практычна напалову. Была пастаўлена задача росту да 120 працэнтаў, i за 10 месяцаў удалося выйсцi на 109 працэнтаў.
Нядаўна адбылася нарада ў прэзiдэнта краiны па пытаннях развiцця воднага турызму i аховы навакольнага асяроддзя. Была выказана рэзкая крытыка ў адносiнах да выкарыстання прыродаахоўваемых тэрыторый, дзе можна было б развiваць турызм, i пастаўлена задача ў 2005—2006 гадах стварыць у рэгiёнах турыстычныя зоны. Мы працуем у гэтым накiрунку. Нават першы сплаў на Аўгустоўскiм канале ў 1998 годзе, у якiм удзельнiчалi 14 чалавек, паказаў, што, нягледзячы на дзяржаўныя гранiцы, развiваць водны турызм можна. Дарэчы, ужо цяпер у Гродне ёсць прыватнае прадпрыемства, якое выпускае спецыяльныя турыстычныя байдаркi.
Другi важны праект — турыстычная свабодная эканамiчная зона «Нясвiж — Мiр», якая ствараецца па iнiцыятыве Мiнска i Гродна. Ад нашай вобласцi сюды ўваходзяць Гродна, Лiда, Навагрудак, Мiр, Ашмяны i Смаргонь. Прадугледжана стварэнне шэрагу спрыяльных умоў для iнвестыцый у iнфраструктуру турызму прыватнымi асобамi, прадпрыемствамi i арганiзацыямi з вызваленнем ад мытных плацяжоў тых тавараў, якiя не вырабляюцца ў Беларусi.
Нядаўна адменены 10-працэнтны падатак з абароту турыстычных арганiзацый, прапрацоўваецца пытанне аб знiжэннi для iх арэнднай платы за памяшканнi. Будзем праводзiць i вучобу работнiкаў турфiрмаў. На жаль, многiя з iх не могуць пахвалiцца высокiм узроўнем работы. Мы праверылi з выездам на мяжу большасць нашых турыстычных арганiзацый — каля 90 працэнтаў з iх мелi грубыя парушэннi парадку афармлення турпуцёвак. Па сутнасцi аўтобусы можна было адразу разварочваць. Дарэчы, адной з задач турысцка-iнфармацыйнага цэнтра будзе кансультатыўная дапамога турыстам: як павiнен быць аформлены дагавор з фiрмай, што браць з сабой у паездку...
Мiкалай БРАТАНЮК, дырэктар гасцiнiчнага комплекса «Беласток» СП «Алатан-тур»:
— Так, пэўная работа па развiццю турызму i ў вобласцi, i ў цэлым у рэспублiцы праводзiцца. Аднак перабудаваць гасцiнiцу i правесцi атэстацыю экскурсаводаў — гэта яшчэ не ўсё. Галоўны фактар, якi сведчыць аб развiццi турызму — гэта наведванне рэгiёна пэўнай групай з той цi iншай краiны. А вось тут мы «буксуем». Паводле звестак ад турфiрмаў, за перыяд са студзеня па верасень гэтага года колькасць замежных турыстаў, што скарысталася нашымi турыстычнымi паслугамi, у параўнаннi з мiнулым годам скарацiлася на 50 працэнтаў.
Турфiрмы аказалiся не гатовыя да ўводу Польшчай вiзавага рэжыму. Цяпер трэба займацца не выдачай ваўчараў, а сапраўдным турызмам. Пры гэтым важнае значэнне маюць i вiзы, якiя турысты афармляюць у нашых консульскiх установах за мяжой. Для таго, каб аформiць турыстычную вiзу, iм неабходна мець на руках той жа ваўчар, якi павiнна прыслаць турфiрма. Вельмi складаны працэс. I, акрамя таго, трэба чакаць рашэння аб атрыманнi вiзы на працягу тыдня, а то i дзесяцi дзён. Вось мы рэканструюем Аўгустоўскi канал. Так, цудоўны турыстычны аб’ект. Але той жа немец, прыехаўшы ў польскi Аўгустоў i захацеўшы праплыць на байдарцы далей у Беларусь, доўга чакаць вiзы не будзе.
На маю думку, лагiчна было б прадаставiць дзяржаўныя прэферэнцыi фiрмам, якiя прымаюць замежных турыстаў, абслугоўваюць дзяцей. Каб палегчыць фiнансавы прэс на пакупнiка турыстычнага прадукту i палепшыць турыстычны iмiдж краiны, прапанаваў бы таксама не браць экалагiчны збор i з iншаземцаў, i з нашых грамадзян, якiя накiроўваюцца праз мяжу па турыстычных дакументах. Бачылi б вы вочы замежных турыстаў: як, каб выехаць ад вас, мы яшчэ павiнны заплацiць? Яны гэтага не разумеюць.
Канстанцiн ФЕДАРОВIЧ, генеральны дырэктар СП «Iнтакс»:
— Прыемна, што асаблiва ў апошнi год мы сталi займацца рэальнай работай у галiне арганiзацыi турызму. Аднак, гаворачы аб iм, мы ў асноўным маем на ўвазе прыезджых, заходнiх турыстаў — i пры гэтым мала думаем пра вельмi вялiкi пласт нашых айчынных турыстаў, якiя перамяшчаюцца ўнутры краiны. Менавiта яны ў большасцi краiн складаюць аснову турыстыкi. Добра, што зможа развiвацца, атрымаўшы прававую аснову, агратурыстычны бiзнэс. Але мы забываем пра будучае турызму — пра дзяцей. На дадзены момант iх экскурсiйнае абслугоўванне праводзiцца ў даволi неарганiзаваным, прабачце, дзiкаватым выглядзе. Турыстычная арганiзацыя хацела б працаваць з нашым падрастаючым пакаленнем, але ў бацькоў няма дастатковых сродкаў, каб накiраваць дзiця ў паездку. Да таго ж, каб аформiць турпаездку дзецям, патрэбна ўдвая больш клопатаў, чым са звычайнай групай. Гэта звязана з рознымi фармальнасцямi па дазволах на паездку, узгадненню маршруту з ДАI i г.д. Я разумею, што гэта сур’ёзна, што дзяцей трэба вельмi асцярожна вазiць i нельга дапускаць бескантрольнасцi. А вось гаварыць аб дзiцячым турызме, якi можа быць цалкам самаакупным, мы, на мой погляд, не павiнны. Трэба гэтыя паездкi даiнвеставаць. I калi бацькi аплацяць, дапусцiм, 20, 30 цi 40 працэнтаў яе кошту, а астатняе пакрыецца дадаткова, то рух у гэтым накiрунку мы рэзка палепшым.
Яшчэ адна немалаважная дэталь. Мы чамусьцi забываем, што на тэрыторыi нашай вобласцi знаходзiцца амаль палова Белавежскай пушчы, быццам бы яна толькi на Брэстчыне. I на сённяшнi дзень пытанне доступу ў Белавежскую пушчу не вырашана, яе на Гродзеншчыне турысты наведаць практычна не могуць. Хаця i варта падумаць аб далучэннi Белавежскай пушчы да нашых турыстычных маршрутаў.
Што датычыцца Аўгустоўскага канала, то дыпламаты, спадзяюся, вырашаць пытанне выдачы вiз непасрэдна на пагранпераходах чыста турыстычнага тыпу, каб выключыць усякую цяганiну для турыста, якi жадае наведаць наш рэгiён. Чаму ён не можа рухацца праз Аўгустоўскi канал, наведаўшы Гродна i выехаўшы праз Белавежскую пушчу, дзе таксама будзе турыстычны пагранпераход? Мне здаецца, цудоўная iдэя, ажыццяўленне якой неабходна падрыхтаваць арганiзацыйна.
Наконт жа турфiрмаў... Не будзем сябе цешыць iх колькасцю, быццам яны — гэта паўнапапраўныя турыстычныя арганiзацыi будучынi. Не, на сённяшнi дзень у горадзе рэальная турыстычная структура, якая жыве самастойна i паўнакроўна — гэта хiба што прадпрыемства «Гроднатурыст», якое iснавала i раней. Турыстычны бiзнэс сёння практычна не мае магчымасцi эканамiчнага развiцця. Чаму? Прычын шмат, у тым лiку звязаных з банкаўскiм працэсам, атрыманнем крэдытаў на развiццё турбiзнэсу. Увогуле, калi паглядзець на турыстычную дзейнасць, то цяпер вельмi цяжка знайсцi плюс у фiнансавым плане. У iншых жа краiнах, наадварот, турыстыка з’яўляецца найбольш прыярытэтнай, дзе лягчэй атрымаць прыбытак. Вiдавочна, дзяржаве трэба задумацца, як жа зрабiць так, каб не было гэтых мiнусаў.