Самыя вялiкiя ў нашым небе

Сяргей КУРКАЧ, "Звязда", № 311, 17.12.2004

Шмат птушак Беларусi ляцяць у вырай, але некаторыя прыстасавалiся да чалавека i знаходзяць сабе харчаванне ля жылля людзей на працягу ўсяго года. Сярод iх — некалькi вiдаў буйных драпежнiкаў. Сумесна з выканаўчым дырэктарам грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Беларусi» Аляксандрам Вiнчэўскiм «Звязда» працягвае знаёмiць чытачоў з птушкамi Беларусi.

Арланы-белахвосты i арлы—маркуты ўвогуле не пакiдаюць сваёй радзiмы. Больш таго, апошнiм часам на зiмоўку да нас позняй восенню прылятаюць маладыя драпежнiкi са Скандынавii. У такi цяжкi перыяд iх вельмi часта знаходзяць загiнуўшымi ў лесе або зусiм слабымi ловяць нават рукамi. Так, адзiн з такiх арлоў з эстонскiмi кольцамi быў дастаўлены з Белавежскай пушчы ў Гродзенскi заапарк некалькi гадоў таму. Гэты арол так i не здолеў цалкам паздаравець у заапарку. Вялiкая птушка ўжо больш не лятае, бо ў яе атрафiравалiся мышцы крылаў. А на мiнулым тыднi ў карпункт АПБ патэлефанавалi з Любанскага раёна. Школьнiкi вёскi Таль у гэтых мясцiнах разам з настаўнiкамi злавiлi i выратавалi вельмi слабага арла-маркута, якi калiсьцi быў акальцаваны ў Фiнляндыi. Гэты арол зараз перададзены ў Мiнскi заапарк.

Якiм чынам магчыма дапамагчы гэтым крылатым сiмвалам Беларусi? Справа ў тым, што менавiта арлан-белахвост лiчыцца самым вялiкiм драпежнiкам нашай краiны, у якога размах крылаў дасягае 2,5 метра. Зараз арланаў у рэспублiцы жыве крыху больш як 100 пар i яны занесены ў Чырвоную кнiгу. Белахвосты галоўным чынам харчуюцца рыбай, але зiмой здабыць з-пад лёду рыбу яны ўжо не могуць. Халадамi арлан актыўна шукае ў лясах загiнуўшых жывёл.

А вось самай моцнай птушкай у нашай дзяржаве лiчыцца арол-маркут, размах крылаў якога — 2 метры. Маркут галоўным чынам «прапiсаны» ў балотах i лясах Вiцебскай вобласцi, але ёсць меркаваннi, што адна-дзве пары моцных арлоў жывуць у лясах кожнай вобласцi. Справа ў тым, што маркуту неабходна мець велiзарныя тэрыторыi лясоў i балот для палявання. Сёння яны жывуць на вялiкiх ваенных палiгонах, на шырокiх балотных масiвах цi ў буйных запаведнiках. Палюе ён на хуткiх i вялiкiх птушак. Можа з’есцi цецерука, жураўля i чаплю, а зiмой — зайца цi лiсу. Але ў дрэннае надвор’е знайсцi зайца або птушку арлам вельмi складана. Галоўным кормам для маркутаў таксама з’яўляецца падла.

На думку Аляксандра Вiнчэўскага, спецыялiсты Мiнпрыроды павiнны арганiзаваць падкормку гэтых птушак. На фермах час ад часу гiне жывёла i яе закопваюць у жывёльных могiльнiках. Але каб не разводзiць такiм чынам бадзяжных сабак i не падкормлiваць ваўкоў, было б больш разумна зрабiць спецыялiзаваныя памосты на ўскраiне балот на добрай адлегласцi ад населеных пунктаў, дзе на пэўнай вышынi i выкладваць непатрэбнае для чалавека мяса. Для птушак дастаткова арганiзаваць туды дастаўку здохлых жывёл мiнiмум раз у месяц.

У грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Беларусi» такi вопыт ужо ёсць. Было зроблена 5 спецыялiзаваных пляцовак, куды выкладвалiся забiтыя паляўнiчымi ваўкi, а таксама бадзяжныя сабакi i здохлыя жывёлы. Гэтай падлай харчавалiся не толькi арлы, але i крумкачы, канюкi. З дапамогай гэтай ежы яны могуць амаль без страт перажыць зiму.

У вялiкiх драпежнiкаў зiма — вельмi адказны перыяд жыцця. Белахвосты i маркуты вельмi рана пачынаюць гнездаванне. У пачатку лютага ў iх ужо зроблены гнёзды i арганiзаваныя пары. А ў сакавiку там ужо з’яўляюцца першыя яйкi. Праўда, каб у нашых самых вялiкiх птушак вывелiся птушаняты, iм павiнны дапамагчы людзi.