«Амерыканiзацыя» прыроды можа адгукнуцца экалагiчнай катастрофай

Сяргей КУРКАЧ
«Звязда», № 140
09.06.2004

Сёлета завяршаецца праца над стварэннем трэцяга выдання Нацыянальнай Чырвонай кнiгi Беларусi. На жаль, у склад яе зараз трапiлi раней звычайныя для краiны млекакормячыя, якiя не вытрымлiваюць жорсткай канкурэнцыi з боку iнтрадуцэнтаў — жывёл, раней спецыяльна завезеных i выпушчаных у Беларусi для абагачэння паляўнiчай фауны. Аб праблеме iнтрадукцыi разам з карэспандэнтам «Звязды» разважае эксперт па бiяразнастайнасцi, выканаўчы дырэктар грамадскай арганiзацыi «Ахова птушак Беларусi» Аляксандр Вiнчэўскi.

Амерыканская норка i янотападобны сабака «перайшлi дарогу» айчынным норцы i тхару

Першым iнтрадуцэнтам з лiку замежных млекакормячых драпежнiкаў да нас быў завезены ў 1936 годзе з Далёкага Усходу янотападобны сабака. Потым, з 1947-га па 1953 год, масавыя партыi гэтых жывёл былi выпушчаны ў Пiнскiм, Слонiмскiм, Мастоўскiм, Бярозаўскiм, Полацкiм, Вiлейскiм, Ляхавiцкiм i Барысаўскiм раёнах. Даволi хутка гэты сабака прыжыўся i распаўсюдзiўся па ўсёй тэрыторыi Беларусi. Але ўжо ў 1967 годзе навукоўцы зразумелi, што перспектыўнасць янотападобнага сабакi абмежаваная той шкодай, якую ён наносiць паляўнiчым гаспадаркам. Нягледзячы на тое, што на гэтага маленькага драпежнiка паспяхова палююць нашы ваўкi, колькасць янотападобных не змяншаецца. Прыплод сабакi дасягае 10–15 шчанюкоў, а за год ён мае некалькi вывадкаў. Гэта жывёлiна сёння паядае ўсё на сваiм шляху: жаб, птушыныя яйкi, розных грызуноў i нават падлу.

Напрыканцы зiмы многiя невялiкiя мясцовыя драпежнiкi не могуць ужо здабываць жывую ежу i выжываюць за кошт падлы. Янотападобны сабака зiмой у цяжкiя часы можа ўпадаць у спячку, але пры наяўнасцi шматлiкага лёгкага корму даволi хутка знiшчае запасы падлы i памяншае, такiм чынам, магчымасць выжывання гарнастаяў i тхароў. Але самую вялiкую шкоду янотападобны сабака наносiць птушынаму асяроддзю, калi знiшчае iх яйкi. Такiм чынам, гэты сабака моцна ўплывае на колькасць рабчыкаў, цецерукоў, глушцоў i курапатак. Але спынiць распаўсюджванне гэтай жывой навалы ўжо немагчыма, бо яна зараз засялiла практычна ўсю Еўропу да Францыi, а таксама суседнiя вобласцi Расii i Украiны.

Мацней за ўсё на айчынную экасiстэму мясцовых драпежнiкаў сёння паўплывае амерыканская норка. Партыi гэтых звяркоў былi завезены у Бярэзiнскi запаведнiк, у Мiнскую i Гродзенскую вобласцi, у Краснапольскi i Чачэрскi раёны Магiлёўскай вобласцi з 1954 па 1958 год. За чатыры гады ў нашу краiну прывезлi каля 900 норак.

Пасля хуткай аклiматызацыi «амерыканка» амаль цалкам выцiснула еўрапейскую норку i нашага тхара з iх прыроднай нiшы. Еўрапейская норка сёння занесена ў новае выданне Чырвонай кнiгi, але выратаваць яе зараз амаль немагчыма. У жорсткай канкурэнцыi з амерыканскай «сястрой» наша норка хутка знiкне ў Беларусi назаўсёды. Амерыканская норка добра адчувае сябе на берагавой лiнii вадасховiшчаў. На замежную норку спрабавалi паляваць нашы ваўкi, але ад iх яна паспяхова хаваецца ў вадзе. А ў вадзе для норкi ўвогуле сур’ёзных ворагаў няма. Вадзяныя «янкi» пачалi актыўна знiшчаць спрадвечны корм мясцовых драпежных птушак i зараз моцна ўплываюць на папуляцыi вадзяной палёўкi i палёўкi-эканомкi. Гэтыя два вiды каляводных грызуноў раней былi вельмi распаўсюджаныя на тэрыторыi Беларусi. Вадзяныя палёўкi былi нават паляўнiчым вiдам, калi канторы масава прымалi ад насельнiцтва iх шкуркi. Зараз гэтыя абодва вiды грызуноў у паўночнай i цэнтральнай частках Беларусi рэальна знаходзяцца на мяжы знiкнення. На Палессi вадзяныя палёўкi яшчэ лiчацца звычайным вiдам, бо сетка дробных рэк там слабейшая, чым у астатняй частцы Беларусi. У забалочаных мясцiнах амерыканская норка распаўсюджваецца не так моцна.

На возера Чырвонае ў 1953 годзе i ў Браслаўскi раён — у 1962 годзе прывезлi для аклiматызацыi андатру. Гэтая жывёлiна прынесла паляўнiчым гаспадаркам даволi шмат грошай, але…

Было заўважана, што там, дзе шмат андатры, не застаецца месца для вадзяной палёўкi, якая лiчыцца галоўным кормам для вялiкага арляца балотнага, луня, канюкоў, тхара, гарнастая, еўрапейскай норкi.

Атрымлiваецца, што адзiн-два чужынцы лёгка могуць выцеснiць з экасiстэмы амаль дзесятак родных вiдаў. Бiяразнастайнасць ад гэтага толькi пагоршыцца.

У 1954 годзе ў Петрыкаўскi раён быў завезены з Паўночнай Амерыкi янот-паласкун. Гэты янот i зараз сустракаецца на Палессi, але нашы ваўкi i лiсы даволi жорстка кантралююць яго колькасць.

Пачыналi завозiць жывёл у Беларусь яшчэ ў 1860 годзе. Тады ў Белавежскую пушчу быў прывезены статак ланяў. У 1914 годзе iх там было каля 1,5 тысячы штук. Сёння з тэрыторыi нашай краiны яны знiклi.

У вадзе i паветры «лунаюць» новыя хваробы

Напрыканцы 50-х гадоў з Чэхаславакii ў Белавежскую пушчу была завезена вялiкая партыя звычайных бажаноў. Яшчэ ў 60-я гады яны там масава гнездавалiся. Але з большасцi мясцiн Беларусi бажаноў выгналi суровыя зiмы. Сёння яны замацавалiся толькi ў Гродзенскiм i Брэсцкiм раёнах у лясiстых мясцiнах на мяжы з Польшчай. А яшчэ лiчыцца, што менавiта бажаны час ад часу «падкiдваюць» новыя захворваннi i агрэсiўных паразiтаў нашай шэрай курапатцы. У 1963 годзе спецыялiсты спрабавалi аклiматызаваць барадатую курапатку, але яна не прыжылася.

Водную сiстэму Беларусi савецкiя спецыялiсты пачалi «акультурваць» яшчэ ў 1925 годзе, калi завезлi да нас чудскога сiга, якi тут амаль не прыжыўся. Недзе ў 1936–37 гадах памешчык з Польшчы завёз у Еўропу амерыканскага, або карлiкавага, сомiка, якi потым трапiў у шэраг азёр Брэстчыны. Расце гэты сомiк вельмi марудна i ў 5–6 гадоў дасягае толькi 200 грамаў вагi. Зараз ён стаў звычайным у мясцовых азёрах i паспяхова канкурыруе з абарыгенамi.

У 50-я гады да нас завезлi рыпуса i сырка, але… А вось паўночнаамерыканскi вiд радужнай фарэлi аклiматызаваўся ў нас паспяхова. Гадавалi яе спачатку ў сажалкавых гаспадарках, але потым фарэль трапiла ў рэкi, дзе зараз паспяхова i жыве. У 1948 годзе з басейна Амура ў Беларусь прывезлi сярэбранага карася, якi зараз стаў звычайнай рыбай i моцна пацяснiў мясцовага залатога. Карася-абарыгена сёння засталося зусiм мала.

Завезлi да нас байкальскага омуля, белага амура i таўсталобiка.

Не спецыяльна быў завезены, але трапiў да нас з дапамогай чалавека амерыканскi рак, якi прынёс мясцовым ракам эпiдэмiю чумы.

Магчыма, такiя рыбы, як амур, таўсталобiк i омуль, i сапраўды карысныя, але хто дасць сёння гарантыю, што яны з цягам часу не «з’ядуць» мясцовых лiнёў, карасёў, шчупакоў i плотак?

Ядавiтыя зараснiкi i чырвоныя дубы

Яшчэ ў савецкiя часы спецыялiсты па сельскай гаспадарцы вырашылi «ад пуза» накармiць сваю буйную рагатую жывёлу i прывезлi ў якасцi кармавой культуры з Далёкага Усходу баршчэўнiк Сасноўскага. Каровам баршчэўнiк не спадабаўся, але яго насенне ўжо трапiла ў дзiкую прыроду i зараз ля дарог, пустак i непрыдатных зямель месцамi стварае велiзарныя зараснiкi. Сярод дачнiкаў гэта раслiна больш вядомая як балiгалоў i з’яўляецца вельмi небяспечнай, бо дакрананне да яе выклiкае моцныя апёкi ад агрэсiўных эфiрных масел. Вялiкiя ядавiтыя зараснiкi балiгалову сёння ўжо сустракаюцца нават у Мiнску ў прыватным сектары, асаблiва ля мясакамбiната, што на вулiцы Казiнца. Змагацца з баршчэўнiкам цяжка, бо ён вельмi хутка расце i цалкам выцiскае са сваiх месцаў наш родны лопух.

Не ведаюць навукоўцы, што iм зараз рабiць з клёнам ясеневалiстым, якi быў завезены ў рэспублiку для хуткага азелянення асобных гарадоў. Дрэва гэта аказалася гнiлаватым, часам яно валiцца, калi яму ўздумаецца. Што цяпер рабiць, калi ўздоўж Прыпяцi iснуюць цэлыя штучныя экасiстэмы гэтага клёну?

У многiх краiнах Еўропы i свету сёння вядзецца грандыёзная праца па знiшчэнню iнтрадуцэнтаў. Багатыя краiны трацяць на гэта мiльёны долараў. Ва ўсiм свеце змагаюцца з гэтай бядой, бо навукоўцы зразумелi, што любыя новыя вiды не паляпшаюць прыроду, а канчаткова займаюць нiшу, якая была тысячу гадоў таму занята абарыгеннымi вiдамi.

Спадар Вiнчэўскi быў моцна здзiўлены тым, што i сёння ў нашай краiне iснуе iнструкцыя па аклiматызацыi новых вiдаў рыб. Атрымлiваецца, што i зараз дзяржава разглядае магчымасць засялення беларускiх рэк i азёр новымi iх вiдамi. Але хто сёння дасць гарантыю, што iм гэта пойдзе на карысць, а не наадварот?

На самай справе эксперыменты з прыродай на такiм узроўнi могуць скончыцца сумна для экасiстэм. Сёння шмат чаго ўвозiцца з усяго свету ў батанiчныя сады. Iх тэрыторыя не з’яўляецца каранцiннай зонай, таму насенне новых раслiн або невядомыя нам хваробы могуць трапiць i ў дзiкую прыроду. Зараз вядома, што адбылося, калi ў Еўропу былi завезены амерыканскiя iльмовыя раслiны. Разам з iльмовымi ў Еўропу трапiла i адпаведная хвароба гэтых раслiн. Потым у Заходняй Еўропе захварэў i «памёр» амаль увесь вяз, бо ў яго не было патрэбнай «прывiўкi» ад гэтай заакiянскай навалы. У Беларусi вязаў сёння хапае, бо мы з амерыканскiмi «кветкамi жыцця» яшчэ моцна не пасябравалi.

Цi, можа, працэс ужо пачаўся? Зараз у нас расце некалькi гектараў амерыканскага дубу, у прыватнасцi ў Лагойскiм раёне, якi для спецыялiстаў больш вядомы як чырвоны дуб, бо з цягам часу ў яго чырванее лiсце. Драўнiна ў дуба мякчэйшая, таму i не такая каштоўная, але расце ён хутчэй. Усё добра? Не. У чырвоных дубоў вельмi грубае лiсце, i пасля лiстападу ствараецца вельмi цвёрдая лiставая пласцiнка, якая пакрывае ў дубраве глебу як асфальтам. У такiх дубравах больш ужо нiчога не расце, а пад пласцiнкаю нiхто не жыве. Вось такi мёртвы амерыканскi лес. Для прадпрымальнiкаў ён залаты. А для прыроды?

У нацыянальных парках гэту праблему адкрылi не сёння. Мiж тым, як паведамляе «Iнтэрфакс», навукоўцы Белавежскай пушчы вырашылi дасканала ацанiць шкоду ад распаўсюджвання чужародных раслiн. Кiраўнiцтва парку плануе дэталёва абследаваць месцы знаходжання такiх дрэў i хмызняку, каб потым iх знiшчыць. Больш таго, суседнiм лясгасам будуць рэкамендаваць не высаджваць у радыусе 5–7 кiламетраў ад пушчы нехарактэрныя для гэтай мясцовасцi пароды дрэў, каб такiм чынам стварыць буферную зону вакол тэрыторыi запаведнiка.

Прыродаахоўныя спецыялiсты папярэджваюць, што новыя вiды флоры i фауны могуць моцна расхiстаць увогуле нашу экасiстэму i выклiкаць сапраўдны яе дысбаланс. Розныя эксперыменты над прыродай разам з моцным прэсiнгам спажывання ўжо зараз пачалi псаваць адладжаны дзесяткамi тысячагоддзяў экалагiчны механiзм Зямлi. Асушэнне балот i iнтэнсiўнае земляробства ў шэрагу краiн свету ўжо прывяло да частковага апустыньвання нашай планеты. Якiм будзе заўтра вынiк вялiкай iнтрадукцыi — сёння не ведае нiхто.